Вы тут

Армен АШАЦЯН: «Галоўнае — не страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць»


«Балонскі працэс — гэта скарбонка ідэй, з якой трэба браць толькі тое, што падыходзіць канкрэтнай краіне», — заявіў падчас свайго візіту ў Беларусь міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Арменія Армен Ашацян.

Трэба нагадаць, што Беларусь падавала заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу, але летась наша заяўка не была задаволена. Наступная ж магчымасць з'явіцца толькі ў 2015 годзе. Да 2015 года ў Балонскім працэсе старшынствуе менавіта Рэспубліка Арменія, і наша заяўка праз два гады будзе разглядацца ў Ерэване. Натуральна, што на прэс-канферэнцыі, якую Армен Ашацян правёў сумесна са сваім беларускім калегам — міністрам адукацыі нашай краіны Сяргеем Маскевічам — журналісты папрасілі падзяліцца кіраўніка сістэмы адукацыі Арменіі яго бачаннем тых працэсаў, што адбываюцца на еўрапейскай адукацыйнай прасторы.

1379972126112_24-4

 

Рэфармаванне адукацыі — працэс бесперапынны?

— Нягледзячы на тую акалічнасць, што Рэспубліка Арменія далучылася да Балонскага працэсу яшчэ ў 2005 годзе, рэфармаванне вышэйшай школы ўсё яшчэ працягваецца. Хачу заўважыць, што наша грамадскасць вельмі ўважліва сочыць за ўсімі рэформамі, што адбываюцца ў сістэме адукацыі, — падкрэсліў Армен Ашацян. — Адукацыя — тая сфера, якая закранае, напэўна, кожную сям'ю, таму цяжка знайсці людзей, якія знаходзяцца па-за нашымі рэформамі. І скажу шчыра, магчыма, наша грамадскасць ужо стамілася ад рэформ у сферы адукацыі. Але калі ў мяне пытаюцца «А калі ж закончыцца рэфармаванне адукацыі?», то я сумленна адказваю: «Ніколі…» Таму што роля адукацыі заключаецца ў стымуляванні эканамічнага і грамадскага развіцця краіны і асобы, а гэта развіццё ніколі не можа спыніцца. Таму пастаянна развіваецца і абнаўляецца і сістэма адукацыі…

Сёння і свет, і Еўропа прапануюць вялікія магчымасці, аднак, рухаючыся ў рэчышчы інтэграцыйных працэсаў, важна не страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. І ні ў якім разе ўступленне краіны ў Балонскі працэс нельга разглядаць выключна як магчымасць атрымаць дыплом еўрапейскага ўзору…

Арменія перайшла на трохступенчатую сістэму вышэйшай школы: навучанне ў бакалаўрыяце доўжыцца ад трох да чатырох гадоў (пераважна чатыры гады), у магістратуры — адзін-два гады (пераважна два) і тры гады — у аспірантуры. Мы ўвялі сістэму назапашвання і трансферу крэдытаў, інстытуты кантролю якасці, пераарыентавалі нашы вучэбныя праграмы на модульнасць. Пашыраецца аўтаномія студэнтаў і іх удзел у працэсе прыняцця рашэнняў на ўзроўні ВНУ. Разам з тым мы сутыкнуліся і з шэрагам праблем.

Калі казаць пра нашы памылкі, то трэба канстатаваць, што пры пераходзе да бакалаўрыяту і магістратуры многія ВНУ проста механічна «запіхнулі» пяцігадовую праграму па падрыхтоўцы дыпламаваных спецыялістаў у чатыры гады. І што ў выніку атрымалася?

У бакалаўрыяце вельмі насычаная вучэбная праграма, а магістранты скардзяцца, што ім не хапае новага матэрыялу, таму фактычна адбываецца паўтарэнне пройдзенага. Новага адукацыйнага кантэнту для магістратуры створана не было. Таму патрабуецца пераразмеркаванне адукацыйнай праграмы паміж бакалаўрыятам і магістратурай. Да таго ж са ступенню бакалаўра ў нас няма пакуль канкрэтнага выхаду на рынак працы. Таму я лічу, што сістэму адукацыі трэба рэфармаваць, зыходзячы з патрэб эканомікі канкрэтнай дзяржавы. Не трэба ўсё слепа пераймаць. А набываючы новае, нельга страчваць лепшае з таго, што было.

У 90 я гады і на мяжы стагоддзяў у Арменіі налічвалася 90 прыватных ВНУ. Сёння ж іх колькасць зменшылася да трыццаці. Частку прыватных ВНУ закрылі мы, а частка — закрыліся самі, паколькі не вытрымалі жорсткай канкурэнцыі. І мы лічым, што і гэтая лічба яшчэ не апошняя: выжывуць толькі тыя ВНУ, якія акажуцца канкурэндазольнымі і будуць даваць студэнтам якасную адукацыю.

Суадносіны бюджэтнай і платнай формы навучання ў Арменіі 20 да 80. У выпускнікоў, якія здаюць нешта накшталт адзінага дзяржаўнага экзамену ў цэнтрах тэсціравання, ёсць магчымасць абмежавацца заданнямі з часткі А, каб атрымаць школьны атэстат, або падумаць над заданнямі з часткі В, калі яны мараць пра вышэйшую адукацыю. Дарэчы, толькі 50% выпускнікоў армянскіх школ ідуць атрымліваць вышэйшую адукацыю. Затое ў прэтэндэнтаў на вышэйшую адукацыю ёсць магчымасць указваць адразу 10 ВНУ або 10 прыярытэтных спецыяльнасцяў, дзе яны былі б не супраць навучацца. Праўда, пасля завяршэння «экзаменацыйнай буры» далёка не заўсёды абітурыенты «асядаюць» там, дзе ім і сапраўды цікава. Яны не заўсёды матываваныя, каб стаць спецыялістам у пэўнай галіне, а калі няма асабістай матывацыі, то тут ніякія адміністрацыйныя метады не дапамогуць.

На першы, другі, трэці — разлічыся

 

Адказваючы на пытанне журналіста «Звязды», як у Арменіі ставяцца да прысутнасці іх ВНУ у сусветных рэйтынгах, Армен Ашацян паведаміў наступнае:

— Мы распрацавалі свой нацыянальны рэйтынг, вядома, без прэтэнзіі на Нобелеўскую прэмію. Натуральна, што нам вельмі хацелася б бачыць свае ВНУ ў Шанхайскім ці Таймсаўскім рэйтынгу, але я цудоўна разумею, што яны пакуль не для нас. Не буду таіць, што, апелюючы такімі выдатнымі фактамі, можна было б «закрыць рот» усім нашым апанентам, але для павышэння якасці адукацыі ў нас яшчэ вельмі вялікі фронт работ. Да таго ж і бюджэты армянскіх ВНУ зусім не такія, як у лідараў сусветных рэйтынгаў. Прызнаюся, у нас ёсць мэта — да 2017 года пяць армянскіх ВНУ павінны прайсці міжнародную акрэдытацыю ў вядомых еўрапейскіх ці амерыканскіх агенцтвах. І ў нас ужо ёсць дзве ВНУ з міжнароднай акрэдытацыяй, значыць, у бліжэйшыя чатыры гады трэба, каб яшчэ тры ВНУ пацвердзілі якасць сваёй работы на міжнародным узроўні.

Першая публікацыя нацыянальнага рэйтынгу армянскіх ВНУ запланавана на 2014 год. На думку міністра, рэйтынг — вельмі важны інструмент, які дае абітурыентам і іх бацькам дакладную і аб'ектыўную інфармацыю аб якасці адукацыі ў той ці іншай ВНУ. Аргументы кшталту «тут бяруць хабар, а там — не» больш пад увагу брацца не будуць. Рэйтынг робіць вышэйшую школу больш празрыстай і справаздачнай перад грамадствам і адначасова стымулюе канкурэнцыю паміж ВНУ.

Не падстава для рэўнасці…

Армен Ашацян звярнуў увагу журналістаў, як ён зазначыў, на відавочны парадокс:

— Калі сістэма адукацыі краіны рэфармуецца і пачынае расці ў сваёй якасці, калі супадаюць кваліфікацыі і прызнаюцца дыпломы, калі мабільнасць студэнтаў заахвочваецца, усё большая колькасць маладых людзей выкарыстоўваюць магчымасць выехаць за мяжу, у тым ліку і для атрымання там адукацыі. Нашы апаненты сцвярджаюць, што адукацыя ў нас быццам бы дрэнная. Але як у такім разе нашы грамадзяне сотнямі едуць атрымліваць адукацыю ў еўрапейскія і амерыканскія ВНУ? Дарэчы, толькі ў ТОП 10 лепшых універсітэтаў свету едуць штогод навучацца прыблізна каля 150 чалавек, і дзяржава субсідзіруе іх адукацыю. Яшчэ прыблізна 600–700 чалавек выязджаюць вучыцца па іншых стыпендыяльных праграмах. Мушу канстатаваць: крыўдна, калі краіну пакідаюць маладыя людзі, але, з іншага боку, калі мы хочам быць часткай глабальнай адукацыйнай прасторы, то не трэба рабіць сцэны рэўнасці з за таго, што хтосьці рэалізуе сваё права атрымліваць адукацыю за мяжой. Я асабіста вельмі спадзяюся, што нашы маладыя людзі, атрымаўшы за мяжой высакакласную адукацыю, нават калі і не вернуцца на радзіму, а застануцца працаваць у Бостане ці Чыкага і стануць выдатнымі фізікамі-ядзершчыкамі (а падобных умоў мы ім пакуль у Арменіі стварыць не можам), усё роўна будуць для сваёй радзімы карысныя. Лепш працаваць і падтрымліваць з імі сувязь у канцэпцыі армянскага свету.

Стаўка ў школе — на шахматы!

Трэба зазначыць, што візіт армянскай дэлегацыі ў Беларусь аказаўся вельмі насычаным. Госці з Арменіі паспелі азнаёміцца з работай БДУ, БДУІР і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Наведалі дзіцячы садок № 4 у Нясвіжы, Нясвіжскую гімназію, дзе іх увазе быў прадстаўлены вопыт работы ў Мінскай вобласці школьных бізнес-кампаній, а таксама Каледж перапрацоўчай прамысловасці ў Слуцку.

— Асабліва мы ўражаны выхаваўчым аспектам у вашай сістэме адукацыі, вашай работай з дзецьмі па патрыятычным выхаванні, рэалізацыяй бізнес-праектаў, работай з кадэцкімі класамі, — прызнаўся Армен Ашацян. — Дарэчы, і нам ёсць чым падзяліцца. Арменія — адзіная краіна ў свеце, якая ўвяла ў школе шахматы як абавязковы прадмет. Ён выкладаецца школьнікам з другога па чацвёрты класы.

Гэта — нацыянальны адукацыйны прадукт, які мы стварылі разам з Шахматнай акадэміяй. Нам удалося даказаць, што вывучэнне шахматнай гульні стымулюе ў дзяцей крэатыўнасць, лагічнае мысленне, стратэгічнае планаванне, спрыяе фарміраванню асобы, якая ведае, што такое перамога і што такое паражэнне. Лідарскія якасці, якія фарміруюцца ў дзяцей, уменне несці адказнасць за свае рашэнні спатрэбяцца ім не толькі ў шахматах, але і ў вучобе, і ў далейшым жыцці. Да таго ж праз вывучэнне шахмат мы змаглі дабіцца паляпшэння паспяховасці і па іншых прадметах, у тым ліку па матэматыцы.

Арменія далучылася да міжнароднага параўнальнага маніторынгавага даследавання матэматычнай і прыродазнаўчанавуковай адукацыі школьнікаў TІMSS.

— Па выніках апошняга даследавання нашы васьмікласнікі прадэманстравалі такі ж узровень ведаў па матэматыцы, як іх равеснікі з Нарвегіі. Але калі ўлічыць, што ў Нарвегіі на аднаго школьніка выдаткоўваецца ў шэсць разоў больш сродкаў, чым у Арменіі, то мы вельмі задаволены сваёй пазіцыяй у міжнародным рэйтынгу, — зазначыў Армен Ашацян.

Надзея НІКАЛАЕВА. г. Нясвіж.

Загаловак у газеце: Міністр адукацыі і навукі Арменіі Армен АШАЦЯН: «Самае галоўнае — не страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».