Вы тут

Дом на Гары


Вёска Гара месціцца на Віцебскім узвышшы, на вышыні 254 метраў над узроўнем мора. Калі б не прыезджыя, гэтая вёсачка, якая знаходзіцца прыблізна ў 30 кіламетрах ад абласнога цэнтра, хутчэй за ўсё, знікла б з карты: з карэнных жыхароў засталася там толькі адна бабуля ў вельмі паважаным узросце... Але, пачынаючы з 2005 года, побач з ёю пачалі сяліцца сем'і.

Дзіўны факт: людзі пераязджаюць з гарадоў, каб жыць у глыбінцы, карміцца ад натуральнай гаспадаркі, зарабляць на тым, што робяць сваімі рукамі. Яны прымаюць турыстаў, праводзяць майстар-класы па вырошчванні экалагічна чыстых агародніны і садавіны і зусім не сумуюць па гарадскіх выгодах. Чаму? Што цягне ў Гару людзей, чым яны жывуць?

1380058511412_1

«Сотавая» энергетыка

Спачатку кідаецца ў вочы дом, які па сваёй канструкцыі вельмі нагадвае... цырк-шапіто. Мой праважаты, уладальнік аднаго з «радавых маёнткаў» Уладзіслаў Мішурны, прапануе зазірнуць. Як высветлілася, жыллё поўнасцю дабудавана толькі звонку. На жаль, гаспадара дома не аказалася. Але Уладзіслаў расказаў, што дыяметр «арэны» дома 13,5 метра. Для параўнання: стандартная цыркавая арэна мае класічны дыяметр 13 метраў. У доме няма ўнутраных сцен, але запланавана пабудаваць другі паверх. Гаспадар, пакуль не дабудаваў жыллё «пад ключ», перыядычна жыве ўсярэдзіне ў... палатцы. Высветлілася, што ён — прафесійны архітэктар.
Іншыя жыхары пасёлка пры ўзвядзенні дамоў прымяняюць тэхніку так званага цяжкага і лёгкага самана — з выкарыстаннем гліны.
Дом Улада і Алы Мішурных, якія жывуць разам з дочкамі: 5-гадовай Ладай і 3-гадовай Дабрынай, таксама нестандартны. Жытло зроблена ў выглядзе пчалінай ячэйкі — шасцівугольнае. Гаспадыня, якая пакуль знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, сцвярджае, што гэта спрыяе добрай энергетыцы ў доме. Комін у доме Улад зрабіў па канструкцыі распрацоўшчыка з Расіі. Каб сагрэць дом, не патрабуецца шмат дроў. Побач з комінам — «цёплая ляжанка», на якой вельмі любяць адпачываць турысты. Ваду гаспадары прыносяць са свайго калодзежа. Плануюць правесці водаправод у складчыну з суседзямі. Газ — у балоне, энергазабеспячэнне — цэнтралізаванае, ёсць доступ да інтэрнэту. Словам, цывілізацыя прысутнічае.

1380058513383_2

Саламяныя градкі

Здзіўляе агарод Мішурных, які гаспадары называюць саламяным.
— Як бачыце, паўсюль на градах і ў садзе салома. Калі яна перагнівае, то пераўтвараецца ў біямасу, у якой жывуць толькі карысныя для раслін чарвякі і бактэрыі. На нашым агародзе няма адкрытых участкаў зямлі, усё ў саломе — нават клумбы. Мы стараемся выкарыстоўваць сваё насенне, часам заводзім новыя віды, але ні ў якім выпадку не гібрыды, — расказвае Ала.
Усю тэхналогію цяжка апісаць. Каб перадаць, наколькі яна эфектыўная, можна адзначыць, што неўзабаве Мішурныя збяруць другі ўраджай бульбы. Ураджайнасць, паводле іх падлікаў, прыкладна такая ж, як і пры традыцыйным метадзе вырошчвання. А якасць «другога хлеба» зусім іншая.
Падчас экскурсіі па падворку звяртаю ўвагу: увесь агарод знаходзіцца ў абрамленні культур (якія таксама растуць у саломе), пасаджаных у выглядзе сонца. Аксаміткі вакол «сонечнага дыска» адпужваюць шкоднікаў, побач — розныя салатныя расліны. А «прамяні сонца» — змешаныя пасадкі: морква, цыбуля, капуста, пятрушка, рэпа, бручка. Гэта, сцвярджае Ала, зноў жа не толькі пытанне карыснасці, але і добрай энергетыкі. Па перыметры маёнтка высаджана жывая агароджа: лістоўніцы, елкі, піхты, кедры...
— Такім чынам вырашчаныя (метадам арганічнага земляробства) прадукты можна назваць экапрадукцыяй, якая карыстаецца вялікім попытам у замежжы. Напэўна, неўзабаве попыт на яе з'явіцца і ў Беларусі, — працягвае Ала. І ў гэтым сям'я бачыць вялікую перспектыву. Экапрадукцыя каштуе дорага і ўжо запатрабавана.
Сям'я таксама займаецца пчалярствам, дый тут выкарыстоўвае незвычайную тэхналогію: для пчол зроблены гарызантальныя калоды. Там пчолы самі выбудоўваюць сабе соты, жывуць так, як «на волі»...

Без агароджы

Цікава, што ва ўсім паселішчы няма агароджаў. А ўсё таму, што выпадковыя людзі тут не селяцца.
Бабулька, якая жыве ў вёсцы Гара, спачатку лічыла, што побач пасяліліся нейкія сектанты. Цяпер сябруе з суседзямі і любіць прыходзіць на мерапрыемствы, якія праводзяцца на паляне. Нядаўна, напрыклад, адбыліся «Горскія гульні» — насычаны падзеямі фестываль са спартыўнымі конкурсамі, майстар-класамі. Падчас «гульняў» адбыліся і вячоркі з танцамі, песнямі і з дэгустацыяй урбечы — пакуль што экзатычнага ў нашай краіне прадукту, карыснага для здароўя. Напрыканцы запускалі ў начное неба кітайскія ліхтарыкі... Між іншым, у мерапрыемстве змаглі ўзяць удзел усе ахвотныя. Адна ўмова: быць прыхільнікам здаровага ладу жыцця.
— У нас было жаданне стварыць экапасёлак, дзе збяруцца аднадумцы, — расказваюць Улад і Ала.
Яны не ўжываюць спіртное, не кураць, нават мяса не ядуць. І суседзі такія ж. Гэта іх філасофія, якая дазваляе жыць у гармоніі з сабой, суседзямі, прыродай, усім светам...

1380058515696_3

Агра-, эка- ды іншы турызм

Сям'я робіць першыя спробы ў агратурызме. Госці могуць у цёплы час года спыніцца ў «ільняной» палатцы. Унутры на ложках — ільняная бялізна, падушкі набіты карыснымі зёлкамі. Пах непаўторны!
Для прыезджых праводзяць розныя майстар-класы: па пляценні з лазы, прыгатаванні сыроў па старажытных рэцэптах, вышыванні і гэтак далей. Вялікі інтарэс выклікаюць у гасцей народныя традыцыі, майстар-класы па старажытных танцах, выпечка традыцыйнага беларускага хлеба без дражджэй, «фітапаходы» з дэгустацыяй розных гатункаў зёлкавай гарбаты.
Наведваліся сюды і немцы. Пра незвычайную вёску ім расказала беларуска, якая выйшла замуж і цяпер жыве за мяжой. Іншаземцы былі ў захапленні ад убачанага, а таксама натуральнай ежы і напояў.
Ала — член творчай майстэрні «Берагіня». Яна і іншыя майстрыхі ствараюць калекцыі адзення з лёну. Штаны, спадніцы, кашулі для дарослых і дзяцей упрыгожваюць вышыўкай у нацыянальным стылі.
— У 2010 годзе адна з калекцый заняла першае месца ў конкурсе народнай творчасці на міжнародным фестывалі ў Маскве. А летась мы там занялі другое месца. Апроч таго, мы неаднаразова ўдзельнічалі ў Горадзе майстроў на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», у 2010-2011 гадах прынялі ўдзел у віцебскім фестывалі «Феерыя льну».
Экаадзенне ў наш час вельмі, можна сказаць, трэндавы кірунак моды. Ёсць ужо ў «Берагіні» пастаянныя пакупнікі. Адна масквічка, у прыватнасці, набыла каля 30 строяў, вырабленых «на Гары». Ахвотна купляюць жыхары мегаполіса і сувенірныя льняныя мяшэчкі з лекавымі зборамі «ад Мішурных»!..
— Вельмі прыемна, што адзенне з нашага беларускага лёну, расшытае славянскімі сімваламі-абярэгамі, з задавальненнем носяць у Маскве, Піцеры, нават у Парыжы, а таксама ў Германіі, Татарстане, Казахстане, Ізраілі. Гэта натхняе на стварэнне новых калекцый, асваенне новых напрамкаў творчасці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ. Фота аўтара. Віцебскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».