Вы тут

Беларускі малдаванін запрашае!..


Трэці год запар у залатую восеньскую пару багатае на ўраджай падвор'е Васіля Семенюка ў вёсцы Баравікі Дзяржынскага раёна расквечваецца ў нацыянальныя малдаўскія і беларускія колеры, гучаць мелодыі абедзвюх краін, у святочным карагодзе людзі гасцінна вітаюць адзін аднаго і зычаць доўгага сяброўства, якое цэняць, як найлепшае багацце.

Васіль Семянюк нарадзіўся ў Малдове. Вучыўся ў Львове — там і сустрэўся з беларускай Нінай. Тая прыехала на экскурсію, каб палюбавацца архітэктурай старажытнага горада, а ад'язджала з сэрцам, кранутым каханнем. Потым яны сустракаліся ў Брэсце, дзе Ніна загадвала сталовай. Там і прынялі рашэнне пабрацца шлюбам.

1380232106492_1

Месцам жыхарства выбралі Малдову — «пераважылі» родныя карані Васіля. Напэўна, добра і там склаўся б іх сямейны лёс, бо працавітыя людзі паўсюль могуць прыжыцца. Яны ж для большага дастатку і гаспадарку завялі. Ды толькі дзевяць гадоў праляцела, а кватэрнае пытанне вырашыць так і не ўдалося. Дзедава хата станавілася цеснай для ўнукаў — Дзяніса, Мішы і Сашы.

Звярнулі свой позірк на Беларусь, дзе жыла сястра Ніны. Якіх клопатаў каштаваў пераезд з адной краіны ў другую, цяпер лепш не ўспамінаць. Цешыла тое, што ў калгасе «Праўда» Дзяржынскага раёна і работа знайшлася, і грошы для будаўніцтва дома ў гаспадарцы выдзелілі пад прымальныя крэдытныя ўмовы. Каб хутчэй асвоіцца на новым месцы, муж і жонка вырашылі далучыцца да мясцовай мастацкай самадзейнасці. Як жартуе пра той перыяд жыцця Васіль — «пайшлі ў новае грамадства інтэгравацца».

Па цаглінцы рос будынак. Сыны стараліся бацьку дапамагаць. Вось чаму хата цяпер такая цёплая, утульная, хоць, як кажа сам Васіль, у будаўніцтве спярша быў няўмекам. На справе ж да чаго гэты чалавек ні прыкладзе рукі — добры толк выходзіць ва ўсім. Як тэлеграфіст-прафесіянал, ён штодзень забяспечвае бесперабойную сувязь у 21 вёсцы. Па дарозе крочыць неабыякавым падарожнікам: наваколле агледзіць — верш народзіцца, пад ногі погляд кіне — яго багатая калекцыя мінералаў папоўніцца яшчэ адным каменьчыкам.
«Жыць як набяжыць нецікава!» — перакананы аптыміст Семянюк. Ён паспяхова выступае ў складзе народнага калектыву — ансамбля «Баравічанка», дзе саліруе ў нацыянальным касцюме. Піша партрэты славутых гістарычных дзеячаў Малдовы і Беларусі. Вельмі хоча парадніць беларускі райцэнтр з малдаўскім, марыць выпусціць музычны дыск-сувенір…

1380232109858_2

На сваім падворку Васіль размясціў некалькі гістарычных экспазіцый, сярод якіх вылучае экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны. Штык, каска, рэшткі снарада, салдацкая фляжка былі знойдзены на полі падчас выбірання бульбы.

«Няма, напэўна, іншага кутка ў свеце, дзе б кожная пядзя зямлі захоўвала сляды вайны. Нізка схіляю галаву перад беларускім народам», — кажа малдаванін пра краіну, якая стала яго другой радзімай. Вось чаму такая прывабная гэта сядзіба для шматлікіх гасцей Васіля Семенюка і яго сям'і. Тут ёсць усё, што дазваляе далучыцца да багатай малдаўскай культуры і народных традыцый. І ў той жа час адчуваецца вялікая павага да ўсяго беларускага. Цяжка сказаць, куды гаспадаром больш укладзена душы: у малдаўскі ці беларускі падворак.

Здзіўляешся магчымасцям усяго толькі аднаго чалавека, калі ён апантаны добрымі памкненнямі, нацэлены на стваральнасць. На новым месцы, кажа Васіль Мікалаевіч, ён не адчуў ніякіх перашкод у здзяйсненні сваіх мараў. На Беларусі і ў яго, і ў яго дзяцей ёсць магчымасць самарэалізавацца ў поўнай меры. Засмучае няўрымслівага чалавека хіба толькі тое, што часу на ўсё малавата.

Святы на сядзібе Васіля Семенюка вылучаюцца нацыянальным характарам і прысвячаюцца звычайна Дню незалежнасці Малдовы, роднай мове і нават… маладому віну — таму, што блізка сэрцу кожнага малдаваніна. Нездарма сваім удзелам іх заўсёды падтрымліваюць Пасольства Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Георге Хіаарэ, прадстаўнікі грамадскага аб'яднання малдаван у Рэспубліцы Беларусь разам са старшынёй Антанінай Валько.

Усе яны — Дзмітрый Ліку, Пётр Капмаале, Мікалай Фёдараў, Ганна Казлоўская, Георгій Пушкаш — людзі самадастатковыя. Жыццё рознымі шляхамі прывяло іх з Малдовы ў Беларусь. І яны шмат аддалі нашай краіне. Цяпер наша рэспубліка і для іх, і для іх дзяцей — сапраўдная Радзіма, якая прыняла іх, як родных. Але любую сэрцу Малдову ім ніколі не забыць. Як кранальна гучыць гісторыя пра каханне на нацыянальным свяце «Мэрцішор»! Якая смаката гэта каша — мамалыга! І якая асалода ў глытку маладога віна, дзе з'ядналіся ў букет усе сокі зямлі! Вось такія падарункі ўзбагачаюць нашу беларускую культуру, жыццё, робяць яго больш каларытным і змястоўным.
За святочным сталом чаргуюцца малдаўскія і беларускія тосты. Гучаць жарты, зразумелыя ўсім. І славутую песню «Кодры» ўсе спяваюць разам. Якія ж мы аднолькавыя ў сугуччы сваіх сэрцаў…

Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».