15 студзеня, пятніца

Вы тут

ДЗЕ ПІРАВАЦЬ — ТАМ І ПІВА РАЗЛІВАЦЬ


«Няма такога паскудства на душы, якое нельга змыць некалькімі куфлямі піва», — напэўна, гэта адно з самых папулярных выказванняў брытанскага пісьменніка Ірвіна Уэлша, якое па справе і без яе цытуюць тысячы інтэрнэт-карыстальнікаў. Але, што ні кажы, страляе словам брытанец «у яблычка». Півам змываюць хандру, запіваюць здраду каханак, з ім глядзяць хакей і ляскаюць куфлем аб куфель за здароўе і проста так. Пад піва вядуць вучоныя размовы пра вывучэнне механізму электраслабай сіметрыі, чытаюць газеты, спяваюць песні і да скону клянуцца ў сяброўскай вернасці. Гэты пенны напой не толькі аб'яднаў вакол сябе прадстаўнікоў розных прафесій, але і стварыў асаблівую культуру спажывання. Карэспандэнт «Чырвонкі» наведаў Прагу і падгледзеў, як і дзе п'юць галоўны чэшскі ячменны напой.

1380144860404_26-15

Тут рэем правіў Гашэк!

Жыжкаў. Яшчэ стагоддзе таму гэты пражскі раён з цеснымі, гарбатымі вулачкамі быў асобным горадам, але з часам яго прымусілі аб'яднацца з вялікай Прагай. Тут ніколі не сяліліся арыстакраты. Маленькія, але ўтульныя кватэры з невысокімі столямі насялялі простыя рабочыя, рамеснікі. Жыжкавякі маглі добра папрацаваць, а пасля не менш выдатна адпачыць. Ды так, што пад піва, віно ці абсент у піўных гула ад смеху ўся вуліца. Сваіх герояў у кожным шынку хапала. А вось у піўной «У Каменача» рэй вёў сам Яраслаў Гашэк. Менавіта там, пасля некалькіх куфляў, ствараліся неўміручыя «Прыгоды бравага салдата Швейка», якімі ўжо здавён зачытваецца ўся Еўропа. Таму і не дзіўна, што менавіта ў гэтым раёне ўстанавілі адзіны на ўсю Чэхію помнік непараўнальнаму сатырыку.
Мінула стагоддзе, аднак «кабацкасць» Жыжкава не знікла з пражскай рэчаіснасці, а, наадварот, стала больш відавочнай. Гэты раён турысты нават называюць піўной сталіцай Чэхіі, краіны з найбольшай у свеце колькасцю спажывання піва на душу насельніцтва. Што казаць, піва тут самы паважаны напой, які гатуюць больш чым у 140 піваварнях. А таму здагадацца, дзе на нашай планеце з'явіўся першы выцвярэзнік, мяркую, таксама не цяжка. У 1951 годзе пражская клініка «Апалінарж» адчыніла дзверы для тых «шчасліўчыкаў», хто патапіў сваю цвярозасць у куфлі любімага піва. Цікава, што менавіта гэтая бальніца колькі гадоў таму пачала біць у набат пад далёка не самым арыгінальным для нашага часу месэджам: «700 тысяч жыхароў Чэхіі пакутуюць на алкагольную залежнасць!». І вы думаеце, гэта падзейнічала? Наадварот, чэхі як хадзілі з сябрамі «ў піва», так і ходзяць. Тым больш, калі цэны на бутэлькі з напоем толькі спрыяюць падобным праменадам. За 25 крон (а гэта ўсяго толькі 1 еўра) у звычайнай пражскай краме можна набыць дзве бутэлькі якаснага чэшскага піва. Аднак пакінем падлікі камерсантам, а самі паглядзім, як чэхі адпачываюць за куфалем пеннага напою.
У адрозненне ад беларусаў, піць піва на вуліцы чэхам дазволена. І за мае паўтара тыдня пражскіх канікул мне даводзілася бачыць піваманаў паўсюль. І ў звычайных палатках, якіх шмат і ў нашым Мінску, і на Карлавым мосце, і на беразе бурлівай, часам небяспечнай Влтавы, і нават на прыступках вялікага касцёла падлеткі не толькі скакалі на дошцы, але і смакавалі баначнае піва. І ніякіх заўваг. Маўляў, хлопцы, вы ж толькі не хуліганьце! Аднак вулічнае пітво ў сапраўдных аматараў не каціруецца. У кожнага чэшскага мужчыны ёсць улюбёная піўная — таямнічая «кватэра для спаткання», дзе кожны ведае яго імя, дзе кожны адкажа яму старым добрым чэшскім жартам! Для пастаянных кліентаў афіцыянты трымаюць нават імянныя куфлі, куды наліваюць улюбёнае піва паважаных чэшскіх спадароў.

Дадатак да добрай размовы

Чым бліжэй цэнтр Прагі, тым вышэйшыя цэны ў меню. Натоўпы галодных турыстаў на Старамесцкай плошчы гатовы злізаць усё да апошняй крошкі, а таму доўга не задумваюцца наконт таго, колькі будзе каштаваць вячэра. Знайсці там сапраўднае піўное месца, дзе адпачывалі б толькі чэхі, складана. І калі дажджлівым вечарам я зайшоў у піўную пад назвай «У вадзянога павука», быў здзіўлены, бо ніякіх іншаземцаў, акрамя нашай кампаніі, там не было. Драўляныя сталы, на паліцах у розных кутках — піўныя прылады, а са старых шэрых здымкаў на наведвальнікаў пазіраюць вусатыя чэшскія півавары... Каля бармена — дзясятак кранікаў, па якіх вандруюць струмені цёмнага, светлага і нефільтраванага піва. Ты толькі скажы — і перад табой ужо будзе стаяць на каляровай кардоннай падстаўцы куфель з чаканым напоем. Пакінуць пустымі пасля сябе 5 піўных келіхаў — гэта для чэхаў тое ж, што пералічыць усе значныя перамогі сваёй хакейнай зборнай. Аднак у сваіх піўных яны не выглядаюць «алкаволатамі». Для іх піва — дадатак да добрай размовы, якая льецца ледзь не да паўночы. Цікава, што і закускі многім з іх для гэтага не патрэбныя. А калі ўжо зусім засмокча, імчыць да іх афіцыянтка з марынаваным сырам ці «мясной дошчачкай» з беконам і вяндлінай. Толькі гэта проста лёгкі дадатак да піва і не больш. Праўда, калі захочаш добра пад'есці, будзь гатовы адчуць на сабе ўвесь смак чэшскай кухні. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, зусім іншая падстава для размовы.
Р.S. Калі Радка Пытлік, біёграф Яраслава Гашэка, вырашыў абысці ўсе піўныя, дзе калісьці адпачываў яго вядомы герой, ён спыніўся на лічбе 145. У спадара Пытліка забалела печань... А таму яшчэ раз паўтараем: празмернае ўжыванне піва можа негатыўна ўплываць на стан вашага здароўя.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.

Грамадства

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

Як прайсці тэхагляд ва ўмовах ажыятажу?

«Ахвотных настолькі многа, што скончыліся бланкі».