Вы тут

Аўтамесца пустым не бывае!


Асабліва калі размова ідзе пра сталічныя двары і цэнтр горада. Што тут таіць, ёсць у сутках некалькі гадзін, падчас якіх ухітрыцца прыпаркаваць сваю машыну хоць куды-небудзь — амаль як выйграць джэкпот у латарэю. Мой бацька меў неасцярожнасць заехаць у госці вечарам пятніцы, калі суседзі ўжо вярнуліся з працы і шчыльна паставілі свае аўтамабілі па ўсім перыметры вузенькага «хрушчоўскага» двара. Паркавацца давялося амаль за два прыпынкі ад дома. Тыя ж суседзі часам гучна высвятляюць пад вокнамі, чыя машына павінна стаяць на тым ці іншым месцы, а калі ў нейкай сям'і набываюць другое аўто, гэта ўспрымаецца іншымі аўтаўладальнікамі як асабістая трагедыя. Праблемы, але што тут рабіць? Не забараняць жа «аўтамабілізацыю». Эксперты-эколагі прапануюць сваё рашэнне: варта зрабіць паркоўку на ўсёй грамадскай зямлі, у тым ліку і на дваровых тэрыторыях, платнай...

1380058485820_25-26

Паркуемся «па-рыначнаму»!

— Сёння толькі чвэрць аўтамашын, зарэгістраваных у сталіцы, забяспечаны парковачнымі месцамі, — гаворыць супрацоўнік праграмы па экалагічна дружалюбным ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў Ганна Малышкіна. — У многіх замежных краінах, як толькі ўзровень аўтамабілізацыі насельніцтва становіцца надта высокім, уводзіцца сістэма платных парковак. Адзін з варыянтаў (ён называецца «Паркоўкі па рыначных прынцыпах»), які б дапамог у вырашэнні гэтай праблемы, складаецца з трох этапаў. Па-першае, трэба стварыць адзіную, абсалютна новую структуру парковачных службаў; па-другое, ускласці адказнасць за нелегальную паркоўку на ўладальніка аўтамабіля (у такім выпадку для фіксацыі парушэння не абавязкова будзе яго прысутнасць, асобу вызначаць па дзяржнумары), а не на вадзіцеля, як гэта адбываецца сёння. І галоўнае — зрабіць платным права ставіць машыну на ўсёй грамадскай зямлі ў горадзе, у тым ліку і на дваровых тэрыторыях. У цэнтры будзе адзін кошт, на ўскраіне — зусім іншы.
Як патлумачыла Ганна, гэта прымусіць кіроўцаў лішні раз падумаць: ехаць у час пік у цэнтр горада на ўласным аўто альбо скарыстацца грамадскім транспартам. Атрымаецца, што вулічна-дарожныя сеткі будуць эксплуатавацца больш эфектыўна, а экалагічная нагрузка на наваколле будзе зменшана. Перш чым прапанаваць гэты праект у Беларусі, быў вывучаны вопыт Даніі, дзе нешта падобнае існуе досыць паспяхова.

Бясплатная паркоўка як субсідыя

— Магчымасць бясплатна ставіць аўто на грамадскай зямлі, як гэта адбываецца цяпер у беларускай сталіцы — своеасаблівая субсідыя для аўтаўладальнікаў, — лічыць дырэктар мясцовага фонду «Экалагічны транспарт» Джон Росмэн. — У Мінску, як і ў любым вялікім горадзе, ёсць праблема з недахопам парковачных месцаў, таму ўлады зацікаўлены ствараць у сталіцы дадатковыя паркоўкі. Як правіла, пры іх будаўніцтве здымаецца верхні ўрадлівы слой глебы, а тэрыторыя асфальтуецца, а гэта значыць, што зялёных зон становіцца ўсё менш і менш. Яшчэ можа быць так: машыны ў двары няма дзе паркаваць, акрамя як на газоне, і з цягам часу трава на ім перастае расці. А калі так адбываецца, то гэтую тэрыторыю дазваляецца заасфальтаваць.
На думку Джона Росмэна, горад мог бы дзякуючы ўвядзенню аплаты сабраць грошы, што ляжаць літаральна «на дарозе». Калі вярнуцца да параўнання бясплатнай паркоўкі з субсідыяй, то варта падумаць, каму менавіта выпадзе ёй карыстацца. Субсідыя, вядома, даецца альбо тым, каму трэба дапамагчы, альбо тым, хто заслугоўвае заахвочвання.
У Мінску няшмат жыхароў, што маюць машыны і пры гэтым амаль імі не карыстаюцца. Такія людзі ёсць хіба што сярод пенсіянераў, якія пару разоў на год «катаюцца» на дачу. Магчыма, якраз для іх і ёсць сэнс пакінуць права бясплатна паркавацца.
Большасць жа штодзённа ездзіць на працу і па справах, паркуецца ў розных месцах. Як вядома, вялікая колькасць аўто ў горадзе адмоўна адбіваецца на экалагічным стане наваколля. Атрымліваецца, раз ёсць магчымасць бясплатна паставіць машыну дзе заўгодна, людзі актыўна ёй карыстаюцца, а паветра, якім мы дыхаем, становіцца ўсё горшым.

Падвёў забудоўшчык — збірай на гараж...

Праблема парковачных месцаў часта ўзнікае па віне забудоўшчыкаў, лічыць намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб'яднання «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Аляксандр Ліштван.
— Па нормах паркоўкі ля жылых дамоў павінны праектавацца з разлікам «адна машына на адну кватэру». Але паколькі зямля дарагая, і за яе хочацца атрымаць максімальны прыбытак, можна сутыкнуцца з такімі сітуацыямі: ля 19-павярховага дома можна паставіць усяго шэсць машын, — расказвае Аляксандр Віктаравіч.
Па яго словах, у Мінску сёння каля 800 тысяч аўтамабіляў, крыху больш за 600 тысяч з якіх належаць грамадзянам. Забяспечана стаянкамі ўсяго каля 160 тысяч адзінак транспарту, і гэта з улікам платных паркінгаў. Дарэчы, платных парковак у сталіцы налічваецца 26, маецца і арганізацыя, якая выконвае функцыі парковачнай службы — гэта дзяржаўная ўстанова «Паркоўкі сталіцы». Паціху ўводзяцца і аўтаматызаваныя паркоўкі. А што датычыць розных коштаў за стаянку аўто ў цэнтры і на ўскраінах, то такая практыка ў Мінску ёсць ужо цяпер. Для тых, хто не мае месца, каб паставіць аўтамабіль ля дома, і не жадае звяртацца да паслуг платных стаянак, ёсць варыянт набыць кватэру ў доме, дзе прадугледжаны падземны гараж. Але такое задавальненне каштуе нятанна — ад 17 да 25 тысяч долараў.

Экапаркоўка — зусім не «эка»?

Колькі часу таму мінчанам ужо прапаноўвалі вырашыць праблему парковак «экалагічна».
— Многія аўтаўладальнікі ведаюць пра «экапаркоўкі». На неасфальтаваную тэрыторыю ўсталёўваецца спецыяльная рашотка, крыху прыўзнятая над зямлёй. Рашотка і машыну на сабе трымае, і як бы павінна не перашкаджаць расці траве, — расказвае супрацоўнік праграмы па экалагічна дружалюбным ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў Ганна Малышкіна.
Вытворцы, калі прапаноўваюць свой тавар, распавядаюць пра яго найлепшыя якасці. Па-першае, не патрэбна распрацоўка праекта: усталяваць экапаркоўку можна практычна на любым месцы ў двары, па-другое, такая паркоўка нібыта не шкодзіць грунту і траве.
Па словах Ганны Малышкінай, ва ўмовах нашай краіны гэта не вельмі падыходзячы варыянт. Дажджы і снег размываюць грунт, і ў выніку рашотка не вытрымлівае вагу машыны і прасядае, літаральна «ўціскаецца» ў зямлю. Да таго ж па нашых дарогах, здараецца, ездзяць не самыя новыя аўтамабілі, з якіх паліва часам працякае на зямлю і забруджвае глебу. Такія прыклады можна бачыць у многіх мінскіх дварах. Атрымліваецца, што ў экалагічным сэнсе адзінае адрозненне экапаркоўкі ад нелегальнай на газоне — адсутнасць адказнасці аўтаўладальніка за сапсаваную зялёную зону. Слова «экапаркоўка» зусім не адпавядае сутнасці.
На гэты конт намеснік дырэктара ЖЭУ Савецкага раёна г. Мінска Ала Іжэўская адказвае наступнае:
— У 2011 годзе гарадскімі ўладамі сапраўды было прапанавана размяшчаць на адкрытых дваровых пляцоўках часовыя парковачныя месцы (гэта не экапаркоўкі, бо для іх абсталявання сапраўды патрабуецца спецыяльная служба), у нас для гэтых мэтаў выкарыстоўваецца поліпрапіленавае пакрыццё. Калі жыхары дамоў займаюць сваімі машынамі «зялёную тэрыторыю», мы стараемся ўсімі сіламі з гэтым змагацца. Супрацоўнікі ЖЭУ альбо самі складаюць пратаколы, альбо перадаюць фота машыны ў Дзяржаўтаінспекцыю. Але многія аўтаўладальнікі вымушаны парушаць правілы паркоўкі, бо ля дамоў старой забудовы маленькія двары і вузкія праезды.
Стварэнне такіх вось часовых парковачных месцаў, якія робяцца па заказе і за кошт аўтаўладальніка, — справа вельмі зручная найперш таму, што ў машыны ёсць пэўнае месца, а значыць, аўтаўладальнік будзе яго прытрымлівацца і не паставіць сваю машыну так, каб перашкаджаць праязджаць іншым. У Савецкім раёне сталіцы дзякуючы поліпрапіленавым плітам з'явілася каля 300 дадатковых парковачных месцаў. Але, па словах Алы Іжэўскай, вырашыць «парковачную» праблему горада за кошт двароў проста немагчыма. Застаецца толькі здагадвацца, ці прыйдзецца даспадобы ў сталіцы ідэя паўсюднай платнай паркоўкі.

Ганна ГАРУСТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».