Вы тут

Набыць катлету — як подзвіг здзейсніць


Колькі ў сярэднім каштуе стандартны абед для студэнта

Знайшоўшы ў старым штодзённіку чэк, ажно здзівілася: за «халасцяцкі» абедзенны набор, які складаўся з пачка пельменяў, упакоўкі смятаны і паўлітроўкі кефіра, у 2010 годзе аддала ўсяго 8 тысяч рублёў. Зараз жа за такую суму далёка не ў кожнай сталоўцы можна падсілкавацца паўнавартасным абедам. Цікава, а колькі ж грошай давядзецца выкласці студэнту, каб добра пад'есці? Адказ пашукала менавіта ў меню ўніверсітэцкіх сталовых...

1380144874177_26-22

 

Які ганарар, такі і абед?

Першая ў спісе — сталовая на Кальварыйскай, 9, якая корміць усіх журфакаўцаў. Яшчэ з першага курса навучання ў Інстытуце журналістыкі стала зразумела: таннага абеду не чакай. Акрамя студэнтаў, у сталовую часта наведваюцца будаўнікі, а таксама офісныя работнікі. Іх заробкі непараўнальна большыя за студэнцкую стыпендыю. Таму, мабыць, і цэны тут вышэйшыя. Чым кормяць? На першае — салянка за 6900 альбо боршчык за 4100 рублёў. Катлетка каштуе 5850, гарнір — бульбяное пюрэ — акурат за 2150. Самы танны салацік з памідораў, капусты і перца «важыць» 2700. Гарбата з пакеціка — 1150. Агулам выйшла роўненька 16 тысяч, і заў-
важце, гэта яшчэ без салодкага. Сума немаленькая, таму выбіраем спрошчаны, бюджэтны варыянт — смажанку і какаву. Такі пачастунак абышоўся ў 6450 рублёў. Калі ж ёсць жаданне «шыкануць», дык можна замовіць свініну, запечаную з памідорамі, за 18 тысяч рублёў. Эскалоп абыдзецца ў 16 950 рублёў. Карацей, якія ў вас ганарары, спадарства, — так і паабедаеце.
Варыянт другі: насупраць журфакаўскай сталовай знаходзіцца камбінат харчавання «Прамень» з дадаткам у выглядзе кулінарыі з таннымі смажанымі піражкамі (вядома, не лепшы варыянт для здароўя, затое бюджэтны). Якое меню нам прапануюць тут?
На першае — расольнік з мясам кураняці за 4050 рублёў альбо малочны суп за 3250. Пюрэ даражэйшае за «журфакаўскае» ажно на тысячу рублёў — 3150. На другое выбіраем спаржавую фасолю за 5450 і лёгкую салату «вагою» 4450 рублёў. На гэты раз ад мяса адмаўляемся: катлета «Аматарская» каштуе дорага, ажно 12 300. Для гурманаў з тоўстымі кашалькамі ёсць у меню адмыслова запечаная свініна з грыбамі за 23 600. Тушаная свініна каштуе крыху менш — 20 550. Замест гарбаты возьмем кампот — 1450, а на салодкае — «язычок» за 2900. І кавалачак хлеба, таксама не за «дзякуй» — яшчэ 800 рублёў. Неўпрыкмет, рахунак вырас ажно да 19 100 рублёў. Трэба гэтую суму скараціць. «Малочнае», пюрэ, салацік і кампот абышліся ў 12 300 рублёў.

«Языкастым» — хворы страўнік

 

А што «кладуць на язык» навучэнцы філфака? Як мне расказалі, сталовай на факультэце няма. Студэнты задавальняюць свой апетыт у буфеце. Аднак буфет — гэта не надта добрая альтэрнатыва сталовай. У меню няма гарачых першых страў, а ў якасці другіх прапануюцца толькі варыянты фастфуду: кавалачак піцы — 6000, гамбургер — 13 500, чабурэк — 9000. Гарбаты менш чым за 2500 на філфаку таксама не знойдзеш, затое каву за 8000 рублёў — калі ласка. Безліч шакаладных батончыкаў, печыва, нават марозівам можна пачаставацца. Харчаванне ў рэжыме «сухі паёк і ОК» як бомба запаволенай дзейнасці: выбухне пасля хранічным гастрытам. Прыгадаліся аўтаматы з ежаю, якія на журфаку неаднойчы прыходзілі на дапамогу падчас позніх вячэрніх заняткаў. Праўда, бутэрброды, салодкае ў розных варыяцыях — наўрад ці можна назваць здаровым харчаваннем. Гарачы «булёнчык» знайшоўся ў аўтамаце з напоямі па адным кошце з гарбатаю — 3000 рублёў. Падымаюся на паверх вышэй — і вось на табе, дванаццатая гадзіна дня, а аўтаматы з ежаю пустыя!..

А ў «тэхнікаў» — парадак!

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі справа з харчаваннем студэнтаў наладжана добра. Тутэйшая сталовая — адна з самых танных у горадзе. Праверым! Бяром суп бульбяны з фасоллю за 2750 рублёў (з капусты каштуе ўсяго 1900), тушаную капусту за 1600, адшкадуем на катлету 6350 і 2150 — на салат з агуркоў і памідораў. Кавалачак хлеба — 650 рублёў. І гарбата за 450 — праўда, непакеціраваная. Агулам выйшла 13 950 рублёў — і гэта без дэсерту. Дарэчы, здараецца і такое: у меню замоўлена і пюрэ, і капуста, і катлета, а на раздачы прапаноўваюць пшонку ды біточкі. Завядзёнка гэтая назіраецца звычайна ў вялікіх сталовых: чэргі тут велічэзныя, таму пюрэ дастаецца самым галодным. Дарэчы, тут мой рахунак не перавысіў 7500, але гэта без мяснога дадатку. Расольнік ленінградскі, пшонка, вінегрэт, смятаннік, кампот і кавалачак хлеба — дастаткова, каб наесціся. «Палтаўская» катлета павысіла б мой рахунак на 12 700, але была ў наяўнасці яго «бюджэтная замена» — смажаны мінтай за 5500. Недарма ўсё ж такі сталовыя тэхнічных ВНУ карыстаюцца папулярнасцю — цэны тут адэкватныя.

Парады эканомным

Як бачым, у пытаннях арганізацыі харчавання студэнтаў «фізікі» перамаглі «лірыкаў». Аднак, нават нягледзячы на бюджэтныя абеды, заўжды ёсць студэнты, якіх не задавальняе якасць прыгатаванай ежы. Гэта могуть быць і гурманы, і вегетарыянцы, і людзі на спецыяльнай дыеце. У такой сітуацыі паратунак таксама ёсць: можна гатаваць ежу дома, падчас перапынкаў у мікрахвалёўцы яе разаграваць. Тое ж з гарбатай альбо кавай: можна прыносіць уласную, а ў сталовай браць толькі кіпень, альбо карыстацца тэрмасам. «Сухі паёк» лепш за ўсё загадзя набываць у краме — звычайна выходзіць танней. Асабліва гэтая парада актуальная для тых, чые кашалькі на «дыеце». Ведаю па сваім вопыце: у сталовай паўнавартасны абед брала ўсяго некалькі разоў. З дзяўчатамі заўжды абавязкова набывалі суп — каб парадаваць страўнік. А набыць катлету для студэнта — як подзвіг здзейсніць! Звычайна даводзіцца сёння браць адно, а заўтра — другое. Галоўнае — не застацца галодным.

Кацярына РАДЗЮК , студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.