Як усе іншыя публікацыі «Звязды», водгук сярод чытачоў мае «Фотаслова». Безумоўна, кола аматараў фотапаэзіі не такое шырокае, як у тых, хто цікавіцца навінамі, аналітыкай, рэпартажам. Але ёсць шмат прыкладаў таму, што людзей розных узростаў, поглядаў збліжае характэрная толькі для нашай газеты лучнасць верша і выявы. Кажуць, што ўсе музы паміж сабой сёстры. А яшчэ з уласнага вопыту магу сцвярджаць: калі хтосьці з маіх сяброў неабыякавы да роднай мовы, да яе вершаванага гучання — той заўжды затрымлівае позірк на выяве родных краявідаў, на партрэтах нашых землякоў.
Усе гэтыя разважанні тычацца «Фотаслова». Асаблівасці паэтычнага складніка «Фотаслова» даследавалі ў школьных навуковых работах старшакласнікі з горада Жодзіна, вядомы спявак Вячаслаў Статкевіч выконваў песню на звяздоўскі верш, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры у многіх школах збіралі газетныя выразкі для пазакласных заняткаў... Усе гэтыя людзі — чытачы нашай газеты, якія знаходзяць у фотапаэзіі водгук на свае ўласныя пачуцці.
Уласныя думкі пра публікацыі ў «Звяздзе» — тэма ліста, які даслала ў рэдакцыю Вольга Кацько з Віцебска. «Не магу нават сказаць, колькі гадоў мае бацькі з'яўляюцца падпісчыкамі вашай газеты. Але добра памятаю адно: заўсёды спяшалася да паштальёна, каб атрымаць газету і прагледзець сваю любімую рубрыку «Фотаслова», — піша наша чытачка.
Вольга мае адукацыю педагога і вельмі захапляецца фатаграфаваннем. «Хочацца праз фатаграфію выразіць думкі, адчуванне сусвету», — дадае яна і працягвае маналог маляўнічым апісаннем сваёй паездкі ў вёску, дзе дапамагала капаць бульбу. «Зараз там гарачы час. Усе спяшаюцца сабраць ураджай, які выдаўся на славу. Працуюць амаль без адпачынку. Вось напрыканцы і абкопкі. Вечарэе. У вароўню заносяць апошнія мяшкі з бульбай, а ў хаце на стале ўжо чакаюць гарачыя дранікі з мясам...»
Вольга даслала ў рэдакцыю «Звязды» фотаздымак відаць таго самага шэдэўра нашай нацыянальнай кухні.
Перачытайце яшчэ раз яе расповед пра вясковыя справы, паглядзіце на фота, якое нібы даносіць духмянасць толькі што знятых з патэльні гарачых дранікаў...
Мне здаецца, што ў яе атрымалася тое спалучэнне выявы з мастацкім словам, пра якое мы толькі што размаўлялі. Кожны з нас па-свойму бачыць свет і здольны на сваё ўласнае «фотаслова». Трэба толькі ўважліва глядзець навокал і асэнсоўваць убачанае, з неабыякавасцю ставіцца да яго.
Яўген ПЯСЕЦКІ.
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!