Вы тут

Хто абароніць правы недзеяздольнага чалавека?


Якая працэдура афармлення апекі і папячыцельства над дарослым недзеяздольным чалавекам, і што ставіцца ў абавязкі апекуну, а таксама якімі ён надзелены правамі? Паспрабуем разабрацца разам з начальнікам аддзела першай медыка-санітарнай дапамогі Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Людмілай ЛУГАВЕЦ.

— Перш-наперш скажыце, калі ласка, ці ёсць розніца паміж апекай і папячыцельствам?
— Гэта розныя паняцці. Апека афармляецца над асобамі, прызнанымі судом недзеяздольнымі, а папячыцельства — над асобамі, абмежаванымі судом у дзеяздольнасці з прычыны злоўжывання спіртнымі напоямі, наркатычнымі сродкамі альбо псіхатропнымі рэчывамі.

— Хто мае права аформіцца апекуном над недзеяздольным?
— Практычна любы чалавек. Прыярытэт, вядома, аддаецца бліжэйшым сваякам. Але калі органам апекі і папячыцельства не ўдаецца ўгаварыць бліжэйшага сваяка, то яны спрабуюць знайсці іншую прыдатную кандыдатуру. Пры гэтым заўсёды ўлічваецца меркаванне недзеяздольнага, асабістыя якасці патэнцыйнага апекуна і яго стан здароўя.

— Што ўяўляюць з сябе органы апекі і папячыцельства?
— У нашай краіне органамі апекі і папячыцельства з'яўляюцца мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя ўлады, а органам, які ажыццяўляе функцыі па апецы і папячыцельстве, з'яўляецца камітэт па ахове здароўя (у Мінску) альбо ўпраўленні аховы здароўя (па рэспубліцы). Паўнамоцтвы дэлегаваны цэнтральным раённым паліклінікам (у Мінску).

— Ці складаная працэдура афармлення апякунства?
— Працэдура афармлення апякунства нескладаная. З гэтым пытаннем сваякі могуць звярнуцца ў юрыдычную службу цэнтральнай раённай паліклінікі, на якую ўскладзены гэтыя абавязкі.
Заяўнік піша заяву, што ён жадае выступіць апекуном або папячыцелем канкрэтнага недзеяздольнага грамадзяніна. Пасля гэтага ён павінен аформіць пакет дакументаў, распрацаваны ў адпаведнасці з нарматыўнымі актамі. Гэта і характарыстыка з месца працы, і копіі асабовых рахункаў, і даведка аб стане здароўя. Паліклінікі імкнуцца дапамагчы чалавеку, каб ён сабраў дакументы ў максімальна кароткі тэрмін.
На жаль, блізкія сваякі не заўсёды выказваюць жаданне станавіцца апекуном. А прымусіць іх ніхто не можа, бо гэта супярэчыць артыкулу 151 Кодэкса аб шлюбе і сям'і, дзе сказана, што апякун або папячыцель можа быць прызначаны толькі са згоды самога чалавека. Мы спрабуем іх угаварыць альбо знайсці кагосьці іншага. Калі ўзнікаюць непераадольныя складанасці, то адзінокі недзеяздольны чалавек змяшчаецца ў дом-інтэрнат адпаведнага профілю.

— Якія абавязкі ў апекуна?
— Апякун павінен ажыццяўляць догляд свайго падапечнага. Акрамя таго, паколькі ў яго ёсць права распараджацца пенсіяй падапечнага (у яго інтарэсах), то штогод, звычайна да 1 лютага, ён павінен даць справаздачу перад органамі апекі і папячыцельства аб расходаванні грашовых сродкаў таго, кім апякуецца. Падаюцца копіі чэкаў і г.д. Орган апекі і папячыцельства, у прыватнасці, юрыдычная служба цэнтральнай раённай паліклінікі вывучае пададзеную справаздачу.
Акрамя таго, на кожнага недзеяздольнага і абмежавана недзеяздольнага ў нас заводзіцца асабістая справа. Не радзей за два разы на год орган апекі і папячыцельства павінен скласці акт абследавання пражывання недзеяздольнай асобы. Гэта значыць, правяраецца, у якіх умовах жыве чалавек, як яго даглядаюць. У нас у Мінску рэгулярна назірае за недзеяздольнымі гарадскі псіханеўралагічны дыспансер.
Калі выяўляецца, што апякун не выконвае свае абавязкі належным чынам, на пасяджэнне адміністрацыі раёна выносіцца пытанне аб зняцці апякунства з гэтага апекуна, і мы стараемся знайсці іншую кандыдатуру сярод сваякоў ці знаёмых.

— Калі апякун нядобрасумленна выконвае свае абавязкі, і ёсць чалавек, які хоча даглядаць недзеяздольнага грамадзяніна, як ён можа перааформіць апякунства на сябе?
— Гэты чалавек павінен звярнуцца ў органы апекі і папячыцельства, у прыватнасці, у Мінску — у юрыдычны аддзел цэнтральнай раённай паліклінікі па месцы пражывання недзеяздольнага. Гэты зварот вывучаецца, і ў выпадку наяўнасці падстаў гэтае пытанне выносіцца на пасяджэнне мясцовага органа ўлады.

— І напрыканцы: якімі правамі і магчымасцямі надзелены апякун?
— Правы апекуна ў кіраванні маёмасцю падапечнага агавораны ў пастанове Савета Міністраў ад 28.10.1999 г. № 1677. У прыватнасці, у ёй гаворыцца, што апекуны здзяйсняюць ад імя падапечных, а папячыцелі даюць згоду на здзяйсненне здзелак па адчужэнні, у тым ліку абмене і дарэнні маёмасці падапечных, здачы яе ў арэнду (па дагаворы найму), бязвыплатнае карыстанне або ў заклад; здзелак, якія цягнуць за сабой раздзел яго маёмасці або выдзяленне з яе доляў, а таксама любых іншых здзелак, якія цягнуць за сабой памяншэнне маёмасці падапечнага, толькі на падставе пісьмовага дазволу органа апекі і папячыцельства. Дазвол на заключэнне дагавароў і здзяйсненне іншых юрыдычных дзянняў па кіраванні маёмасцю падапечных даецца ў пісьмовай форме органам апекі і папячыцельства кожны раз, калі ў гэтым узнікае неабходнасць.

Напрыклад, такая сітуацыя: недзеяздольны чалавек пражывае ў сям'і. Апекуном з'яўляецца, дапусцім, яго сястра. Недзеяздольнаму па квотах належыць 1/4 доля кватэры. Сястра зрабіла перапланіроўку, і гэтая доля стала складаць, напрыклад, ужо 1/5... Гэта ўжо парушэнне правоў падапечнага. Таму ўсе дзеянні апекуна павінны быць узгоднены з органамі апекі, каб не былі ўшчэмлены правы недзеяздольнага.
Ці, напрыклад, інвалід-калясачнік хоча кватэру на першым паверсе. Органы апекі і папячыцельства вывучаюць гэтае пытанне: ці варта прадаваць кватэру, якая маецца ў недзеяздольнага, і набываць на першым паверсе іншую, ці не будуць пры гэтым ушчэмленыя маёмасныя правы недзеяздольнай або абмежавана недзеяздольнай асобы...

Святлана БУСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».