Вы тут

Факты, падзеі, навіны


«Зімовы час» у раскладзе руху

З 27 кастрычніка ў сувязі з пераходам на «зімовы час» партнёраў сумежных дзяржаў у раскладзе руху аўтобусаў па міжнародных маршрутах адбудуцца пэўныя змены.
Як паведамілі ў дзяржаўным прадпрыемстве «Мінсктранс», закрануць яны рэйсы ў Варшаву, Вільнюс, Друскінінкай, Калінінград, Каўнас, Кіеў, Мюнхен, Рыгу, Панявежыс, Талін. На ўсіх іх час адпраўлення аўтобусаў зменшыцца на адну гадзіну. Напрыклад, рэйс па маршруце Мінск — Варшава будзе адпраўляцца з нашай сталіцы ад АВ «Цэнтральны» ў 19.00 (замест 18.00) па серадах, чацвяргах, пятніцах, суботах і нядзелях, з Варшавы — у 13.00 па чацвяргах, пятніцах, суботах, нядзелях і панядзелках. Тое ж можна сказаць адносна часу адпраўлення і пра рэйс, скажам, Мінск—Мюнхен: аўтобусы будуць выпраўляцца ў дарогу з Мінска ад АВ «Цэнтральны» ў 13.00 (замест 12.00) па серадах, пятніцах і нядзелях, з Мюнхена — у 13.00 па пятніцах, нядзелях, аўторках.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Уладзіслаў Баумгертнер змешчаны пад дамашні арышт

Змяненне меры спынення Уладзіславу Баумгертнеру на дамашні арышт звязана з завяршэннем асноўных следчых мерапрыемстваў. Пра гэта ўчора паведаміў старшыня Следчага камітэта Беларусі Валянцін Шаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Першапачатковыя асноўныя неадкладныя следчыя дзеянні завершаны — тыя, што звязаны з замацаваннем слядоў злачынства і канфіскацыяй дакументацыі. У сувязі з гэтым было прынята такое рашэнне, улічваючы таксама хадайніцтва родных», — адзначыў Валянцін Шаеў.

10 тысяч долараў за «вырашэнне пытання»

Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі затрымалі падчас перадачы грошай загадчыцу і адваката юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна г. Мінска, а таксама пасрэдніка — дырэктара прыватнага камерцыйнага прадпрыемства сталіцы.
10 000 долараў прызначаліся для далейшай перадачы ў якасці хабару службовым асобам праваахоўных органаў за спрыяльнае вырашэнне пытання аб завядзенні крымінальнай справы па факце ўчыненых у дачыненні да вышэйзгаданага грамадзяніна проціпраўных дзеянняў. Заведзеная ў дачыненні да затрыманых крымінальная справа перададзена ў Следчы камітэт.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Афера з дарагімі аўтамабілямі

Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РУУС сталіцы затрымалі аферыста, які, абяцаючы людзям дапамогу ў пакупцы дарагіх аўтамабіляў, ашукаў іх агулам на суму каля 200 тысяч у.а.
Летам гэтага года грамадзянін узяў у арэнду ў адным з мінскіх гандлёвых цэнтраў памяшканне і прапанаваў ахвотнікам паслугі па куплі за мяжой аўтамашын. Абяцаў усё зрабіць у сціслыя тэрміны і па прымальнай цане. Сабраўшы з заказчыкаў значную суму, аферыст знік. Пасля таго, як пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю, высветлілася, што фірма і яе дырэктар — «ліпавыя», а нумары кантактных тэлефонаў зарэгістраваны на старонніх людзей. Дзякуючы намаганням аператыўнікаў Савецкага РУУС ілжэ-прадпрымальніка затрымалі. На здымнай кватэры зламысніка былі знойдзены дакументы, што сведчаць асобу, на імя грамадзян Расіі і Украіны. У праваахоўных органаў ёсць падставы думаць, што падазраваны мае дачыненне да здзяйснення аналагічных злачынстваў як на тэрыторыі Беларусі, так і ў шэрагу краін СНД.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Былому гендырэктару Мінскага мясакамбіната вынеслі прысуд

За атрыманне хабару ў буйным памеры Уладзімір Лазоўскі атрымаў 4,5 года турмы з канфіскацыяй маёмасці. Таксама суд пазбавіў яго права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю тэрмінам на 5 гадоў. Аб гэтым «Звяздзе» паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія ГАНЧАРОВА.
Нагадаем, што вясной гэтага года гендырэктара Мінскага мясакамбіната ўзялі пад варту за атрыманне хабару ў памеры 4 тысячы долараў. Гэтыя грошы былы кіраўнік «заслужыў» за тое, што прадставіў першачарговае права на атрыманне аплаты за выкананыя работы аднаму з будаўнічых прадпрыемстваў. Падчас следства на яго маёмасць на агульную суму звыш 5,7 мільярда быў накладзены арышт.

Надзея ПАЎЛАВА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.