Вы тут

Саюз аднадумцаў


У 2005 годзе да Дзяржынскай птушкафабрыкі быў далучаны ў якасці філіяла СПК «Пяцігор'е». У выніку прадпрыемства перайменавана ў адкрытае акцыянернае таварыства «Агракамбінат «Дзяржынскі». Ініцыятарам гэтага саюза выступіў тагачасны дырэктар птушкафабрыкі Сямён Барысавіч Шапіра. Справа ў тым, што птушкафабрыка вымушана была закупляць каля 35 тыс. тон зернефуражу штогод, паколькі не мела сваіх сельгасугоддзяў для вырошчвання зерневых культур. А гэта, як вядома, вельмі адчувальны фінансава артыкул расходаў. Новы філіял павінен быў часткова папоўніць кармавую базу. І, як паказаў час, гэтае рашэнне было правільным. Неўзабаве да агракамбіната былі далучаны сельскагаспадарчыя філіялы «Фалько-Агра», «Іскра-Агра», «Праўда-Агра», філіял «Негарэльскі камбінат хлебапрадуктаў», а пазней — ААТ «Рыбная гаспадарка «Хотава». Зліццё гэтых прадпрыемстваў у адно цэлае завяршылася падчас кіраўніцтва Леаніда Канстанцінавіча Зайца, які цяпер займае пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Менавіта пры ім практычна ў два з паловай разы павялічылася вытворчасць зерня — да 32 тыс. тон у год, вытворчасць мяса птушкі склала 52 тыс. тон, ялавічыны — 1600 тон, а надоі дасягнулі амаль 28 тыс. тон малака. У выніку было атрымана больш за 1 трлн выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. На змену былому кіраўніку прыйшоў Іосіф Мікалаевіч Палачанін, які прымнажае дасягнутыя яго папярэднікамі набыткі.

1380232125257_1

Пасевы кукурузы штогод прыносяць гаспадарцы важкі прыбытак.
На адным з такіх ураджайных палеткаў быў зроблены гэты здымак:
кіраўнік гаспадаркі Пётр ЯРЫЖЭНЕЦ гутарыць з галоўным аграномам
Дзмітрыем ЗУЕВЫМ і механізатарам Сяргеем НОВІКАМ.

Кааперацыя плюс мадэрнізацыя

Дырэктарам філіяла «Пяцігор'е» ў студзені 2009 года быў прызначаны Пётр Ярыжэнец, які на той час меў багаты вопыт кіраўніцтва сельгасарганізацыяй. Калі Пётр Пятровіч узначаліў гаспадарку, надой на адну карову складаў 5800 кілаграмаў малака за год. На працягу двух апошніх гадоў надоі павялічыліся да 8300 кілаграмаў, а ўраджайнасць масланасення рапсу ўзрасла з 38 да 59,1 цэнтнера з гектара. Ураджайнасць збожжавых культур склала 61 цэнтнер з гектара. Нядрэнныя і ўраджаі кукурузы. Сёлета на зялёны корм плануецца нарыхтаваць 21 тыс. тон сіласу (пры ўраджайнасці 440-480 цэнтнераў з гектара, а зерня — 90 цэнтнераў з гектара) і намалаціць 3,5 тыс. тон зерня кукурузы.
І дасягнуць такіх паказчыкаў удалося, як адзначае кіраўнік, за кошт укаранення новых сучасных тэхналогій, падыходаў да вытворчасці прадукцыі, арганізацыі працы і выкарыстання новай тэхнікі, мінеральных угнаенняў. А галоўнае — тут падабраны адукаваныя кадры, спецыялісты, якія пастаянна вучацца, пераймаюць найлепшы замежны вопыт і дасягненні навукі. Напрыклад, у гаспадарцы падтрымліваюць цесныя стасункі з Навукова-практычным цэнтрам па земляробстве Нацыянальнай акадэміі навук, што месціцца ў Жодзіне. Менавіта гэтае дае магчымасць выкарыстоўваць новыя гатункі і гібрыды культур, насенне.
— А што дала філіялу менавіта кааперацыя? — звяртаюся да Пятра Ярыжэнца.
— Дзякуючы холдынгу, мы практычна не бяром банкаўскія крэдыты, а зерне прадаём птушкафабрыцы па сабекошце. У сваю чаргу птушкафабрыка забяспечвае нас мінеральнымі ўгнаеннямі і ядахімікатамі, дапамагае тэхнікай. І нашы работнікі ўдзячны Сямёну Барысавічу Шапіру, які стаяў каля вытокаў гэтага саюза, Леаніду Канстанцінавічу Зайцу, які завяршыў справу свайго папярэдніка, і Іосіфу Мікалаевічу Палачаніну, які рухае яе далей. Ад гэтага ўсе толькі выйгралі, як сельгасфіліялы ў цэлым (якія ведаюць, колькі і па чым купяць у іх зерне — няма праблем са збытам), так і кожны работнік. Людзі маюць магчымасць добра зарабляць, толькі працуй, не лянуйся.
Сёння ў філіяле «Пяцігор'е» працуе 110 чалавек, сярэдняя зарплата за мінулы год склала па гаспадарцы 5 тыс. 300 рублёў, а ў механізатараў — звыш 8 тыс. рублёў; даяркі ж за 15 працоўных дзён зарабляюць да 4,8 млн рублёў. І гэта вынік вытворчай дзейнасці. Напрыклад, надой на адну фуражную карову летась склаў 8360 кілаграмаў, сярэднясутачныя прывагі на адкорме буйной рагатай жывёлы — 670 грамаў, а на адкорме цялушак да года і бычкоў — 800-900 і 1000 грамаў адпаведна. Ад гаспадарчай дзейнасці за 8 месяцаў атрымалі 5 млрд 676 млн чыстага прыбытку.

Камфорт для жывёлы і работнікаў

У філіяле дасягнулі еўрапейскага ўзроўню гаспадарання. Гэта тычыцца як раслінаводства, так і жывёлагадоўлі. Сёння заканчваецца рэканструкцыя малочнатаварнай фермы «Станькава». Работы вядуцца гаспадарчым спосабам. Якасць будаўніцтва кантралююць служба нагляду і вытворча-тэхнічная. Калісьці на гэтым месцы быў кароўнік. Кароў перавялі ў новы рэканструяваны будынак, а сюды да 1 лістапада завязуць 300 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы на дагадоўлю і адкорм.
У 2012 годзе ў філіяле пасля рэканструкцыі і ўвядзення другой чаргі на поўную магутнасць запрацавала малочнатаварная ферма «Забалацце», дзе ўтрымліваецца 3200 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 896 кароў, якіх абслугоўваюць усяго 38 чалавек. Тут абсталяваны дзве новыя даільныя залы «елачка» нямецкай фірмы «Вестфалія», кожная прызначана для адначасовага даення 12 рагуль. Сюды перавялі жывёлу са старых фермаў, якія закрылі. Кароўнік і цялятнікі ўзводзілі таксама гаспадарчым спосабам за кошт асабістых сродкаў, месца для ўтрымання адной жывёліны каштавала на той час 1 млн 300 тыс. рублёў. У памяшканнях створаны не толькі камфортныя ўмовы для ўтрымання жывёлы, але і для работы даярак, даглядчыкаў: ёсць раздзявальня, пральная машына-аўтамат, душ, цёплы туалет. На комплексе створаны цалкам закрыты цыкл вытворчасці. А самі збудаванні ўзведзены з лёгкіх танных канструкцый, хутка акупляюцца.
Дадам, што менавіта з мадэрнізацыі і пераўзбраення малочнатаварнага комплексу і пачаў сваю дзейнасць на пасадзе дырэктара філіяла Пётр Ярыжанэц. Зроблены новыя сянажныя траншэі для захоўвання 30 тыс. кармоў, рэканструяваны памяшканні на 600 галоў жывёлы, пабудавана 8 новых цялятнікаў на 1600 месцаў для беспрывязнога ўтрымання жывёлы.

За набыткамі — праца ўсяго калектыву

— Бясспрэчна, не магу пералічыць усіх, хто зрабіў свой унёсак у агульны набытак, — гаворыць дырэктар. — Усе працаўнікі заслугоўваюць добрага слова. Але не магу не згадаць найлепшых, сапраўдных прафесіяналаў у сваёй справе, — адзначае Пётр Пятровіч. — Вельмі прафесіянальны ў філіяле калектыў механізатараў, многія з іх маюць інжынерную адукацыю. Трактарысты-машыністы Уладзімір Цішкоў на трактары «Фэнд-930» за восень пасеяў 1,5 тыс. гектараў палеткаў, Валерый Каткавец заараў 1200 гектараў пад азімыя, Ігар Ахрамовіч на «Ягуары-900» падабраў каля 7 тыс. зялёнай правяленай масы і столькі ж зялёнай масы кукурузы, Мікалай Жызнеўскі закультываваў 1,5 тыс. зямлі. Віталь Ласіцкі, неаднаразовы пераможца абласнога спаборніцтва сярод маладых камбайнераў, удзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла «Дажынкі».
Вялікія набыткі і ў начальніка цэха земляробства Дзмітрыя Зуева, у сельгасарганізацыі ён восем гадоў. Працаваў па размеркаванні ў Стаўбцоўскім раёне, папрасіўся на работу ў філіял «Пяцігор'е», паколькі чуў, што тут фарміруюць каманду спецыялістаў. Дзмітрый Леанідавіч прайшоў прыступкі прафесійнага росту ад брыгадзіра, аграхіміка, агранома да галоўнага агранома.
— Каб атрымаць добры ўраджай, трэба вытрымліваць усе агратэхнічныя тэрміны, цалкам тэхналогію, сачыць за культурай земляробства. Апошнім часам у нас прыцягнута ў севазварот больш за 150 гектараў зямлі, якая не выкарыстоўвалася людзьмі. Палі заворваем практычна да дарогі. Зусім не таму, што нам не хапае зямлі. Проста дарожнікі не хочуць абкошваць узбочыны. А насенне пустазелля тым часам рассяваецца па палях, і з гэтым вельмі цяжка змагацца, — канстатуе галоўны спецыяліст.
Шмат выдатных спецыялістаў і ў жывёлагадоўлі. Гэта даяркі Лідзія Калыхан, Ала Філіпенка, начальнік цэха жывёлагадоўлі Святлана Губарава, ветурач-гінеколаг Дзяніс Губараў, галоўны ветурач Дзмітрый Палевікоў. Дзмітрый Мікалаевіч закончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, пераддыпломную практыку праходзіў у Дзяржынскім раёне і шмат чуў пра філіял «Пяцігор'е». Пасля заканчэння навучальнай установы папрасіўся менавіта сюды. Жонка Таццяна таксама ветурач па адукацыі, працавала ў філіяле 8 месяцаў, а цяпер — у дэкрэтным, даглядае дачушку Соф'ю. Маладыя задаволены і работай, і бытавымі ўмовамі. Гаспадарка выдзеліла ім службовае добраўпарадкаванае жыллё з усімі выгодамі.
— Асаблівая ўдзячнасць бухгалтарскай службе: у галоўнага бухгалтара Жанны Клімавай заўсёды поўны парадак з дакументамі, улікам, справаздачнасцю. Жанна Аляксееўна больш за 20 гадоў працавала ў Мінску, там выраслі яе дзеці. Але вярнулася ў вёску Кляноўку даглядаць хворую матулю. Ды так і засталася. Вопытнаму спецыялісту прапанавалі пасаду галоўнага бухгалтара, — гаворыць дырэктар. — Эканаміст Таццяна Тарантухіна прыехала ў «Пяцігор'е» маладым спецыялістам. Прыжылася тут, займела ў калектыве аўтарытэт сваім стаўленнем да працы: яна старанна ўсё пралічвае, каб больш сэканоміць і атрымаць прыбытак.

1380232127386_2

Вытворчыя паказчыкі

Прадукцыя ў супастаўных цэнах склала 41 млрд 649 тысяч — 103% да адпаведнага перыяду 2012 года, выручка ад рэалізацыі — 28 млрд 944 млн (рост да леташняга перыяду — 134%), у тым ліку ў жывёлагадоўлі — 115%, раслінаводстве — 143%. Атрымана 35 млрд 318 млн разліковай выручкі — адпаведна, рост — 138%. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства —
3,5 млрд рублёў, жывёлагадоўлі — 1 млрд 859 млн рублёў (усяго 5 млрд 676 млн рублёў). Рэнтабельнасць вытворчасці 22,6 %, у тым ліку ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі — 20%, раслінаводства — 42%. За 8 месяцаў выручка на аднаго працоўнага склала 359 млн рублёў (у параўнанні з леташнім аналагічным перыядам вырасла на 113%), а сярэдняя зарплата сёлета — 6 млн рублёў, за мінулы год — 5 млн 300 тыс. рублёў.

Спрычыніцца да гісторыі і адпачыць

Не ўсе ведаюць, што на тэрыторыі філіяла «Пяцігор'е» знаходзіцца вельмі цікавы аб'ект — Цэнтр экалагічнага турызму «Станькава» агракамбіната «Дзяржынскі». Цэнтр параўнальна малады. Яго будаўніцтва пачалося паводле ўказа кіраўніка дзяржавы ў 2008 годзе. А ў 2011-м ён прыняў першых наведнікаў. Ёсць тут заасад, дзе жывуць свойскія і экзатычныя птушкі, як страусы, афрыканскія паўліны, куры парод брама, халмагорскія гусі, мускусныя качкі, фазаны. У доміках-вальерах размясціліся зубры, ваўкі, плямістыя алені, авечкі камерунскіх парод, в'етнамскія свінні. Летась тутэйшую сям'ю прадстаўнікоў фаўны папоўніла медзведзяня, якое знайшлі ў віцебскіх лясах паляўнічыя. Жыве малое ў вальеры разам з сабакам, каб не было сумна.
Цэнтр уяўляе сабой шэраг тэматычных пляцовак: каняферма, ваенна-гістарычныя комплексы «Партызанскі лагер», «Мінскі ўмацаваны раён», атракцыёны, гасцявыя домікі і лазня, кавярні «Сонечная» і «Мішутка», гасцявыя домікі. У парку распрацаваны экалагічныя і інтэрактыўныя маршруты, для ахвотнікаў экстрыму абсталяваны джып-парк, траса для квадрацыклаў. І самае галоўнае, што тут зімой працуе рэзідэнцыя Дзеда Мароза, а летам — музей Дзеда Мароза з яго назіральнікам Лесуном.
Словам, ёсць што паглядзець і пачарпнуць шмат карыснага з гісторыі краю, жывёльнага свету. І проста адпачыць, падыхаць чысцюткім паветрам.

УНП 601059786

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».