Вы тут

Авіясалон пад Калачамі


У 20 кіламетрах ад Лагойска, у раёне вёскі Калачы, прайшоў Рэспубліканскі салон аматарскай авіяцыі, прысвечаны пошуку новых авіяцыйных ідэй і тэхналогій. Магчыма, на фоне іншых падзей краіны ён не атрымаў належнай увагі і гучнага розгаласу, але для аматараў канструяваць уласнымі рукамі паветраныя машыны і смела ўзлятаць на іх у неба форум стаў доўгачаканай і важнай падзеяй. Нарэшце, пасля сямігадовага маўчання, грамадскае аб'яднанне «Беларуская федэрацыя звышлёгкай авіяцыі» заявіла пра сваю гатоўнасць зноў склікаць і дэманстраваць лётны і канструктарскі патэнцыял, якому сёння неабходна падтрымка дзяржавы. На часовай пляцоўцы — полі паміж вёскамі Бабры і Мачулішча два дні адбываліся палёты мотадэльтапланаў (дэльталётаў), парапланаў, мотапарапланаў, паратрайкаў. Удзельнічалі ў шоу і лёгкія самалёты. Пілот невялікага прыватнага самалёта Zlіn142 Сяргей Завадскі прыляцеў на авіясалон пад Лагойск нават з Пінска.

1380750757511_1

Але няўжо толькі жаданне прадэманстраваць сваю «крылатую» уласнасць і лётнае майстэрства прымусіла гэтага паветранага аматара пераадолець амаль 300 кіламетраў і іншых пілотаў — з Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Баранавіч, Валожына, Кобрына, Ліды, Оршы, Сянна, Чашнікаў і нават са Смаленска — сабрацца пад шэрым, а часам і дажджлівым небам? Авіясалон высветліў, што ў беларускай звышлёгкай авіяцыі назапасілася шмат пытанняў, якія авіятарам немагчыма вырашаць паасобку.

Самыя адданыя прыхільнікі неба, зразумела, тыя, хто сам стварае крылы. А гэткіх у Беларусі не адзінкі і нават не дзясяткі — сотні. Лятаць для адных з іх — мара дзяцінства, для іншых — нават сэнс жыцця. Ад імя гэтых апантаных калісьці з усіх радыёкропак даносілася:

Мы рождены, чтоб сказку сделать былью,


Преодолеть пространство и простор,
Нам разум дал стальные руки-крылья,
А вместо сердца — пламенный мотор...

На авіясалоне «Лагойск-2013», на жаль, сабралася ўсяго некалькі дзясяткаў «братоў па крылах».

І не столькі для магчымасці падняцца ў паветра (гэта само сабою), колькі абмеркаваць (у дыялогах і спрэчках) спрашчэнне правоў на палёты. Шматгадовае ігнараванне дэльтапланерысцкага руху, забароны здзяйсняць самастойныя палёты, завышаныя патрабаванні медкамісіі (нібы для пілотаў пасажырскіх «боінгаў»). Напрыклад, пілоту авіяцыі, каб прайсці медыцынскую камісію, даводзіцца ехаць у Мінск з самых аддаленых куткоў Беларусі. Часам гэтая камісія доўжыцца да трох і больш дзён. Нават у больш строгія і адказныя савецкія часы медкамісію праходзілі па месцы жыхарства — яна прыраўноўвалася да ўзроўню вадзіцельскай камісіі.

1380750760767_2

А таксама залішняя бюракратыя ў рэгістрацыі прывялі да таго, што самадзейная авіяцыйна-тэхнічная творчасць насельніцтва пачала сыходзіць у падполле. Інжэнер-канструктар 1-й катэгорыі, старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя звышлёгкай авіяцыі» Аляксандр Здрок назваў мэты, якія павінны аб'яднаць аматараў крыла і звярнуць на сябе ўвагу з боку дзяржавы: папярэдзіць парушэнні паветранай прасторы апаратамі лёгкай авіяцыі; аказваць садзейнічанне ў тэхнічным аглядзе паветраных апаратаў агульнага прызначэння ў мэтах іх далейшай рэгістрацыі, аказваць дапамогу пілотам-аматарам у лётна-метадычнай падрыхтоўцы і атрыманні пілоцкага пасведчання, дамагацца спрошчанага (як у іншых краінах) праходжання медыцынскай камісіі.

1380750762349_3

Адзін з удзельнікаў авіясалона — пенсіянер з вёскі Сакаўшчына Валожынскага раёна Яўген Рындзевіч. Вучыўся лятаць на дэльтапланах у мінскім аэраклубе «Старт». Тры гады таму набыў камп'ютар і праз інтэрнэт даведаўся, што ў краіне шмат парапланерыстаў. Набыць параплан сёння значна танней, чым змайстраваць альбо купіць мотадэльтаплан. Ён набыў параплан і пачаў спробы ўзлятаць, рабіў гэта адразу за сваёй вёскай. Аднак не ўсе аднавяскоўцы станоўча ўспрынялі яго захапленне, таму вымушаны быў ад'язджаць як мага далей ад населенага пункта.

— Толькі на старасці збылася мара маёй маладосці, — сказаў Яўген Рындзевіч. — Але, каб здзяйсняць палёты, трэба загадзя рабіць заяўкі і ўказваць маршрут. Таксама павінен быць і кіраўнік палёту. Гэтыя штучныя перашкоды не дазваляюць займацца любімай справай з радасцю і ў любы час. Спадзяюся, што наша федэрацыя будзе аказваць нам садзейнічанне.

Дэльтаплан аматара з Сенненскага раёна Георгія Казакова адразу прыцягнуў увагу кляпаным металічным корпусам пілоцкай кабіны. Гэта ўжо другі ў яго жыцці дэльталёт, сабраны ўласнымі рукамі. Георгій кажа, што яшчэ ў дзяцінстве майстраваў дэльтапланы па малюнках і чарцяжах з часопісаў «Юный техник», «Техника молодёжи», «Моделист-конструктор», «Наука и жизнь». Па прафесіі інжынер-механік, рамантуе аўтатрактарную тэхніку, таму здейсніць даўнюю мару падняцца ў неба для яго не было асабліва складаным. Шкадуе, што цяпер палёты з'яўляюцца парушэннем паветранай прасторы. А лятаць хочацца не толькі на авіясалонах. Георгій ведае, што ў іншых краінах усе працэдуры з атрыманнем дазволу на палёты вельмі простыя і нездарма вялікая колькасць замежных грамадзян з захапленнем аддаюцца палётам.

1380750765612_4

— Я прыехаў падтрымаць ідэю нашай федэрацыі і засвоіць працэдуру арганізацыі палётаў, — кажа Георгій Казакоў.

Жыхару Кобрына Ігару Кошкіну давялося нават атрымаць адміністрацыйнае папярэджанне за несанкцыянаваныя палёты. Ігнараваць гэткія папярэджанні ён больш не збіраецца. Цяпер яго спадзяванні з дапамогаю Федэрацыі атрымліваць афіцыйны дазвол на пілатаванне.

— Адна з асноўных мэтаў Федэрацыі і авіясалона — садзейнічанне развіццю авіяцыі агульнага прызначэння як галіны, — падкрэслівае старшыня федэрацыі Аляксандр Здрок.

— Авіяцыйна-тэхнічная творчасць, як вядома, выяўляе самых таленавітых спецыялістаў. Гэткага тэхнічнага крэатыву, які тут сабраўся, яшчэ пашукаць трэба.

Дэльтапланерысты — гатовыя пілоты, гэта сапраўдны лётны і канструктарскі патэнцыял авіяцыйнай прамысловасці. На жаль, у дзяржаве гэты патэнцыял пакуль ніяк не выкарыстоўваецца.

Па словах старшыні Федэрацыі авіяцыя агульнага прызначэння, пры фарміраванні яе як галіны, можа прыносіць сёння ў дзяржбюджэт значныя фінансавыя паступленні.

1380750767806_5

Ахвотнікаў паназіраць за палётамі было няшмат — выпадковыя праезджыя і невялікая групка моладзі з Баброў і Калачоў. Магчыма, спрацавала адсутнасць рэкламы.

Вядома, лагойскае авіяшоу ні ў якім разе нельга параўноўваць з грандыёзнымі замежнымі авіясалонамі, на якія збіраюцца сотні тысяч гледачоў з усяго свету, усё ж было крыху шкада, што гэткая відовішчная падзея прайшла незаўважна для грамадскасці. Тым больш што на Лагойшчыне гэта адбылося ўпершыню. Якім добрым прыкладам для школьнікаў і моладзі мог стаць авіясалон! Нават мясцовая ўлада — Янушкавіцкі сельсавет — не быў у курсе правядзення злёту авіятараў. Застаецца спадзявацца, што наступны салон, які плануецца правесці таксама на Лагойшчыне, будзе лепш арганізаваны ў плане інфармавання не толькі жыхароў раёна, але і ўсёй краіны. Пра гэта, падводзячы вынікі, паведамілі старшыня федэрацыі Аляксандр Здрок і кіраўнік палётаў Аляксей Яфрэмаў.

— Я зноў прыеду ў вашу краіну, бо падабаецца сяброўскае стаўленне пілотаў адзін да аднаго. Беларускія дэльтапланерысты — як адна сям'я. Спадзяюся, што ўлады на ўсіх узроўнях будуць падтрымліваць звышлёгкую авіяцыю і спрыяць яе развіццю, — развітваючыся, сказала Ніна Ласова — дэльтапланерыстка са Смаленска.

Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?