Вы тут

ААТ «Крутагор'е-Петкавічы»: БРАЦЬ МАЛАКО БУДЗЕМ ПА-НОВАМУ


ААТ «Крутагор'е-Петкавічы» некалі было звычайным калгасам, які тройчы перажыў рэфармацыю і цяпер стаў магутным сельскагаспадарчым прадпрыемствам Мінскай вобласці. У раслінаводстве, павышэнні ўраджайнасці таго ж збожжа налета давядзецца крутагор'еўцам актыўна папрацаваць. А ў жывёлагадоўлі вось-вось будуць завершаны ўсе будаўніча-мантажныя работы па малочнатаварнай ферме і малочнатаварным комплексе. Безумоўна, гэта яшчэ больш умацуе добрыя вынікі рэнтабельнасці таварыства.

1380232149582_1

Ад поля да прылаўка

ААТ «Крутагор'е-Петкавічы», што ў Дзяржынскім раёне, пераўтварылася яшчэ ў 2011 годзе. Раней гэта быў калгас імя Дзяржынскага, пасля сельскагаспадарчае калектыўнае прадпрыемства, затым сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў, і, нарэшце, ААТ, якое ўвабрала ў сябе частку калгаса «Чырвоная зорка» і частку гаспадаркі «Райаграсэрвіса». Цяпер ААТ «Крутагор'е-Петкавічы» размяшчаецца на тэрыторыі амаль 7,4 га вакол горада Дзяржынска. Такое размяшчэнне лічыцца геаграфічна і эканамічна выгадным: тут праходзяць чыгунка і шаша ў напрамку Масква—Брэст.
— Гаспадарка ў раёне з'яўляецца адной з валаўтваральных, уваходзіць у колькасць базавых гаспадарак Мінскай вобласці, — расказвае дырэктар ААТ «Крутагор'е-Петкавічы» Юрый КЛІМАШ. — Рэнтабельнасць у цэлым па гаспадарцы складае 36,7 працэнта. Фактычна мы маем зараз замкнёны цыкл вытворчасці. Што называецца, ад поля да прылаўка. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі складаюць каля 6,7 тыс. га, ралля — 4,8 тыс. га, сад — 25 га, лугі — 1,9 тыс. га. Землі сельгасугоддзяў ацэньваюцца ў 37,5 бала, ралля — у 36,4.
Мы сеем каля 1230 га кукурузы, 2300 га — зерневых, 400 га — рапсу, 250 га — бульбы. Зерневыя дакупаем, паколькі для нашага пагалоўя патрабуецца 18 тыс. т зерня ў год, што ўдвая больш, чым мы можам вырасціць. А таму дзяржзаказ па зерню сёлета выканалі ўсяго на 300 т. У гаспадарцы ёсць свая лінія перапрацоўкі насення рапсу. Поўнасцю забяспечваем сябе рапсавай макухай і яшчэ прадаём частку іншым гаспадаркам раёна. Аднак набываем камбікорм, шрот. Перад такімі буйнымі гаспадаркамі, як наша, ставіцца задача максімальна забяспечваць сябе ўсім неабходным. Вядома, мы будзем імкнуцца да гэтага, хоць зямлі для рэалізацыі амбіцыйных планаў малавата. Будзем рабіць стаўку выключна на павышэнне вытворчасці, бо тут рэзерв якраз ёсць.
Павысіць ураджайнасць на 5-10 ц — цалкам магчыма, калі прыкласці крыху намаганняў. Ураджайнасць рапсу сёлета склала 33 ц/га, зерневых — 38 ц/га, што, па вялікім рахунку, няблага для гэтага не надта ўраджайнага з-за ўмоў надвор'я года. Аднак, аб'ектыўна кажучы, для нашай гаспадаркі гэта слабы вынік. На наступны год ставіцца задача атрымаць мінімум 50 ц/га тых жа зерневых. Прычым без асаблівых інвестыцый, выключна за кошт павышэння тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны, ідэальнага вытрымлівання тэхналогіі. Толькі за кошт гэтага мы павялічым ураджайнасць на 5-7 цэнтнераў, плюс — добрыя ўгнаенні, сродкі абароны.
Да таго ж зямлю ў нас кожны работнік любіць. Хоць адной любові тут будзе недастаткова. Ёсць і аб'ектыўныя ўмовы, якія мы не можам недаацэньваць. Гаспадарцы патрэбна не менш як 900 тыс. т дызельнага паліва ў год. Бензіну мы расходуем амаль у 9 разоў менш. Між тым кошт дызельнага паліва расце, а закупачныя цэны на мяса і малако — не.
Пагалоўе свіней складае зараз 22,5 тысячы, буйной рагатай жывёлы — 5980, дойны статак — 1890. Вырабляем 36,5 тыс. т малака ў дзень. Наогул у таварыстве працуе 5 комплексных брыгад, у склад якіх уваходзяць 7 жывёлагадоўчых ферм і 1 свінаводчы комплекс. Ёсць забойны і каўбасны цэхі. 60 працэнтаў мясной прадукцыі перапрацоўваецца ў гаспадарцы і рэалізуецца праз магазіны. Два магазіны знаходзяцца ў Фаніпалі, па адным — у Дзяржынску і Петкавічах.
Ёсць у нас і цэх па вытворчасці камбікармоў, сталярны цэх, тры зернесушыльныя пункты, бульбасартавальны пункт, склады для мінеральных угнаенняў, захоўвання сена, камбікорму, зерня і бульбы. Сёлета мы купілі за ўласныя сродкі тэхніку айчыннай і замежнай вытворчасці — энерганасычаны беларускі трактар 3522, высокавытворчую жняярку для ўборкі кукурузы на зерне да імпартнага камбайна «Лексіён», два кормараздатчыкі, здрабняльнік саломы, размеркавальнік мінеральных угнаенняў, малакавоз, два самазвалы МАЗ. Толькі за мінулы месяц у тэхніку інвеставалі каля 1 млрд рублёў уласных сродкаў.

1380232151738_2

Робат і падоіць, і абследуе

За ўласны кошт ААТ «Крутагор'е-Петкавічы» ажыццяўляе і рэканструкцыю рабатызаванай малочнатаварнай фермы ў вёсцы Дзягільна. Толькі самі робаты для абслугоўвання кароў каштавалі 6,5 млрд рублёў. Плюс — іншае спадарожнае абсталяванне, будаўніцтва новага памяшкання фермы. Увесь праект па рэканструкцыі абыдзецца таварыству недзе ў 12,5 млрд рублёў. Плануецца, што абедзве чаргі запрацуюць ужо ў кастрычніку.
На момант візіту журналістаў «Звязды» будаўнічыя работы былі цалкам завершаны, ішоў мантаж абсталявання. Першая чарга па абслугоўванні 162 галоў буйной рагатай жывёлы ўжо працавала. Робат выконвае, па сутнасці, усе неабходныя функцыі — пачынаючы ад кармлення, масажу вымені і да непасрэдна дойкі і кантролю якасці малака. Кантралююць працэс два чалавекі — жывёлавод і яго памочнік.
— Наша старая ферма пакуль яшчэ будзе працаваць, — удакладняе галоўны інжынер Аляксандр КІСІЦКІ. — Аднак паступова, з запускам другой чаргі, будзем прывучаць да рабатызаванай дойкі другую партыю маладых кароў. Наогул прынцып работы робата (нямецкай вытворчасці, айчыннай зборкі) заснаваны на нармальным рэфлексе. Карова ў такіх умовах адчувае сябе цалкам спакойна, паколькі, груба кажучы, не яна падладжваецца пад тэхніку, а тэхніка пад яе. Карова, што называецца, прыходзіць есці — па камбікорм. І ў гэты момант адбываецца дойка. Рагуля высокай удойнасці прыходзіць на даенне 4 разы, менш удойная — 3 разы. Робат не пачне дойку, калі не наспеў час. Тэхніка захоўвае ўсю інфармацыю па кожнай карове: колькі малака яна дала ў мінулы раз, якой якасці малако. Штораз малако «даследуецца», і калі яго якасць і бяспека аказваюцца нездавальняючымі (скажам, з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню антыбіётыкаў), робат збірае яго ў асобную ёмістасць, а на камп'ютары пазначае, што ў каровы праблема са здароўем...
Цягам наступных месяца-двух будзе запаўняцца і новы малочнатаварны комплекс замкнёнага цыкла на 720 галоў у вёсцы Вялікія Навасёлкі. Зараз тут таксама працуе толькі першая чарга на 360 галоў (300 галоў — дойны статак). Для ўзвядзення і запуску гэтага комплексу гаспадарка прыцягвала не толькі ўласныя фінансавыя рэсурсы, але і крэдытныя сродкі.

Аздараўленне ёсць, жыллё будзе

Ураджайнасць зерневых сёлета была сціплай, аднак асноўныя паказчыкі па жывёлагадоўлі нават прыраслі ў параўнанні з мінулым годам. Наогул самым рэнтабельным ва ўсіх падобных гаспадарках былі і застаюцца вытворчасць свініны і малака. Так, рэнтабельнасць свініны ў ААТ «Крутагор'е-Петкавічы» склала 17 працэнтаў, а малака — 53 працэнты.
— Толькі для пагалоўя свіней нам патрэбна каля 18 тыс. т камбікорму, а таму мы зацікаўлены трапіць у дзяржаўную праграму па закупцы зерня, якога нам не хапае, — адзначае бухгалтар Алена ЯНУШКА. — Плануем атрымаць з бюджэту на гэтыя патрэбы каля 10 млрд рублёў. Без такой падтрымкі ажыццявіць закупку будзе вельмі складана.
— Якія дадатковыя расходы панесла ваша гаспадарка ў сувязі з неабходнасцю прафілактыкі распаўсюджвання афрыканскай чумы?
— Дадатковыя расходы былі нязначнымі, паколькі мы свае комплексы наогул трымаем у самых добрых умовах з пункту гледжання санітарна-эпідэміялагічных нормаў. Ёсць на нашых комплексах і належныя сродкі дэзынфекцыі, і патрэбныя ветпрэпараты, і штат ветурачоў укамплектаваны. Наша таварыства вылучаецца адмысловым падыходам да мер бяспекі па ўтрыманні жывёл. Фактычна ў ліку дадатковых мер толькі паставілі дадатковы шлагбаум на адным з комплексаў і другую лінію агароджвання. А таксама звярнулі большую ўвагу на саміх работнікаў: раней яны маглі на абедзенны час пакідаць месца працы, а зараз застаюцца на ферме. Штодня выкарыстоўваецца чыстае адзенне. Зразумела, самім работнікам забаронена трымаць свойскую жывёлу, і наогул у межах 5 км ад гаспадаркі няма пагалоўя ў мясцовых жыхароў.
— Гаспадарка ўдзельнічае ў будаўніцтве жылля для сваіх работнікаў?
— З мінулага года будаўніцтва жылля ажыццяўляем толькі за ўласныя сродкі таварыства. На стадыі завяршэння будаўніцтва зараз знаходзіцца 12-кватэрны дом у аграгарадку Петкавічы — гэты дом узводзіцца з прыцягненнем крэдытных сродкаў. Крэдыт прадастаўлены пад 3 працэнты на 40 гадоў. Паралельна будуюцца два аднапавярховыя дамы прысядзібнага тыпу (гэта ўжо цалкам за ўласныя сродкі гаспадаркі) у вёсцы Дзягільна для работнікаў малочнатаварнай фермы. Дарэчы, чарга на паляпшэнне жыллёвых умоў у нас невялікая. Фактычна ўсе, каму неабходна службовае жыллё, яго атрымалі ці вось-вось атрымаюць.
— Што ўключае ў сябе сёння сацпакет?
— За адпрацаваны месяц супрацоўнік мае права на атрыманне 30 л малака і 8 кг мяса па сабекошце. Раз на год падчас выхаду ў водпуск кожнаму работніку — а іх у нас 460 — вылучаюцца сродкі ў памеры 10 працэнтаў ад гадавога фонду заработнай платы. Сёння гэта ад 5 да 7 мільёнаў рублёў. На ўсе пуцёўкі, якія раён прапануе для санаторна-курортнага лячэння, мы выдаткоўваем свае даплаты, і раз на год работнікі могуць прайсці аздараўленне абсалютна бясплатна. Набываем і курсоўкі для праходжання лячэння і рэабілітацыі ў Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, што ў Мінску.
Наогул у склад таварыства ўваходзяць 23 вялікія і малыя населеныя пункты. На тэрыторыі пражывае амаль 950 сем'яў, ёсць дзіцячы садок і школа. У якасці шэфаў прапануем падарункі дзецям да свят, а самой школе — агародніну. Малако і мяса школа і садок набываюць у нас за кошт раённага бюджэту. Матулям, якія павялі сёлета ў школу першакласнікаў, дапамаглі з набыццём школьных прылад — вылучылі на гэтыя мэты па 600 тысяч на дзіця.

1380232157139_3

Каўбаска з гарантыяй

У 1992 годзе пачаў працаваць каўбасны цэх. За чатыры апошнія гады адгрузка гатовай прадукцыі вырасла ўдвая. Штодня цэх перапрацоўвае і адгружае каля 3 т мяса і мясных вырабаў. Вытворчыя магутнасці задзейнічаны поўнасцю.
— Мы пакуль не маем тэхнічных магчымасцяў для імклівага нарошчвання вытворчасці, — удакладняе начальнік мяса-каўбаснага цэха Марына ХАМЁНКА. — Калектыў — усяго 20 чалавек. Якасць і бяспека нашай прадукцыі гарантаваны. Праверкі ажыццяўляе дзяржынская санітарна-эпідэміялагічная служба, а раз у паўгода — Інстытут мяса-малочнай прамысловасці ў Мінску. Мы не выкарыстоўваем ніякіх штучных дабавак, не дадаём сою. Прадукцыю бяруць на рэалізацыю прыватнікі, дзяржгандаль Дзяржынска, Слуцка і Узды. Як паказвае работа фірменнага гандлю, нашы мяса і каўбасныя вырабы — усяго каля 60 найменняў — карыстаюцца вялікім попытам.

УНП 600112675

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.