Вы тут

З паўналеццем, “Вежа”!


У горадзе над Бугам прайшоў ХVІІІ міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”.

Правілы і ўмовы

Брэсцкі форум даўно зрабіўся тэатральнай візітнай карткай не толькі абласнога горада, але і ўсёй Беларусі. Сёлета на яго было даслана больш як 200 заявак, але ў канчатковую праграму ўвайшло толькі 22 спектаклі з 13 краін. Гэтым разам дырэкцыя на чале з Аляксандрам Козакам, кіраўніком Брэсцкага тэатра драмы, пайшла на эксперымент і вырашыла адмовіцца ад журы. Запрошаныя крытыкі з Беларусі, Літвы, Расіі і Эстоніі абіралі пераможцаў у намінацыях “Лепшая мужчынская роля” і “Лепшая жаночая роля”. Усе тэатралы маглі галасаваць за пераможцу ў намінацыі “Выбар гледачоў”. А ўладальнік Гран-пры вызначаўся саветам фестывалю, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі аргкамітэта “Вежы”, СМІ, а таксама крытыкі.

Афіша форуму была сфарміравана па некалькіх накірунках: міжнародная праграма, Нацыянальная тэатральная прэмія на “Белай Вежы” (паказы ажыццёўлены пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь) і польскі тэатр на “Белай Вежы” (пры падтрымцы Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце, Інстытута Польскага ў Мінску і Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве). А цяпер — больш падрабязна пра самыя адметныя спектаклі.

белая вежа

Лепшае

Адной з “разынак” міжнароднай праграмы сталі “Антыцелы” Тэатра-фестывалю “Балтыйскі дом” (Санкт-Пецярбург), якія сёлета перамаглі на расійскай “Залатой масцы” у намінацыях “Лепшы драматычны спектакль малой формы” і “Выбар крытыкаў”. Гісторыя забойства студэнта-антыфашыста Цімура Качаравы паказана па ўсіх правілах дакументальнага тэатра. У аснове спектакля – тэксты інтэрв’ю з маці Цімура і яго дзяўчынай, з забойцам і маці апошняга, следчым, сведкамі. Да таго ж кінарэжысёр Міхаіл Патласаў, для якога “Антыцелы” сталі першай работай у тэатры, выкарыстаў метады кінамантажу і спраецыраваў інтэрв’ю з героямі на экран. Стваральнікі спектакля падводзяць гледачоў да ўсведамлення, што вінаватымі ў забойстве з’яўляецца як грамадства, так і ўсе, каго закранулі падзеі. Нездарма дзяўчына Цімура кажа, што “гвалт заўжды нараджае гвалт. Калі ты неяк дзесьці (…) паўдзейнічаў гвалтам на знешняе асяроддзе, яно (…), так ці іначай, адкажа”. Таму калі частка гледачоў перад спектаклем трактуе гісторыю праз катэгорыі “ка

ты” – “ахвяра”, дык пасля яго ўсё падаецца не такім адзначным. Вольга Бялінская, якая сыграла ролю Маці забойцы, была ўганаравана дыпломам “За лепшую жаночую ролю”.

Стары нацыянальны тэатр імя Хелены Маджыеўскай у Кракаве прапанаваў гледачам мультымедыйны спектакль “Партрэты польскіх каралёў”. Наватарства пастаноўкі выявілася ў форме прадстаўлення матэрыялу. Сцэна амаль заўсёды была закрытая экранам. На ім трансліравалася дзеянне, якое адбывалася на той жа сцэне, у падвалах і калідорах тэатра, на вуліцы і адразу ж здымалася на камеру. Завязкай сюжэта стала спроба Ганса Франка, нямецкага намесніка на акупаванай польскай тэрыторыі падчас Другой сусветнай вайны, абвясціць сябе польскім каралём. Тады рэальныя польскія каралі – ад Мешкі, які прыняў хрысціянства, да Станіслава Аўгуста Панятоўскага – пачынаюць перашкаджаць гэтаму. Рэжысёр Кшыштаф Гарбачэўскі ўздымае праблемы часу, памяці, вечнасці ў дачыненні да выдатных асоб. Нездарма адна з гераінь кажа, што ў кожнага з каралёў ёсць два целы: першае, як у кожнага з людзей, мусіць памерці, другое — бессмяротнае, бо памяць пра такіх асоб захоўваецца заўсёды. Праз пастаноўку праходзіць ідэя прадвызначанасці гісторыі і марнасці намагання паўплываць на яе. Усе намаганні каралёў змяніць уласны лёс бессэнсоўныя, яны ўсё роўна дзейнічалі так, як у мінулым. Таму і памкненне Франка “перапісаць” гісторыю асуджана на правал. Спектакль перамог у намінацыі “Лепшы тэатральны эксперымент”.

Адметнасцю сёлетнай “Белай Вежы” стаў першы візіт у Беларусь знакамітай Школы драматычнага мастацтва, у свой час заснаванай легендарным рэжысёрам Анатолем Васільевым. Яго вучань Канстанцін Мішын прадставіў спектакль “Мцыры”. Тэатральная інтэрпрэтацыя аднайменнай паэмы Лермантава была вырашана праз стыль physical theatre, які спалучае кантактную імправізацыю, баявыя мастацтвы і танец. Знешне “Мцыры” падаўся вельмі эфектнай, стыльнай пастаноўкай, чыя харэаграфія (дарэчы, пастаўленая з выкарыстаннем бамбукавых палак, камянёў і нават сярпоў) выклікала захапленне і адпавядала рэжысёрскім задачам. Але паэтычны тэкст існаваў асобна, абсалютна не гучаў і ў нечым нават перашкаджаў агульнаму ўспрыманню. Зрэшты, сам К. Мішын, які не толькі ставіў спектакль, але і ўвасобіў вобраз Мцыры Зрынутага, атрымаў дыплом “За лепшую мужчынскую ролю”.

Сваё трыумфальнае шэсце па міжнародных фестывалях прадоўжыла “Пікавая дама” Гродзенскага абласнога тэатра лялек, адзначаная ў Брэсце дзвюма ўзнагародамі: дыпломамі ў намінацыях “За лепшы спектакль малой формы” і “Выбар гледачоў” (у гэтай жа намінацыі гледачы таксама вылучылі прадстаўленне славацкага тэатра марыянетак “Геркулес, або заваёва пекла”). Спектакль Алега Жугжды скарыў і публіку, і спецыялістаў лёгкасцю, іранічнасцю, інтэлектуальнасцю. А ўвогуле — постмадэрнісцкай інтэрпрэтацыяй Пушкіна і Чайкоўскага.

Нарэшце, Гран-пры атрымала пастаноўка “Лэдзі Макбет” Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Літвы. Спектакль Альгірдаса Латэнаса стаў класічным прыкладам інтэрпрэтацыі шэкспіраўскай спадчыны праз традыцыі і фармальныя пошукі літоўскай рэжысуры.

Адным сказам

Сцісла згадаю пра некаторыя іншыя спектаклі. З беларускай праграмы найбольшы водгалас у аўдыторыі выклікала крыху сентыментальная пастаноўка “Аднакласнікі” Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Яна прывабіла зваротам да сучаснай айчыннай драматургіі (п’еса Ю.Чарняўскай), актуальнасцю і вастрынёй акрэсленых праблем (адзінота чалавека ў камп’ютарным свеце; стаўленне грамадства да аўтызму, на які пакутуе адзін з герояў).

На форуме адбыўся паказ дзвюх вулічных пастановак. “Сальта мартале” Тэатра Стрэфа Цішы з Познані было прысвечана знішчэнню культурных каштоўнасцей падчас Другой сусветнай вайны. А “Іоў” Львоўскага акадэмічнага духоўнага тэатра “Уваскраэнне” распавядаў гісторыю біблейскага героя Іова. Цікава, што апошні спектакль пастаўлены па п’есе Караля Вайтылы (Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ).

Асобныя пастаноўкі былі адрасаваныя дзіцячай аўдыторыі. Самае моцнае ўражанне пакінуў спектакль “Балтыка, або Сабака на ільдзіне” Муніцыпальнага тэатра мініяцюр з Гданьска. Гэта кранальная гісторыя сабакі, які выратаваўся пасля дрэйфу па моры. Пастаноўка прымусіла нават дарослых суперажываць галоўнаму персанажу (дарэчы, увасобленаму праз сапраўды фантастычную і абаяльную ляльку).

Спроба падагульнення

Каштоўнасць “Белай Вежы” бачыцца ў тым, што фестываль дае магчымасць убачыць лепшыя калектывы з Расіі і Польшчы, чым вельмі высока ўздымае планку мастацкіх патрабаванняў. Акрамя таго, адлюстроўвае надзвычай шырокі, сапраўды ўнікальны “зрэз” сусветнага тэатральнага працэсу. А яшчэ форум спрыяе ўсведамленню простай ісціны: мы – еўрапейцы, на якіх моцны ўплыў зрабіларасійская тэатральная культура. У той жа час убачаны тэатральны прадукт з краін Азіі і Афрыкі быў пабудаваны менавіта на нацыянальных, а зусім не на еўрапейскіх мастацкіх прынцыпах.

Нядаўна ў СМІ прайшло апытанне, прысвечанае стаўленню да такога кірунку ў развіцці сучаснага расійскага тэатра, як “новая драма” (у Беларусі яна прадстаўлена творамі Паўла Пражко, Дзмітрыя Багаслаўскага, Мікалая Рудкоўскага). Амаль усе кіраўнікі айчынных тэатраў не выявілі з гэтай нагоды вялікага энтузіязму. Хтосьці сцвярджаў, што не бачыць у “новай драме” мастацкай каштоўнасці. Іншыя супрацьпастаўлялі яе сусветнай ці беларускай класіцы. Адным з нешматлікіх выключэнняў стаў Брэсцкі тэатр драмы ў асобе Аляксандра Козака, які не толькі дэклараваў цікавасць да “новай драмы”, але і паяднаў словы са справай: калектыў прадставіў на форуме пастаноўку паводле п’есы Паўла Пражко “Ураджай”. Зразумела, “новая драма” – не панацэя ад усіх праблем сучаснага тэатра. Але зварот да яе сведчыць, што брэсцкі калектыў не адлучаны ад эксперымента і імкнецца ўлічваць апошнія тэндэнцыі ў развіцці сучаснага мастацтва. Без самой “Белай Вежы”, якая спрыяе развіццю айчыннага тэатра, такая сітуацыя была б немагчымай.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».