Вы тут

НЕ НАБЛІЖАЙСЯ ДА МЯНЕ!..


Чвэрць беларусак на сабе зведалі фізічнае насілле ў сям’і

Калі лютаўскім днём на парозе з'явілася жанчына з дзевяцімесячным дзіцем, у супрацоўнікаў крызіснага пакоя, хоць іх і цяжка здзівіць, сэрцы сціснуліся. Чаму кабета, якой, так бы мовіць, «па статусе» належыць быць у цяпле і акружэнні блізкіх, апынулася ўдалечыні ад дома? «Ат, — адмахнулася яна, — звычайны набор: б'е, зневажае». Пасля высветлілася, што сужэнец засумняваўся, ці яго дзіця, вось і пачаў высвятляць праўду ўсімі магчымымі спосабамі. І такіх бітых мужам праз крызісны пакой Кобрынскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва толькі сёлета прайшло пяць, а ўсяго наведнікаў было дзевяць, бо большасць жанчын прыходзілі з дзецьмі.

Што ўяўляе сабой крызісны пакой? «Гэта спецыяльна абсталяванае памяшканне на чатыры спальныя месцы, — распавядае дырэктар Кобрынскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна БОЙКА. — Там усё ўладкавана, як у звычайным доме: добрая мэбля, ёсць месца для падрыхтоўкі дзецьмі ўрокаў, пральная машына і душавая кабінка. А кухня такая, якую не ў кожнай сям'і ўбачыш — з ўсімі сучаснымі прыладамі».
Жыць у крызісным пакоі можна толькі часова, бо гэта не інтэрнат. Звычайна на дзесяць дзён даецца прытулак тым, каму няма месца ў родных сценах. За гэты час яны адаграваюць сваё сэрца, прыходзяць у нармальны псіхалагічны стан і пачынаюць думаць, як жыць. Дарэчы, мама дзевяцімесячнага немаўляці развялася са сваім раўніўцам і ўладкавалася з дзіцем у інтэрнат. А бывае, што сем'і зноў яднаюцца.
...З Бярозаўскага раёна ў крызісны пакой накіравалі жанчыну з траімі дзецьмі, прычым двайнятам было ўсяго па восем месяцаў. Спецыялісты ў Кобрыне працавалі з ахвярай, а калегі з Бярозы — з агрэсарам. Увогуле ў сямейных справах нельга слухаць толькі адзін бок. Чым больш крыніц інфармацыі, тым хутчэй можна знайсці болевую кропку, на якую і трэба ўздзейнічаць. У крызісным пакоі для кожнага наведніка распрацоўваецца індывідуальная праграма рэабілітацыі, абавязковыя складнікі якой — псіхалагічная, юрыдычная, інфармацыйна-кансультацыйная і гуманітарная дапамога.
Дарэчы, жанчына з траімі дзеткамі вярнулася да свайго грамадзянскага мужа, бо ён дзякуючы спецыялістам змяніўся ў лепшы бок.

1379543320861_19-16

ГІСТОРЫЯ БАЛЮЧАГА ПЫТАННЯ

Праблема сямейнага насілля не з'яўляецца выключна нашай, яна існуе ва ўсіх краінах.

Але калі за мяжой «бытавухай» займаюцца даўно, то ў Беларусі на дзяржаўным узроўні гэта тэма агучана некалькі гадоў таму. У 2002 годзе юрыстамі быў распрацаваны праект адпаведнага закона, ён быў ухвалены амаль усімі зацікаўленымі міністэрствамі, у прыватнасці, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, унутраных спраў. Да прыняцця законапраекта парламентам у 2004 годзе не хапіла зусім крышку. Псіхолаг Надзея ЦЫРКУН, колішні дэпутат Палаты прадстаўнікоў, якая актыўна працавала над праектам закона, пераканана, што і сёння пытанне не знята з парадку дня — такі прававы дакумент патрэбен. А вось прадстаўнікі праваахоўных органаў з гэтым не пагаджаюцца, бо абарона ад хатняга гвалту «прапісана» ў разнастайных закананадаўчых актах.
Аднак Надзея Цыркун упэўнена: калі б усё было добра, то насілле не мела б такіх маштабаў. Сёння часам складана аператыўна прыняць меры і пакараць гвалтаўніка. Напрыклад, міліцыя часам не мае юрыдычных падстаў увайсці ў дом, дзе скандаляць муж і жонка, дзе галава сям'і б'е дзяцей. І што рабіць, калі жанчына раніцай забірае напісаную заяву? Словам, павінна быць сістэма, зыходзячы з якой гвалт у сям'і прыраўноўваўся б да злачынства.
І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага пяць гадоў таму, засведчылі, што кожная чацвёртая беларуская жанчына зведвала фізічнае насілле, а большасць — псіхалагічнае. Бо «даражэнькі» муж ці «родненькая-каханенькая» жоначка (так-так, і прадстаўніцы слабага полу часам паводзяць сябе вельмі агрэсіўна) могуць не пускаць у ход кулакі ці качалку, але «запілаваць» другую палову так, што свет нямілым здасца. А яшчэ ў беларускіх сем'ях мае месца сексуальнае і эканамічнае насілле. Мяняецца ўзровень нашага жыцця, у пэўнай ступені менталітэт, а звычка вырашаць спрэчныя пытанні на павышаных тонах і «вучыць» спадарожніка жыцця з дапамогай кулака і гвалту па-ранейшаму застаецца.

ЖОРСТКІЯ ЛІЧБЫ

Аналіз крымінальных спраў у сферы сямейна-бытавых злачынстваў паказвае, што 95 працэнтаў з іх прыпадае на долю мужчын, а іх ахвярамі становяцца жанчыны ва ўзросце ад 27 да 40 гадоў, дзеці і старыя,
якія не могуць супрацьстаяць грубай сіле. Больш як 75 працэнтаў злачынстваў здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення. А кожны трэці сямейны агрэсар з'яўляецца судзімым.

ПРАЦЭС ПАЙШОЎ

Як сведчыць статыстыка, штогод ад рук блізкіх у Беларусі гіне сто чалавек. Але па-ранейшаму многія лічаць бытавыя сутычкі асабістай справай. Маўляў, пасварышся, затое так соладка памірышся. І нават калі размова ідзе пра сур'ёзныя бойкі, пасля якіх даводзіцца наведваць урача, пацярпелыя не заўсёды жадаюць выносіць «смецце» за парог сваёй хаты.
Як зазначыў начальнік упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Алег КАРАЗЕЙ, стаіць задача ўзмацніць адказнасць для бытавых дэбашыраў. І паступова гэта адбываецца. Так, у 2008 годзе быў прыняты закон аб прафілактыцы правапарушэнняў, паводле якога насілле ў сям'і — гэта «наўмыснае дзеянне не толькі фізічнага і сексуальнага, але і псіхалагічнага характару, якое накіравана супраць іншага члена сям'і і парушае яго правы, свабоды і асабістыя інтарэсы, а таксама прыносіць яму псіхічныя і фізічныя пакуты». Такім чынам, на заканадаўчым узроўні сямейнае насілле ўжо разглядаецца не толькі як нанясенне пабояў. Далей — болей... У закон плануецца ўнесці папраўку, згодна з якой тых, хто жорстка абыходзіцца са сваімі сямейнікамі, будуць ставіць на прафілактычны ўлік. А яшчэ агрэсар можа атрымаць ахоўнае прадпісанне. Гэты дакумент забараняе яму высвятляць месца знаходжання пацярпелага, гаварыць з ім, у тым ліку па тэлефоне, прадугледжаны і іншыя прафілактычныя захады.
Між тым Міністэрства ўнутраных спраў ліквідавала пэўныя прабелы ў заканадаўстве. У Кодэкс «Аб адміністрацыйных правапарушэннях» унесены істотныя змены, якія ўступілі ў сілу 28 жніўня. Можна знайсці ўправу і на таго, хто проста здзекуецца фізічна ці псіхалагічна: напрыклад, шчыпае кагосьці з членаў сям'і, не дае есці, выганяе ў мароз на вуліцу. Артыкул 9.1 дапоўнены другой часткай: і па ёй можна атрымаць штраф да 10 базавых велічынь (да мільёна рублёў) ці арышт да 15 дзён. Дарэчы, за 8 месяцаў бягучага года заведзена больш як 20 тысяч спраў за парушэнні ў побыце і амаль 1500 — крымінальных!
Як бачым, пад нагамі ў хатніх скандалістаў пачынае гарэць зямля. Але толькі заканадаўчых новаўвядзенняў для барацьбы з гэтай з'явай недастаткова. Пакуль жанчыны, замілаваныя на наступны дзень пасля скандалу словамі раскаяння і аблашчаныя падарункамі, бясконца будуць дараваць прыніжэнні і нават пабоі, усё застанецца па-ранейшаму...

Валянціна ШЭЛЕГ .

ШТО ЗРАБІЦЬ, КАБ МУЖ ПЕРАСТАЎ БІЦЬ?

Гэтым летам у Мінску адкрыўся адзіны ў сталіцы, але ўжо трэці ў Беларусі прытулак для жанчын, якія шукаюць сховішча ад мужа-агрэсара (падобныя прытулкі таксама ёсць у Магілёве і Лідзе).
— Асноўная задача нашага прытулку якраз не ў тым, каб схаваць жанчыну з дзецьмі ад мужа або садзейнічаць разбурэнню яе сям'і, — кажа старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Радзіслава», якое рэалізуе гэты праект у Мінску, Вольга ГАРБУНОВА. — Мы разглядаем яго як магчымасць не дайсці да цяжкіх крымінагенных наступстваў: каб муж не пакалечыў сваю жонку ці дзяцей, не забіў сваю другую палову, або каб жонка, якая жыве многія гады ў сітуацыі гвалту, у парыве помсты не зрабіла замах на яго забойства...
Прытулак уяўляе сабой патаемную кватэру з кратамі на вокнах. У ёй маецца санвузел, халадзільнік, пральная машына, пліта, посуд, цацкі для дзяцей — усё самае неабходнае, аж да пасцельнай бялізны і ручнікоў. У бліжэйшы час будзе ўсталявана кнопка трывожнай сігналізацыі.
— Мы даём часовае пражыванне ад адных сутак да года. Прычым звярнуцца да нас можа любая жанчына, незалежна ад месца рэгістрацыі, — распавядае Вольга . — У сярэднім у нас жывуць ад аднаго да паўтара месяцаў. За гэты час можна паспець вырашыць першарадныя задачы: прайсці шлюбаразводную працэдуру, вызначыцца, дзе далей жыць са сваімі дзецьмі і г.д.
У нас ёсць таксама прафесійны псіхолаг і сацыяльны работнік, які гатовы суправаджаць жанчыну ў розныя інстанцыі і дапаможа ў пошуках новага жылля, працы і г.д. Мы садзейнічаем і ў атрыманні юрыдычнай дапамогі, а ў вельмі запушчаных выпадках — і ў дапамозе адваката для прадстаўніцтва на судзе.
Акрамя прытулку, у арганізацыі працуе тэлефон даверу «Служба дапамогі грамадзянам, якія пацярпелі ад гвалту». Дык вось, на яго тэлефануюць жанчыны з рознымі сітуацыямі, але відаць, што яны ў асноўным хочуць згладзіць вострыя вуглы. Адно з самых папулярных пытанняў: як зрабіць, каб сітуацыя змянілася? Каб муж перастаў піць, біць і г.д.? Гэта значыць, жанчына імкнецца захаваць адносіны. Што ж тычыцца жанчын, якія прыязджаюць у прытулак, то ў асноўным гэта тыя, хто падвяргаецца вельмі жорсткаму фізічнаму і сексуальнаму гвалту. Сітуацыі вельмі запушчаныя, хранічныя, таму тут справа заканчваецца спробамі абараніць сябе і сваіх дзяцей — падачай заявы ў міліцыю, разводам.
Нумар тэлефона даверу —- (375 17) 280 28 11. Гэта сумесны праект з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Мінска. Калі лінія не адказвае, ёсць яшчэ тэлефон экстраннай дапамогі — (375 29) 610 83 55. Па ім мы рэкамендуем тэлефанаваць, калі на гарадскім нумары тэлефона даверу ніхто не падняў трубку.

Святлана БУСЬКО

МІЛІЦЭЙСКАЯ ХРОНІКА АПОШНІХ МЕСЯЦАЎ

12 жніўня былы муж задушыў 27-гадовую мінчанку Ганну Сардэчкіну і расчляніў яе цела. Астанкі ў некалькіх поліэтыленавых пакетах былі знойдзены на наступны дзень у Цнянскім вадасховішчы.
7 верасня ў пасёлку Глуск Магілёўскай вобласці зніклі маладая жанчына і яе трохмесячная дачка. 13 верасня міліцыя знайшла іх целы. Высветлілася, што абедзвюх забіў адвёрткай сужыцель жанчыны.
12 верасня ў цэнтры Оршы 29-гадовы мужчына на вачах дзясяткаў людзей забіў нажом сваю былую жонку. Кажуць, такім чынам ён адрэагаваў на афармленне разводу...

Трэба ведаць

Арганізацыі і сацыяльныя цэнтры, дзе пацярпелыя ад бытавога насілля могуць атрымаць дапамогу і часовы прытулак:

тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва;

Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей;

грамадскае аб'яднанне «Радзіслава»;

аўтаномная некамерцыйная арганізацыя па аказанні сацыяльных паслуг «Мужчыны ХХІ стагоддзя»;

саюз сястрыцтваў міласэрнасці Беларускай праваслаўнай царквы;

крызісны цэнтр пры SОS-дзіцячай вёсцы ў Магілёве.
Рэспубліканская «гарачая лінія»

для пацярпелых ад хатняга насілля: 8-801-100-8-801 (з 8 да 20 гадзін).

ПРАВЕРЦЕ СЯБЕ

Прапануем невялікі тэст для мужчын. Напрыклад, ваш любімы кубак разбіў начальнік. Як вы сябе будзеце паводзіць? Усміхняцеся? Пажартуеце? Проста махняце рукой: маўляў, бывае? А цяпер тая ж сітуацыя, толькі на ўласнай кухні. Вы абдымеце жонку і прамовіце:
«На шчасце»? Гыркнеце, што ў яе рукі не адтуль растуць? Альбо залепіце па вуху? Калі прысутнічае адзін з двух апошніх варыянтаў, то самы час задумацца пра павышэнне самакантролю і пачынаць вучыцца вырашаць канфлікты ў сям'і мірным шляхам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.

Грамадства

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Яна расказала чытачам «Звязды», ці плануе Беларускі саюз жанчын стаць першай жаночай палітычнай партыяй у краіне і як гэта — сумяшчаць работу ў дзяржапараце з актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Хітра ўладкавана чалавечая памяць. Бывае, нешта ўбачыў-пачуў, а што — хоць забі — назаўтра не ўспомніш, а нешта — якраз наадварот — «ляжыць» там гадамі ці нават дзесяцігоддзямі і ўспамінаецца досыць часта...

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.