Вы тут

Як бяспечна праводзіць плацяжы у інтэрнэце?


Як ні скептычна я стаўлюся ўвогуле да прагрэсу і бясконцага развіцця ўсяго на свеце, баючыся, што прырода калі-небудзь нам адпомсціць, прызнаю, што ёсць шмат пераваг у новых тэхналогіях. Памятаеце, мінулы раз мы расказвалі, як бяспечна карыстацца плацежнымі карткамі пры аплаце тавараў у крамах, паслуг? Я тады пісаў, што са з'яўленнем безнаяўных грошай стала нашмат прасцей карыстацца сваімі фінансамі. Але нават гэта ўжо можна лічыць учарашнім днём. Калі ў цябе ёсць плацежная картка, — гэта цяпер ужо нармальна. А вось калі ты яшчэ і праводзіш плацяжы праз інтэрнэт, то можаш смела лічыць сябе «прасунутым». Як карыстацца такім відам паслуг бяспечна, расказвае Алена Лагуніна, начальнік аддзела арганізацыі працы Разліковага цэнтра пластыкавых картак Беларусбанка.

Карыстайцеся сваім кап'ютарам

«Правядзенне аплаты пакупак у інтэрнэце хутка набірае папулярнасць з прычыны сваёй зручнасці і эканоміі часу. Але пры гэтым аперацыі ў інтэрнэце спалучаны з павышанай рызыкай. Таму лепш для такіх пакупак завесці асобны рахунак і картку, куды будзеце пералічваць неабходныя сумы грашовых сродкаў», — папярэджвае спецыяліст. Акрамя таго, абавязкова трэба выконваць наступныя рэкамендацыі:
Перад правядзеннем аплаты азнаёмцеся з умовамі аплаты, вяртання (адмены), кампенсацыі і дастаўкі заказа, а таксама высветліце інфармацыю аб кантактных асобах дзеля прад'яўлення прэтэнзій у выпадку іх узнікнення.
Звяртайце ўвагу на інфармацыю аб дадатковых умовах вядзення разлікаў за паслугі, асабліва выведзеную дробным шрыфтам.
Не адказвайце на электронныя лісты, у якіх ад імя банка або іншых арганізацый, а таксама грамадзян вас просяць даць персанальную інфармацыю, у тым ліку рэквізіты вашай карткі (напрыклад, на падставе іх абнаўлення або для рэгістрацыі).
Пры браніраванні паслуг праз інтэрнэт, у выпадку, калі па нейкіх прычынах вы не плануеце скарыстацца імі, абавязкова правядзіце адмену браніравання праз той жа інтэрнэт-сайт згодна з пазначанымі на ім працэдурамі. Атрыманы вамі код адмены браніравання з'яўляецца доказам таго, што бронь сапраўды адменена. За несвоечасовую адмену броні вытворца паслугі мае права спісаць з вашага рахунку суму грашовых сродкаў у вызначаным ім памеры.
Падтрымлівайце ў актуальным стане антывірусныя праграмы, усталяваныя на вашым камп'ютары. Выкарыстоўвайце ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне. Праводзіць інтэрнэт-плацяжы лепш са свайго камп'ютара ў мэтах захавання прыватнасці персанальных звестак і інфармацыі аб картцы.
Ніколі не ўказвайце ПІН-код карткі пры працы ў інтэрнэце.

Сістэма «Разлік»

Калі вы пакуль што не вельмі ўпэўнена адчуваеце сябе ў інтэрнэце, а стаяць у банку ў чарзе, каб аплаціць, напрыклад, мабільную сувязь, таксама не хочацца, выкарыстоўвайце банкаматы і інфакіёскі. У іх усталявана Аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (скарочана «АІС АРІП»). «Сістэма створана і развіваецца Нацыянальным банкам Беларусі. Мэта такой сістэмы, якую інакш яшчэ называюць сістэма «Разлік» — аб'яднаць і ўніфікаваць прыём плацяжоў ад вытворцаў розных паслуг. Сёння ў сістэме «Разлік» зарэгістравана больш за 6000 вытворцаў, у выніку чаго даступна для аплаты больш за 50800 паслуг (па афіцыйных звестках самой сістэмы), у тым ліку мабільная і стацыянарная сувязь, камунальныя плацяжы, таварыствы ўласнікаў, газа- і водазабеспячэнне, электраэнергія, абслугоўванне дамафонаў, ахова, інтэрнэт, кабельнае тэлебачанне, страхаванне, навучанне ў ВНУ, дашкольныя ўстановы, аплата авіябілетаў і шмат іншага», — распавядае Алена Лагуніна.
Сёння да сістэмы «Разлік» падключана 27 банкаў (у тым ліку Беларусбанк), якія аказваюць паслугі па прыёме плацяжоў. «Кліенты Беларусбанка могуць скарыстацца аплатай праз сістэму «Разлік» ў інфакіёсках банка, у сістэме «Інтэрнэт-банкінг», з выкарыстаннем М-банкінгу. У гэтых каналах можна правесці не толькі плацяжы ў межах АРІП, але і шырокі спектр іншых аперацый, самастойна распрацаваных банкам або тых, якія прымаюцца на аснове прамых дагавораў з пастаўшчыкамі паслуг, у тым ліку куплю білетаў на прыгарадныя і міжгароднія аўтобусы, аплату падаткаў і збораў, дабрачынныя плацяжы, папаўненне укладных рахункаў, імгненны перавод грашовых сродкаў з рахунку на рахунак, падпіска на газеты і іншае», — пералічвае прадстаўнік банка.

***

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомікі» ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.