Вы тут

Акно ў Еўразію


Ад Лісабона да Уладзівастока — без перашкод?

У Мінску зноў абмяркоўваюць праблемы, звязаныя з дзейнасцю Мытнага саюза. Ужо чацвёртая канферэнцыя сабрала зацікаўленых для «сур'ёзнай размовы», кантэкст якой вызначае фарміраванне Адзінай эканамічнай прасторы. Тым больш пагутарыць ёсць пра што — так і не завершана ўніфікацыя заканадаўства, не спрошчаны да належнага ўзроўню мытныя працэдуры... Аднак ёсць і пазітыўныя моманты: Еўразійская эканамічная камісія хоча прапанаваць Еўрапейскаму саюзу стварыць адзіную транзітную прастору ад Лісабона да Уладзівастока. А ў знешнеэканамічнай дзейнасці Мытнага саюза можа быць укаранёная сістэма «адзінага акна» на працягу бліжэйшых двух гадоў.

Тэорыя

«Выключную каштоўнасць мае для нас больш чым пяцідзесяцігадовы вопыт Еўрапейскага саюза», — лічыць Аляксандр ШПІЛЕЎСКІ, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі. Сапраўды: каб пазбегнуць многіх памылак, варта звярнуцца да вопыту калег, бо наша інтэграцыя ідзе значна больш хуткімі тэмпамі, чым гэта адбывалася ў Еўропе.

Андрэй ТУР, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта

, кажа, што «ў найбліжэйшыя тры гады агульны рынак тавараў будзе дапоўнены агульным рынкам паслуг, капіталу і працы. Паслугі павінны будуць прадастаўляцца на ўмовах нацыянальнага рэжыму. Запрацуе адзіны фінансавы рынак. Будзе пашырацца інтэграцыя (як вядома, выказваюць жаданне далучыцца Кыргызстан і Арменія. — Аўт.)». Аб'яднанне рынкаў, на думку Андрэя Тура, дасць адчувальныя вынікі: «Згодна з разлікам, у 2030 годзе гадавы прырост ВУП за кошт стварэння Адзінай эканамічнай прасторы для Беларусі можа павялічыцца на 14 мільярдаў долараў, Казахстана — на 12 мільярдаў, Расіі — 75 мільярдаў».

Між іншым, Сюзана АЙГНЭР, намеснік дырэктара па кантролі за захаваннем і садзейнічанні Сусветнай мытнай арганізацыі, згодна з тым, што ў адпаведнасці з законамі эканамічнай тэорыі, эканамічная інтэграцыя прыводзіць да паляпшэння гандлёвых сувязяў паміж членамі арганізацыі. «Акрамя таго, статыстычна пацверджана, што пасля аб'яднання адзначаецца рост эканомік усіх краін-удзельніц». Таму спадарыня Айгнэр лічыць стварэнне Мытнага саюза «вялікім дасягненнем з пэўным выклікам».

Практыка

«Застаюцца яшчэ пытанні па гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў. Патрэбна большая ўніфікацыя», — адзначае Дзіна МАМАШАВА, намеснік старшыні камітэта мытнага кантролю Міністэрства фінансаў Казахстана. З яе вуснаў таксама прагучаў заклік да стварэння інтэграваных мытных тарыфаў (Казахстан ужо гэта зрабіў) і ўкаранення электроннага дэкларавання.

Прыкладна тое самае кажа Сяргей КАМЛІЧЭНКА, намеснік кіраўніка Федэральнай мытнай службы Расіі. Асобна ён звяртае яшчэ ўвагу на абавязковы ўдзел бізнес-супольнасці ва ўдасканаленні мытнага заканадаўства. «Мы таксама выступаем за спрашчэнне мытных працэдур. Іх трэба зрабіць больш эфектыўнымі і адначасова павялічваць якасць мытнага кантролю з дапамогай новых тэхналогій», — заявіў Сяргей Камлічэнка.

Варыянт вырашэння многіх праблем агучыў Уладзімір ГОШЫН, міністр па мытным супрацоўніцтве Еўразійскай эканамічнай камісіі. Ён сказаў, што сістэма «адзінага акна» ў знешнеэканамічнай дзейнасці Мытнага саюза можа быць укаранёна на працягу бліжэйшых двух гадоў. «Тэрміны будуць залежаць ад хуткасці вырашэння розных пытанняў», — удакладніў міністр. Пры гэтым ён адзначыў, што Казахстан, магчыма, справіцца з гэтым раней. У рэалізацыі праекта па стварэнні сістэмы «адзінага акна» прымае ўдзел не толькі мытня, але і іншыя кантрольныя органы, якія выдаюць розныя ліцэнзіі, дазволы, у тым ліку транспартнікі.

«Па звестках Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, скарачэнне тэрміну правядзення экспартна-імпартных аперацый на 1 дзень прыводзіць да росту міжнароднага гандлю на 4%», — прыводзіць статыстыку Уладзімір Гошын і называе дубляванне дакументаў і працэдур, што сёння назіраецца, «тормазам» развіцця. Вырашыць гэта ўсё можна з дапамогай «адзінага акна», па якім разумеецца аднаразовая падача звестак у стандартызаваным выглядзе праз адзіны канал для таго, каб імі маглі карыстацца ўсе зацікаўленыя дзяржаўныя органы. Паводле слоў Уладзіміра Гошына, гэта дазволіць істотна скараціць часавыя выдаткі гаспадарчых суб'ектаў, сэканоміць дзяржаўныя рэсурсы і аўтаматызаваць працу, калі рашэнне ў некаторых выпадках, напрыклад, па экспарце простых тавараў, будзе прымаць не інспектар, а камп'ютарная праграма. Таксама ўкараненне сістэмы «адзінага акна» здольна дазволіць краінам МС палепшыць свае пазіцыі ў міжнародным рэйтынгу «Вядзенне бізнесу».

Мары

«Еўразійская эканамічная камісія пачала працаваць над трыма вельмі амбіцыйнымі праектамі. Адна з ідэй, якая пакуль яшчэ выношваецца: мы хочам прапанаваць Еўрапейскаму саюзу стварыць адзіную транзітную прастору ад Лісабона да Уладзівастока. Цяпер для гэтага выспелі ўжо ўсе аб'ектыўныя перадумовы. І спадзяюся, што праз пару гадоў нам не трэба будзе пераафармляць ніякія дакументы пры пастаўцы тавару як з Еўропы ў наш бок, так і ад нас у Еўропу, гэта значыць, ён будзе ісці па адзіным транзітным дакуменце», — паведаміў журналістам Уладзімір Гошын. У першую чаргу маецца на ўвазе аўтамабільны транспарт, а таксама чыгуначны.
Аднак, як вядома, грыб не ежа, а капялюш не адзежа. Паглядзім, што будзе далей і як праекты знойдуць сваю рэалізацыю.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.