Вы тут

«Іду праз залы, як скрозь гады...»


70 гадоў таму быў заснаваны Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

«Іду праз залы, як скрозь гады...» — так некалі выказаў свае пачуцці пры наведванні Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка. Лепш, бадай, і не скажаш. Залы гэтага музея, яго ўнікальныя экспанаты, многія з якіх былі сабраны па «гарачых» слядах падзей, беражліва захоўваюць памяць аб адным з самых трагічных і гераічных перыядаў нацыянальнай гісторыі, амаль рэальна пераносяць нас у далёкія грозныя гады.

1380663456694_2-21

Неверагодна, але факт: збор і вывучэнне матэрыялаў пра Вялікую Айчынную вайну пачаліся ў Савецкім Саюзе ўжо ў першыя яе месяцы. У снежні 1941 года, калі вораг стаяў каля сцен Масквы, была заснавана Камісія па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пры Прэзідыуме Акадэміі навук СССР, а ў хуткім часе з'явіліся аналагічныя камісіі пры ЦК кампартый саюзных рэспублік, іншых грамадскіх і ваенных структурах.
2 чэрвеня 1942 года рашэнне аб стварэнні рэспубліканскай Камісіі па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны прыняў ЦК КП(б)Б, які працаваў у эвакуацыі ў Маскве. Галоўнай задачай былі вызначаны «збор і падрыхтоўка да друку дакументаў і матэрыялаў аб удзеле БССР у Вялікай Айчыннай вайне супраць германскага фашызму». Старшынёй Камісіі з'яўляўся сакратар ЦК КП(б)Б па прапагандзе Цімафей Гарбуноў, адказным сакратаром — Васіль Стальноў (сапраўднае прозвішча Парфіяновіч), да вайны — супрацоўнік шэрагу беларускіх газет, у тым ліку «Звязды». Да працы прыцягнулі многіх эвакуіраваных у савецкі тыл беларускіх гісторыкаў, літаратараў, журналістаў, педагогаў, мастакоў.
Супрацоўнікі камісіі накіраваліся ў камандзіроўкі на фронт, на эвакуіраваныя ў савецкі тыл беларускія прадпрыемствы, дзе пачалі збор матэрыялаў аб баявых і працоўных подзвігах землякоў. Выключная магчымасць для ўсталявання непасрэднай сувязі з акупаванай тэрыторыяй Беларусі з'явілася на завяршальным этапе Маскоўскай бітвы, калі 2 лютага 1942 года паспяховыя наступальныя дзеянні часцей Чырвонай Арміі і партызан Віцебшчыны прывялі да ўтварэння ў лініі фронту разрыву шырынёй 40 кіламетраў паміж гарадамі Веліж Смаленскай вобласці і Усвяты Калінінскай (цяпер Пскоўскай) вобласці, у стык з мяжой Віцебшчыны. Гэты раён, які ўвайшоў у гісторыю вайны пад назвай «Суражскія (або Віцебскія) вароты», утрымліваўся савецкімі войскамі і віцебскімі партызанамі да 28 верасня 1942 года.
Ён стаў такой жа «Дарогай жыцця» для акупаванай Беларусі, як Ладажскае возера для блакіраванага Ленінграда. Камандаванне 4-й ударнай арміі і Паўночна-Заходняя аператыўная група ЦК КП(б)Б, якая базіравалася ў раёне «варот», забяспечылі, акрамя іншага, магчымасць перапраўкі ў тыл ворага супрацоўнікаў Камісіі, партыйных і камсамольскіх работнікаў, арганізатараў партызанскага руху, якія мелі спецыяльныя заданні па зборы неабходных матэрыялаў.
Моцная сувязь Вялікай зямлі з Беларуссю, якая змагалася, пазней ажыццяўлялася пры дапамозе транспартнай авіяцыі і дазволіла сабраць бясцэнныя гістарычныя дакументы, іншыя рэліквіі архіўнага і музейнага значэння. Сярод першых матэрыялаў, якія паступілі ў Камісію, былі падпольныя газеты і партызанскія рукапісныя часопісы, лістоўкі, фатаграфіі, акты аб злачынствах акупантаў на беларускай зямлі, інфармацыя аб баявых справах партызан. Менавіта яны паклалі пачатак фарміраванню Нацыянальных архіўнага і музейнага фондаў па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
У канцы 1942 года Камісія выпусціла ў свет першае друкаванае выданне — брашуру «Героі Савецкага Саюза» з нарысамі пра беларусаў, удастоеных на працягу першых двух гадоў вайны гэтага высокага звання: лётчыка А.К. Антаненку, кавалерыста Л.М. Даватара, снайпера
Ф.А. Смалячкова, партызана Ц.П. Бумажкова і іншых. У 1943 годзе былі выдадзены тры дакументальныя зборнікі аб злачынствах гітлераўскіх захопнікаў: «Нічога не забудзем, нічога не даруем», «Дакументы аб зверствах нямецкіх акупантаў на Беларусі», «Пісьмы з нямецкага рабства», а таксама брашуры «Беларусь была і будзе савецкай» і «Першы і Другі мітынгі прадстаўнікоў беларускага народа».
Вынікі напружанай працы Камісіі ўпершыню ў цэласным варыянце знайшлі адлюстраванне ў 313 экспанатах выставы «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца», якая адкрылася на пачатку лістапада 1942 года ў Маскве, на Краснай плошчы, у памяшканні Дзяржаўнага гістарычнага музея. Нельга не адзначыць, што гэтая падзея адбылася ў найцяжэйшы час кровапралітных баёў пад Сталінградам, дзе ў чарговы раз вырашаўся лёс краіны, таму экспазіцыя мела не толькі пазнавальнае, але і вялізнае прапагандысцкае значэнне.
З пачаткам вызвалення Беларусі ў верасні 1943 года супрацоўнікі Камісіі выехалі ў камандзіроўкі ў вызваленыя раёны. У красавіку 1944 года яны перабраліся з Масквы ў Гомель, у ліпені — у Мінск, дзе ў 1946 годзе Камісія скончыла сваю працу, сабраўшы каля 18 тысяч дакументаў і матэрыялаў, 2570 фатаграфій і малюнкаў, стэнаграм гутарак са 170 камандзірамі партызанскіх фарміраванняў і радавымі партызанамі. Скамплектаваныя ёю фонды, бібліятэка (больш за 300 тамоў) і іншая маёмасць былі перададзены ў асноўным у архіў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б (цяпер — Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь), часткова — у архіў КДБ БССР. Частка фондаў (выстава «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца») склала аснову Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Знамянальна, што ЦК КП(б)Б заслухаў пытанне «Аб стварэнні музея па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну» ўжо праз некалькі дзён пасля пачатку вызвалення Беларусі — 30 верасня 1943 года. Была адзначана вялізная важнасць назапашаных за час вайны дакументаў, матэрыялаў і прадметна-рэчавых рэліквій — бясцэнных гістарычных крыніц. У сувязі з гэтым ЦК КП(б)Б пастанавіў: «Стварыць музей па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну... Асноўнай задачай музея на першы час працы з'яўляецца збор усіх матэрыялаў, якія характарызуюць барацьбу беларускага народа».
У хуткім часе з ЦК КП(б)Б пайшлі радыёграмы, адрасаваныя камандзірам абласных партызанскіх злучэнняў Беларусі. Тыя, у сваю чаргу, накіравалі адпаведныя загады ў партызанскія фарміраванні.
29 ліпеня 1944 года супрацоўнікі музея прыбылі ў Мінск. Кіраўніцтва рэспублікі і сталіцы добра разумела вялізнае палітыка-выхавальнае значэнне музея, асабліва ў цяжкі ваенны час. Таму рашэннем Урадавай камісіі па ўліку і размеркаванні будынкаў у Мінску, якія захаваліся, ад 1 жніўня 1944 г. яму выдзелілі адзін з нямногіх ацалелых у цэнтры горада будынкаў — Дом Працы на плошчы Свабоды, дзе да вайны працавалі цэнтральныя органы прафсаюзаў БССР. Гэты будынак захаваўся, у ім і цяпер размяшчаюцца прафсаюзныя структуры.
У жніўні 1944 года быў выдадзены загад па музеі за подпісам дырэктара Васіля Стальнова: «З 1.08.44 Музей па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецкімі захопнікамі называць Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на падставе Указання ЦК КП(б)Б». У гэты час у музей паступалі ўсё новыя рэліквіі ад былых партызан, падпольшчыкаў, франтавікоў, якія часова знаходзіліся ў Мінску, жыхароў Беларусі, якія вярнуліся з эвакуацыі. У верасні 1944 года ў фондах ужо налічвалася больш за 10 тысяч экспанатаў.
Нарэшце ў нумары «Звязды» ад 21 кастрычніка 1944 года з'явілася наступная аб'ява: «Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 22 кастрычніка а 12 гадзіне адкрывае першыя дзве выстаўкі: «Узбраенне беларускіх партызан» і «Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны»...».
«Зброевая» частка дэманстравала трафейную і самаробную зброю партызан, а таксама савецкае ўзбраенне, дастаўленае з Вялікай зямлі. У цэнтры ўвагі наведвальнікаў знаходзіліся вынаходніцтвы партызанскага ўмельца з брыгады імя Льва Датавара Віцебскай вобласці Тэнгіза Шаўгулідзэ (да вайны — інжынера-пуцейца), ручныя і ружэйныя гранатамёты, зробленыя на аснове рускай вінтоўкі. Не меншую цікавасць выклікаў самаробны аўтамат, выраблены ў падарунак камандзіру Пінскага партызанскага злучэння Герою Савецкага Саюза Васілю Каржу ў зброевай майстэрні злучэння з выкарыстаннем падручных матэрыялаў: рамы трафейнага веласіпеда, жалезнага вобада бочкі, металічных дэталяў збітага нямецкага самалёта, рога каровы; вараненне рабілася адварам шалупіння цыбулі і бярозавым дзёгцем.
Значную частку экспазіцыі складалі дзясяткі тыпаў самаробных мін, фотапартрэты майстроў падрыўной справы — у прыватнасці, Фёдара Бачылы з Мінскага партызанскага злучэння, які пусціў пад адхон 26 эшалонаў ворага.
У другім раздзеле экспазіцыі было размешчана мноства падпольных газет, лістовак, брашур. Вылучаўся разнастайнасцю, шматкаляровасцю збор партызанскіх «Баявых лісткоў», плакатаў, рукапісных часопісаў, палітычных карыкатур. Можна было ўбачыць і такія рэдкасці, як лістоўкі на бяросце, падпольныя газеты на шпалернай і абгортачнай паперы. Побач знаходзіліся ўзоры абсталявання партызанскіх друкарняў.
Ці трэба казаць, што ўсе рарытэты першай экспазіцыі складаюць прадмет асаблівай гордасці музея, які сёння з'яўляецца адным з найбуйнейшых на постсавецкай прасторы зборам помнікаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны?

Ірына ВАРАНКОВА,

навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».