Вы тут

Як падтрымаць маладога спецыяліста?


У якім памеры выплачваюцца пад'ёмныя маладым спецыялістам? Як вырашаецца пытанне замацавання маладых спецыялістаў на месцах у сельскіх рэгіёнах? Чаму некаторыя маладыя спецыялісты атрымліваюць матэрыяльную дапамогу ад прадпрыемстваў за арэнду жылля, а іншыя — не? На гэтыя і іншыя пытанні можна было пачуць адказы падчас анлайн-канферэнцыі, якая прайшла на сайтах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і БЕЛТА.

У ёй прынялі ўдзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ігар СТАРАВОЙТАЎ і спецыялісты юрыдычнага ўпраўлення, галоўнага ўпраўлення працы і заработнай платы Мінпрацы і сацабароны.

— Ці плануецца падтрымаць маладых педагогаў і медыкаў, як гэта робіцца з маладымі спецыялістамі АПК (маецца на ўвазе Указ Прэзідэнта Беларусі ад 12.08.2013 г. № 353)? Можа, такі падыход дапаможа вырашыць кадравую праблему ў гэтых відах дзейнасці?

Ігар СТАРАВОЙТАЎ:

— Кіраўніком дзяржавы і ўрадам робяцца захады, накіраваныя на стымуляванне працы і матэрыяльную падтрымку маладых спецыялістаў. Павышэнне ўзроўню аплаты іх працы ажыццяўляецца як у рамках рашэнняў, накіраваных на павелічэнне заработнай платы ўсіх работнікаў арганізацый, так і шляхам прыняцця асобных актаў заканадаўства, дзеянне якіх распаўсюджваецца толькі на маладых спецыялістаў.

Асноўнымі такімі рашэннямі з'яўляюцца:

  • павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду, якая зацвярджаецца ўрадам для аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы;
  • павышэнне тарыфных ставак (акладаў) ад 10 да 50 працэнтаў (у сярэднім гэта павышэнне складзе ад 17 да 85 долараў) на розных падставах (маладым спецыялістам;
  • з першага дня работы за стаж працы па спецыяльнасці (галіны);
  • пры рабоце па кантракце;
  • за акадэмічную ступень магістра;
  • тым, хто завяршылі навучанне ў вядучых ВНУ краіны з адзнакай і г.д.);
  • усталяванне штомесячных даплат (у памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду — 260 тыс. рублёў).

Гэты захад прадугледжаны для педагагічных работнікаў, медыцынскіх работнікаў з вышэйшай медыцынскай (фармацэўтычнай) адукацыяй, а таксама для работнікаў, якія ажыццяўляюць педагагічную дзейнасць у сферы фізічнай культуры і спорту.

— Якія катэгорыі моладзі змогуць пайсці на альтэрнатыўную службу? Ці будуць яны атрымліваць зарплату? На якім этапе адпаведны законапраект?

Ігар СТАРАВОЙТАЎ:

— Праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб альтэрнатыўнай службе» будзе ўнесены Саветам Міністраў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у кастрычніку 2013 года. У далейшым рашэнне аб абмеркаванні праекта Закона будзе прымацца пры разглядзе яго парламентам.

— Ці плануецца змяняць працягласць водпуску выпускнікам, якія працуюць па размеркаванні?

Ігар СТАРАВОЙТАЎ:

— Калі гаворка ідзе аб працоўным водпуску маладога спецыяліста, то яго працягласць вызначаецца заканадаўствам аб працы, у прыватнасці, арт. 155 Працоўнага кодэкса (асноўны адпачынак складае не менш за 24 каляндарныя дні). Права на дадатковыя водпускі работнік таксама мае ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы, якое залежыць ад віду заключанага працоўнага дагавора (кантракта), ад умоў працы (шкодныя і (або) небяспечныя), работы ў рэжыме ненармаванага працоўнага дня і іншых абставін.

— Якія памеры грашовай дапамогі маладым спецыялістам, якія крыніцы яе фінансавання? Ці рыхтуюцца змяненні ў гэтай сферы?

Ігар СТАРАВОЙТАЎ:

— Маладым спецыялістам выплачваецца грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай ім у апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі). Распрацоўшчыкам названай пастановы з'яўляецца Міністэрства адукацыі. Такім чынам, пытанне датычыцца кампетэнцыі гэтага органа дзяржаўнага кіравання.

— Законам Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2012 г. «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей» вызначана, што жанчынам, за якіх, а таксама якімі абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне выплачваліся менш чым за 6 месяцаў да ўзнікнення права на дапамогу па цяжарнасці і родах, гэтая дапамога прызначаецца ў мінімальным памеры. Гэта 50% БПМ кожнага месяца водпуску па цяжарнасці і родах. Атрымліваецца, што маладыя спецыялісты пазбаўляюцца значнай грашовай сумы.... Ці будуць унесены змяненні з улікам існуючай дэмаграфічнай сітуацыі?

Ігар СТАРАВОЙТАЎ:

— Норма аб вылічэнні дапамогі па цяжарнасці і родах у мінімальным памеры асобам, за якіх абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне выплачваліся менш чым за 6 месяцаў да наступлення часовай непрацаздольнасці, адпавядае палажэнням арт. 8 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання».

У адпаведнасці з гэтым артыкулам права на выплаты па дзяржаўным сацыяльным страхаванні (да іх залічваецца ўказаная дапамога) набываецца ў залежнасці ад выплаты ўзносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне на адпаведныя страхавыя выпадкі. Умовы прызначэння выплат па дзяржаўным сацыяльным страхаванні могуць уключаць патрабаванні аб мінімальным перыядзе выплаты ўзносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне на адпаведны страхавы выпадак да яго наступлення. Варта адзначыць, што аналагічныя ўмовы прызначэння дапамог са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання шырока прымяняюцца ў сусветнай практыцы.

— Як будзе вырашацца пытанне замацавання маладых спецыялістаў на месцах у сельскіх рэгіёнах? Як будзе гарантавацца, што яны застануцца там на працягу працяглага часу, а не вернуцца ў горад? Ці будуць нейкія асаблівыя захады для прадухілення адтоку сельскай моладзі ў горад?

Кансультант аддзела працоўнага заканадаўства юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна РАХУБА:

— Кіраўніком дзяржавы прыняты Указ ад 12.08.2013 г. № 353 «Аб некаторых захадах па забеспячэнні арганізацый аграпрамысловага комплексу кадрамі», якім вызначаны штомесячныя даплаты:

  • 1.1. маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, прынятым на працу ў арганізацыі аграпрамысловага комплексу, на працягу двух гадоў з дня заключэння з імі працоўнага дагавора (кантракта) у двухразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, з аднясеннем гэтых даплат на затраты па вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), якія ўлічваюцца пры падаткаабкладанні;
  • 1.2. кіраўнікам і спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія адпрацавалі ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу два гады па размеркаванні (пераразмеркаванні), накіраванні (наступным накіраванні), якія працягваюць працаваць у названых арганізацыях на ўмовах заключаных кантрактаў, на працягу наступных трох гадоў у трохразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рыбагадоўлі і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі.

Распрацоўшчыкам гэтага ўказа з'яўлялася Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Па пытаннях прымянення гэтага ўказа можна звяртацца ў гэтае міністэрства.

— Чаму некаторыя маладыя спецыялісты атрымліваюць матдапамогу ад прадпрыемстваў за арэнду жылля (калі інтэрнат ім не прадастаўляецца), а іншыя — не? Чым гэта рэгламентуецца?

Начальнік юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна МАСЛОЎСКАЯ:

— Згодна з п. 26 пастановы Саўміна ад 22.06.2011 «Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на працу, наступнага накіравання на працу выпускнікоў, кампенсацыі затрачаных дзяржавай сродкаў на іх падрыхтоўку і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых» маладым спецыялістам, маладым рабочым (служачым), а таксама выпускнікам абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, наймальнікі ў адпаведнасці з заканадаўствам могуць вызначаць грашовую дапамогу, выдзяляць сродкі з мэтай кампенсацыі затрат на наём жылых памяшканняў.

Акрамя таго, наймальнікі маюць права вызначаць у калектыўным або працоўным дагаворы (кантракце) выплату кампенсацыі выдаткаў на наём жылых памяшканняў.

— У якім памеры выплачваюцца пад'ёмныя маладым спецыялістам? Па якіх крытэрыях вызначаецца іх памер?

Ігар СТАРАВОЙТАЎ:

— Выпускнікам, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання, выплачваецца, у прыватнасці, грашовая дапамога, памер, крыніцы фінансавання і парадак выплаты якой вызначаюцца ўрадам Беларусі.

Маладым спецыялістам, а таксама выпускнікам выплачваецца грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай ім у апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі). Маладым рабочым (служачым), якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю, грашовая дапамога выплачваецца з разліку тарыфнай стаўкі па прысвоенай ім кваліфікацыі (разрадзе, класе, катэгорыі) або адпаведнага акладу.

Выплата грашовай дапамогі ажыццяўляецца наймальнікам у месячны тэрмін з дня заключэння працоўнага дагавора (кантракта) з выпускніком у поўным памеры, незалежна ад колькасці выкарыстаных ім дзён адпачынку.

Накіраваным для работы ў якасці педагагічных работнікаў выпускнікам установай адукацыі выплачваецца грашовая дапамога за 45 каляндарных дзён за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў з разліку месячнай стыпендыі, прызначанай ім у апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі), не пазней выдачы пасведчання аб накіраванні на працу.

У выпадку, калі маладыя спецыялісты і выпускнікі не атрымлівалі стыпендыі ў апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі), ім выплачваецца адпаведная грашовая дапамога з разліку сацыяльнай стыпендыі, устаноўленай на дату выпуску.

— Выпускнік накіраваны на працу ў сувязі з размеркаваннем у тую арганізацыю, у якой ён ужо працуе. Ці мае ён права на грашовую кампенсацыю, якая выплачваецца маладым спецыялістам на працягу месяца пасля заключэння працоўнага дагавора (кантракта)?

Таццяна РАХУБА:
— Грашовая дапамога выплачваецца ўсім маладым спецыялістам, незалежна ад таго, працаўладкаваліся яны ў арганізацыю да або пасля размеркавання. Вызначальным з'яўляецца факт размеркавання на працу ў гэтую арганізацыю і прад'яўленне работнікам пасведчання аб накіраванні на працу.

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Прэзідэнцкі прыём праходзіць у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа».