Вы тут

Дзмітрый КАРЗЮК: «У Мінску — праблемы з паркоўкай. Да гэтага трэба ставіцца з разуменнем»


Калі мы пешаходы, нас раздражняюць вадзіцелі. Калі мы вадзіцелі, нас выводзяць з сябе пешаходы. І ўсе мы разам пры гэтым — жыхары вялікага горада. Нам хочацца жыць тут, але нешта ва ўсіх нас цяжкавата з цярплівасцю ды лаяльнасцю. Калі да нас на ўласным аўто прыязджае дачушка, тата, брат, і ім няма дзе прыпаркавацца, мы даволі спакойна ставімся да таго, з якой лёгкасцю яны парушаюць правілы паркоўкі. Аднак калі гэтыя ж самыя правілы парушаюць іншыя жыхары шматпавярховак, мы гатовыя «закідаць камянямі» і іх, і іх «металалом». Пры гэтым мы цудоўна ведаем, што адна з сур'ёзных праблем Мінска — няхватка месцаў для прыпынку і паркоўкі транспартных сродкаў. Але што нам тое веданне? Мы хочам, каб кожную хвіліну некага каралі за гэтую праблему. І не толькі за гэтую. Галоўнае, каб некага каралі. Толькі не нас, калі і нам давядзецца запаркавацца «пад знакам», падвезці ўласнае дзіця як мага бліжэй да школы, памыць аўтамабіль пад вокнамі суседзяў, заехаць на тратуар, праскачыць пешаходнік, не прапускаючы пешаходаў... Сябе мы заўсёды апраўдаем.

1380663453641_2-20

А на пытанні мінчан падчас «прамой лініі», якая прайшла ў Дзяржаўтаінспекцыі, адказаў начальнік упраўлення ДАІ гарадскога ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Дзмітрый КАРЗЮК.

— Суд Фрунзенскага раёна вынес прадпісанне аб затрымцы аўтамабіля і яго размяшчэнні на штрафной стаянцы. Аднак ДАІ чамусьці гэтае прадпісанне не выконвае. Прычым чалавек двойчы затрымліваўся за парушэнне правілаў дарожнага руху. Чаму ДАІ ігнаруе рашэнне суда?
— Неабходна высветліць абставіны той сітуацыі, пра якую вы кажаце, аднак адразу магу сказаць, што супрацоўнікі ДАІ заўсёды выконваюць рашэнні суда.
— Падкажыце, ці трэба пры аб'ёме рухавіка да 50 куб. см праходзіць тэхнічны агляд?
— Калі ваш аўтасродак зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку ў ДАІ і мае рэгістрацыйны нумарны знак, то вы павінны прайсці тэхагляд. Гэта можна зрабіць на любой станцыі тэхнічнага агляду.
— На прыпынку ля станцыі метро «Каменная Горка» звычайна выстройваюцца шэрагі аўтамабіляў. Грамадскі транспарт часам не можа пад'ехаць. Ці можна там навесці парадак? Можа, варта паставіць адпаведныя знакі? І яшчэ. Пешаходная вуліца Кунцаўшчына проста застаўлена асабістым аўтатранспартам. Гэта ж парушэнне правілаў паркоўкі?
— Знакі ля метро «Каменная Горка» аб забароне стаянкі стаяць. Тым не менш праблема там сапраўды існуе. Мы паспрабуем, па магчымасці, прасачыць і гэту сітуацыю, і сітуацыю з паркоўкай на вуліцы Кунцаўшчына.
— На Вакзальнай, 22 немагчыма запаркавацца — там шмат машын, і аўтамабілі «Белпошты» вымушаны зрываць графікі...
— Калі ўзнікае сітуацыя зрыву графіка, можна звязвацца з супрацоўнікамі ДАІ, і мы дапаможам вам працаваць. Наогул пытанне ставілася аб закрыцці праезду на пляцоўку ў бок вуліцы Вакзальнай — каб прапускаць толькі грамадскі транспарт праз шлагбаум. Пытанне пакуль распрацоўваецца, таму дакладны тэрмін устаноўкі шлагбаума назваць пакуль не магу.
— А нельга там наогул паставіць паставога?
— У Мінску працягласць дарог перавышае 1300 км. На кожнай з вуліц рэгулярна ўзнікаюць праблемы і з паркоўкай, і з прыпынкамі. Таму хочацца, каб вы з разуменнем ставіліся да гэтага пытання.
— У выніку сутыкнення двух аўтамабіляў пацярпеў і мой, што быў прыпаркаваны непадалёк ад месца здарэння. Аднак ДАІ Фрунзенскага раёна не можа знайсці вінаватага, і таму мне не выдаюць дакумент для звароту ў страхавую кампанію.
— Мы вырашым вашу сітуацыю, як толькі вы пад'едзеце ва ўпраўленне ДАІ адміністрацыі Фрунзенскага раёна.
— Пражываю па Якубоўскага, 148. У нас ля школы ўстанавілі агароджу. Аднак браму, якая была з боку некалькіх дамоў, цяпер не зрабілі, паколькі ДАІ забараніла яе ўстаноўку. Маўляў, брама выходзіць на праезную частку. Цяпер дзецям неабходна ісці па праезнай частцы (бо там фактычна няма тратуара) з даволі інтэнсіўным рухам.
— Мы вызначымся па вашай сітуацыі і зробім усё, што будзе бяспечна для пешаходаў. Аднак трэба разабрацца на месцы.
— Грузавы аўтамабіль знаходзіцца ў Дзяржынску, а стаіць на ўліку ў Мінску. Трэба зняць машыну з уліку. Ці можна гэта зрабіць з выездам па месцы знаходжання аўтамабіля?
— Вам трэба звязацца з супрацоўнікамі ДАІ Мінскай вобласці. Гэта лічыцца дадатковай платнай паслугай. Пасля таго, як адбудзецца акт зверкі, мы зможам зняць аўтамабіль з уліку.
— Пражываю па К. Лібкнехта, 73. У нас вакол дома ўся тэрыторыя загружана транспартам. І рух ля дома, як на праспекце. Побач з нашым домам пабудавалі яшчэ адзін, аднак там чамусьці не прадугледзелі скразны праезд у двор, і ўсе едуць толькі праз нас, у тым ліку аўтатранспарт, які выгружаецца ля двух магазінаў, размешчаных у нашым і суседнім дамах. Вядома, хацелася б, каб быў яшчэ які-небудзь праезд. Звярталіся ў райвыканкам. Аднак нам далі даволі абстрактны адказ.
— Якія-небудзь дарожныя знакі там стаяць?
— Так, аднак знакі не бяруцца пад увагу. Разгрузіць праезд павінен яшчэ адзін праезд — іншага выйсця я не бачу.
— Пабудаваць праезд — не самае простае. З вамі звяжацца інжынер па арганізацыі дарожнага руху з упраўлення ДАІ і паспрабуе разабрацца ў сітуацыі.
— Жыву насупраць праспекта газеты «Правда». У нас тут даволі складаны праезд. Знакі ніхто, як я разумею, не бачыць. Хто кантралюе сітуацыю са знакамі? Хто будзе адказваць, калі тут што-небудзь здарыцца?
— Супрацоўнікі ДАІ пад'едуць на месца, пра якое вы кажаце, і калі знак устаноўлены з парушэннем нормаў, то вінаватая асоба будзе прыцягнута да адказнасці, а знак паставяць згодна з нормамі.
— Завулак Алтайскі, 33. Гэта прыватны сектар. Ля майго дома вось ужо некалькі месяцаў паркуецца велікагрузная машына 3413 АК-7. Я прасіла кіроўцу не паркавацца пад маім домам, аднак у адказ пачула толькі хамства.
— Паспрабуем разабрацца з вашай сітуацыяй.
— У раёне вуліцы Уручскай знаходзяцца склады. Вуліца тут вельмі вузкая. Устаноўлены знакі, якія забараняюць паркоўку па абодвух баках. Аднак аўто паркуюцца і перакрываюць рух. Як зрабіць, каб ДАІ пракантралявала паркоўку пад знакамі?
— Мне здаецца, тут трэба разумець, што ў Мінску наогул існуе вялікая праблема з парковачнымі месцамі. Тым не менш мы паназіраем за абстаноўкай на гэтай вуліцы.
— Скажыце, чаму нельга неяк ініцыяваць адмену заводскай таніроўкі шкла ў аўтамабілях?
— Гэта пытанне дзейнага заканадаўства. Я не магу яго выносіць на абмеркаванне, я павінен толькі кантраляваць яго выкананне. Мой асабісты погляд на гэта пытанне, дарэчы, цалкам супадае з прапісаным у законе.
— А чаму блізкае святло ўключаецца толькі падчас пэўных акцый, а не пастаянна?
— Гэтую прапанову можна абмяркоўваць.
— На Рафіева, 78 рэгулярна пад самым домам і паркуюцца, і мыюцца аўтамабілі. На якой адлегласці ад жылога дома павінны паркавацца аўто?
— На адлегласці ад 5 да 8 метраў. Пры парушэннях можаце званіць па нумары дзяжурнай службы 222 17 17. Можаце набраць і нумар 102.
— Паркуюцца ў нас і на школьным стадыёне, на зялёнай зоне. Але ў мяне такое ўражанне, нібыта супрацоўнікі ДАІ баяцца нават заняцца такімі сітуацыямі...
— Па вялікім рахунку, я тут магу сказаць адно. Мы жывём у вялікім горадзе. У гэтым горадзе шмат аўтамабілістаў. Аўтамабілі рухаліся і будуць рухацца. Не сакрэт, што ёсць у сталіцы і праблема з паркоўкай аўтамабіляў. Тут патрэбна пэўнае ўзаемаразуменне. Да таго ж немагчыма штодня кантраляваць кожны аўтамабіль у сталіцы. Хаця б таму, што кожны дзень адбываецца да 150 дарожна-транспартных здарэнняў, і служба ДАІ абавязана займацца і гэтым. Тым не менш, у гэтым выпадку паспрабуем разабрацца, чаму школьная тэрыторыя не агароджана, хто там паркуецца... Павінен вам сказаць, што велізарная колькасць вадзіцеляў прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці за падобныя парушэнні. На жаль, пакуль гарадскія ўлады не пабудуюць дастатковую колькасць месцаў для паркоўкі, мы будзем назіраць такую карціну. Гэта вялікая праблема, і гэта трэба разумець.
— Пад маімі вокнамі — на Змітрака Бядулі, 3 — на дарозе нанесены шумавыя палосы... Шум ад гэтага невыносны. Чаму ніхто не думае пра жыхароў нашага дома? Як прымаюцца падобныя рашэнні? Проста зробім гэтыя палосы, і ўсё?
— Шумавыя палосы робяцца не проста так, а каб прыцягнуць увагу кіроўцаў да месцаў пешаходнага пераходу, каб захаваць жыццё людзей.
— Не думаю, што гэтыя палосы цяпер прыцягваюць увагу... Гэта, можа, толькі на пачатку было, а цяпер усе з лёгкасцю праскокваюць. А па-другое, мы, жыхары дома, — не людзі?
— Гэта практыка спрыяе бяспецы дарожнага руху. А ўсё, што спрыяе гэтаму, мае права на існаванне. Што да вашай сітуацыі, то трэба яе вывучыць, што мы і зробім у бліжэйшы час.

З першых вуснаў

«Аўтаматызаваная сістэма відэадэтэктавання зарэкамендавала сябе з лепшага боку. Хуткасць аўтатранспарту, колькасць дарожна-транспартных здарэнняў і траўмаў значна знізіліся. У аўтаматычным рэжыме на мінскай кальцавой аўтадарозе ўстаноўлена 7 камер у пяці найбольш небяспечных у сэнсе магчымасці аўтаздарэнняў месцах. Месцы размяшчэння камер не трымаюцца ў сакрэце. Яны ўказаны на сайце www.gаіmіnsk.bу. На ўчастках, дзе ўстанаўліваюцца камеры, заўсёды ёсць знакі-папярэджванні, і кожны ўдзельнік руху сам прымае рашэнне, з якой хуткасцю яму рухацца пасля такога знака».
«Для прыцягнення да адказнасці грамадзян іншых краін, якія парушаюць правілы дарожнага руху на нашых дарогах, у бліжэйшы час плануецца адкрыць спецыяльныя пункты. Цэнтры фіксацыі правапарушэнняў дадуць нам інфармацыю аб тым, калі і які аўтамабіль парушыў правілы, пасля чаго будзе складзены адміністрацыйны пратакол з адпаведнымі наступствамі».
«Сёння мы тэсціруем на праспектах горада 8 прыбораў відэафіксацыі розных вытворцаў. Прыборы даюць добрае распазнанне. Для нас цяпер важна адсачыць, як яны будуць працаваць у складаны асенне-зімовы час. Надалей, хутчэй за ўсё, па горадзе будуць усталёўвацца перасоўныя прыборы. Гэта больш сур'ёзна ўплывае на дарожную абстаноўку».
«Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя выступае за абавязковы пераход на зімнія шыны, выкарыстанне дзіцячых сядзенняў, увядзенне больш жорсткага пакарання вадзіцеляў за парушэнне правілаў прыпынку-стаянкі і парушэнне ПДР у частцы найбольш небяспечных. Сёння асноўныя праблемы ў сталіцы — ігнараванне пропуску пешаходаў і перавышэнне ўстаноўленай хуткасці».
«Супрацоўнікі ДАІ, замацаваныя за школамі, адназначна выконваюць там сваю работу. Па меры магчымасці кантралююць бяспечны пераход дзяцей праз дарогі. Фактычна ўсе школы сталі закрытымі для праезду аўтатранспарту. Праезд дапускаецца толькі з дазволу кіраўнікоў вучэбных устаноў. З'явіліся месцы бяспечнага праходу дзяцей у школы. Спрабуем настроіць бацькоў, каб тыя больш адказна ставіліся да магчымасці адвесці да школы адразу групу дзяцей. Распрацоўваем новую арганізацыю дарожнага руху ля адной са школ Цэнтральнага раёна — каб усе бакі былі ў бяспецы і ніхто нікому не перашкаджаў».

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Аляксандр Сотнікаў: «Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Аляксандр Сотнікаў: «Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Банкамат становіцца па-сапраўднаму шматфункцыянальнай прыладай.