Вы тут

Шкодныя ўмовы працы: выбар спосабу кампенсацыі — за Работнікам


Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, каментуючы ўказ ад 25 верасня 2013 года №441 «Аб некаторых пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання і пенсійнага забеспячэння».

«Указ накіраваны на прадастаўленне асобным катэгорыям работнікаў, якія маюць працяглы стаж работы ў шкодных умовах працы да 1 студзеня 2009 года, права на назначэнне льготнай пенсіі ў агульнай пенсійнай сістэме ўзамен датэрміновай прафесійнай пенсіі ў сістэме прафесійнага пенсійнага страхавання», — адзначыла Мар'яна Шчоткіна.

З 1 студзеня 2009 года ў рэспубліцы ўведзена прафесійнае пенсійнае страхаванне (ППС) асоб, занятых у неспрыяльных для здароўя ўмовах працы. Фарміраванне прафесійных пенсійных правоў і, адпаведна, выплата датэрміновых прафесійных пенсій, ажыццяўляецца за кошт сродкаў работадаўца. Права на такія пенсіі ўзнікае ў работнікаў, якія выпрацавалі не менш як палову неабходнага прафесійнага стажу. Але пры гэтым страчваецца права на льготную пенсію ў агульнай пенсійнай сістэме. Памер датэрміновай прафесійнай пенсіі ўвязаны непасрэдна з сумай узносаў, выплачаных работадаўцам за канкрэтнага работніка за перыяд да даты выхаду на датэрміновую прафесійную пенсію.

«Першымі права на датэрміновую прафесійную пенсію набылі жанчыны, занятыя на работах па спісе №1, — адзначыла міністр. — На бягучую дату іх прафесійны стаж перавышае неабходную палову. Сфарміраваныя за кароткі тэрмін пенсійныя зберажэнні з невысокіх страхавых узносаў не даюць магчымасці назначаць высокія прафесійныя пенсіі ў пераходным перыядзе. Таму, дасканала прапрацаваўшы пытанне, урад звярнуўся з прапановай да Прэзідэнта аб прадастаўленні дадатковых пенсійных гарантый асобным катэгорыям работнікаў, якія адпрацавалі працяглы перыяд у асаблівых умовах працы. Прэзідэнт падтрымаў унесеныя прапановы і даручыў ураду распрацаваць адпаведны дакумент».

Указам прадугледжваецца, што работнікі, занятыя ў шкодных умовах працы па спісах №1 і № 2, якія да ўвядзення прафесійнага пенсійнага страхавання адпрацавалі не менш за палову спецыяльнага стажу, неабходнага для назначэння льготнай пенсіі па законе «Аб пенсійным забеспячэнні», маюць права на гэту пенсію са сродкаў агульнай пенсійнай сістэмы. Пры гэтым працягласць прафесійнага стажу не мае значэння.

Што датычыцца іншых работнікаў, занятых у шкодных умовах працы і асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці, якія да 1 студзеня 2009 года адпрацавалі менш як палову спецыяльнага стажу (гэта і тыя, хто зусім не мае спецыяльнага стажу да названай даты), то ўказам ім прадастаўляецца права выбраць спосаб кампенсацыі занятасці ў такіх умовах. Так, работнік можа аддаць перавагу таму, каб у яго фарміравалася права на датэрміновую прафесійную пенсію (дадатковую прафесійную пенсію). Для гэтага работадавец будзе выплачваць за гэтага работніка абавязковыя ўзносы на прафесійнае пенсійнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Або работнік можа выбраць штомесячную даплату да заработнай платы ў перыяд «шкоднай» работы. Яе памер вызначаецца работадаўцам, але не можа быць меншым за суму яго ўзносу на прафесійнае пенсійнае страхаванне за гэтага работніка. Гэта значыць узносы, якія належалі б да выплаты ў фонд, будуць выплачвацца непасрэдна работніку. Адпаведна, права на датэрміновую пенсію ў работніка фарміравацца не будзе. Свой выбар работнік рэалізуе праз падачу свайму работадаўцу адпаведнай заявы.

Яшчэ адна мера, прадугледжаная ўказам, — павышэнне тарыфаў узносаў работадаўца на прафесійнае пенсійнае страхаванне работнікаў, занятых на работах па спісе №1, з 4,8 працэнта да 9 працэнтаў, па спісе №2 — з 2,6 працэнта да 6 працэнтаў. Новыя тарыфы на ППС пачнуць дзейнічаць для работадаўцаў з 2014 года. Такая мера прынята з улікам шматлікіх просьбаў у мэтах павышэння памераў будучых прафесійных пенсій.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?