Вы тут

ДЗІВОСНЫ ЧУДЗІН


Дзе яшчэ, скажыце, знойдзецца вёска, у цэнтры якой стаіць помнік Леніну? Або якая мае ўласны «Арбат» — пешаходную вуліцу, дзе ў дні святаў ладзяцца выставы, кірмашы, гулянні. «Можа, у вас і Рублёўка мясцовага маштабу ёсць?» — пытаюся проста так, на ўсялякі выпадак, і чую ў адказ пераканаўчае: «Ёсць!». «Да падмаскоўнай не дацягваем, вядома, але сутнасць амаль тая ж, — запэўнівае стараста вёскі Чудзін, што ў Ганцавіцкім раёне, Ніна Сергіеня. — А ўсяго ў нас 372 двары. Пражываюць тут не толькі пажылыя. Сёлета сямёра дзетак нарадзілася, вяселле зусім нядаўна згулялі. Мясцовую дзяўчыну выдалі замуж за хлопца з суседняй вёскі, 160 запрошаных было — такія нашы маштабы».

ПАЭМА З ДРЭВА

Чудзін сапраўды дзівосны. Акрамя ўласных «рублёвак» і «арбата», яшчэ і мікрараёны вясковыя ёсць. «Капцы», напрыклад, размешчаны на ўзвышшы, куды ніколі не падступае вада. Менавіта там ладзілі сховішчы для бульбы — капцы. «Старое сяло» — гэта тая мясцовасць, адкуль Чудзін бярэ свой пачатак. Паводле легенды, даўным-даўно трапілі сюды прышлыя людзі. Спыніліся, агледзеліся і вырашылі, што перад імі цудоўнае для жыцця месца: непраходныя балоты, густыя лясы, дабрацца чужынцам будзе не так і проста. Самі ж яны па рацэ прыплылі. І заснавалі паселішча, якое назвалі Чудзінам. Было гэта прыкладна ў 1537 годзе, пра што сведчыць першая пісьмовая згадка пра вёску.

...Георгіеўскую царкву, збудаваную ў Чудзіне ў ХVІІІ стагоддзі, называюць «паэмай з дрэва». Храм у гонар Георгія Пераможцы і на самой справе незвычайны. Не, ён не ўражвае ўзнёсласцю, памерам. Прывабны, хутчэй за ўсё, сваёй сціпласцю. Першапачаткова храм быў праваслаўнай капліцай, затым стаў уніяцкай царквой. У ХХ стагоддзі, у часы ваяўнічага атэізму, царкву закрылі, і надоўга. Толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя жыхары Чудзіна вырашылі змагацца за сваю святыню, бо, акрамя рэлігійнага значэння, храм мае і культурнае — з'яўляецца помнікам архітэктуры. Чудзінцы пачалі збор сродкаў на рэстаўрацыю царквы, многія сваімі рукамі аднаўлялі будынак. І справа была даведзена да лагічнага завяршэння — храм адчыніў свае дзверы для вернікаў.

— Вы б чулі, які ў нас царкоўны хор! — не тоіць захаплення Ніна Міхайлаўна. — Нядаўна на епархіяльным аглядзе другое месца заняў. І святар у нас — добрай душы чалавек. Айцец Пётр заўсёды ўдзельнічае ў вырашэнні сельскіх праблем, нават калі яны не датычацца духоўнага жыцця.

СВАЯ ГІСТОРЫЯ

Не лішнім будзе нагадаць, што далёка не кожная вёска мае такую адметную гісторыю, як Чудзін. Нярэдка час быў бязлітасны і да самога сяла, і да людзей, але палеская вёсачка хутка залечвала раны, і жыццё працягвалася — яркае, багатае на падзеі. У 1631 годзе ў лясным масіве, што побач з Чудзінам, ва ўрочышчы, больш вядомым як Казельск, з'явіўся маёнтак Людзвікова. Там быў узведзены Белы палац. Нават па нязначных рэштках будынка можна здагадвацца, што гэта быў грандыёзны і велічны будынак. Але яму быў наканаваны незайздросны лёс: у 1921 годзе адбыўся падзел Беларусі на Заходнюю і Усходнюю. Сучасная Ганцаўшчына адышла да Польшчы. Новая дзяржаўная мяжа пралягла якраз побач з Чудзінам. У маёнтку Людзвікова размясціўся польскі гарнізон, пачаў будавацца ваенны гарадок. Выраслі дамы, з'явіліся ваенна-спартыўны клуб, лесапільня, вадакачка і, што самае важнае, — вузкакалейка і тэлефонная лінія. Паколькі ў гарнізоне сабралася нямала непісьменных салдат, то польскія ваенныя ўлады вырашылі, што трэба ўсіх навучыць грамаце — адкрылася бібліятэка. Людзвікова становіцца не толькі ваенным, але і асветніцкім цэнтрам, а паколькі там працуе нямала мясцовых, то і яны далучаюцца да культуры і адукацыі... Корпус памежнай аховы ў Людзвікова праіснаваў да 1939 года. Пасля ўз'яднання Беларусі польскі гарнізон вывелі, мясцовае насельніцтва перабралася ў Чудзін. Але маёнтак не пуставаў, да 1941-га тут рыхтавалі чырвоных камандзіраў. У час вайны Белы палац знаходзіўся ў руках партызанаў, а калі з'явілася пагроза, што ім авалодаюць немцы, яго проста ўзарвалі...

НА ЧЫМ СТАІМ?

У Чудзіне жыве 27 шматдзетных сем'яў. Гэта дзякуючы ў першую чаргу ім у школе вучацца 97 дзяцей, 20 ходзяць у дзіцячы сад. Вельмі паважаюць у вёсцы сям'ю Захарчэняў. Бацька сям'і Аляксандр Фёдаравіч — асоба неардынарная. Прадпрымальнік, займаецца дрэваапрацоўкай, стварыў 15 рабочых месцаў, вернік. Яны з жонкай гадуюць 6 дзяцей і пры гэтым знаходзяць час і сродкі на дабрачыннасць. Старшыня Чудзінскага сельскага Савета Анатоль КІЦІК адзначае, што Аляксандр Фёдаравіч заўсёды адклікаецца на просьбы мясцовай улады. Скажам, стварылі ў Чудзіне сваю футбольную каманду, а за якія сродкі яе ўтрымліваць? Дзякуючы Захарчэню праблема вырашана. Цяпер ён увасабляе ў жыццё вялікую справу — хоча адкрыць у вёсцы рэабілітацыйны цэнтр для залежных ад алкаголю і наркотыкаў.

А як не сказаць добрых слоў на адрас самой старасты, чалавека, безумоўна, аўтарытэтнага і паважанага? Той факт, што на сходзе за яе прагаласавалі ўсе як адзін жыхары вёскі, ужо шмат пра што сведчыць. Дзверы ў хаце Ніны Міхайлаўны заўсёды адчынены для аднавяскоўцаў, і тэлефон яе маўчыць рэдка, таму што менавіта да старасты ідуць з усімі жыццёвымі праблемамі. Зусім нядаўна Чудзін, як, зрэшты, і ўсю краіну, трэсла з-за афрыканскай чумы свіней. «Міхайлаўна, што рабіць? Міхайлаўна, шукайце ветэрынараў, хай ратуюць! Міхайлаўна, тэлефануйце ў раён і патрабуйце тлумачэнняў!..» Дзякуй Богу, гэтая бяда Чудзін абышла бокам.

— У нас ягадны край, людзі на іх зборы немалыя грошы зарабляюць, — адзначае Ніна Сергіеня, — але і тут трэба трымаць «руку на пульсе», ведаць, з якога часу дазволены збор брусніц, а з якога — журавін. Народ пра ўсё гэта ў мяне пытаецца. Я часам магу і незадаволенасць выказаць, маўляў, самі радыё слухайце, газеты чытайце, а яны мне ў адказ: а ты ў нас навошта?

Да таго, як пайшла на заслужаны адпачынак, Ніна Міхайлаўна працавала старшай медыцынскай сястрой, хадзіла па выкліках, таму чудзінцаў ведае з усімі іх балячкамі і вартасцямі. Зрэшты, стараста запэўнівае, што недахопаў у чудзінцаў няма: працавітыя, прыстойныя, адказныя.

— Калі гэта і сапраўды так, то адкуль у вас грамата Міністэрства ўнутраных спраў? — цікаўлюся ў суразмоўцы.

— Дык гэта за цеснае супрацоўніцтва, і не больш, — запэўнівае Ніна Міхайлаўна і падкрэслівае, што з мясцовым участковым Аляксандрам Зайцам у яе ўзаемадзеянне будзь здароў!

...Нядаўна яна ў лес па ягады пайшла на цэлы дзень, а дом замкнуць забылася. Вечарам вярнулася — усё ў парадку, нічога не кранута.

Хоць, упэўнена Ніна Міхайлаўна, за дзень парог яе дома не адзін чалавек пераступіў...

Аўтар выказвае шчырую падзяку настаўніцы гісторыі Чудзінскай сярэдняй школы Галіне Мікалаеўне Мароз і яе вучням за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Паліна ГАЛІЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.