Вы тут

Пінскі мясакамбінат


Калектыў, моцны традыцыямі

Адкрытае акцыянернае таварыства «ПІНСКІ МЯСАКАМБІНАТ» першае сярод прадпрыемстваў мясной галіны ў 2002 годзе было ўдастоена высокай узнагароды «Прэмія ўрада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці» і першым у краіне сярод іх атрымала сертыфікат адпаведнасці сістэмы якасці па вытворчасці каўбасных вырабаў і прадуктаў са свініны і ялавічыны згодна з патрабаваннямі міжнароднага стандарту ІСО-9000. У свой час камбінат быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару як пераможца спаборніцтва. У конкурсе «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» пінскія каўбасы, салямі, паляндвічкі не раз атрымлівалі званне лаўрэата. Традыцыі вытворчых дасягненняў, асабліва ў галіне якасці, прадпрыемства мае даўнія. Але ў нашай гутарцы падчас сустрэчы дырэктар прадпрыемства Андрэй МУЛЯРЧЫК засяродзіў сваю ўвагу на іншых традыцыях, тых, якія апошнім часам захаваліся не ва ўсіх калектывах: шэфства сталых работнікаў над навічкамі, пераемнасць вопыту, трывалыя сувязі з профільнай навучальнай установай.

1380318762652_1

Прадпрыемства, дзе цікава працаваць

Адкрытае акцыянернае таварыства — адно з буйнейшых прадпрыемстваў Пінска. Тут працуе тысяча чалавек. Калектыў даволі малады: сярэдні ўзрост не дасягае і сарака гадоў. Пры гэтым больш за палову працаўнікоў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Пагаварыўшы з работнікамі, мы пераканаліся, што для людзей тут створаны добрыя бытавыя ўмовы. Ёсць пакоі адпачынку, душавыя. Сталовая, дзе смачна гатуюць і прапануюць стравы па прымальных цэнах, дзейнічае як пункт грамадскага харчавання адкрытага тыпу. Гэта значыць, скарыстацца ёй могуць усе гараджане. На тэрыторыі камбіната ёсць крама.
Як расказала старшыня прафкама камбіната Любоў МАТУЛЬКІНА, для зручнасці супрацоўнікаў адкрыты стаматалагічны кабінет. Калектыўным дагаворам прадугледжана маральнае і матэрыяльнае заахвочванне. Дапамога аказваецца і тым працаўнікам, хто ўжо на заслужаным адпачынку. Увагай калектыву карыстаюцца маладыя мамы, шматдзетныя сем'і, тыя, хто працягвае вучобу без адрыву ад вытворчасці. Карацей кажучы, кожны з работнікаў мае поўны сацыяльны пакет.
— Асаблівасцю нашага прадпрыемства з'яўляецца тое, што мы працуем у звязцы з навучальнай установай, — заўважыў дырэктар мясакамбіната Андрэй Мулярчык. — Для нас каледж мяса-малочнай прамысловасці — сур'ёзны партнёр. Больш за 30 працэнтаў ад усіх працаўнікоў камбіната — выпускнікі каледжа. Калегі, думаю, зразумеюць мяне, наколькі апошняе важна. Сёння мы не маем недахопу ў кваліфікаваных кадрах.

Вось што сказалі самі працаўнікі камбіната, з якімі давялося пагутарыць.

Дзмітрый ГЛУШКО, майстар каўбаснага цэха:

— На камбінаце працую больш за дзесяць гадоў. Прыйшоў сюды пасля заканчэння мяса-малочнага каледжа. Пачынаў з самых простых пасад — спачатку быў вагаўшчыком, затым прайшоў яшчэ шэраг розных прыступак, спасцігаў вытворчасць у розных падраздзяленнях. З часам з'явілася жаданне працягнуць адукацыю, завочна скончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. У сям'і растуць двое дзяцей, з жонкай будуем уласны дом.
Што прываблівае на прадпрыемстве? Вядома, ёсць месцы, дзе атрымліваюць большыя заробкі, але тут цікава працаваць. На маіх вачах праведзена вялікая мадэрнізацыя вытворчасці. У нашым цэху ўстаноўлена новае абсталяванне, што дае магчымасць увесь час абнаўляць асартымент прадукцыі. Калі да справы ставішся адказна, ведаеце, у нейкі момант з'яўляецца азарт, хочацца зрабіць не горш за іншых, а можа, нават лепш. Усё ж для гэтага ёсць: тэхнічныя магчымасці, калектыў аднадумцаў. Таму нярэдка сумесныя з тэхнолагамі планы ўдаецца рэалізаваць — гэта значыць, выпусціць прадукцыю, аналагаў якой яшчэ няма на нашым рынку. Напрыклад, цяпер мы выпускаем сыравэнджаную каўбасу. Калі сустрэнеце такую пад маркай «Пікант», вельмі раю пакаштаваць.

1380318765483_2

Святлана ЖЫДКАЯ, інжынер па арганізацыі і планаванні працы:

— На камбінаце я працую другі месяц. Падчас вучобы ў Палескім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве» праходзіла тут вытворчую і пераддыпломную практыку. За гэты час прыкіпела душой да калектыву. Мне атмасфера вельмі спадабалася: шчырасць, прастата ў стасунках. Нагледзішся, бывае, цяперашніх фільмаў пра складанасці ўзаемаадносінаў у калектыве, пра, мякка кажучы, нездаровую канкурэнцыю ў барацьбе за кар'ерную прыступку, дык страшнавата становіцца. А тут я ўбачыла зусім іншае, як з савецкіх фільмаў: узаемавыручку, павагу. Людзі добразычлівыя, цікава жывуць. Ведаеце, што мяне, практыкантку, расчуліла? Перад святам праводзілі конкурс малюнкаў дзяцей супрацоўнікаў. На радасць малым і да гонару мам і татаў было шмат прызоў і розных заахвочванняў. А перад Новым годам быў конкурс эксклюзіўных ёлак. І ўсе ўбачылі, якія рамантыкі і мастакі нашы слесары, іх металічныя дрэвы на якіх-небудзь арт-вернісажах дакладна атрымалі б адзнаку. Карацей кажучы, людзі ўмеюць не толькі добра працаваць, але і жыць цікава.
Праўда, пасля атрымання дыплома я ўсё ж крышачку баялася. Адна справа, калі важдаюцца з практыканткай, а з гатовым, хай і маладым, спецыялістам, думала, ужо ніхто не будзе. Але сумненні аказаліся марнымі. Я магу падысці да любога з калег, старэйшага за мяне, задаць пытанне, папрасіць нешта патлумачыць, і ніколі не сустракала адмовы. Карацей, працаваць мне цікава. Скажу па сакрэце: муж, які працуе на іншым прадпрыемстве, мне нават крышку зайздросціць ці, правільней сказаць, радуецца за мяне.

Леанід НІКІПОРЧЫК, інжынер-механік каўбаснага цэха:

— На камбінаце працую даўно і па роду работы ўвесь час кантактую з моладдзю, юнакамі, якія прыходзяць да нас на практыку з каледжа. Тры чалавекі з гэтага выпуску маем намер забраць на працу. Яны сябе ўжо зарэкамендавалі. Паходзіць хлопец тыдзень-другі на прадпрыемства, і адразу відаць, будзе з яго спецыяліст ці не. Цяпер моладзь вельмі інфармаваная, як той казаў, прасунутая ў пытаннях інтэрнэтнага рэсурсу ды іншых дасягненняў цывілізацыі. Але ж і ў сучасным грамадстве ніхто не адмяняў каштоўнасць працавітасці, імкнення спасцігаць прафесію. А гэтым, на жаль, могуць пахваліцца не ўсе прадстаўнікі юнага пакалення. І калі на практыку трапляе малады чалавек, які толькі імкнецца адбыць абавязковыя гадзіны, гэта выклікае пэўнае шкадаванне. Калі ж у цэх прыходзіць юнак, што цягнецца да тэхнікі, стараецца дайсці да сутнасці справы, спасцігнуць не толькі аснову, але і пэўныя нюансы, мы такім радуемся і ўсяляк дапамагаем.
Напрыклад, як практыканту гэтага года Васілю Галаўчуку. Хлопец мае пэўныя тэхнічныя здольнасці, да таго ж не гультай, любую даручаную справу зробіць, а дзе трэба, не пасаромеецца спытаць. Камбінат працуе на сучасным імпартным абсталяванні. Зразумела, што нават самы старанны навучэнец каледжа не спасцігне ўсё на занятках. Урэшце, для гэтага існуе практычнае навучанне. Калі нашы практыканты потым здаюць залікі ці іспыты, то, здараецца, выкладчыкі тэлефануюць нам, каб пракансультавацца. Бо іх матэрыяльная база прыкметна адстае ад базы прадпрыемства. У нас жа пастаянна праводзіцца мадэрнізацыя. Цэхі аснашчаны высокапрадукцыйным абсталяваннем. Ёсць усе ўмовы для развіцця маладога спецыяліста, росту яго па кар'ернай лесвіцы.

Ад поля — да прылаўка

У папярэдняй гутарцы з намі Андрэй Уладзіміравіч Мулярчык падкрэсліў, што перспектыўны шлях развіцця любога прадпрыемства заключаецца ў стварэнні максімальна поўнага цыкла. Гэта значыць, няблага мець сваю сыравіну, у якасці якой упэўнены, перапрацоўваць яе і па магчымасці прадаваць гатовы прадукт пакупніку. Вось такі ланцужок з'явіўся, калі да мясакамбіната далучылі саўгас. Правільней сказаць, ланцужок не з'явіўся, яго стваралі вялікай працай і немалымі ўласнымі інвестыцыямі.
Саўгас «ХХІV партз'езд» стаў філіялам мясакамбіната «Невель» у вёсцы Жыдча ў 2005 годзе. Туды ўклалі вялікую частку абаротных сродкаў — перш за ўсё на рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў і закуп буйной рагатай жывёлы. Куплялі і тэхніку. У гаспадарцы 4089 гектараў сельгасугоддзяў, якія трэба апрацоўваць і забяспечваць кармамі жывёлагадоўчую галіну. Таму за апошнія гады набыта каля 140 адзінак тэхнікі і прычапнога інвентару. Цяпер на палях «Невеля» працуе нават «Джон Дзір», а таксама лепшыя айчынныя трактары.
Статак буйной рагатай жывёлы вырас амаль утрая, цяпер яго складаюць больш за 3500 галоў. Ёсць і 140 коней так званай палескай пароды, якіх тут гадуюць для захавання генафонду і якіх пастаўляюць на мясакамбінат для вырабу каўбас вышэйшага гатунку. Сёлета ўступіў у строй новы жывёлагадоўчы комплекс на 720 кароў. Пры ім цялятнік на 400 галоў, санпрапускнік — усё размешчана на адной тэрыторыі ў Жыдчы, аснашчана высокапрадукцыйным імпартным абсталяваннем. Без перабольшвання можна сказаць, што гэта новае слова ў вытворчасці малака і мяса.

Важна, што цяпер і ўмовы для работы людзей набліжаны да гарадской вытворчасці. Цяпер «Невель» — адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў Пінскага раёна. Аграгарадок Жыдча з насельніцтвам больш за 600 чалавек уяўляе сабой прыгожы і дагледжаны населены пункт. У яго сацыяльна-культурнае развіццё гаспадарка таксама ўкладвае пэўныя сродкі.
Сёння філіял «Невель» выпускае больш за 700 тон мяса за год. І лічбы нязменна растуць. Як і расце вытворчасць на мясакамбінаце. І на парадку дня — развіццё фірмовага гандлю. Свае крамы пад гандлёвай маркай «Пікант» ёсць у Пінску, Століне, Іванаве. Усяго камбінат мае восем уласных гандлёвых пунктаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ. Алена ДАЎЖАНОК, Марына БЕГУНКОВА (фота).

УНП 200301991

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Прэзідэнцкі прыём праходзіць у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа».

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?