Верасень — месяц традыцыйных конкурсаў паляўнічых сабак. Некалькі дзён таму Мінскі абласны Савет Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў правёў чарговую выстаўку — 23-ю па ліку. Яна прайшла на беразе маляўнічага возера пад Смалявічамі. На гэты восеньскі паляўнічы форум гаспадары-паляўнічыя прывезлі сваіх чатырохногіх памочнікаў з 10 раёнаў Міншчыны. Больш за 150 сабак прадстаўлялі 15 асноўных паляўнічых парод, якія найбольш шануюцца ў Беларусі.
На шасці рынгах свае лепшыя якасці дэманстравалі барзыя, ганчакі, лайкі, ягдтэр'еры, фокстэр'еры, курсхары, дратхары, таксы і спаніэлі. Эксперт рэспубліканскай катэгорыі Святаслаў Новік
зазначыў, што дыпломы сабакам-пераможцам выдаюцца за знешні выгляд і склад цела (экстэр'ер), іншыя асаблівасці чатырохногага сябра. Для сабакаводаў вельмі важна мець дакумент, які пацвярджае адпаведнасць жывёлы прынятым стандартам і генетычным якасцям.
Асаблівасцю цяперашняй дэманстрацыі паляўнічых сабак стаў удзел у ёй беларускага ганчака — старажытнай пароды гончых сабак, вядомых яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Дзесяць гадоў займаецца вывучэннем радаводу беларускага ганчака, вывучае культуру і традыцыі палявання з гэтымі сабакамі жыхар Маладзечна Уладзімір Лазарэнка.
Пакуль сярод беларускіх паляўнічых найбольш любімымі пародамі застаюцца англа-рускія і эстонскія гончыя. Але хто-ніхто заводзіць ужо і беларускую гончую пароду. Вось і жыхар пасёлка Партызанскі Уладзімір Краўчонак і паляўнічы з Мінска Ігар Шчарбакоў прыехалі на форум з нашым, можна сказаць, нацыянальным здабыткам у паляўнічай справе.
— Гаспадары, чые гадаванцы адзначаны дыпломамі, у якасці заахвочвання атрымаюць паляўнічыя пуцёўкі раней на месяц перад пачаткам загонных паляванняў, — кажа эксперт Новік. — А лепшыя з лепшых сабак-пераможцаў будуць уключаны ў Беларускую кнігу паляўнічага сабакаводства.
На фотаздымках: Мінчанін Ігар Шчарбакоў з сынам Аляксеем і іхнім любімцам — шчанюком беларускага ганчака па мянушцы Вірта; удзельнікі конкурсу Уладзімір Краўчонак і Уладзімір Лазарэнка з беларускімі ганчакамі Басам і Лютрай, 4-гадовы жыхар Мінска Мікалай Лявончык у чаканні выступлення лайкі Аі; конкурснае «дэфіле»з лайкамі; паляўнічыя са Случчыны Аляксандр Самусевіч і Міхаіл Капко за вынікі выступленняў сваіх гадаванцаў Задора і Тайгі атрымалі дыпломы 1-й ступені.
Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара.
Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.
АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.
«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»