Вы тут

Калі занадта соладка, то не смачна...


Аднойчы стала сведкай таго, як адзін мужчына вучыў другога, што трэба рабіць, каб «зачапіць» жанчыну і дамагчыся ад яе ўзаемнасці. Першы, відавочна, быў пікаперам, і, як ён лічыў, вельмі вопытным, таму «аўтарытэтна» раіў другому, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях:

1380318721948_1

— Вось, напрыклад, калі яна набівае сабе цану, то неабходна паводзіць сябе так, каб у яе паменела ўпэўненасці ў сваёй жаночай прывабнасці — гэта значыць жанчыне трэба зрабіць вельмі балюча. Яна памучаецца і стане больш лагоднай. А яшчэ можна намякнуць, што ў яе, напрыклад, не вельмі дагледжаныя валасы, непрыгожая фігура ці таўставатыя ногі: маўляў, і ніякая ты не прыгажуня. Ці, наадварот, трэба спачатку здзівіць яе прызнаннем у каханні, а потым знікнуць на нейкі час: не тэлефанаваць, а калі раптоўна выпадкова сустрэнешся, дэманстратыўна абысці бокам. Яна абавязкова зацікавіцца: «А што ж такое адбываецца? Няўжо так хутка перастаў кахаць? Няўжо мяне можна так хутка забыць?» І сама табе «тэлефон абарве», дамагаючыся тваёй увагі.
— Па-мойму гэта глупства, — адказаў яго субяседнік. — Калі ты жанчыне не падабаешся, калі яна не жадае з табою блізкасці, то хоць танцуй вакол яе разам з народным ансамблем, гэта не дапаможа. Нам, мужчынам, толькі здаецца, што мы выбіраем жанчын, а на самой справе — усё наадварот. Гэта яны нас выбіраюць!
Мужчыны доўга спрачаліся, прыводзячы розныя аргументы, спрабуючы падмацаваць сваю пазіцыю, пакуль урэшце не высветлілася, што першаму з іх, Мікалаю, 43 гады, а ён ні разу не быў жанаты і не меў працяглых стасункаў з процілеглым полам. Так, закаханасцяў шмат, але нічога сур'ёзнага.
Калі праз некаторы час расказала пра пачутае сяброўцы, яна зусім не здзівілася, што «шматвопытны» Мікалай не мае ні сям'і, ні дзяцей, ні каханай жанчыны. «Ведаеш, мне такіх мужчын шкада. Яны ўяўляюць сябе вельмі вопытнымі спакушальнікамі, а на самой справе жанчыны шчоўкаюць іх, як арэхі. Я таксама мела вопыт сутыкнення з такім вось пікаперам. Нічога добрага з гэтага не атрымалася. Для яго. Хлопец да нашага з ім знаёмства два гады «сядзеў» на розных пікаперскіх сайтах. І нават уваходзіў у нейкае віртуальнае таварыства пікапераў. Зразумела, лічыў сябе вопытным спакушальнікам, сапраўдным донжуанам. Але калі паспрабаваў праверыць на мне свае «суперэфектыўныя прыёмчыкі», быў падняты на смех. Усе яго прыдумкі разбіваліся аб мой сарказм. Калі пасля трэцяга спаткання ў яго так і не атрымалася мяне спакусіць (а па ўяўленнях хлопца, я павінна была апынуцца ў яго абдымках яшчэ з першага разу!), ён здзіўлена спытаў, што зрабіў не так. Я адказала, што не трэба паводзіць сябе па-ідыёцкі. Зразумела, больш мы не бачыліся. Ён жывы-здаровы, але з суполкі пікапераў выйшаў. Праўда, пакуль не ажаніўся. Нават, наколькі ведаю, не мае дзяўчыны. Таму ўпэўнена, што ўсе гэтыя пікаперскія «прыёмчыкі» — глупства».
Усе прыёмчыкі, вядома, не дзейнічаюць. Але некаторыя даюць пэўны эфект. Вось, напрыклад, як у пікапераў, так і ў звычайных мужчын вельмі распаўсюджаны прыём, калі мужчына, каб выклікаць да сябе цікаўнасць, робіць выгляд, што абыякавы да жанчыны, цягне з адпаведнай рэакцыяй, крокамі, прымушае яе чакаць. І прадстаўніцы прыгожай паловы на гэта «ловяцца».
Хаця, з іншага боку, тактыка «маўчання ў адказ» дапамагае мужчынам толькі часткова. Мабыць, заўсёды лепш залатая сярэдзіна. Мужчына, які «паказальна» не рэагуе на жанчыну, раздражняе яе ў такой жа ступені, што і той, які за ёю «бегае», задорвае кветкамі і падарункамі. Тлумачэнне, на мой погляд, простае: калі з'есці шмат салодкага, то ўжо нават самыя смачныя цукеркі пададуцца лішкам, але калі пастаянна ўжываць у ежу прэснае, то гэта таксама надакучыць. Так і з адносінамі. На кожныя два крокі мужчыны насустрач жанчыне павінен прыходзіцца адзін крок у адказ з боку жанчыны. Такая вось правераная часам арыфметыка. Інакш гэта будзе гульня ў адны вароты. І абавязкова для некага скончыцца калі не трагедыяй, дык не вельмі прыемнымі наступствамі.

Алена КАЗІМІРАВА.

Пікап (англ. рісk uр — пазнаёміцца) — знаёмства з мэтай спакушэння; намеры і дзеянні, прызначаныя для эфектыўнага прыцягнення аб'екта супрацьлеглага полу.

Наш каментарый Лілія Ахрэмчык, псіхолаг:

1380318723621_2

Бязлітасны і прамалінейны

— Пікап — адна з тэхналогій маніпулявання. Гэта ўздзеянне на волю іншага чалавека. Зразумела, без яго згоды і ў абход свядомасці. Як след — знаёмства дзеля сексуальнага кантакту. Таму ўсур'ёз успрымаць пікапера небяспечна: ён можа нанесці чалавеку-ахвяры вельмі моцную псіхалагічную траўму. Прычым болю ў гэтым выпадку не пазбегнуць, бо мужчына ўздзейнічае на тонкія струны душы жанчыны. Упэўнена, што з пікапу нічога, акрамя падману, вырасці не можа. Ні пра якое каханне ў гэтым выпадку размовы не ідзе. У пікапе ў першую чаргу значэнне маюць мэты, дзеля якіх пікапер усталёўвае кантакт, знаёміцца. Ён не бачыць перад сабой рэальнага чалавека, а толькі аб'ект, ахвяру. Для пікапера важна адно: ці здолее ён дасягнуць сваёй мэты і як хутка.
З іншага боку, неабходна адрозніваць мужчынскі і жаночы пікап. Зараз існуе шмат курсаў для прадстаўніц прыгожай паловы, на якіх яны вучацца, як знаёміцца з мужчынам так, каб ён не зразумеў, што ініцыятыва сыходзіла ад жанчыны. І, безумоўна, слабую палову вучаць утрымліваць мужчыну. Мужчынскі пікап адрозніваецца ад жаночага бязлітаснасцю і прамалінейнасцю — усё робіцца выключна дзеля сексу. Некаторыя «майстры» мужчынскага пікапу настолькі ўдасканальваюць свае ўменні, што з поспехам авалодваюць не толькі целам, але і душой жанчыны. А такая перамога яшчэ больш салодкая.
Адрозніць пікапера ад іншых мужчын і проста, і складана адначасова. З аднаго боку, пікаперы нічым асаблівым не вылучаюцца, з другога боку — пікапер вывучае сваю ахвяру, выведвае маральныя каштоўнасці і погляды чалавека, а потым падстрайваецца да яго і размаўляе на адной з ім мове. Прычым тэхналогіі падстройкі адпрацаваны ў дэталях.
Калі жанчыне вельмі хочацца верыць у каханне з першага погляду, калі яна ўпэўнена, што можна ажаніцца на другі дзень знаёмства і што на свеце існуюць прынцы на белых конях, то ў такой прадстаўніцы прыгожай паловы вельмі шмат шанцаў стаць ахвярай пікапера.
Таму да любога новага знаёмства з мужчынам трэба ставіцца асцярожна! Калі вы цэлы дзень гутарылі з ім па тэлефоне, абменьваліся СМС-паведамленнямі, назаўтра ён знік і не з'яўляўся некалькі дзён (альбо тыдняў), а потым раптоўна патэлэфанаваў (прыйшоў) і пачаў вам расказваць пра сваю цяжкую хваробу, пра няшчасце з блізкімі ці аўтакатастрофу ў месцы, дзе тэлефонная сувязь недаступная, — смела гаварыце такому кавалеру: «Да пабачэння!». Вас спрабуюць падсадзіць «на кручок». Ці іншы прыклад. Усё так рамантычна-рамантычна, а потым — раз! — і вас нібы акацілі халоднай вадой. Гэта таксама гаворыць аб неадэкватных паводзінах мужчыны. У такім выпадку шукайце ў яго «адданых» вачах не каханне, а гульню. Калі ж яму ўжо ўдалося дасягнуць сваёй мэты і секс адбыўся, то, хутчэй за ўсё, мужчына знікне назаўсёды. Калі толькі ён не гуляе ў таталізатар на ўтрыманні вас на тры разы.
З цягам часу, дарэчы, у пікапера з'яўляецца характэрны погляд — гэтакі вальяжна-масляністы выраз вачэй з пад злёгку апушчаных павекаў. Але гэта не менавіта на вас ён так глядзіць, а наогул на ўсіх сустрэчных жанчын. Калі быць уважлівай, то можна заўважыць розніцу паміж шчырай зацікаўленасцю мужчыны і пікаперскай спробай вас спакусіць. Сапраўдная зацікаўленасць нешматслоўная, а вось пікаперская спроба спакусіць — суправаджаецца рознымі «прыгожасцямі» ў мове. Звычайны мужчына рэдка ўмее так прыгожа і цвяціста размаўляць, калі ён толькі не другі Максім Багдановіч ці Сяргей Ясенін.
Уявім і яшчэ адну сітуацыю. Вы прагаварылі з чалавекам усяго некалькі гадзін, а ў вас такое адчуванне, што ведаеце яго ўсё жыццё. Не спяшайцеся рабіць высновы пра «роднасную душу». Гэта таксама можа быць толькі падманам! Узгадайце, што мужчына вам расказваў, што вы пра яго даведаліся — ці не падобнае яго жыццё як дзве кроплі вады на ваша? Прааналізуйце яго дотыкі да вашага цела: як часта яны паўтараліся. Магчыма, вам такім чынам ставілі «якары». А можа, у вас абаіх ужо з'явілася нейкая любімая песня ці выраз за вельмі непрацяглы час знаёмства? А гэта ўжо сігнал аб тым, што вамі кіруюць.
Калі вы ўсё ж «запалі» на донжуана, выйсце адно — усё раптоўна спыніць без тлумачэнняў і высвятлення адносін. Паверце, усе вашы слабыя бакі ўжо даўно ўважліва вывучаны пікаперам, таму калі вы не праявіце цвёрдасці і рашучасці ў развітанні з ім, — зламаецеся і станеце яго ахвярай.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.