Вы тут

Рыдары ці планшэты?


…у ліцэі БДУ пераканаліся, што трэба гнацца не за тэхнічнымі навінкамі, а за вучэбным напаўненнем
«Узброіць кожнага школьніка планшэтам!» Калі ў ЗША ўпершыню была агучана такая ідэя, тут жа сталі падлічваць: а колькі можа каштаваць дзяржаўнай казне ўсеагульная «планшэтызацыя» школы. І высветлілася, што адправіць чалавека на Марс танней, чым выдаць кожнаму амерыканскаму школьніку сучасную мабільную прыладу ў асабістае карыстанне. Так, кошт экспедыцыі на іншую планету вагаўся ад 80 да 100 млрд долараў ЗША, а набыццё планшэтаў толькі ў першы год каштавала б дзяржаве 27,5 млрд долараў. А паколькі школа ў ЗША — дванаццацігадовая, то за 12 гадоў для набыцця планшэтаў усім школьнікам трэба было б знайсці ў бюджэце «лішніх» 100 млрд долараў. Ці варта казаць, што ад гэтай ідэі нават у заможнай Амерыцы адмовіліся…

1380144866451_1

1380144866451_1

 

Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што аналагічныя ідэі вітаюць у многіх краінах свету. Але паколькі рынак персанальных камп'ютарных прылад развіваецца надзвычай імкліва, то ўслед за ім трансфармуюцца і лозунгі. Спачатку распаўсюджаным быў лозунг «Кожнаму школьніку — па камп'ютары», затым — «Кожнаму школьніку — па ноўтбуку», цяпер «Кожнаму школьніку — па планшэце». Цікава, а пра што будуць марыць школьнікі і педагогі яшчэ праз 5—10 гадоў?

Камп'ютар,саступі дарогу!

У Ліцэі БДУ два гады таму стартаваў эксперымент па ўкараненні ў вучэбны працэс электронных кніг — навучэнцы хіміка-біялагічнага класа сталі фактычна першапраходцамі ў выкарыстанні ў адукацыйным працэсе планшэтных прыстасаванняў.
Ліцэісты атрымалі планшэты, у памяць якіх былі ўнесены электронныя версіі ўсіх школьных падручнікаў, а таксама вучэбна-метадычныя комплексы, распрацаваныя педагогамі Ліцэя БДУ. Яны змяшчалі праграмнае забеспячэнне для чытання практычна ўсіх распаўсюджаных тэкставых і графічных фарматаў, бібліятэку класічнай літаратуры на рускай і англійскай мовах (больш як 500 кніг), 44 слоўнікі на розных мовах свету і г. д.
Калі ў БДУ вызначалі, якому з персанальных устройстваў аддаць перавагу, браліся пад увагу бяспека для здароўя іх уладальнікаў, кампактнасць, невялікая вага, прастата ў выкарыстанні і зразумелы інтэрфейс. Таму выбар спыніўся на планшэтным рыдары: дзякуючы тэхналогіі «электроннай паперы» яго экран не свеціцца, не стамляе зрок, у яго няма праблем з вугламі агляду і сонечнымі блікамі.
— Паколькі час, адведзены на эксперымент, прайшоў, сёння мы ўжо можам агучыць свае высновы: 95% удзельнікаў эксперымент спадабаўся, — паведаміў намеснік дырэктара Ліцэя БДУ па вучэбнай рабоце Ігар ВАРАКСА

. —- Натуральна, нас цікавіла, а ці дапамагло ліцэістам выкарыстанне рыдараў у вучэбным працэсе? 86% далі станоўчы адказ, 9,5% іх карысць не вельмі заўважылі, а аднаму ліцэісту рыдар нават перашкаджаў, паколькі ў вучня быў больш сучасны іРаd. Пры падрыхтоўцы амаль па ўсіх прадметах, асабліва па профільных, удзельнікі эксперыменту кожны дзень карысталіся электроннымі рыдарамі.
Кіраўніцтва Ліцэя цікавіла: а ці змяніўся час, які дзеці праводзяць перад маніторам камп'ютара? І вось тут усіх чакаў прыемны сюрпрыз: высветлілася, што амаль палова ліцэістаў, у якіх з'явілася ўласная «чыталка», сталі менш часу праводзіць каля камп'ютара.
— Калі мы даём дзецям гаджэт, напоўнены карыснымі матэрыяламі, камп'ютар страчвае ў іх жыцці галоўную ролю, — дзеліцца сваімі думкамі Ігар Варакса. — Аналагічныя даследаванні мы праводзілі не толькі ў эксперыментальным, але і ў кантрольным класе, дзе электронныя кніжкі мелі 16% вучняў. Аднак паколькі «чыталкі» апошніх не мелі цікавы і карысны кантэнт, то і ў вучэбных мэтах яны амаль не выкарыстоўваліся.

1380144869408_2

1380144869408_2

 

У выніку ў кантрольным класе вучні праводзілі каля камп'ютара тры гадзіны штодня, а ў эксперыментальным — толькі 1,5 гадзіны. Атрымліваецца, што наяўнасць планшэтных рыдараў дазваляе ўдвая скараціць час, праведзены перад вялікім маніторам — проста актыўнасць пераносіцца з камп'ютара на гаджэты.
Яшчэ адно цікавае назіранне. Было ўстаноўлена, што ў эксперыментальным класе ліцэісты ў сярэднім прысвячаюць тэлевізару 18 хвілін штодня, а ў кантрольным класе — 30 хвілін.

Чытаем па дыяганалі?

Па выніках першага этапу эксперыментальнай дзейнасці кіраўніцтва ліцэя прыйшло да высновы, што пры наяўнасці адаптаваных навучальных матэрыялаў электронныя кнігі павышаюць эфектыўнасць арганізацыі вучэбнага працэсу і аптымізуюць пазакласную і пазаўрочную дзейнасць вучняў. Аднак ёсць у выкарыстання рыдараў і свае мінусы. Адзін з іх — гэта чорна-белыя выявы на экране, якія не заўсёды падыходзяць, напрыклад, для вывучэння біялогіі, дзе пажадана бачыць усё ў колеры.
Другі мінус — павольная хуткасць работы і вялікая колькасць націсканняў для ажыццяўлення элементарных дзеянняў. Але бадай што самы галоўны недахоп — гэта цяжкасці з успрыманнем вялікіх тэкстаў. Высветлілася, што вучні эксперыментальнага класа чытаюць на 27% хутчэй за вучняў кантрольнага класа, але на 30% горш адказваюць на пытанні па змесце прачытанага твора.
— Усё ж такі калі мы гартаем падручнік ці кнігу, то ў нас працуе яшчэ і зрокавая памяць, а калі дзеці чытаюць тэксты ў рыдары, то такое чытанне адбываецца хутчэй, «па дыяганалі». Да таго ж і настаўнік не можа сказаць на ўроку: «Дзеці, адгарніце падручнік на 31 й старонцы…», каб засяродзіць усеагульную ўвагу, — дадаў Ігар Варакса.

Электронны падручнік — не аналаг папяровага

У ліцэі канстатуюць: электронныя прылады імкліва старэюць не фізічна, а маральна. Два гады таму «чыталкі» толькі пачалі з'яўляцца. А, напрыклад, ужо сёлета бацькі толькі 13 з 24 вучняў новага тэставага класа пажадалі атрымаць ліцэйскія электронныя кнігі. Астатнія ж або маюць уласныя гаджэты, або плануюць іх набыць у бліжэйшы час.
— Мы пралічылі, што пры вялікім жаданні можна было б знайсці грошы, каб набыць усім ліцэістам планшэты, але нашы вучні з кожным годам прыносяць усё больш сваіх, — заўважае Ігар Варакса. — Калі летась 83% ліцэістаў не мелі ўласных рыдараў, то зараз іх колькасць зменшылася амаль на палову. Праблема толькі ў тым, што ўсе дэвайсы — розныя: у іх розныя вытворцы, розныя функцыянальныя магчымасці, розныя аперацыйныя сістэмы. Пройдуць яшчэ год, два, тры — і электронныя прылады будуць ужо ва ўсіх.
Дырэктар Ліцэя БДУ Вадзім МАТУЛІС упэўнены, што электронны падручнік не павінен дубліраваць папяровы:
— Электронныя дапаможнікі павінны быць інтэрактыўнымі. Дзеці прыходзяць да нас і пытаюцца, ці ёсць у нас вучэбныя матэрыялы, якія можна «запампаваць». І іх не цікавяць школьныя падручнікі, якія зручна чытаць і без планшэтаў. Ліцэістаў цікавіць дадатковы матэрыял — інтэрактыўныя тэсты, відэа. Таму трэба думаць сёння, чым мы заўтра будзем напаўняць сучасныя прылады…

1380144871665_3

1380144871665_3

 

Між іншым, ліцэй актыўна працуе з кнігамі аўтарства сваіх выкладчыкаў: для вучэбных дапаможнікаў, што выдае ліцэй у электронным фармаце, выкарыстоўваецца фармат Ерub — больш універсальны, які падыходзіць для ўсіх прылад, у адрозненне ад фармату РDF.
— Сёння настаўнікі не могуць вучыць дзяцей і быць з імі на розных ступенях развіцця, казаць, што тэхнічныя навінкі іх не цікавяць і яны будуць працаваць як раней, бо ў гэтым выпадку страціцца кантакт з вучнямі, — падкрэслівае Вадзім Матуліс.

Урокі ў «Віртуальнай школе»

Увогуле ліцэй БДУ можна параўнаць з адной вялікай эксперыментальнай пляцоўкай. Вось і сёлета тут стартаваў яшчэ адзін цікавы ІТ-праект — «Віртуальная школа». Ліцэй атрымаў у падарунак ад «Ашчадбанка Расіі» чатыры інтэрактыўныя класы — па біялогіі, хіміі, фізіцы і матэматыцы. Камп'ютар, інтэрактыўны экран, праектар, абсталяванне для лабараторных доследаў, электронны мікраскоп з вэб-камерай — усё гэта аб'яднана ў адзіную сістэму. Цяпер на ўроках хіміі ў ліцэі можна праводзіць віртуальныя доследы, дадаўшы ў намаляваную прабірку неабходныя рэчывы. Што з гэтага атрымаецца, пакажа камп'ютар. На ўроках біялогіі можна дэманстраваць трохмерныя мадэлі бялкоў (іх можна нават круціць рукой на інтэрактыўнай дошцы) і праецыраваць на дошку выяву з электроннага мікраскопа. На ўроках фізікі — дэманстраваць аптычныя эксперыменты і карыстацца віртуальнай лінейкай. Прычым педагогі могуць тэсціраваць вучняў у рэжыме рэальнага часу — у кожнага вучня ёсць пульт для адказаў. Камп'ютар фіксуе ўсе адказы і можа выводзіць іх на інтэрактыўны экран.
Мабільныя камп'ютарныя комплексы дазваляюць выкарыстоўваць тэхніку ў любым кабінеце. Таксама ў ліцэі ўсталяваны магутны сервер, які інтэгруе ў адзіную школьную сетку ўсе камп'ютарныя сродкі, што ёсць у школе, і бібліятэку лічбавых адукацыйных рэсурсаў.
Але ў старонняга чалавека, якія ўпершыню бачыць такія цуды, узнікае заканамернае пытанне: «А ці не атрымаецца так, што сучасныя тэхналогіі захопяць ліцэістаў больш, чым вучэбны матэрыял? Ці не будуць яны адцягваць іх увагу?» Аднак у ліцэі апасенні не падзяляюць. «Добраму настаўніку інтэрактыўная дошка не перашкодзіць, а дрэннаму — не дапаможа», — упэўнена адказаў Ігар Варакса.

Надзея НІКАЛАЕВА. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.

Грамадства

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Наш даўні сябар — жыхар Вялікай Бераставіцы — Міхаіл Маскальчук даслаў нам чарговы цікавы аповед, які быў запісаны са слоў бацькі Міхаіла, Васіля Маскальчука.

Грамадства

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Днямі аб праекце профільнай дзяржпраграмы журналістам падчас прэс-прэзентацыі расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель.

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.