Вы тут

Сям'я, дзеці, кватэры...


Нядаўна давялося быць на адным прыёме грамадзян. Прыйшла жанчына, шматдзетная маці. Яна скардзілася на кіраўніка сельгаспрадпрыемства, які дае ёй так званы «прэзідэнцкі домік» не ў той вёсцы, у якой яна хоча. Сталі разбірацца, і высветлілася, што маці чатырох дзяцей жыве зараз у калгасным доме — звычайнай вясковай хаце без выгод. Ёй прапанавалі новы дом з усімі выгодамі ў вёсцы за тры кіламетры ад той, дзе заяўніца пражывае зараз. Бо ў «яе» вёсцы жыллё выдзяляюць спецыялістам і работнікам жывёлагадоўчай фермы. Наша гераіня таксама не супраць працаваць на згаданай ферме. Але ёсць нюанс: супраць сам работадаўца.

На гэтай ферме, якая ўяўляе сабой сучасны механізаваны комплекс, атрымліваюць ад каровы па сем тысяч літраў. Тут працуюць высокакваліфікаваныя аператары. А ў нашай гераіні за ўсё жыццё назбіралася толькі 13 месяцаў працоўнага стажу, ды і тое не даяркай. Тут ужо цяжка папракнуць работадаўцу за тое, што ён выбірае кадры. Мае права.

1380579087684_yask

У гэтай сітуацыі вясковая жанчына мае выбар: перайсці ў сучасны дом, які выдзяляюць бясплатна, альбо, калі душа зусім не ляжыць да суседняй вёскі, адрамантаваць цяперашняе жыллё і жыць, нічога не мяняючы. Яна на гэта не згодная: абышла раённыя, абласныя інстанцыі, абяцае звяртацца на самы верх. Яна ж — шматдзетная маці.
І хацелася б паспачуваць жанчыне, толькі не вельмі атрымліваецца — перашкаджае непрыемны асадак. Надта ж патрабавальная ў яе пазіцыя: дайце, вы павінны, вы абавязаны.
Так, мы ўсе абавязаны тым людзям, якія нараджаюць шмат дзяцей і неяк ратуюць дэмаграфічную сітуацыю. Я сто разоў за падтрымку тых сямей, што свядома нараджаюць, займаюцца выхаваннем дзяцей, не шкадуюць ні сіл, ні здароўя. Я да зямлі гатова пакланіцца тым маці, якія, паводле слоў патрыярха Кірыла, прысвяцілі сябе служэнню дзецям. Але... апошнім часам з'явілася тэндэнцыя, пра якую мы гаворым сарамліва альбо не гаворым наогул. Некаторыя суайчынніцы і суайчыннікі разглядаюць дзяцей як найпрасцейшы сродак атрымання бясплатнага жылля, розных ільгот і выплат. Вось і настаўнікі адзначаюць, што далёка не ўсе дзеці з так званых сацыяльных дамоў прыходзяць у клас дагледжаныя. У адну са школ брэсцкага мікрараёна «Вулька» дачку ў першы клас 1 верасня прывяла маці на добрым падпітку. Яна адзначыла зранку Дзень ведаў (!) і павяла дзіця ў школу. Чаму навучыцца дома тая першакласніца? І такія прыклады, на вялікі жаль, не адзінкавыя.
І ўжо суседзі расказваюць, як некаторыя бацькі сямействаў, што атрымалі жыллё бясплатна ад дзяржавы, злоўжываюць спіртным, а дзецям надаюць мінімум увагі. Выходзіць, што... дзеці іх кормяць. «А цень падае на ўсіх», — скардзіўся мне нядаўна былы жыхар інтэрната. Мікалай з жонкай у свой час свядома пайшлі на нараджэнне трэцяга дзіцяці, бо, разлічыўшы магчымасці свайго бюджэту, зразумелі, што звычайны крэдыт для іх будзе цяжка выплачваць. Атрымалі крэдыт ільготны, некалькі гадоў таму засяліліся ў новую кватэру. Сям'я ў іх дружная і працавітая, бацькі па-ранейшаму шчыруюць на мэблевай фабрыцы, дзеці не маюць выдатных поспехаў у вучобе, але старанныя і выхаваныя. «У нас рабочая сям'я. Я не супраць, калі на маё месца некалі прыйдзе сын», — кажа мой суразмоўца. Зразумела, што сям'я ў яго добрая, пабудаваная на сапраўдным маральным падмурку — на такіх краіна і трымаецца. Але Мікалая непакоіць, што ўсе трое яго дзяцей штодня назіраюць п'янства суседзяў і іх разбэшчанасць. «Цяпер у іх пяцёра дзяцей, сям'ю падтрымлівае дзяржава. Ім далі бясплатнае жыллё, дзеці за кошт бюджэту харчуюцца ў школе, рэгулярна атрымліваюць дапамогу. Што ж, я згодны. Але маецца на ўвазе, што яны вырастуць, пачнуць працаваць і падтрымліваць дзяржаву, зарабляць грошы для пенсій, іншых сацыяльных патрэб, — разважае рабочы чалавек. — Толькі ў гэтым я не ўпэўнены. З такім прыкладам і такім выхаваннем яны самі могуць сесці на шыю дзяржаве». Я не знайшла слоў, каб запярэчыць Мікалаю.
Безумоўна, шматдзетныя сем'і трэба падтрымліваць. Можа нават больш, чым гэта робіцца зараз. Але падыход павінен быць — больш адрасны. Можа, ёсць сэнс асобна разглядаць кожную сям'ю (як, напрыклад, для ўзнагароджання ордэнам Маці). Калі і гэта не выйсце, трэба шукаць інструменты кантролю, у тым ліку грамадскага, за выкананнем бацькоўскіх абавязкаў тымі, хто карыстаецца матэрыяльнай дапамогай дзяржавы. У рэшце рэшт, час прымусіць гэта зрабіць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?