Вы тут

ААТ «Ашмянскі мясакамбінат»: гісторыю пішуць людзі


Ашмянскі мясакамбінат, паводле архіўных звестак, старэйшы ў Беларусі. У 1900 годзе Віленскім губернскім упраўленнем было прынята рашэнне аб будаўніцтве гарадской бойні, якое завяршылася ў пачатку 1903-га. Пра тыя часы нагадваюць хіба толькі старыя здымкі і дакументы, сабраныя ў невялікім музеі. Сёння камбінат — гэта комплекс сучасных еўрапейскага ўзроўню вытворчых і адміністрацыйных памяшканняў. А абсталяванню лепшых замежных фірмаў, што ўстаноўлена ў цэхах, могуць пазайздросціць калегі.

Пра поспехі адкрытага акцыянернага таварыства «Ашмянскі мясакамбінат» «Звязда» расказвала неаднаразова. Ды прадпрыемства славіцца не толькі працоўнымі, але і сацыяльнымі, культурнымі, спартыўнымі набыткамі. Здароўе людзей, іх адпачынак — галоўны клопат дырэктара камбіната Тамары Уладзіміраўны Філіповіч, якая на гэтай пасадзе звыш 30 гадоў.

1379751393806_1

Дырэктар Ашмянскага мясакамбіната Тамара ФІЛІПОВІЧ ахвотна пазнаёміла карэспандэнтаў «Звязды» з матэрыяламі, сабранымі на вялікай выставе пра мінулае прадпрыемства. Дарэчы, тэма гісторыі мясакамбіната адлюстравана нават у дэталях афармлення вытворчых памяшканняў.

Адным словам, смачна!

З 2007 года Ашмянскі мясакамбінат першым у краіне ўзяў на сябе арганізацыю дзіцячага харчавання. У якасці эксперыментальнай пляцоўкі была выбрана сталовая Ашмянскай сярэдняй школы № 2, якая перайшла пад апеку мясакамбіната.

Чаму менавіта Ашмянскі мясакамбінат распачаў гэтую новую і, зрэшты, невядомую справу? Эксперымент ёсць эксперымент, і невядома, якія вынікі ён дасць. Магчыма, і адмоўныя. Але фінансавы бок справы адно, а здароўе дзяцей — зусім іншае. Дырэктар мясакамбіната Тамара Філіповіч, у якой падрастаюць тры ўнучкі, ведае, як цяжка адвучыць дзяцей ад фаст-фуду, чыпсаў, каляровых газіраваных напояў. «Цяжка, але магчыма, калі замяніць яго смачнай здаровай ежай», — была ўпэўнена Тамара Уладзіміраўна. І не памылілася: эксперымент удаўся.

Сёння ўжо чатыры школы горада і аграрна-тэхнічны каледж, а таксама сярэдняя школа вёскі Солы суседняга Смаргонскага раёна перайшлі на новую сістэму харчавання. А з 1 верасня іх лік папоўніўся яшчэ трыма школамі Астравецкага раёна.

— Арганізацыю харчавання ўзяў на сябе мясакамбінат, — распавяла інжынер-тэхнолаг па школьным харчаванні Ашмянскага мясакамбіната Вольга Завадская. — Дзякуючы гэтаму ўдалося знізіць гандлёвую надбаўку. Калі дзяцей карміла раённае спажывецкае таварыства, то яна была 30%, а то і 40%, мы ж працуем з 25%. Акрамя таго, на сваю прадукцыю прадпрыемства не бярэ наогул нацэнку.

Паўфабрыкаты высокай ступені гатоўнасці з рубленага мяса распрацаваны спецыяльна для дзіцячага харчавання тэхнолагамі мясакамбіната і БелНДіКТІММП. Яны разнастайныя. Напрыклад, катлета «Школьная» з лактулозай (прадукт, які дапамагае ўзнавіць кішэчную мікрафлору), катлеты «Здравушка» з марской капустай (што таксама вельмі важна, паколькі беларусы адчуваюць недахоп ёду), тэфтэлі «Казка», сасіскі дзіцячыя з малаком, сардэлькі «Лапушка», «Савецкія», пельмені «Сібірскія экстра» і шмат іншых. Усе прадукты вырабляюцца з экалагічна чыстай сыравіны, на высокатэхналагічным абсталяванні. Словам, прадукцыя на этапе вытворчасці не кантактуе з рукамі чалавека, з тым, што магло б яе забрудзіць.

Разам з тым мясакамбінат забяспечвае школы ўсімі мыйнымі, дэзынфікуючымі сродкамі, санітарным адзеннем, тэхналагічным абсталяваннем, халадзільнікамі.

Харчаваннем задаволены ўсе. Бацькі рады, што яго кошт значна патаннеў, дзецям падабаецца смаката, прыгатаваная кухарамі. Ну, а кухары асабліва радуюцца, што скараціўся і значна спрасціўся працэс прыгатавання страў.

Кухары школьных сталовых уваходзяць у штат мясакамбіната. Усе яны маюць кваліфікацыйныя разрады не менш чацвёртага. Для іх, як і работнікаў камбіната, паводле калектыўнага дагавора прадугледжаны сацыяльны пакет.

Варта дадаць, што Ашмянскі мясакамбінат стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу ў намінацыі «Лепшы гандлёвы аб'ект грамадскага харчавання пры іншых установах адукацыі, што рэалізуюць адукацыйныя праграмы на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі».

— А ў 2011 годзе ў абласным конкурсе па арганізацыі харчавання навучэнцаў устаноў прафесійнай тэхнічнай адукацыі сталовая дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа заняла першае месца, — распавяла намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце і арганізацыі харчавання Галіна Мужыла

. — Частку прэміі патрацілі на набыццё халадзільнага абсталявання, печы СВЧ.

У сталоўцы харчуецца каля 400 навучэнцаў, усе яны без выключэння атрымліваюць бясплатныя паўнацэнныя гарачыя абеды. А дзеці-сіроты і дзеці з малазабяспечаных сем'яў забяспечваюцца трохразовым харчаваннем за кошт дзяржбюджэту.

Прадукты спецыяльна абсталяваным транспартам своечасова дастаўляе мясакамбінат. Яны заўсёды якасныя і свежыя. А кухары мясакамбіната вельмі смачна гатуюць, і дзеці літаральна падчышчаюць за сабой талеркі, а многія просяць і дабаўку. Меню разнастайнае: і мяса птушкі, і малочныя прадукты, і паўфабрыкаты са свініны, садавіна, дэсерт. Для тых, хто па стане здароўя мае патрэбу ў дыеце, прапаноўваецца спецыяльнае меню.

Дадам, што на патанненне харчавання ўплывае і тое, што ў падсобнай гаспадарцы каледжа навучэнцы вырошчваюць агародніну: бульбу, буракі, капусту, моркву, цыбулю ды іншыя «вітаміны».

У «Пачастунку» знатныя пачастункі

Іх ацанілі не толькі жыхары Ашмян, але і Беларусі.

На сённяшні дзень прадукцыю з лагатыпам Ашмянскага мясакамбіната можна сустрэць больш чым у 500 гандлёвых аб'ектах Беларусі. У камбіната таксама 18 дзейных фірмовых крам «Пачастунак». У Гродне, Шчучыне, Наваельні, Астраўцы, Смаргоні, Ашмянах і ў Мінску на вуліцы Платонава. Усе яны лёгка пазнавальныя: выкананыя ў адной каляровай гаме з лагатыпам.

Сёлета плануецца адкрыць новыя гандлёвыя пункты ў Ашмянах, Гродне, Шчучыне, а ў Смаргоні і Астраўцы хутчэй за ўсё — у пачатку наступнага года.

Дадам, што на прадпрыемстве выпускаецца каля 200 найменняў каўбасных вырабаў і каля 60 паўфабрыкатаў, усе яны прысутнічаюць у гандлёвай сетцы.

У крамах часта праводзяцца разнастайныя акцыі, прапаноўваюцца зніжкі, у тым ліку і на новыя віды прадукцыі. Робіцца гэта для таго, каб пакупнікі змаглі іх набыць па даступных цэнах, пакаштаваць і ацаніць, а ў далейшым, так бы мовіць, палюбіць. Праходзяць у крамах і сезонныя акцыі. Таму прадукцыя тут не залежваецца. Напрыклад, летам людзі не вараць халадзец, гатуюць больш салаты, халаднік, а на свіныя ножкі звяртаюць менш увагі. Таму работнікі прылаўка і праводзяць акцыі, каб прадукт не залежваўся ў вітрыне. І, як правіла, зніжкі робяць сваю справу.

— Што больш за ўсё бяруць пакупнікі? — пацікавілася ў прадаўцоў магазіна па вуліцы Будаўнікоў.

— Яшчэ не прайшло і года, як працуе наша крама. Але ўжо ёсць і пастаянныя пакупнікі. Людзі ідуць сюды з задавальненнем, паколькі асартымент вельмі шырокі, а прадукцыя заўсёды свежая: завозіцца два разы на дзень, — адказваюць жанчыны. — Якім вырабам аддаюць перавагу людзі, нават цяжка сказаць: бяруць усё, продаж ідзе добра. А ад гэтага залежыць і наша зарплата.

Адзначу, што крама вельмі прасторная, удала размешчаны стэлажы і халадзільныя вітрыны з узорамі прадукцыі. У асартыменце не толькі мясная прадукцыя, але і малочная, хлебабулачная, крупы, цукар, алей — увесь набор прадуктаў, неабходны для паўсядзённага ўжывання. Тут таксама выдзелена асобнае памяшканне пад аптэку. Словам, сканцэнтраваны неабходны мінімум паслуг.

У параўнанні з іншымі вытворцамі, у фірмовых крамах «Пачастунак» вельмі выгадныя цэны за кошт мінімальных надбавак. Напрыклад, на сыравэнджаную каўбасу можна даваць нацэнку да 50%, а тут яна складае толькі 12%. Сыравэнджаныя каўбасы разлятаюцца, як гарачыя піражкі, асабліва летам. І гэта зразумела: людзі едуць у адпачынак, на дачу і запасаюцца прадуктамі, якія даўжэй захоўваюцца.

Запатрабаваны ашмянскія мясныя вырабы і ў расіян, якія закупляюць іх дзясяткамі кілаграмаў. Карыстаюцца яны попытам і ў суседзяў з Літвы.

У «Пачастунку» можна зрабіць папярэднія заказы на вяселлі, юбілеі — на канкрэтны дзень і час.

— Я пастаянны наведнік сеткі магазінаў «Пачастунак». Тут заўсёды свежая і якасная прадукцыя. І, вядома, вельмі ветлівыя прадаўцы, — падзяліўся сваімі ўражаннямі пастаянны пакупнік Андрэй. — І хаця ў Ашмянах прадстаўлена прадукцыя і іншых вытворцаў, але тут значна смачней і танней.

— А мне і маім сямейнікам вельмі падабаюцца вырабы з дабаўленнем лафанту, менавіта ён надае каўбасам неверагодна духмяны і адметны пах, — зазначае маладая жанчына, што назвалася Вольгай.

Патлумачу, лафант — гэта трава, насенне якой выкарыстоўваецца як прыправа. Яе пастаўляе на камбінат мясцовы фермер. Сыравіна экалагічна чыстая, правяраецца ў спецыяльнай лабараторыі на прыдатнасць. На прадпрыемстве яе выкарыстоўваюць у прыгатаванні асобных відаў прадукцыі ўжо дзесьці 8 гадоў. Варта дадаць, што лафант добра ўздзейнічае на работу кішачна-стрававальнай сістэмы, узнаўляе мікрафлору.

Усе новыя віды прадукцыі, што выпускаюцца на камбінаце, спачатку праходзяць праз фірмовы гандаль. Тэхнолагі нават апытанне праводзяць сярод пакупнікоў. Калі нешта горш прадаецца, то аналізуюць, па якіх прычынах.

У Астраўцы фірменны магазін «Пачастунак» адкрыўся ў чэрвені. Але ўжо абзавёўся пастаяннымі пакупнікамі.

— На першачарговым этапе ў нас нядрэнны таваразварот, шмат папярэдніх заявак, — не скрываюць задавальнення прадаўцы.

Гандлёвы пункт знаходзіцца на ўскраіне горада, у непасрэднай блізкасці ад раённай бальніцы. Таму і кантынгент пакупнікоў тут свой: хворыя, медыкі, абслуговы персанал. Як лічаць работнікі прылаўка, у іх крамы прывабныя перспектывы, паколькі месца размяшчэння выбрана вельмі ўдала. Адначасова з узвядзеннем Астравецкай атамнай электрастанцыі побач будуецца жылы комплекс.

А гэта значыць, кантынгент пакупнікоў будзе павялічвацца.

— Пра адкрыццё магазіна даведалася з раённай газеты. Наведаліся сюды з мужам упершыню дзеля цікаўнасці, — гаворыць Алена. — А цяпер не ўяўляем, як раней абыходзіліся без яго. Выбар вельмі багаты, прадукты якасныя. Прадаўцы ветлівыя, заўсёды падкажуць, параяць, што выбраць. У гэтую краму хочацца заходзіць зноў і зноў, хоць і жывём ад яе далёка.

Дарэчы, заадно тут можна набыць і хлеб, і малако, і крупы, і «вітаміны».

Па дамоўленасці з прадпрымальнікам тут выдзелена месца для продажу гародніны і садавіны, што таксама вельмі важна для пакупнікоў — не трэба ехаць на рынак ці наведваць іншыя гандлёвыя аб'екты.

Ашмянскія волаты

— Ідэя стварэння вакальна-інструментальнага ансамбля «Ашмянскія волаты» ўзнікла ў нашага дырэктара Тамары Уладзіміраўны Філіповіч. Гадоў колькі таму ў горадзе ладзіліся ўрачыстасці з нагоды Дня Перамогі. Прымалі ў іх удзел і работнікі камбіната, і кіраўніцтва. Нечакана наляцела хмара і сыпануў дождж. Я выпадкова аказаўся пад дрэвам побач з Тамарай Уладзіміраўнай. Яна і кажа: «Са спортам мы дружым, займаем прызавыя месцы, а вось музычная ніша чамусьці не запоўнена. Ты ж закончыў музычную школу, так што і сцяг табе ў рукі...» — згадвае ўдзельнік ансамбля Павел Лаўцэль.

Упершыню група апрабавала свае сілы два гады таму на раённых мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці. Выступленне артыстаў землякі ўспрынялі на «ўра». «Але, на мой погляд, гэта быў не той фармат, — зазначае Павел. — І я прапанаваў дырэктару купіць добрую апаратуру. А тым часам пачаў падбіраць добрых музыкаў сярод сваіх работнікаў.

У ансамблі, як і ў прафесіянальным, ёсць свой мастацкі кіраўнік, аранжыроўшчык, які ставіць партыі, апрацоўвае сучасныя песні на старажытны лад. А даўнейшыя беларускія песні робіць больш сучаснымі, каб цікава было паслухаць і моладзі, і людзям больш сталага ўзросту. Ніводнае гарадское свята ці мерапрыемства не абыходзіцца без «Ашмянскіх волатаў». Самадзейныя артысты выступалі і на абласным свяце-кірмашы «Дажынкі», што праходзіла летась у Лідзе. Часта запрашаюць іх і мясцовыя сельгасарганізацыі, каб выступілі перад работнікамі, на прафесійных святах, «зажынках», «дажынках». Суправаджаюць яны і выязны фірмовы гандаль на кірмашах, што ладзяцца на Гродзеншчыне, у рэспубліцы. А летам пабывалі ў Мінску на кірмашы, арганізаваным у рамках мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці на пляцоўцы каля Палаца спорту.

1379751396121_2

— Пакуль людзі стаяць у чарзе, мы для іх спяваем, ствараем добры настрой, — гаворыць Павел Лаўцэль. — А заадно і прывабліваем да прадукцыі свайго прадпрыемства. Гэта добры рэкламны ход. Пакупнікі не толькі ахвотна купляюць вырабы мясакамбіната, але і выказваюць удзячнасць нам, артыстам, імкнуцца з намі сфатаграфавацца. Шмат падзяк мы атрымліваем і на разнастайных форумах у інтэрнэце.

Здараецца і такое, што надвор'е не дазваляе выставіць пад адкрытае неба апаратуру. Тады «Ашмянскія волаты» спяваюць для наведнікаў без музычнага суправаджэння. Проста размаўляюць, знаёмяцца з новымі прыхільнікамі сваёй творчасці. Дзе «волаты», там шмат людзей. Многіх вельмі цікавяць уборы артыстаў. А яны сапраўды захапляюць — каларытныя касцюмы, выкананыя ў лепшых нацыянальных традыцыях. Чым не беларускія песняры?

Музыкі пастаянна ўдасканальваюць свой рэпертуар. Рэпетыцыі два разы на тыдзень, як правіла, у абедзенны перапынак ці ўвечары пасля работы. Паўтары-дзве гадзіны хапае, каб падтрымліваць форму.

У цэлым канцэртная праграма разлічана на 2 гадзіны. І гэта без перапынку, без «фанаграмы».

Відаць, цяжка вытрымліваць такую нагрузку? — пацікавілася ў Паўла.

— Калі падабаецца справа, то гэта няцяжка. Асабліва калі бачыш, як наша песня ўзнімае настрой слухачоў. Яны весялеюць, усміхаюцца. Дзве гадзіны пралятаюць, як адно імгненне. І пасля кароткага перапынку мы хоць увесь дзень гатовы радаваць удзячную публіку, — адказвае Павел.

Мікалай Радзівіл Руды ў «Галактыцы»? Чаму б і не!

Для жыхароў Ашмян няма праблем, дзе смачна паесці і з карысцю адпачыць пад гучанне жывой музыкі. Сапраўднай «народнай» славай карыстаецца ў райцэнтры кафэ «Галактыка» Ашмянскага мясакамбіната.

Тым больш што працуе яно без выхадных. Незвычайны інтэр'ер і дызайн залы, выкананыя ў блакітнай гаме, не толькі пасуюць да назвы ўстановы, але і робяць візуальна памяшканне больш прасторным. А зорнае неба падкрэслівае бязмежнасць, нязведанасць нашай галактыкі. Ды і абслугоўванне тут на еўрапейскім ўзроўні, разнастайная кухня, у тым ліку і нацыянальная беларуская.

— У нашым кафэ праводзіцца не толькі індывідуальнае абслугоўванне, але і комплекснае. Наведнікі заказваюць юбілейныя, памінальныя, вясельныя сталы, — гаворыць загадчыца сеткі грамадскага харчавання Ашмянскага мясакамбіната Святлана Войнюш.

7 ліпеня ўстанове споўнілася 8 гадоў з дня адкрыцця. І кожны год тут нешта мяняецца да лепшага як у меню, абслугоўванні, так і ў вонкавым выглядзе. Два гады таму памянялі інтэр'ер. А цяпер, да абласнога свята «Дажынкі», што адбудзецца сёлета ў Ашмянах, наведнікам рыхтуюць новыя сюрпрызы. Раскрыем сакрэт: на вонкавай сцяне будынка з'явіцца выява Мікалая Радзівіла Рудога (1512 — 1588), які ўязджае ў горад на брычцы. Якое ж дачыненне мае ён да гэтай мясцовасці? Нагадаю, што ў 1566 годзе Ашмяны атрымалі ад караля Жыгімонта Аўгуста Магдэбургскае права. У гэты ж час горад стаў адным з самых вядомых цэнтраў кальвінізму ў ВКЛ пасля таго, калі Мікалай Радзівіл Руды, ашмянскі стараста, заснаваў тут калегіум і кальвінісцкі сабор.

Дырэктар мясакамбіната Тамара Філіповіч скарыстала менавіта гэты факт для знешняга аздаблення кафэ. Тамара Уладзіміраўна — сапраўдная знаўца мясцовай гісторыі, даўніны, цэніць яе, шануе і пры любой магчымасці матэрыялізуе яе ў рэчаіснасці.

— Акрамя «Галактыкі», у нашай сістэме кафэ «Мінутка» на 36 месцаў, што месціцца ў будынку райвыканкама, але наведваюць яе ўсе ахвотныя. Ёсць кафэ «Пачастунак» у суседняй Смаргоні на 16 пасадачных месцаў, — уводзіць у курс справы Святлана Васільеўна. — Разам з тым у нашага дырэктара шмат праектаў — яна літаральна фантануе ідэямі. Напрыклад, у будынку старой спартыўнай школы, будзе адкрыта кафэ «Стары горад». Гэта, як мяркуецца, будзе нешта незвычайнае — у трох узроўнях, кожны з іх будзе адлюстроўваць побыт канкрэтнай гістарычнай эпохі развіцця Ашмян. І нават афіцыянты будуць апрануты ў тагачасныя касцюмы. Будзе таксама сёлета адкрыта кафэ ў новым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры на 20 месцаў.

На мясакамбінаце ёсць і сталовая, дзе гарачыя абеды для работнікаў бясплатныя. Клапоцяцца і пра тых, хто працуе ў начную змену: да іх паслуг буфет, дзе можна таксама бясплатна выпіць кубачак гарачай гарбаты ці кавы.

Спорт аб'ядноўвае людзей у калектыў

У Анатоля Шыдлоўскага адказная і нялёгкая работа — абвальшчык мяса. Гэтая справа патрабуе спрыту, умення высокай кваліфікацыі і, бясспрэчна, фізічнай сілы, формы, якіх, дарэчы, яму не займаць. Справа ў тым, што Анатоль Уладзіміравіч вось ужо 21 год — пазаштатны інструктар па спорце Ашмянскага мясакамбіната, заўзятар розных відаў спорту. Але больш даспадобы яму валейбол.

— Нашу каманду па валейболе можна назваць ветэранскай, сярэдні ўзрост гульцоў 50 гадоў, але ў спаборніцтвах мы не саступаем моладзі, — канстатуе мой суразмоўца. — Удзельнічаем у раённых, абласных, рэспубліканскіх турнірах. Гэтым летам прынялі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах на Нарачы, куды нас запрасіла кіраўніцтва спартыўнага рэгіянальнага грамадскага аб'яднання «Валейбольны клуб «Фенікс». На спаборніцтвах сабралася 20 мужчынскіх і каля 10 жаночых камандаў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Літвы, Латвіі, Маскоўскай і Ленінградскай абласцей. Словам, узровень вельмі высокі і прадстаўнічы. За каманды выступалі майстры міжнароднага класа, чые імёны грымелі ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Чэмпіёнскі тытул заваявалі літоўцы. Але і мы, аматары, выступілі нядрэнна, занялі пятае месца.

На прадпрыемстве пастаянна ладзяцца спартыўныя святы, у якіх бяруць масавы ўдзел як работнікі, так і іх сем'і: у Дзень абаронцаў Айчыны, падчас прафесійнага свята — Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Як правіла, па некалькіх даступных відах спорту: шашкі, шахматы, тэніс, дартс, перацягванне каната, падняцце гіры і гэтак далей. Адміністрацыя і прафкам, паводле калектыўнага дагавора, выдзяляюць грошы на заахвочванне спартсменаў, набыццё прызоў. На мясакамбінаце самая моцная ў раёне каманда па падняццю гіры, валейболе, перацягванні каната. Пастаянна ўдзельнічаюць спартсмены ў раённай круглагадзічнай спартакіядзе па 20 відах спорту, тры разы станавіліся чэмпіёнамі. Варта дадаць, што каманда мясакамбіната — васьміразовы чэмпіён спартакіяды сярод прадпрыемстваў харчовай галіны Гродзенскай вобласці.

Дырэктар прадпрыемства Тамара Уладзіміраўна Філіповіч не толькі заахвочвае маральна і матэрыяльна спартыўны запал сваіх падначаленых, але і сама актыўна ўдзельнічае ў спаборніцтвах. Сёння многія прадпрыемствы купляюць для сваіх супрацоўнікаў абанементы ў спартыўныя, трэнажорныя залы, у басейн. Для многіх гэта — даніна модзе. А вось Тамара Уладзіміраўна пайшла далей, падтрымаўшы ініцыятыву работнікаў адкрыць на камбінаце спартыўную залу. Кіраўнік добра разумее, што пасля змены не вельмі хочацца кудысьці ісці патрэніраваць цела. А тут, на месцы, усё побач. Не трэба нават выходзіць за прахадную. Наймальнік адвяла свабоднае памяшканне, дзе правялі рамонт, закупілі абсталяванне: бегавую дарожку, велатрэнажор, трэнажор для хадзьбы, для мышцаў брушнога прэса, ног і рук. Ёсць інвентар для заняткаў гіравым спортам, настольным тэнісам, дартсам. Ствараюць добры настрой бадзёрыя песні і кампазіцыі, што гучаць з музычнага цэнтра. Яшчэ адна прыкмета памяшкання — на сценах, бадай, няма вольнага месца — усё ў граматах, падзяках, дыпломах, медалях за спартыўныя дасягненні. Іх тут, відаць, больш за сотню.

Ахвотна наведвае заняткі і заводская моладзь: у абедзенны перапынак, пасля работы. У спартзале мы сустрэлі маладога чалавека, які праходзіць на мясакамбінаце практыку. Ён студэнт Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Вучыцца на інжынера-механіка за кошт прадпрыемства.

— Я прыйшоў у спартзалу ўпершыню. Утульна, прыгожа, уражваюць і трэнажоры, яны новыя, сучасныя, і іх многа. У БАТУ спартыўная зала большая па памерах, але абсталявана значна горш» — запэўніў нас хлопец.

Варта дадаць, што масавай фізічнай культуры і спорту тут і надалей будуць надаваць самую пільную ўвагу, прыцягваць да заняткаў усё больш работнікаў. Каму як ні кіраўніцтву ведаць, што агульныя інтарэсы аб'ядноўваюць рознабаковых людзей у сапраўдны калектыў.

Матэрыял падрыхтавалі Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Віктар ПАЗНЯКОЎ. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

1379751401471_3

УНП 100155376

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?