Вы тут

Хатынскі лёс Карпачоў


ФАШЫСТЫ, перасоўваючыся на машынах і матацыклах, спешна ўцякалі. І каб хоць на кароткі час затрымаць наступленне нашых войскаў, пакідалі ў населеных пунктах невялікія каманды «факельшчыкаў». Яны спальвалі вёскі, вялі па надыходзячых савецкіх войсках мінамётны агонь. Толькі сваю чорную справу немцы рабілі на працягу ўсіх гадоў акупацыі: рабавалі жыхароў, забівалі тых, хто трапляў на вочы, палілі вёскі, многія з якіх не адрадзіліся.

1380579099623_1-15

Хатынскі лёс напаткаў і вёску Карпачы. На гэтым месцы, дзе маглі б гаманіць дзеці, моўчкі шамацяць бярозавыя лісточкі. Тут, у чыстым полі, нават ніякі камень не нагадвае пра былую трагедыю. І каб не мясцовы гісторык Мікалай Стальмакоў, пра яе ўвогуле ніхто б не ведаў. Нават ён сам.
— Калі я быў у Мінску на курсах, давялося паехаць на экскурсію ў Хатынь, — расказвае Мікалай Ягоравіч. — Там на могільніку вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых пасля вайны, сярод 186 урнаў я ўбачыў і магілку вёскі нашага раёна. Тады я ўпершыню даведаўся пра лёс Карпачоў.
«Як гэта так, што клімаўчане не ведаюць, што час ад часу ходзяць, лічы, па могілках!», — усхвалявана думаў ён. Прыехаўшы на малую радзіму, Мікалай Стальмакоў вырашыў выправіць несправядлівую недарэчнасць. Яго як гісторыка гэта вельмі зачапіла! Сеў на ровар і паехаў на месца былой вёскі. Там — поле, побач — ні душы. Вырашыў праехацца па суседніх вёсках. І недарэмна: пашчасціла адшукаць сведак.
Жыхары вёскі Канахоўка Марфа Шаршнёва, Таццяна і Яўген Галынскія выпадкова сталі сведкамі той жудаснай трагедыі. Яны і расказалі, што ў Карпачах у асноўным пражывала яўрэйскае насельніцтва. Яшчэ ў 1918 годзе тут было створана сельскагаспадарчае таварыства па агульнай апрацоўцы зямлі — Карпачоўскае.
Падчас акупацыі Клімавіцкага раёна, у канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1941 года, фашысты пачалі расстрэльваць яўрэяў. У адзін з восеньскіх дзён карнікі ўварваліся ў Карпачы. Дванаццацігадовы Яўген Галынскі, гуляючы на падворку, раптам пачуў страшэнныя крыкі. Імгненна падбег да моста і літаральна да яго прыліп: праз шчыліну ён убачыў жудасную карціну.
Фашысты акружылі вёску і пачалі выганяць з хат усіх жыхароў. Падганяючы іх прыкладамі, падвялі да возера. Па ўсёй вуліцы разносіліся плач і крыкі дзяцей і дарослых. Яны ўжо здагадваліся, што іх чакае. Некаторыя спрабавалі ўцячы, але адразу траплялі пад аўтаматныя чэргі.
— На гэтым месцы быў выкапаны роў даўжынёй метраў 25-30, — паказвае гісторык. — Сюды падганялі людзей і ставілі іх тварамі да яго. Затым стралялі ў галаву. Яны падалі ў роў. У забітых нелюдзі вырывалі зубы з залатымі каронкамі. Пасля роў закапалі, а вёску спалілі. Зрабіўшы сваю чорную справу, фашысты паехалі. Сведкі бачылі, як яшчэ зямля варушылася...
У адзін момант не стала 12 двароў, пайшлі з жыцця 63 жыхары. Гэтыя звесткі сталі вядомымі дзякуючы Мікалаю Ягоравічу, які разам са сведкамі і жыхарамі суседніх вёсак падлічвалі колькасць насельніцтва кожнага двара былых Карпачоў. Так пра спаленую вёску даведаліся і ў мясцовым музеі.
— Пазней стала вядома, што астанкі загінулых былі перапахаваны ў 1960 годзе на могілках вёскі Бабічына, — працягвае Мікалай Стальмакоў. — Пра гэта расказаў мясцовы фельчар, які браў у гэтым удзел.
Гісторык упэўнены, што на месцы, дзе была спалена вёска, трэба паставіць калі не помнік, то хоць бы якую-небудзь таблічку, якая сведчыла б пра мінулую трагедыю. «Крыўдна, што гэты куточак беларускай зямлі абыходзяць людзі. Балюча, што пра лёс былой вёскі не ведае сучаснае пакаленне», — дадае мужчына. І не ва ўсім мае рацыю: ужо ведае. Дзякуючы яму! Менавіта Мікалай Стальмакоў першым пачаў тут праводзіць экскурсіі для дзяцей.
...Прайшоў час. А таблічкі яшчэ няма. Увогуле, няма ніякай адметнай пазнакі. А Карпачы, між іншым, — адзіная спаленая разам з жыхарамі вёска ў Клімавіцкім раёне! І пра гэта ведаюць толькі Мікалай Ягоравіч ды яшчэ некалькі чалавек. Астатнія, напэўна, даведаюцца, калі пабудуць у Хатыні. І тое, калі ўважліва перачытаюць на жахлівым могільніку вёсак усе іх назвы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».