Вы тут

Будзем будаваць кемпінгі...


Канец верасня — той перыяд, калі смела можна падводзіць вынікі турыстычнага сезона. За сем месяцаў Беларусь наведалі 2 млн 150 тыс. турыстаў, а прыбытак ад турыстычных паслуг склаў 132 млн долараў, што на 16,2% больш за мінулы год. Але, па словах намесніка міністра спорту і турызму Чэслава ШУЛЬГІ, турыстычны патэнцыял краіны значна большы.

1379972280882_24-36

Тым не менш і зараз аб'ём інвестыцый у турыстычную сферу працягвае расці. У параўнанні з мінулым годам гэтая лічба павялічылася ўдвая і склала 498 млрд. рублёў. Перш за ўсё такая станоўчая дынаміка звязана з прыходам на беларускі рынак брэндавых гасцінічных сетак — Hуаtt, Hіltоn і інш. Адначасова рэалізуецца некалькі сур'ёзных праектаў, сярод якіх, напрыклад, будаўніцтва культурна-этнаграфічнага цэнтра «Наш родны кут Сабалі» ў Брэсцкай вобласці. Пашыраецца спіс унікальных мерапрыемстваў, прывабных для турыстаў. Так, улетку ўпершыню прайшлі сырны фестываль пад Мінскам і вішнёвы фестываль у Глыбокім. Яшчэ раней ужо пяты раз адбыўся «Фэст экскурсаводаў». Сёлета ўдзельнікі фестывалю абсалютна бясплатна маглі азнаёміцца з больш чым 80-цю турыстычнымі маршрутамі. Таксама ў рамках мерапрыемства была праведзена спецыялізаваная экскурсія для людзей з абмежаваннямі па зроку.
Аднак ёсць і пэўныя праблемы. «Вельмі марудна ідзе развіццё месцаў адпачынку для аўтатурыстаў, — адзначыў Чэслаў Шульга. — Вопыт будаўніцтва кемпінга ў Крупскім раёне прадэманстраваў складанасць гэтага працэсу. Трэба ўлічваць мноства экалагічных і санітарных патрабаванняў. А гэта, вядома, адбівае ахвоту. Але развіваць сістэму кемпінгаў проста неабходна. Гэта адна з асноўных мэт на наступны сезон. Амаль што не развіваецца моладзевы турызм. На Браславы і Нарач усё ж такі едуць больш сталыя людзі, а студэнты і падлеткі «катаюцца» ў Польшчу і Літву. Мабыць, ёсць сэнс падумаць пра стварэнне ў нас асобнага моладзевага курорта, кшталту турэцкай Антальі, — з клубамі, барамі, дыскатэкамі».
Для прываблівання турыстаў у раённыя цэнтры на мясцовым узроўні плануецца стварэнне турысцка-інфармацыйных цэнтраў, звярнуўшыся ў якія замежны госць можа адначасова забраніраваць атэль, заказаць экскурсійны тур, а таксама задаволіць іншыя запатрабаванні. Акрамя гэтага, будзе працягвацца актыўнае ўкараненне анлайнавых і лічбавых тэхналогій — развіццё 3D-экскурсій, стварэнне спецыялізаваных прыкладных праграм для мабільных тэлефонаў, пашырэнне экскурсій па QR-кодах і г.д.
Дарэчы, па-ранейшаму істотную долю даходаў ад турызму, а менавіта 70%, забяспечваюць турысты з Расіі. Трошкі пашыраецца ўдзел Еўропы і Паўднёва-Усходняй Азіі. Па прызнанні Чэслава Казіміравіча, ёсць цяжкасці і ў пераадоленні «несезоннасці». «Пэўны даход прыносяць гасцінічны і санаторна-курортны адпачынак. Але, па вялікім рахунку, у перыяд з кастрычніка па красавік турыстычная галіна ў Беларусі прастойвае».
Найбольш развітай у турыстычнам плане з'яўляецца Віцебская вобласць, у значнай ступені дзякуючы актыўнаму супрацоўніцтву з усходнімі суседзямі — Смаленшчынай і Пскоўшчынай. Не саступае і Гродзенская вобласць. А вось Міншчына, па словах Чэслава Казіміравіча, на жаль, здае пазіцыі.
Нагадаем, гэты год быў прысвечаны развіццю «зялёнага турызму». Сярод замежных гасцей папулярнасць атрымалі экалагічныя маршруты — конныя, веласіпедныя, лодкавыя. Запатрабавальным аказаўся адпачынак у паляўнічых доміках — назіранні за дзікай прыродай, фотапаляванне, пікнікі. Шмат турыстаў прынялі беларускія аграсядзібы.
А вось наступны сезон будзе накіраваны на развіццё «спартыўнага турызму». Безумоўна, асноўная стаўка робіцца на чэмпіянат свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску ў маі наступнага года. Праблема размяшчэння ўсіх гасцей планетарнага форуму мусіць стаяць вельмі востра.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».