Вы тут

Дзмітрый Шашалевіч: я не «вогер», я — танцор


Дзмітрый Шашалевіч — выкладчык танцавальнай студыі «Еl Gаtо», удзельнік каманды «Дэтройт», родапачынальнік у Беларусі танцавальнага кірунку «вог» (vоguе). Нядаўна Дзіма вырашыў пакінуць танцавальную студыю і засяродзіцца на развіцці сольнай кар'еры танцора-фрыстайлера. Карэспандэнт «ЧЗ» сустрэўся з тытулаваным «вогерам», які распавёў, як модны жаночы часопіс стаў танцам, хто такія Stеwіе Hо і Dmіtrу Nіnjа і як прайшоў першы «вог»-баль у Беларусі.

1380144890534_1

— Раскажы, калі ласка, чаму ты вырашыў спыніць трэнерскую дзейнасць і менш увагі надаваць камандзе з «Дэтройту»?
— Не было нейкай адной прычыны. Шмат фактараў супала. Паступова шляхі ўсіх удзельнікаў каманды сталі разыходзіцца. Хтосьці абзавёўся сям'ёй і часова «выпаў» з танцаў, хтосьці засяродзіўся на харэаграфіі, пакінуўшы фрыстайл... Мы пачыналі як вулічная каманда, а ў выніку пераўтварыліся ў камерцыйны праект. Да таго ж стала складана сумяшчаць трэнерскую дзейнасць і актыўнае жыццё танцора. Я ўвесь час у раз'ездах — выступленні на фестывалях, майстар-класы ў розных гарадах і краінах... Вяртаешся стомлены ў Мінск — і адразу на трэніроўкі да падапечных. Гэта стамляе і фізічна, і псіхалагічна.

— І што ты збіраешся рабіць далей?
— Стаўлю перад сабой мэту — стаць «топавым» танцорам, вядомым не толькі ў суседніх краінах, але і ў далёкім замежжы. Мой узровень як фрыстайлера досыць высокі для Беларусі, Украіны, Расіі і Прыбалтыкі, але для Заходняй Еўропы і ЗША гэтага недастаткова. Трэба развівацца як сольнаму танцору, удасканальваць сваё майстэрства, так што цяпер я буду трэніраваць толькі сябе.

— Перавагу аддасі «вогу»?
— Напэўна, так. Але і на іншых кірунках я не стаўлю крыж. Я — не «вогер», а танцор! Люблю танцаваць хіп-хоп, хаус і нават дэнсхол (напрамак, які спалучае такія класічны танец, джаз-мадэрн, а таксама ўсходнія мастацтвы — ёгу, цыгун, тай-чы і інш. — Аўт.) Проста так склалася, што як «вогера» мяне ведаюць больш. Тут яшчэ ўзнікае блытаніна з танцавальнымі нікнэймамі. Іх у мяне два: у «вог»-культуры я — Dmіtrу Nіnjа, а ў андэграўнд-асяроддзі — Stеwіе Hо. Бывае, калегі забываюць пра гэта, і для іх я часова знікаю з «радараў». Насамрэч, я дзесьці ў Піцеры выступаю на «вог»-балі як Dmіtrу Nіnjа, а мяне шукаюць як Stеwіе Hо (усміхаецца).

— Навошта патрэбны нікнэймы ў «дэнс»-асяроддзі?
— У нас не так шмат крэатыўных імёнаў, як у той жа Амерыцы. Паўтораў не пазбегнуць. Бо навокал усе — вовы, мішы, дзімы. Нікнэйм у танцах — гэта своеасаблівае альтар-эга. Для свайго першага «ніка» я абраў імя персанажа з амерыканскага мультсерыяла пра сямейку Грыфінаў — Сцьюі. А прыстаўка «Hо» ўзнікла тады, калі я выбіраў паміж двума кірункамі — хаусам і хіп-хопам. Не мог вызначыцца і ўзяў па літары ад кожнага. Атрымалася «хо» — Сцьюі Хо. Другі нікнэйм узнік пазней. У «вог»-культуры першы кампанент — заўсёды імя ці, напрыклад, вытворнае ад прозвішча, а другая частка паказвае на «дом», да якога ты адносішся. Я ўваходжу ў вялікую сям'ю Hоusе оf Nіnjа, таму — Dmіtrу Nіnjа.

1380144892192_2

— Атрымліваецца, ты танцаваў хіп-хоп, хаус і пакуль што нічога не ведаў пра «вог»...
— А потым на «юцюбе» наткнуўся на ролік: каманда ў шыкоўных касцюмах танцавала нешта незнаёмае. Я стаў пераймаць пэўныя рухі, асабліва рукамі, і ўстаўляць іх у хаус. Тое, што гэта асобны стыль, я і не ведаў. Пазней у Парыжы выпадкова трапіў на майстар-клас да сусветна вядомага танцора Бэні Нінджа (Bеnnу Nіnjа), які і пазнаёміў мяне з гэтым танцам. Хаця, ведаеце, гэта не проста танец, а асобны свет — спалучэнне моды, пластыкі і харэаграфіі. Гэта ўсё настолькі захапіла мяне, што я часова адышоў ад вулічных танцаў і цалкам прысвяціў сябе «вогу», вывучаючы не толькі танцавальныя азы, але і гісторыю ўзнікнення гэтага стылю.

— Чым яна адметная?
— «Вог» узнік на пэўным сацыяльным падмурку. Гэта былі вялікія супольнасці людзей, часцей за ўсё асобы нетрадыцыйнай сексульнай арыентацыі, якія прымалі ў сваю сям'ю тых, хто апынуўся на вуліцы. Давалі ім дах над галавой, уладкоўвалі на працу, засцерагалі ад дурных уплываў. А выхад сваёй энергіі і крэатыўнасці знаходзілі ў балях: апраналіся ў яркія касцюмы і капіравалі пад музыку позы мадэляў з глянцавых часопісаў. Так і ўзнік танец «вог».

— З цягам часу аб'яднанні ў «дамы» не страцілі сваёй значнасці?
— Не. Змяніліся сацыяльныя ўмовы, «вогам» сталі займацца звычайныя хлопцы і дзяўчаты. Толькі аб'ядноўвацца яны сталі ўжо не дзеля выжывання, а дзеля паспяховых выступленняў на танцавальных спаборніцтвах і балях. Прыналежнасць да пэўнага «дому» — гэта як знак якасці, які гарантуе, што цябе заўважаць і ацэняць па заслугах. Зараз існуе вялікае мноства «дамоў», самыя вядомыя Ехtrаvаgаnzа, Mіzrаhі, Рrоdіgу, Оmnі і іншыя. Кожны з іх мае свой статус, самы высокі з якіх Ісоnіс. Мой «дом», напрыклад, цалкам называецца Lеgеndаrу Hоusе оf Nіnjа. Але ён таксама «круты» (смяецца).

— «Вог», напэўна, кардынальна змяняе танцора?
— Так і ёсць. Магу меркаваць па сабе і па сваіх падапечных. Гэты танец вучыць любіць сябе. Ты пачынаеш больш разумець сваё цела, адточваеш свой стыль, бо з'яўляецца інтарэс да моды, вучышся падаваць сябе. «Вог» разнявольвае. Танцоры становяцца больш адкрытымі, камунікабельнымі, пашыраецца кола знаёмых, змяняюцца інтарэсы і прыярытэты. «Вогерская» тусоўка — гэта вельмі весела, паверце.

— Не памылюся, калі скажу, што ў нас «вог» танцуюць выключна дзяўчаты?
— Так. Хлопцы лічаць, што ён як стрып-дэнс ці бэйлі-дэнс — жаночы стыль. Але гэта стэрэатып. У ЗША гэтым кірункам займаюцца хлопцы. Дзяўчына, якая танцуе «вог», для іх — нонсэнс. Экзотыка! У нас — наадварот. Трэба разумець, што ў «вога» ёсць розныя падстылі. Напрыклад, у оld wау і nеw wау ты можаш выбіраць, з якой падачы табе танцаваць — мужчынскай ці жаночай. А ёсць асобны падстыль fеmmе vоguе, у якім усе рухі дакладна жаноцкія. Права выбару за вамі. Дарэчы, у пачатку свайго танцавальнага шляху я няправільна разумеў сутнасць «вога». У мяне атрымлівалася нешта занадта манернае — карыкатура замест танца. А потым мне патлумачылі, што я магу танцаваць больш жорстка, брутальна, і я стаў дадаваць рэзкія рухі, «кулакі», іншыя «фішкі». Тым не менш я не баюся эксперыментаваць — у адзенні, прычосцы, грыме. І калі я выйшаў на сцэну ў кілце, гэта не значыць, што і ў жыцці я нашу спадніцы (усміхаецца).

— Сутыкаўся з кпінамі, недарэчнымі каментарыямі ў свой адрас?
— Шчыра кажучы, не. У танцавальным асяроддзі ўсе разумеюць, што танец — гэта вобраз. І калі я дазваляю сабе нешта незвычайнае — выкарыстоўваю больш грацыёзныя, мяккія рухі — гэта не значыць, што я адчуваю сябе дзяўчынай. Гэта эпатаж, прыкол!

— Улетку ты з калегамі арганізаваў першы «вог»-баль у Беларусі. Як ён прайшоў?
— Мяне прыемна здзівіла спонсарская падтрымка. Ніхто, да каго мы звярнуліся, не адмовіў. Атрымалася пасупрацоўнічаць з касметычнымі кампаніямі, салонамі прыгажосці, вядомымі стылістамі. Яны дапамаглі нам зрабіць яркае фэшн-шоу. Мерапрыемства было тэматычным — выпускны баль. Дзяўчаты з фантазіяй падышлі да выбару касцюмаў. Танцавальны конкурс атрымаўся непрадказальным, з інтрыгай: у розных катэгорыях — розныя пераможцы. Суддзёй у нас была Nаtаlіа Mаfіа — мая добрая знаёмая і аўтарытэтная танцорка, якая прыехала да нас з Ніжняга Ноўгарада. У наступны раз таксама будзем спрабаваць прывезці ў Мінск танцораў з іменем, каб яны пабачылі наш прыгожы, сучасны горад і зразумелі, што тут таксама развіваецца «вог».

— Ты заўсёды з такой цеплынёй ставіўся да сталіцы ці з цягам часу навучыўся цаніць родны горад?
— Чым больш я падарожнічаю па свеце, тым больш пераконваюся ў тым, што люблю Мінск і хачу тут жыць. Але, разам з тым, добра мець магчымасць выязджаць у іншыя краіны, наведваць «топавыя» танцавальныя мерапрыемствы, абменьвацца вопытам з замежнымі калегамі. Танцору без гэтага ніяк!

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».