Вы тут

Факты, падзеі, навіны


Гульні парламентарыяў. Спартыўныя

20 верасня ў Маскве пачаліся чацвёртыя Міжнародныя парламенцкія гульні, у якіх бяруць удзел беларускія дэпутаты Нацыянальнага сходу.
У першы дзень спаборніцтваў беларусы паспяхова выступілі па вялікім (Вадзім Дзевятоўскі і Эдуард Сянькевіч) і настольным (Аляксей Кузьміч) тэнісе, бадмінтоне (Яўген Абаленскі), міні-футболе. 21 верасня беларускія футбалісты сустрэнуцца ў чвэрцьфінале з камандай Сербіі. У суботу таксама ў барацьбу за прызавыя месцы ўступяць шахматысты.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

«Таленавітыя разам»

У Віцебску сёння стартаваў усебеларускі фестываль-конкурс сямейнай творчасці «Таленавітыя разам».
На сцэне абласной філармоніі выступаюць творчыя сямейныя ансамблі і нават калектывы з некалькіх сем'яў. Гледачам прапануецца вельмі насычанае «меню»: вакальныя, харэаграфічныя, музычна-інструментальныя нумары і выступленні арыгінальнай жанравай формы, тэатралізаваныя пастаноўкі і іншае — усё, на што толькі здольныя канкурсанты.
— Фэст праводзіцца ў другі раз. Сямейная творчасць — гэта не проста забаўка або адкрыццё новых талентаў, а ў першую чаргу — згуртаванне бацькоў і дзяцей, умацаванне сувязі пакаленняў. Віцебскі фестываль як шматнацыянальнае свята творчасці нясе ў свет жыццесцвярджальныя ідэалы сям'і, ідэі міру, дружбы, — паведамілі ў арганізацыйным камітэце фэсту.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Атруціліся ў школе

У Мазыры больш за 70 вучняў трох гарадскіх школ і адной гімназіі практычна адначасова звярнуліся па дапамогу ў бальніцу. Гэтым фактам цяпер займаецца ў тым ліку Мазырскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Ва ўсіх дзяцей, якіх бацькі прывезлі ў інфекцыйнае аддзяленне гарадской бальніцы на працягу другой паловы дня 19 верасня і ноччу 20 верасня, выяўлены сімптомы харчовага атручвання. 13 чалавек шпіталізаваны. Папярэдні дыягназ: «харчовая таксікаінфекцыя». У Мазырскім райвыканкаме прайшло тэрміновае пасяджэнне спецыяльнай камісіі, якая высвятляе, якімі прадуктамі маглі атруціцца школьнікі (пераважна вучні пачатковых класаў). Дарэчы, большасць з іх пасля прамывання страўніка адпусцілі дадому. Вядома, што вучні 1-7 класаў ужывалі ў ежу на сняданак бульбяное пюрэ, адварную каўбасу, салату з агародніны і глазураваныя сыркі, а вечарам пачалі скардзіцца на боль у страўніку.
Падчас тэрміновай праверкі супрацоўнікі раённага і абласнога апарата Следчага камітэта сумесна з супрацоўнікамі Мазырскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі агляд харчаблокаў і сталовых дзвюх гарадскіх школ і гімназіі, адкуль было больш за ўсё атручаных дзяцей. Афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта Беларусі па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава расказала таксама, што былі апытаны кіраўнікі ўстаноў адукацыі, загадчыкі вытворчасцю, супрацоўнікі сталовых. Прадукты харчавання ўзяты для правядзення неабходных даследаванняў. Аналагічныя мерапрыемствы будуць праведзены і ў іншых школах. Па выніках праверкі будзе прынята адпаведнае працэсуальнае рашэнне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Вывелі з лесу

Толькі за адны суткі выратавальнікі вывелі з лесу трох грамадзян, якія там заблудзілі.
У лясным масіве каля вёскі Граболава Чавускага раёна «прапалі» дзве жанчыны. Для правядзення пошукаў прыцягваліся не толькі работнікі МНС, але і міліцыянеры. Увечары жанчыны выйшлі на гук святлосігнальнай устаноўкі. А каля вёскі Цыкуны Гомельскага раёна ў лесе заблукаў пенсіянер: пайшоў у грыбы і не вярнуўся. Мужчыну 1943 года нараджэння адшукалі выратавальнікі. Ніхто з гэтых грамадзян у медыцынскай дапамозе патрэбы не меў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Ціхае паляванне закончылася ў балоце

Ля вёскі Цыкуны ў Гомельскім раёне заблудзіўся 70-гадовы мужчына. Раніцай ён пайшоў у грыбы, а вечарам патэлефанаваў сыну і паведаміў, што не можа выбрацца з балота. Пенсіянер паспеў расказаць, дзе ён знаходзіцца — зарыентаваўся па апорах ліній электраперадач. Аднак неўзабаве тэлефон грыбніка разрадзіўся. Да пошуку падключыліся супрацоўнікі МНС і міліцыі, якія «прачасалі» каля 15 км ляснога масіву, перш чым бліжэй да ночы знайсці пенсіянера. Сталы мужчына стаяў у балоце па пояс у вадзе. Як паведамілі ў прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, мужчына, на шчасце, не пацярпеў, і шпіталізацыя не спатрэбілася.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Пайшлі ў грыбы і... зніклі

У гэтым месяцы на Віцебшчыне выратавальнікі адшукалі ў лясах ужо 6 чалавек, якія пайшлі ў грыбы і заблудзіліся.
— Але колькі тых, хто не звяртаўся па дапамогу ў службу выратавання, блукалі ў лесе гадзінамі, нават суткамі. У кагосьці не было пры сабе мабільнага тэлефона, а хтосьці не паведаміў суседзям ці сваякам, што пайшоў у лес, — кажуць у Віцебскім абласным упраўленні па надзвычайных сітуацыях.
У Бешанковіцкім раёне 54-гадовая жанчына блукала па лесе суткі. І яе шукалі. На шчасце, яна самастойна выйшла з лесу і не пацярпела. А на днях дапамога спатрэбілася пенсіянеру з Віцебска, які адправіўся ў грыбы ў Гарадоцкі раён і здолеў выйсці з лесу толькі а поўначы.
— Каб не заблудзіцца ў лесе, рэкамендуецца браць з сабой мабільны тэлефон як мага больш зараджаны. А калі вы дрэнна арыентуецеся, лепш не рызыкуйце і не заходзьце глыбока ў лес, вяртайцеся не пазней за 15 гадзін. У экстранных выпадках тэлефануйце па нумарах 101 або 112, — параілі ў службе выратавання.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»