Вы тут

«Налятайце, кашалёчкі адкрывайце!»


Як у Гродне на «сырнай вуліцы» сыр дэгуставалі

І не толькі каштавалі, але і стаялі па сыр у чэргах. Калі такое здаралася? І хто кажа, што гэты прадукт пакуль у Беларусі не надта запатрабаваны? Можа, праблема не толькі ў нейкіх нацыянальных прыярытэтах у харчаванні, а ў яго слабай папулярызацыі? Крок у выпраўленні сітуацыі быў зроблены на першым у горадзе над Нёманам фестывалі сыру, які адбыўся па ініцыятыве мясцовых улад і гродзенскага ААТ «Малочны свет» («Молочный Мир»).

Прадуктовыя фестывалі ў свеце вельмі папулярныя: віна, шакаладу, вінаграду, кавы, гастранамічныя, кулінарныя. Не адстаюць і сыравары. Сырныя фестывалі сталі ўжо традыцыйнымі ў ЗША, Канадзе, Італіі, Вялікабрытаніі ды і ў краінах былога СССР. Напрыклад, у Львове свята сыру і віна доўжыцца тры дні. Падчас такіх імпрэз колькасць гатункаў дасягае некалькіх соцень, а аб'ёмы дэгустацыіі і пакупкі сыру вымяраюццца тонамі. Прычым галоўнае нават не ў камерцыйнай выгадзе вытворцаў тут і цяпер, а ў доўгатэрміновых задачах папулярызацыі гэтага старажытнага прадукту. Што ў фестывальнай, гульнявой форме атрымліваецца куды больш эфектыўна ў параўнанні з любой рэкламай.

1379972168458_24-31

 

Зразумела, што пераканацца ў гэтым павінна і Беларусь — краіна, якая ўваходзіць у пяцёрку вядучых экспарцёраў малочнай прадукцыі (каля 60 % ад агульнага аб'ёму вытворчасці) і разам з тым мае зусім невялікія паказчыкі ўнутранага спажывання сыру. Паводле розных ацэнак, ад двух да трох кілаграмаў на чалавека за год. Тады як у нашых суседзяў з Польшчы і Літвы — 12 кілаграмаў, а ў сярэднім у краінах Еўрасаюза — 19. Хоць асартымент гэтай прадукцыі ў нас даволі значны: вырабляецца больш за 160 найменняў сыру.

У першы дзень фестывалю прайшоў конкурс якасці сярод вытворцаў сыру, які ацэньвала прафесійнае журы. А назаўтра сыравары з Гродна, Навагрудка, Ашмян, Шчучына, Дзятлава, Бярозы і Высокага стварылі ў парку імя Жана Эмануэля Жылібера «сырны горад», дзе ўсе кварталы былі названы ў гонар сыру. Там выкарыстоўвалася спецыяльная «валюта» — сырнік — і распаўсюджвалася фестывальная грамадска-сырная газета «Сырны веснік» з праграмай свята, прадстаўленнем удзельнікаў і байкамі пра сыр.

Фестываль адкрыла каралева «сырнай краіны», якая пад'ехала конным экіпажам да «сырнай эстрады», дзе потым дэманстраваліся відэаролікі пра вытворцаў, прыводзіліся звесткі з гісторыі сыраварства, а самадзейныя акцёры з цэнтра культуры г. Гродна паказалі спектакль «Усе мышы любяць сыр».

Побач размясцілася «сырная галерэя», дзе свае вырабы дэманстравалі кулінары з гродзенскіх рэстаранаў і кавярняў.

У рамках фестывалю таксама прайшоў конкурс малюнкаў гродзенскіх школьнікаў «Сырнае шчасце». Творча падышлі да сваёй прэзентацыі і сыравары. Напрыклад, каля павільёна гродзенскага ААТ «Малочны свет» нельга было не звярнуць увагі на велізарную галоўку сыру, якую вырабілі спецыяльна да фестывалю. «Гэта сыр шчасця, загадвайце жаданне», — прапанавалі прахожым. У «групу падтрымкі» Ашмянскага сыраробнага завода ўваходзілі артысты з народнага ансамбля «Жытніца» Кракоўскага дома культуры. А Адэльскі цэнтр культуры і народнай творчасці (Гродзенскі раён) ладзіў на «сырным дворыку» конкурсы для ўсіх ахвотных — па вытворчасці масла і адцісканні тварагу дзедаўскім спосабам. У якасці прыза пераможцам — прадукт, які самі ж і вырабілі.

Рэкламу дзятлаўскаму сыру некалькі гадзін, амаль без перапынку, рабіла прыгажуня, да якой проста нельга было не прыслухацца: «Налятайце, кашалёчкі адкрывайце!» І сапраўды, чаму б не раскашэліцца ў такой цудоўнай атмасферы, ды яшчэ пасля дэгустацыі, якую, не шкадуючы сваёй прадукцыі, у вялікім асартыменце ладзілі ўсе прадпрыемствы? Пры гэтым прыемнае можна было спалучыць з важным і карысным для сыравараў. Якія гатункі найбольш падабаюцца спажыўцам? Свае думкі ў дачыненні сыру таго ці іншага тыпу, а таксама навінак выказвалі ўдзельнікі народнага конкурсу-дэгустацыі «Чэмпіён смаку». Не ведаючы вытворцаў, яны ацэньвалі зашыфраваную пад нумарамі прадукцыю з чатырох прадпрыемстваў і галасавалі за два лепшыя ўзоры.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі

, адзін з арганізатараў свята сыру, выказаў пажаданне, каб пасля фестывалю спажыванне гэтага прадукту ў нас павялічылася хаця б удвая. І гэта, мяркуючы па зацікаўленасці гродзенцаў, аб'ёмах дэгустацыі і пакупак у «сырным горадзе», зусім не фантастыка.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.