Вы тут

Я хачу,каб ён хацеў!


Як пазбегнуць расчаравання?

МНЕ неаднойчы даводзілася чуць ад знаёмых жанчын, што мужчына не зрабіў таго, не пайшоў туды, не купіў тое. Здаецца, дробязі, а між іншым — колькі яны паламалі лёсаў! І працягваюць ламаць, ператвараючы нават моцныя пачуцці ў попел. І вось некалькі новых гісторый…

1380318726603_28-15

Тэлефануе Ілона, скардзіцца, што муж яшчэ летам паабяцаў ёй футра, а ўжо канец верасня, а ён не толькі не купіў доўгачаканы падарунак, але нават не ўзгадвае пра сваё абяцанне. Ілона вельмі пакрыўджана. «І ўяўляеш, гэта ўжо не ўпершыню, — узрушана распавядае ў трубку, — калі Ігар вось так наабяцае, а потым не выконвае!»
«Так, не купіў ён табе футра… Ну і што з таго? — спрабую супакоіць субяседніцу. — Затое ён з табою ажаніўся».
Па той бок трубы нечакана ўсталёўваецца цішыня. «Ты гэта зараз пра што?» — перапытвае знаёмая, але на гэты раз яе крыўда скіравана ў мой бок.
«Ды я ж не пра тое, што ты непрыгожая ці дрэнная гаспадыня, — пачынаю апраўдвацца ў адказ. — Ты — вельмі прыгожая жанчына і гаспадыня такая, якіх пашукаць! Але заўваж, колькі навокал не менш прыгожых і гаспадарлівых кабет, але пры гэтым адзінокіх. І мужчын, здаецца, шмат. А вось шчасця няма!».
І далей — доўга і марудна пераконваю знаёмую ў тым, як ёй пашанцавала ў жыцці. Яе муж Ігар — спакойны, працавіты, не ўжывае алкаголю, не курыць, дзяцей і яе любіць, грошы (і не маленькія!) у сям'ю прыносіць. А напрыканцы прыводжу, на мой погляд, жалезны агрумент, прапануючы жанчыне ўявіць, што Ігар раптам возьме ды і знікне з яе жыцця. «Як гэта, — перапытвае Ілона, — возьме ды знікне?»
«А вось так, — спрабую развіць «сітуацыю». — Напрыклад, сустрэне іншую, менш патрабавальную жанчыну, закахаецца ў яе і скасуе з табой шлюб. Ці з ім што-небудзь здарыцца: трапіць у аварыю, цяжка захварэе… Вунь колькі прыкладаў, калі жанчыны па розных прычынах заставаліся адны ці з дзецьмі. Уяві, што пры гэтым адчувалі… Уявіла?»
У трубцы ўсталявалася нязвыклая для нашых гутарак цішыня. Затым Ілона ўздыхнула: «Уявіла. Не ведаю, як бы я жыла без Ігара. Калі б раптоўна яго ў маім жыцці не стала. І праўда: навошта мне тое футра?.. Можа, у яго там праблемы з плацяжамі, якія ўжо тут грошы на падарунак, а тут яшчэ я са сваімі надзьмутымі вуснамі…»
Але не ўсіх жанчын так лёгка пераканаць у тым, што яны памыляюцца, калі чакаюць ад каханага тое, што ён не можа ці не хоча (і на гэта, дарэчы, таксама мае права!) даць.
Віталіна пазнаёмілася з Цімафеем калі ёй было 16, а яму — 18 гадоў. Паміж імі адразу ўзнікла моцнае і палымянае пачуццё, якое гарыць (але ўжо роўным полымем)… амаль 20 гадоў. Віталіну ў абранніку задавальняе ўсё — стаўленне да яе, дзяцей, погляды на месца жанчыны і мужчыны ў сям'і, размеркаванне абавязкаў, бюджэту. А засмучае толькі адно — пара ўсе гэтыя гады жыве ў грамадзянскім шлюбе.
Спачатку яны проста вырашылі пажыць разам, каб выпрабаваць свае пачуцці. Потым прыйшлі да высновы, што ім добра і так: маўляў, афіцыйная рэгістрацыя шлюбу яшчэ нікога не ўтрымала ад яго скасавання. А потым… у Віталіны ўсе знаёмыя пачалі цікавіцца, калі ж здарыцца тая самая шчаслівая падзея?.. Бо вельмі ж хацелася сваякам і сябрам пагуляць на вяселлі гэтай прыгожай пары! І Віталіна пачала, як той казаў, камплексаваць.
Спачатку яна моўчкі спадзявалася, што Цімафей сам усё зразумее і прапануе афіцыйна аформіць шлюб, потым пачала яго паціху па-жаноцку падштурхоўваць да гэтага кроку. Але не дапамагло. І тады яна вырашыла… нарадзіць каханаму дзіця.
Дачушку мужчына запісаў на сваё прозвішча, але з Віталінай так і не ажаніўся. Растлумачыў сваё рашэнне тым, што ў дзіцяткі і так ёсць бацька, а ў яе, у Віталіны, муж. Яна некаторы час хадзіла як у ваду апушчаная, нават пачала сумнявацца ў шчырасці пачуццяў каханага. А потым зноў акрыяла, бо… зноў зацяжарала. Але і пасля нараджэння сына каханы не паспяшаўся запрасіць яе ў ЗАГС. І ўвогуле не разумеў, чаму Віталіна ўвесь час на яго злуецца… І, нарэшце, яна… не тое, каб даравала яму (у душы жанчыны відавочна засталася крыўда на грамадзянскага мужа), але, мабыць, змірылася. Ды і куды падзенешся з двума дзецьмі?
Абставіны, з якімі сутыкнуліся Ілона і Віталіна, хоць і розныя, але ж у пэўным сэнсе тыповыя для многіх жанчын. Вельмі часта прадстаўніцы прыгожай паловы ўскладаюць на каханых спадзяванні і чаканні, пра якія мужчыны нават не здагадваюцца. А калі і разумеюць, што ад іх чакае спадарожніца, то не заўсёды імкнуцца гэта выконваць. І зусім не таму, што нашы «палавінкі» мужчынскага полу — дрэнныя, сапсаваныя ці бяздушныя асобы. Проста, калі пачынаюцца адносіны, мы ў думках ужо малюем «план» таго, як партнёр павінен сябе паводзіць, што ён можа ці не можа рабіць, як яму неабходна рэагаваць на пэўныя абставіны… Нам здаецца, што мужчына хоча таго ж, што і мы. Але каханы можа не толькі не хацець чагосьці з таго, што мы для яго ўжо прыдумалі, але нават мець наконт гэтага процілеглыя погляды. Тым часам жанчына, калі партнёр не паводзіць сябе так, як яна чакае, пачынае злавацца і расчароўвацца ў каханым. Няспраўджаныя спадзяванні ператвараюцца ў крыўды і прэтэнзіі, якія часта «выліваюцца» ў бясконцае высвятленне адносін.
Але справа ў тым, што каханы чалавек нам нічым не абавязаны, сцвярджаюць псіхолагі, у тым ліку і адпавядаць нашым чаканням. Нашы спадзяванні — гэта выключна нашы праблемы. Іншы чалавек не павінен адпавядаць таму вобразу, які мы для яго стварылі. Часта мы бачым тое, што хочам, а не тое, што ёсць на самой справе. Таму ў нашых расчараваннях вінаваты не каханыя, а мы самі. Калі б жанчына не будавала віртуальную рэальнасць, то і не прыйшлося б у ёй расчароўвацца.

Алена КАВАЛЁВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?