Вы тут

«Беларусь — ідэальная зона, сумесна з якой мы зможам асвоіць новыя эканамічныя прасторы...»


Дзелавая канферэнцыя «Беларусь — Чэхія» стала чарговай старт-пляцоўкай для новых эканамічных праектаў. Чэхія праяўляе шчырую зацікаўленасць да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. І беларускі бізнес адказвае гатоўнасцю рэалізоўваць ідэі і прапановы. 48 беларускіх і 20 чэшскіх бізнесменаў сабраліся за «галіновым» сталом перамоў, каб падзяліцца ўласнымі эканамічнымі інтарэсамі і, спадзяёмся, стаць надзейнымі партнёрамі.

Ужо добра. Але актыўней!

Для Беларусі Чэхія мае значэнне аднаго з найважнейшых эканамічных партнёраў, пра што сведчыць 15-е месца ў спісе краін, з якімі мы маем найбольшы таваразварот. Летась аб'ём двухбаковага гандлю пераўзышоў 571 млн долараў ЗША, а пачынаўся ён у 2005 годзе са 155 млн. Павышаюцца не толькі сумы, але і колькасць узаемных кантактаў. Чарговая сустрэча мела на мэце пашырыць арэал супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне, банкаўскіх і юрыдычных паслугах, кандытарскай вытворчасці.
«Гандлёва-прамысловыя адносіны паміж нашымі краінамі паляпшаюцца з кожным годам, аднак Беларусі і Чэхіі неабходна актыўней іх умацоўваць, — упэўнена часовы павераны ў справах Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дагмар Дзідзенка Наваградска

. — Для гэтага ёсць належны патэнцыял. Напярэдадні дэлегацыя чэшскіх бізнесменаў наведала Магілёўскую вобласць, дзе мы таксама ўбачылі немалыя магчымасці для супрацоўніцтва. І тыя кампаніі з Чэхіі, якія сёння прысутнічаюць у Мінску, маюць намер агучыць цікавыя прапановы беларускім партнёрам».
Па словах спадарыні Наваградскай, ужо сёння партнёрскія кампаніі мадэрнізуюць у Беларусі хімічную, нафтахімічную і цэлюлозна-папяровую вытворчасць, свінагадоўчыя фермы, лагістычныя цэнтры, забяспечваюць энергетычныя аб'екты сучасным абсталяваннем. «Гэта ўжо нямала, аднак мы імкнёмся выкарыстоўваць наш патэнцыял яшчэ больш,» — падкрэслівае прадстаўніца Чэхіі.

«Зроблена ў Беларусі» па-чэшску

Наколькі прывабныя ўмовы вядзення бізнесу ў РБ для чэшскага боку? Францішак Масапуст, выканаўчы дырэктар Чэшскай гандлёва-прамысловай палаты па краінах СНД, не сумняваецца ў іх паспяховасці і не бачыць перашкод для плённага супрацоўніцтва.
— Беларусь для чэшскіх прадпрымальнікаў — цікавы і перспектыўны партнёр. Ваша краіна — гэта тая база-медыятар у цэнтры Еўропы, на якую ўжо сёння трэба актыўна працаваць. Умовы, створаныя ў свабодных эканамічных зонах, садзейнічаюць таму, каб чэхі сумесна з беларускімі партнёрамі пачалі разгортваць агульны бізнес, наладжваць вытворчасць і пад маркай «Зроблена ў Беларусі» выходзіць на расійскі рынак. Вядома, адсюль гэты крок можна рабіць на зусім іншых фінансавых умовах, чым з Чэхіі, Еўрасаюза. Калі мы даём пэўныя парады прадстаўнікам чэшскага бізнесу, перш за ўсё звяртаем ўвагу, наколькі ў Беларусі прыстойныя, добрасумленныя, высокакваліфікаваныя супрацоўнікі. І гэта — адна з перадумоў поспеху сумесных праектаў. Мы пачалі прыязджаць у Беларусь 10 гадоў таму. Першы раз наша дэлегацыя складалася з пяці бізнесменаў. Кожны год іх колькасць толькі павялічвалася. Сёння Еўропа знаходзіцца не ў самым лёгкім эканамічным становішчы, таму мы працуем далей, дапамагаючы адзін аднаму, паступова развіваючы сумесны бізнес.
— Без цяжкасцяў, зразумела, не абыдзецца. У чым вы бачыце галоўныя перашкоды?
— Ды ніякіх. Працаўнікі тут высокакваліфікаваныя, таму ёсць магчымасць прывозіць і ўкараняць самыя новыя тэхналогіі. Ёсць гарантыя, што з ёй будуць працаваць так, як і ў Чэхіі. На жаль для вас, але на шчасце для нас, кошт працоўнай сілы ў Беларусі больш нізкі, чым у Чэхіі. Пры гэтым з Беларусі шлях на расійскі, украінскі, казахскі рынкі нашмат бліжэйшы. На мой погляд, Беларусь — ідэальная зона, база, сумесна з якой мы зможам асвоіць новыя эканамічныя прасторы.

***

І Беларусь, і Чэхія імкнуцца пашырыць свае экспартныя магчымасці. Абедзве краіны маюць шчырую зацікаўленасць у якасных зменах вытворчасці і сферы паслуг. Дзелавыя візіты кшталту мінулай канферэнцыі пераконваюць у тым, што Беларусь умее быць выгаднай, прывабнай пляцоўкай для замежных інвестыцый. Колькі плёну яны прынясуць, пакажа будучая справаздача аб узаемным таваразвароце. Аднак ужо сёння найлепшым паказчыкам з'яўляюцца канкрэтныя планы і прапановы заходніх партнёраў.

Любоў КАСПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.