Вы тут

Пра што думае студэнцкі тэатр


Што агульнага паміж «Песнярамі» і стрыптызам?

Я люблю тэатр. З дзяцінства памятаю, як прыкладна раз на месяц мама брала квіткі ў тэатр музкамедыі, і мы хадзілі на спектаклі ўсёй сям'ёй. Прыглушанае святло ў зале, урачыста апранутыя людзі, таямнічасць таго, што адбываецца за заслонай, сама тэатральная дзея захаплялі і дарылі адчуванне свята. Праўда, я так і засталася «непрафесійнай» прыхільніцай тэатра. Тым не менш прагляды пастановак міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар» я наведвала з задавальненнем. І калі спектаклі я магу ацэньваць толькі з пункту гледжання гледача, то студэнцкае жыццё мне, сёлетняй выпускніцы інстытута, знаёмае не па чутках.

Такім чынам, паспрабую паразважаць пра тое, чым жыве сённяшні студэнцкі тэатр. Увогуле, той тыдзень, які доўжыўся «Тэатральны куфар», вярнуў мне не толькі свята дзяцінства, але адкрыў новыя ісціны і даў магчымасць пераасэнсаваць старыя. Прызнаюся, тое, што я пабачыла на сцэне, выклікала ў мяне розныя думкі і пачуцці. Паўставалі дзіўныя, а часам і абсалютна абсурдныя, на першы погляд, сітуацыі: гардэроб, што размаўляе; героі Астроўскага — хіпстары; грузіны, якія спяваюць «Купалінку» па-беларуску... Але ў працэсе прагляду прыходзіла разуменне таго, што ўсё гэта — жыццёвае і актуальнае. Пастаноўкі, якія я пабачыла, з усім сваім абсурдам, наватарскім поглядам і сучаснай інтэрпрэтацыяй — як ніколі рэалістычныя і запатрабаваныя сёння.
І гэта было б немагчыма без адной важнай дэталі: сучасны студэнцкі тэатр не проста стварае перформансы. Ён думае. Пра тое, што гардэроб у спектаклі «Максімаліст» тэатра Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта — не проста гаваркая шафа. Гэта зборны вобраз маніпулятара — начальства, улады, бацькоў, сяброў, каханых і славутай грамадскай думкі, якая часам знішчае асобу, прымушае яе падпарадкоўвацца. І вось перад намі ўжо класічны персанаж «лішняга» чалавека — «максімаліста», рамантыка, які намагаецца захаваць маральнасць і застаецца адзін супраць усіх. Але ці мае рацыю герой? Над гэтым прапаноўвае падумаць спектакль.
Апроч гэтага, студэнцкі тэатр асэнсоўвае, інтэрпрэтуе і робіць замах на святое — класіку. Напрыклад, што можа быць агульнага паміж машыністам метро, гуртом «Бі-2», «Песнярамі», мюзіклам «Чыкага» і стрыптызам? Гэтыя складнікі ў адной дзеі аб'яднала трупа тэатра БДУ «На балконе», якая паставіла паводле твора Аляксандра Астроўскага «На ўсялякага мудраца хапае прастаты» спектакль «Дзённік Глумава». Тут змяшаліся хіпстары і дэпутаты, дворнікі і юродзівыя, хлусы і прастакі... Праз галоўнага (быццам бы адмоўнага) героя выкрываюцца хібы ўсяго «прыстойнага» грамадства.
Сучасны студэнцкі тэатр закранае і зусім будзённыя тэмы. Так, удзельнікі тэатра Дзяржаўнага ўніверсітэта Іллі (Грузія) проста распавялі гледачам пра сваё студэнцкае жыццё ў спектаклі «Арыка до Варыка». Але як яны гэта зрабілі! Трупа зладзіла сапраўдны тэатралізаваны канцэрт, які цалкам складаўся з грузінскіх спеваў, танцаў і гучання музычных інструментаў. І нават субтытры не спатрэбіліся — сапраўднае мастацтва глядач зразумее на любой мове. Пры ўсёй, здавалася б, легкадумнасці пастаноўкі, напрыканцы выступлення артысты ўшанавалі памяць палеглых пры падзенні горада Сухумі салдатаў, прысвяціўшы гэтай падзеі песню. А таксама адзначылі, што выступаюць на нашай зямлі ўпершыню і праспявалі некалькі куплетаў з «Купалінкі», канчаткова расчуліўшы сэрцы беларусаў.

Каментарый рэжысёра

Народны літаратурны тэатр «Жывое слова», які на працягу 48 гадоў працуе на базе БДПУ імя Максіма Танка, на фестывалі «Тэатральны куфар» паказаў спектакль «Злавіць будучыню» паводле Рэя Брэдберы. Мастацкі кіраўнік тэатра Алеся Сівохіна мяркуе, што студэнцкія калектывы вабяць гледача сваёй шчырасцю, адкрытасцю да новага і жаданнем эксперыментаваць. Але прызнаецца, што сёння ім жывецца няпроста. І справа не толькі ў грашовым пытанні (фінансуюцца студэнцкія тэатры звычайна ўніверсітэтамі, на базе якіх існуюць), а ў комплексе прычын.
«Мне складана казаць пра плыні студэнцкіх тэатраў нашай краіны, таму што кожны тэатр — гэта нешта ўнікальнае, — адзначае Алеся Сівохіна. — Думаю, калі параўноўваць тэатры па ўсім свеце, знойдуцца калектывы рознага ўзроўню падрыхтоўкі, з рознымі пастаноўкамі. Гэтаксама і ў нас у Беларусі, кожны тэатр па-свойму актуальны для пэўнай аўдыторыі».

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?