Вы тут

Гімн малаку


У Слуцкім каледжы працуе адзіны ў краіне ўнікальны музей

Слуцк па праве можа прэтэндаваць на званне «горад музеяў». Ёсць тут свой раённы гісторыка-краязнаўчы музей, музей салаўя, музей прасаў. У прафесійна-тэхнічным каледжы перапрацоўчай прамысловасці створаны музей, які мае тры розныя напрамкі. Адна музейная зала расказвае пра гісторыю самой навучальнай установы, чатыры прасторныя памяшканні адведзены пад гісторыка-краязнаўчы музей, дзе сабрана каля 2 тысяч экспанатаў.

Ёсць тут і сапраўднае ноу-хау — музей малака. Пры яго наведванні міжволі падумалася: у горадзе створаны «гімн» слуцкаму поясу ў выглядзе скульптуры «Ткач» і памятнага знака. Магчыма, у перспектыве тут з'явіцца і гімн малаку, паколькі менавіта слуцкія малочнікі першымі ў краіне адкрылі такі музей.
— Ідэя стварэння музея лунала даўно, але ажыццявіць яе ўдалося ў 2008 годзе, да 60-гадовага юбілею каледжа, — распавяла выкладчыца спецыяльнай тэхналогіі малака і малочных прадуктаў, а па сумяшчальніцтве экскурсавод Наталля Азёрная

. — Малако — цудоўны прадукт, яго проста нельга не ўвекавечыць у гісторыі. Над экспазіцыямі працавала цэлая каманда: майстры, выкладчыкі, навучэнцы. Мы прасілі інфармацыю практычна ва ўсіх буйных прадпрыемстваў малочнай прамысловасці, таму што наша мэта была расказаць не толькі пра малако, але і пра людзей, якія працуюць у галіне. Дзякуй, усе заводы адклікнуліся, даслалі што змаглі.
Мне, напрыклад, адразу кінулася ў вочы фігурка жабкі, хоць і змешчана яна ў перадапошняй экспазіцыі.
— Гэта ж першы халадзільнік, якім карысталіся яшчэ ў даўніну, — смяецца Наталля Уладзіміраў-
на. — Для таго, каб малако не пракісала, не псавалася, у ёмістасць апускалі жабу. Гэта істота, паводле легенды, навучыла чалавека і масла збіваць.
Звычайна экскурсіі пачынаюцца з экспазіцыі, якая расказвае пра значнасць малака і яго карысць для чалавечага арганізма. «На пачатку заняткаў мы заўсёды нагадваем навучэнцам пра тое, з якім цудадзейным прадуктам ім давядзецца працаваць. У ім прысутнічае ў пэўных суадносінах амаль уся перыядычная сістэма Мендзялеева», — гаворыць Наталля Азёрная.
У асобнай вітрыне месцяцца прыборы, што выкарыстоўвалі раней для лабараторных даследаванняў. Прыбор Тэрнера пасляваеннага ўзору служыў для вызначэння кіслотнасці малака, побач — тлушчамер. Цяпер іх замянілі аналізатары, якія за 8 секундаў вызначаюць якасць малака. Ранейшы спосаб займаў да паўгадзіны. У асобнай скрыначцы — прэпараты, прызначаныя для атрымання спецыяльных асяродкаў па вырошчванні мікраарганізмаў у лабараторных умовах. А вось і стары мікраскоп, з якім лягчэй працаваць, чым з сучасным электронным. Ва ўсялякім выпадку, так сцвярджаюць спецыялісты.
Сепаратар для атрымання вяршкоў 1956 года выпуску выкарыстоўваецца як наглядны дапаможнік для навучэнцаў. Яго прадукцыйнасць — тры тоны за гадзіну. Унікальнасць апарата ў тым, што такіх больш не засталося на заводах малочнай галіны. «Аксакала» замяніла сучасная апаратура, здольная перапрацоўваць 25 тон малака штогадзінна. А вось міні-макет лініі па вытворчасці масла. Работа захавалася з савецкіх часоў. Яе выканалі майстар вытворчага навучання са сваімі выхаванцамі на конкурс тэхнічнай творчасці. На сучасных заводах такія лініі ёсць і цяпер. Яны прадугледжаны для атрымання масла гарачым спосабам. Ён больш хуткі ў параўнанні з метадам узбівання вяршкоў. А прадукцыя атрымліваецца якаснай, пахучай, прыемнай на смак. Устаноўку пакінулі ў музеі дзеля навучэнцаў. На базавым прадпрыемстве — Слуцкім сыраробным камбінаце, дзе яны праходзяць практыку — такой лініі няма.
Спецыяльны раздзел прысвечаны яго вялікасці сыру. Тут прадстаўлены ўсе віды і групы сыроў, іх кароткая характарыстыка. Напрыклад, цікавы факт: у ХVІІІ стагоддзі дыяметр галоўкі сыру дасягаў метра!
Гісторыя ўпакоўкі прадстаўлена рознымі яе відамі ад старажытнай амфары, разнастайных глечыкаў і жбаноў да сучасных пакетаў, у тым ліку і экалагічна чыстых, якія распадаюцца на маленькія малекулы на працягу 7 дзён.
— Мы імкнёмся займець у музей усё, што выходзіць з ужытку, — як на вытворчасці, так і ў побытавым плане, — сказала Наталля Азёрная.
Асобна прадстаўлены прадметы, з дапамогай якіх атрымлівалі малочныя прадукты нашы бабулі і дзядулі. Драўляная маслабойка, сепаратар з кранам і маленькім шкляным акенцам, каб кантраляваць, ці адстаялася малако. Маленькая драўляная скрынка для надання маслу належнай формы і адпаведнага таварнага выгляду. Пакаленне 1960-х, відаць, яшчэ памятае вялікія кардонныя скрынкі з маслам на прылаўках крам. Іх трэба было прамаркіраваць уручную з дапамогай спецыяльнага інструмента. Гэта быў даволі доўгі і нудны працэс.
Бясспрэчна, тут не маглі абысці ўвагай і выпускнікоў каледжа, якія закончылі ўстанову ў розныя гады і праявілі сябе ў справе. Хтосьці з іх працуе спецыялістам, а нехта — кіраўніком структурнага падраздзялення, дырэктарам. Ёсць сярод былых выпускнікоў і тыя, хто вывеў прадпрыемства на высокі ўзровень.
Музею ўжо цеснавата ў адным пакоі — у запасніках сабралася шмат новых экспанатаў. Вырашаецца пытанне аб яго пашырэнні.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ. г. Слуцк.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.