Вы тут

ЗРАБІЎ ПРАЦУ — АКАЗАЎСЯ НЕЗАПАТРАБАВАНЫМ?..


Праблема, уласна кажучы, у тым, што мы самі не ведаем свой тэатр. Вось прозвішчы беларускіх драматургаў і рэжысёраў — Яўген Карняг, Мікалай Рудкоўскі, Дзмітрый Багаслаўскі, — якія зрабіліся сапраўднымі трэндамі ў блізкім замежжы.

Людміла САЯНКОВА, загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ, захапляецца смеласцю і эфектыўнасцю працы дырэкцыі фестывалю «ТэАрт». Яны прывозяць у Мінск самыя цікавыя спектаклі з усяго свету. І галоўная задача дзяржавы тут — хаця б не перашкаджаць. А то ў нас часта як: зрабіў працу — аказаўся незапатрабаваным ды яшчэ і вінаватым у нечым...

Але шкада аднаго: «ТэАрт» хоць і абагнаў па якасці і маштабе два іншыя буйныя тэатральныя форумы краіны — «Белую вежу» (Брэст) і «М.@рт.кантакт» (Магілёў) — але так і не стаў у Беларусі набыткам. Зрэшты, як і іншыя высокакультурныя падзеі.

— Без культуры немагчыма нічога! Але нашае грамадства не культураарыентаванае. З гэтага вынікае шмат нашых праблем... — пераканана Людміла Саянкова.

У прыватнасці, наша тэатральная сітуацыя вельмі спецыфічная. Вось Анжаліка КРАШЭЎСКАЯ, дырэктар Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпрэйшн», які займаецца арганізацыяй фестываляў «ТэАрт» і «Лістапад», кажа, што наш тэатр тэхнічна адстае ад еўрапейскага гадоў на 30. І што ў нас вечная праблема з альтэрнатыўнымі пляцоўкамі.

1380232329382_27-10

Вось сапраўды, калі прыязджаюць да нас паказваць нейкі эксперыментальны спектакль, то, часцей за ўсё, даводзіцца ладзіць яго недзе ў клубе, у канцэртнай зале, на стадыёне. Таму што тэхнічныя патрабаванні бываюць самыя розныя, а сцэны нашых галоўных тэатраў не заўжды пад гэта прыстасаваныя. Але сцэны — гэта яшчэ паўбяды. Прывезці спектакль у Беларусь недзяржаўнай арганізацыі, якой з'яўляецца «АРТ Карпарэйшн», бывае настолькі складана, што даводзіцца пераадольваць непераадольнае. Безліч паперак, у кожнай інстанцыі ад вас патрабуюць нешта новае і заўжды непрадказальнае. А ўсё таму, што не ўрэгулявана заканадаўства ў гэтай галіне.

— Ну, пацярпіце, пацярпіце, — спрабуе супакоіць расстроеных тэатралаў першы намеснік міністра культуры Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ. — Неўзабаве мы дапрацуем закон аб дзяржаўных закупах, і ўсё наладзіцца.

Адчайна верым. Бо хочацца, каб дзяржаве таксама было патрэбна мастацтва. І беларускае мастацтва ў тым ліку. І каб яна прыслухоўвалася да людзей, якія сапраўды ў нечым разбіраюцца, а не да тых, хто ладзіць інтрыгі і зайздросціць.

Вось Віктар БАБАРЫКА, старшыня праўлення Белгазпрамбанка, — сапраўдны тэатрал. Арганізацыя, якую ён узначальвае, з'яўляецца адным з арганізатараў тэатральнага форуму «ТэАрт». Сам Віктар Дзмітрыевіч наведвае бадай кожны спектакль. Гэта сапраўды варта таго, каб браць прыклад. Таму што часам мецэнаты ў Беларусі альбо даюць грошы на культуру чыста для «галачкі», альбо, што яшчэ горш, таму, што іх прымусілі. Выпадак з «ТэАртам» — прыклад сапраўднай шчырай зацікаўленасці. Такім было мецэнацтва ў нашай краіне спрадвеку. Радзівілаў прыгадайце хаця б.

— Усё з'явілася з-за пачуцця сораму! — гаворыць Віктар Бабарыка. — Аднойчы мне стала сорамна, што ў нас няма твораў прадстаўнікоў Парыжскай школы з Беларусі. І мы вырашылі набыць іх карціны для калекцыі Белгазпрамбанка. Потым мне стала сорамна, што ў Беларусі няма вартага буйнога тэатральнага форуму. І мы вырашылі стварыць «ТэАрт». Падтрымка культуры — гэта агульначалавечая практыка. Так і павінна быць. Дзяржава ў гэтым мусіць недзяржаўным ініцыятывам толькі спрыяць. Заканадаўства павінна ў гэтым дапамагаць. Яно павінна стварацца для сумленных людзей, а не па прынцыпе «абы жулікі сабе якой выгады не знайшлі». Таму што фарміраванне культурнага асяродку — задача дзяржавы. І я, па шчырасці, не ведаю яе пазіцыю на гэты конт. Калі ёй гэта трэба (а дэкларуецца, што нібыта трэба), то мне тады некаторыя рэчы не зразумелыя...

А што тэатр? Тэатр — гэта мы. Пасля тэатра наступае рэальнасць. І мы здольныя на яе ўплываць.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.