Вы тут

Замест візы — квіток на хакейны матч!


Падрыхтоўка чэмпіянату свету па хакеі-2014 выходзіць на фінішную прамую. Па словах кіраўніка хакейнай федэрацыі Беларусі Яўгена ВОРСІНА, пытанне аб пераносе ці адмене планетарнага форуму даўно знята. Тым не менш спартыўнае мерапрыемства будзе застрахавана на суму 60 млн еўра. «Звычайна падобныя падзеі страхуюцца буйнымі еўрапейскімі кампаніямі, патлумачыў Яўген Ворсін. — Але Прэзідэнт краіны выступіў з прапановай, каб гэта зрабіла нацыянальная кампанія. І нам дазволілі». Таксама будзе дзейнічаць страхаванне грамадзянскай адказнасці з разлікам 50 тыс. еўра на чалавека.

1380058670164_1

Па самых сціплых падліках, Мінск рыхтуецца прыняць каля 20 000 гасцей. Дырэктар афіцыйнага тураператара чэмпіянату Алег Міхайлаў запэўнівае, што праблем з размяшчэннем не будзе. «Ужо распрацаваны праект фан-вёскі на 5 тыс. месцаў, якая размесціцца ў студэнцкім комплексе ў Пятроўшчыне, распавядае Алег Міхайлаў. Тут выдатная інфраструктура, блізка метро. Арганізуем трансферы да лядовых пляцовак, створым зону гасціннасці для балельшчыкаў. Кошт за апартаменты будзе дэмакратычным — каля 20 еўра ў дзень». Спартсменаў і членаў нацыянальных каманд заселяць у гасцініцы «Рэнесанс», «Мінск», «Вікторыя-1» і «Вікторыя-2». Для прадстаўнікоў СМІ будзе працаваць атэль «Беларусь», а таксама гасцініцы «Свіслач» і «Славянская». Дарэчы, цэны на гасцінічныя нумары павышаць не збіраюцца! А ўсе ўладальнікі квіткоў на хакейныя матчы атрымаюць праязны «Балельшчык», па якім змогуць бясплатна карыстацца грамадскім транспартам падчас чэмпіянату.

Станоўчую ацэнку Міжнароднай федэрацыі хакея атрымала гатоўнасць «Мінск-Арэны». «Усе хакеісты адзначаюць высокую якасць нашага лёду, — падкрэсліў Я. Ворсін. — А якія тут раздзявальні! Некаторыя дасягаюць 176 кв. м пры норме ў 80 кв. м. Тут і масажныя кабінеты, і пункты завострывання канькоў... Словам, ёсць усё неабходнае». Другую лядовую пляцоўку — «Чыжоўка-Арэну» — плануюць здаць 7 лістапада. На аб'екце ўжо вядуцца ўнутраныя работы — усталёўваюць сядзенні для гледачоў, падключаюць халадзільнае абсталяванне і г.д. «На выхадзе» ўмяшчальнасць арэны складзе амаль што 10 тыс. чалавек.
Па словах кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея, былі прэтэнзіі з боку Сусветнага антыдопінгавага агенцтва. Справа ў тым, што ў Беларусі няма сертыфікаванай допінг-лабараторыі. Але і гэтую праблему вырашылі: допінг-пробы спартсменаў будуць тэрмінова адпраўляцца для экспертызы ў Маскву.

1380058673422_2

Распаўсюджванне квіткоў на матчы чэмпіянату афіцыйна распачнецца 30 верасня: абанементы можна будзе набываць, пачынаючы з 16 кастрычніка, квіткі на асобныя матчы — з 1 снежня. Кошт абанементаў будзе вар'іравацца ад 100 да 300 еўра, адзінкавых квіткоў — ад 6 да 400 еўра. Дарэчы, арыгінальны квіток, яго электронная версія ці сертыфікат на абанементы заменіць гасцям чэмпіянату візу. На ўездзе ў краіну памежнікам трэба будзе толькі пацвердзіць нумар квітка ў спецыяльнай базе. Па такім жа прынцыпе будзе арганізаваны і выезд. Такім чынам, адпраўляючыся ў Беларусь, хакейным балельшчыкам дастаткова будзе ўзяць з сабой пашпарт і квіток на матч.
Між іншым, унікальнасць мінскага чэмпіянату ў тым, што ўсе падзеі першынства пройдуць у межах адной краіны і нават аднаго горада (апошняе першынство па хакеі праходзіла ў Фінляндыі і Швецыі — Аўт.). Так што павышаны камфорт і насычаная атмасфера наведвальнікам спаборніцтваў забяспечаны.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»