Вы тут

Анжаліка Крашэўская: «У тэатры адчуваеш сябе жывым чалавекам»


Тэатр можа ўсё... Гэта спрабавалі нам данесці яшчэ летась: спачатку ў роліку да пачатку фестывалю «ТэАрт», а потым і праз спектаклі, паказаныя на форуме. Спрэчкі, думкі, развагі, вір эмоцый працягваліся і пасля і станавіліся ўжо часткай твайго свету, а рэальнае жыццё ў некаторыя моманты, наадварот, магло здавацца не вельмі ўдалай пастаноўкай, імітацыяй са штучнымі пачуццямі. Міжнародны тэатральны форум «ТэАрт» з'явіўся для таго, каб дэманстраваць, што ж можа тэатр як мастацтва. І беларускі тэатр у прыватнасці. Сёлета гэта будзе асаблівая тэма для разваг падчас фествалю «ТэАрт», які пачнецца праз тыдзень. Чым адметны гэты форум, тлумачыць яго дырэктар Анжаліка Крашэўская.

1379751442199_21-26

— Вы мелі дачыненне да арганізацыі тэатральных фестываляў у рамках дзяржаўнага тэатра. Чым была прадыктавана ідэя стварэння асобнага Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў?

— Я працавала ў Купалаўскім тэатры і займалася фестывалем «Панарама» ў 2007-2009 гадах. Дапамагала рабіць тэатральны тыдзень з Белгазпрамбанкам. Ведала, што значыць праца па арганізацыі фестываляў. І аднойчы пайшла да міністра Паўла Латушкі з ідэяй стварэння цэнтра, які б акумуляваў нейкія праекты, у тым ліку фестывальныя. Таму што часам у маштабах нейкай адной арганізацыі (напрыклад, тэатра) гэта рабіць даволі складана: у яе ёсць сваё жыццё, свае задачы. Міністр падтрымаў ідэю, але ў дадатак папрасіў далучыцца да падрыхтоўкі кінафестывалю «Лістапад». Я пагадзілася. Атрымалася, што мы прыйшлі з ініцыятывай, якая ўпісалася ў канцэпцыю прыватна-дзяржаўнага партнёрства. У выніку з'явіўся Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, які ажыццяўляе з аднаго боку — дзяржаўны праект, з другога — прыватны, але падтрыманы дзяржавай: «Лістапад» (фестываль, у якім зацікаўлена дзяржава) і «ТэАрт» (праект, у ажыццяўленні якога дапамагае Белгазпрамбанк).

Мы сабралі кола аднадумцаў. Кінафестывалем я займаюся як дырэктар больш арганізацыйна. Таму што ёсць праграмныя дырэктары, людзі, якія генерыруюць ідэі, прафесійна займаюцца адборам карцін, канцэпцыяй фестывалю і так далей. У «ТэАтр» фактычна трансфармаваўся «Тэатральны тыдзень з Белгазпрамбанкам», але мы адышлі ад пэўнай тэматыкі ў падборы спектакляў. Хацелася б прывозіць і паказваць яркія рэчы, вядомыя ў той ці іншай краіне.

— Як фарміруецца рашэнне, што прывозіць у Мінск?

— Я шмат спектакляў гляджу, езджу, кантактую з крытыкамі (нашымі і замежнымі). Не проста праглядаю — бяру ўдзел у абмеркаваннях пастановак. Ёсць спектаклі, якія я не запрашаю: разумею, што, можа быць, нашаму гледачу гэта зарана глядзець. Жыхары Беларусі ўсё ж даволі кансерватыўныя ў поглядах на мастацтва. Таму пакуль мы ўсё робім асцярожна і паступова спрабуем давесці нашай публіцы, што тэатр можа быць розны. Аднак часам адчуваецца, што ў гледача ёсць попыт на рэчы дастаткова радыкальныя. Публіка гатовая да іх: немагчыма быць адарваным ад рэальнага жыцця, калі жывеш у гэтым свеце, ездзіш, глядзіш, кантактуеш з іншымі людзьмі. І тэатр жыве ў рэальных умовах, рэагуе на жыццё. А ў нас пакуль атрымліваецца, што жыццё — само па сабе, а тэатр — сам па сабе, нібыта спыніўся ў нейкім моманце.

— Летась было больш ухілу ў бок запрошаных спектакляў. Сёлета з'яўляецца беларуская праграма. Чым гэта матывавана?

— Акрамя арганізацыі тэатральнага форуму, мы яшчэ пачалі развіваць тэму праектнага тэатра, але імкнёмся да таго, каб праект быў не разавы, нягледзячы на тое, што ў нас няма ўласнай базы. Але пад нейкі тэатральны праект запрашаюцца рэжысёр, мастак, акцёры. Летась мы зрабілі ўласнымі намаганнямі 2 пастаноўкі. Сёлета ажыццяўляем тры пастаноўкі, якія будзем паказваць нейкі перыяд. У аснове — сучасная беларуская драматургія. Мы займаліся больш міжнароднай праграмай, але праца сама прывяла нас да гэтага. Таму што на кожным фестывалі, у якім я бяру ўдзел, мне задаюць пытанне: а калі мы ўбачым беларускі тэатр? З нашых тэатраў больш ведаюць лялечныя, менш — драматычныя. Гэта першае. Другое: беларускія драматургі ў шорт-лістах шматлікіх конкурсаў, іх ведаюць, іх ставяць. І тады ўзнікае пытанне: а калі і дзе будзе магчымасць убачыць пастаноўкі паводле іх п'ес у беларускіх тэатрах?.. Зразумела, што кожны тэатр сам ладзіць сваю рэпертуарную палітыку і ставіць тое, што лічыць патрэбным рэжысёр. Але калі ёсць пытанне, то я паспрабавала знайсці адказ на яго — пачала чытаць п'есы, сустракалася з драматургамі. Так узнікла ідэя таго, каб зрабіць асобны праект і прэзентаваць яго ў рамках тэатральнага форума.

Пачалося ўсё з сустрэчы з Дзмітрыем Валкастрэлавым у Піцеры. Пры сустрэчы мы размаўлялі пра тое, што яго Тэатр Роst, які ставіць п'есы Паўла Пражко, фактычна займаецца беларускай драматургіяй у Расіі. Але пагадзіцеся: дзіўна прывозіць з Піцера айчыннага аўтара, каб паказаць у Беларусі... Вырашылі, што трэба ставіць Пражко тут. Звязаліся з ім, ён вельмі доўга думаў пра тое, каб была новая рэч, якая дагэтуль не была выкарыстана. Мы пачалі сустракацца з іншымі маладымі драматургамі. Мне вельмі спадабалася п'еса Дзмітрыя Багаслаўскага «Ціхае шапаценне сыходзячых крокаў». Я стала шукаць рэжысёра, які б яе паставіў. Выпадкова высветлілася, што Канфедэрацыя тэатральных саюзаў будзе ажыццяўляць гэты праект у Тэатры беларускай драматургіі. Яшчэ мне прыйшла прапанова ад Сямёна Александроўскага паставіць Канстанціна Сцешыка «Кароткачасовая». Натуральна, нельга было адмовіцца. Далучыўся Вячаслаў Іназемцаў з тэатрам «Інжэст», у якога ёсць свая публіка. Далей даведаліся, што ў Тэатры беларускай драматургіі была чытка п'есы «Раtrіs», якую яны прыдумалі ўтрох — Багаслаўскі, Красоўкі, Анцэлевіч — у такім кірунку, як дакументальны тэатр. Яшчэ адзін беларускі драматург падключыўся ўжо як кампазітар — Павел Расолька. Пастаноўка будзе сведчаннем таго, што, калі ёсць жаданне, то шмат што можна зрабіць, нават пры адсутнасці магчымасцяў.

— Такім чынам вы ствараеце магчымасць нашым тэатрам прыгледзецца да сваіх жа драматургаў? Ці асобная беларуская праграма ў большай ступені паўстала як альтэрнатыва?

— Хутчэй альтэрнатыва. І часткова я апраўдваю рэпертуарныя тэатры. Калі мы пачалі шукаць рэжысёра на «Ціхае шапаценне...», то гэта аказалася не проста. Такі матэрыял трэба адчуваць. Павел Пражко вядомы ў Расіі як драматург, але там няшмат рэжысёраў бяруцца яго ставіць. Не ведаю, ці атрымаецца ў нас падштурхнуць увагу рэжысёраў да айчынных драматургаў. Думаю, што яна пакрысе будзе прыходзіць, але не адразу. Таму ёсць страх: мы бяром на сябе пэўную адказнасць. Яна яшчэ і ў магчымасці для маладых рэжысёраў нешта паспрабаваць паставіць. А ўдачу ж ніхто не гарантуе... Але як яшчэ вучыцца, калі не рабіць? Сёлета будзе эксперымент з сучаснай беларускай драматургіяй, далей не магу сказаць, ці будзе працяг гэтай працы, можа, перапынак возьмем...

— Вы спрабуеце прапанаваць нешта новае. Хоць, напэўна, ёсць у гэтым рызыка — з пункту гледжання камерцыі.

— Тэатральны форум і кінафестываль — не камерцыйныя праекты. Вядома, прывозіць медыйных акцёраў з мінімальнымі выдаткамі і чаканымі аншлагамі, — перспектыўны антрэпрызны кірунак. Але я адношу сябе да часткі глядацкай аўдыторыі, таму я ў большай ступені прадзюсар, які адбірае спектаклі не з пункту гледжання камерцыі, а з пункту гледжання прэзентацыі. Калі гэта мне цікава, то публіка, якая ў нас ёсць (а яна розная) таксама можа зацікавіцца. Я правяраю на сабе. І ведаю, што ў Мінску ёсць інтэлігентная, адукаваная, цікаўная публіка. Мы ж залы ў папярэднія разы запаўнялі. Людзі купляюць квіткі і прыходзяць. Летась былі спектаклі, калі аншлагі назіраліся яшчэ на стадыі продажу квіткоў. Сёлета тое ж самае. Насамрэч карыстаюцца вялікай увагай нават самыя радыкальныя спектаклі. Але калі мы разумеем, што гэта не для ўсіх, то наўмысна акцэнтуем, папярэджваем пра гэта, каб потым не было шоку ў гледача. Сёлета нас чакаюць «Лір» і «Shооt/ Gеt Trеаsurе/ Rереаt» (радыкальная рэч, якая ідзе ў галерэі 6 гадзін).

— Ці разумеюць вас спонсары ў тым, што вы выбіраеце для паказу? Наколькі яны наогул гатовыя падтрымліваць культурныя праекты?

— З гэтым заўсёды складана. Але я ўдзячная лёсу, што з 2007 года Белгазпрамбанк быў аднадумцам у частцы прасоўвання міжнародных тэатральных праектаў. Сёння гэта адзін з галоўных спонсараў, партнёраў і заснавальнікаў гэтага мерапрыемства, таму што яны нясуць не проста фінансавую падтрымку, яны падзяляюць адказнасць за арганізацыю нашых праектаў. Яны дапамагаюць і тым, што прасоўваюць нас, у тым ліку ў пошуках дадатковых крыніц фінансавання. Акрамя Белгазпрамбанка сёлета нам упершыню дапамог «Газпрам трансгаз Беларусь». Не так шмат у нас спонсараў, якія падтрымліваюць культуру. Але дапамагае міжнароднае культурнае супрацоўніцтва: з пасольствам Францыі, Інстытутам Гётэ. Інстытут Адама Міцкевіча дапамог у падрыхтоўцы спектакля «Патрыс», акрамя таго, мы маем магчымасць паказаць тэхнічна вельмі складаную пастаноўку Кшыштафа Варлікоўскага «(А)палонія», якая атрымала «Залатую маску» як лепшы еўрапейскі спектакль. Хто ж будзе супраць, каб у Беларусі гэта пабачылі? Насамрэч важна, каб у нашай краіне была магчымасць разумець, што адбываецца ў сусветным тэатральным мастацтве. Бо мы — частка цяперашняй чалавечай цывілізацыі, мы не існуём адасоблена. Мы прывозім лепшыя дасягненні сусветнага тэатральнага мастацтва. І кошт квіткоў на фестывалі ў Мінску ніжэйшы, чым у Маскве ці ў Францыі, напрыклад, адкуль да нас прыязджаюць тэатры. У звычайнага чалавека можа не быць магчымасці кудысьці паехаць, а той, хто можа паехаць, можа не ведаць, на што трэба ісці там у тэатрах. А яму прапаноўваюць паглядзець тут, на месцы, за іншыя грошы. Чым больш у нас будзе такіх магчымасцяў, тым вышэйшы будзе ўзровень культуры людзей.

— Вы свядома паказваеце тэатры, якія імкнуцца не столькі забаўляць, колькі ашарашыць чалавека?

— Забаў і так шмат, але ж часам яны нас не радуюць. Яны не прымушаюць думаць: можна паглядзець камедыю і назаўтра прачнуцца са сваімі ўчарашнімі праблемамі. Сыход ад іх не прывядзе да вырашэння. Але метадам вобразнага ўздзеяння чалавек успрымае нейкую інфармацыю і пачынае дзейнічаць нават у дачыненні да сябе, робіць нейкія крокі да зрухаў. Мастак (творца) у тэатры не проста самавыяўляецца, тэатр — гэта дыялог з чалавекам. Мы даём магчымасць пачуць абодва бакі — стваральнікаў і публікі — падчас дыскусій пасля спектакляў. Творцам гэта цікава: як іх успрымаюць у іншай краіне, ці разумеюць. Для гледача таксама важна, можа быць, атрымаць нейкае ўдакладненне, тлумачэнне ўбачанаму — спектаклі бываюць дастаткова складаныя, людзі могуць закрыцца ў сваім непаразуменні. Калі размова пачынаецца, узнікае адкрытасць.

— Вы ў тэатральны свет прыйшлі з іншай сферы. Што вас так захапіла ў тэатры, што вы зрабілі яго сваёй справай?

— Я заўсёды цікавілася літаратурай, тэатрам, яшчэ калі вучылася. У жыцці так бывае: ты нечым захапляешся, і тваё захапленне становіцца прафесіяй — часткова (я ж не стаўлю спектаклі). Я больш прадзюсар, разглядаю ўсё з пункту гледжання прасоўвання. Мне, можа быць, таксама нейкіх рэчаў у нашым мастацкім жыцці не хапае і хочацца іх бачыць. Але акрамя таго, пра што даведваюся, чытаю, я стараюся з кімсьці параіцца, абмеркаваць, каб пераканацца, ці правільна адчуваю.

— Што вы для сябе знаходзіце ў тэатры як глядач, як чалавек?

— Эмоцыі. Мне здаецца, тая доза добрага эмацыянальнага ўсплёску, якую ты атрымліваеш, кампенсуе шмат якія рэчы: паўсядзённасць, праблемы, стрэсы. Ты можаш ад іх пазбавіцца і ў той жа момант папоўніць уласную энергію. Мяне моцна ўразіў і таму летась быў на «ТэАрце» спектакль Рамэа Кастэлучы «Аб канцэпцыі Вобраза Сына Божага». Дагэтуль яго ўзгадваюць. Мне здаецца, што візуальнае ўспрыманне правакуе жывую рэакцыю. І бывае, што менавіта ў тэатры ты адчуваеш сябе жывым чалавекам. Далей прыходзяць думкі: як, дзеля чаго? І што зрабіць, каб іншыя адчулі тое ж?..

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»