Вы тут

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь


Аб устанаўленні працэсуальнага парадку вызвалення ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу ў суд скаргаў на пастановы па правах аб адміністрацыйных правапарушэннях

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў
у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў
з удзелам прадстаўнікоў:
Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь — Федарцова А.А., першага намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь — Лашына А.М., намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь — Каменкі В.Б., намесніка Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь;
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь — Тушынскага І.Г., намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь,
разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот грамадзяніна Гоўшы С.К. аб наяўнасці прабелу ў адміністрацыйным працэсуальным заканадаўстве ў частцы рэгулявання пытанняў, звязаных з вызваленнем ад выплаты дзяржаўнай пошліны пры абскарджанні ў суд пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей — Канстытуцыя), Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей —
ПВКабАП) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, а таксама меркаванні зацікаўленых дзяржаўных органаў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў наступнае.

1. У сваім звароце грамадзянін Гоўша С.К. указаў, што яго скарга, пададзеная на пастанову суда па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, была вернута без разгляду ў сувязі з нявыплатай дзяржаўнай пошліны, а хадайніцтва аб вызваленні ад выплаты дзяржаўнай пошліны ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам пакінута суддзёй без задавальнення з-за адсутнасці ў ПВКабАП нормы, якая прадугледжвае магчымасць вызвалення ад дзяржаўнай пошліны. Па меркаванні заяўніка, выкладзеныя акалічнасці сведчаць аб прабеле ў заканадаўстве, чым парушаюцца гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь права кожнага на судовую абарону, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, паколькі нормы працэсуальнага заканадаўства іншых галін права, у тым ліку грамадзянскага і крымінальна-працэсуальнага, прадугледжваюць магчымасць вызвалення фізічных асоб ад судовых расходаў (працэсуальных выдаткаў) зыходзячы з іх маёмаснага становішча.
2. Аналіз судовай практыкі і пазіцый дзяржаўных органаў сведчыць аб розных падыходах да разумення і прымянення матэрыяльных і працэсуальных палажэнняў заканадаўства, якія рэгулююць спагнанне дзяржаўнай пошліны пры абскарджанні пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Так, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь адзначае, што на практыцы агульныя суды прымяняюць пункт 2 артыкула 258 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — Падатковы кодэкс), які дае суду (суддзі) права зыходзячы з маёмаснага становішча фізічных асоб вызваліць іх ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу скарг на ўсе судовыя пастановы, у тым ліку па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь лічыць, што існуючы ў цяперашні час працэсуальны парадак вызвалення ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу скаргаў на судовыя пастановы ў належнай меры ўрэгуляваны нормамі Падатковага кодэкса, не перашкаджае абскарджанню судовых пастаноў і не парушае права грамадзян на судовую абарону. У той жа час дадзены орган адзначае перспектыўнасць у мэтах аднастайнага тлумачэння і прымянення палажэнняў падатковага заканадаўства, якія вызначаюць парадак вызвалення ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу скаргаў у суд, органы пракуратуры, далейшага ўдасканальвання заканадаўства ў частцы ўстанаўлення дакладных крытэрыяў і падстаў для надання льгот па выплаце дзяржаўнай пошліны.
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь указвае, што норма артыкула 258 Падатковага кодэкса, якая ўстанаўлівае права суда (суддзі) поўнасцю або часткова вызваліць ад дзяржаўнай пошліны па судовых справах фізічных асоб зыходзячы з іх маёмаснага становішча, не прадугледжвае выключэнняў у частцы спагнання дзяржаўнай пошліны пры абскарджанні судовых пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. Аднак дадзенае Міністэрства мяркуе, што канкрэтызацыя палажэнняў ПВКабАП у частцы рэгламентацыі выплаты дзяржаўнай пошліны ў рамках адміністрацыйнага працэсу будзе спрыяць рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону і забеспячэнню аднастайнага прававога рэгулявання падобных праваадносін нормамі розных галін заканадаўства.
Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь займае пазіцыю, згодна з якой рэгуляванне пытанняў, звязаных з выплатай дзяржаўнай пошліны, у тым ліку пры падачы ў агульныя суды фізічнымі асобамі скаргаў на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, павінна ажыццяўляцца выключна нормамі падатковага заканадаўства. Па меркаванні гэтага Міністэрства, адсутнасць у ПВКабАП прамой нормы, якая ўстанаўлівае магчымасць вызвалення ад выплаты дзяржаўнай пошліны, не з'яўляецца перашкодай для прымянення агульным судом (суддзёй агульнага суда), пракурорам нормаў Падатковага кодэкса, што вызначаюць парадак выплаты дзяржаўнай пошліны.
3. Ацэньваючы прававыя падыходы да рэгулявання пытання вызвалення ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу ў суд скаргаў на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7); дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21); дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка другая артыкула 59).
Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны; суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных актаў (частка першая артыкула 60, частка першая артыкула 112 Канстытуцыі).
Згодна з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадку парушэння яго асноўных правоў, нададзеных яму Канстытуцыяй або законам.
Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваны абавязак кожнай дзяржавы, што ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці (падпункт «а» пункта 3 артыкула 2), а таксама развіваць магчымасці судовай абароны (падпункт «b» пункта 3 артыкула 2).
У Заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 23 чэрвеня 1999 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі другой артыкула 207, часткі першай артыкула 268, часткі першай артыкула 269 і часткі першай артыкула 291 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» указана, што адной з рэальных гарантый ажыццяўлення канстытуцыйнага права на судовую абарону і вынясення судамі законных і абгрунтаваных рашэнняў з'яўляецца права абскарджання і апратэставання судовых пастаноў. Судовае рашэнне не можа лічыцца справядлівым і правасудным, а судовая абарона — поўнай і эфектыўнай, калі дапушчана судовая памылка. Дзяржава абавязана гарантаваць абарону правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ад судовай памылкі. Пры ўстанаўленні парадку ажыццяўлення правасуддзя ў заканадаўстве павінен быць прадугледжаны эфектыўны механізм (працэдура) выпраўлення такіх памылак.
Канстытуцыйны Суд пацвярджае дадзеную прававую пазіцыю і адзначае, што з прыведзеных вышэй палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў, удзельніцай якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, вынікае абавязак дзяржавы ўстанавіць на заканадаўчым узроўні такі механізм рэалізацыі права на абскарджанне ў суд пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, у тым ліку працэсуальны парадак вызвалення грамадзян ад выплаты дзяржаўнай пошліны, які гарантаваў бы кожнаму абарону яго правоў і свабод судом.
4. Згодна з Канстытуцыяй грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў (артыкул 56); ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, не прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў (артыкул 58).
У адпаведнасці з падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 249 Падатковага кодэкса аб'ектам абкладання дзяржаўнай пошлінай прызнаецца ў тым ліку разгляд скаргаў, якія падаюцца ў агульныя суды, касацыйных і наглядных скаргаў на судовыя пастановы, а пунктам 3 дадатку 14 да гэтага Кодэкса вызначаны стаўкі дзяржаўнай пошліны за падачу скаргаў на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Нароўні з устанаўленнем абавязку грамадзян па выплаце дзяржаўнай пошліны за падачу ў агульныя суды скаргаў на судовыя пастановы ў пункце 2 артыкула 258 Падатковага кодэкса замацавана права суда (суддзі) поўнасцю або часткова вызваліць ад дзяржаўнай пошліны па судовых справах фізічных асоб зыходзячы з іх маёмаснага становішча па аб'ектах абкладання дзяржаўнай пошлінай, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці.
Аналагічнае ўказанай норме падатковага заканадаўства палажэнне, якое прадугледжвае магчымасць вызвалення судом (суддзёй) фізічнай асобы ад выплаты дзяржаўнай пошліны, змяшчаецца і ў некаторых актах працэсуальнага заканадаўства, якія рэгламентуюць ажыццяўленне агульнымі судамі асобных відаў судаводства, у прыватнасці ў Грамадзянскім працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь (далей — ГПК).
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 130 ГПК суд або суддзя маюць права поўнасцю або часткова вызваліць ад выплаты дзяржаўнай пошліны па судовых справах фізічных асоб зыходзячы з іх маёмаснага становішча па аб'ектах абкладання дзяржаўнай пошлінай, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці. У артыкуле 131 ГПК вызначаны парадак падачы заявы аб вызваленні ад выплаты судовых расходаў (частка першая) і замацаваны абавязак грамадзяніна прылажыць да дадзенай заявы дакументы, якія сведчаць аб яго матэрыяльным і сямейным становішчы (частка другая).
Згодна з артыкулам 1.1
ПВКабАП гэты Кодэкс — адзіны закон, што ўстанаўлівае парадак адміністрацыйнага працэсу, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; нормы іншых заканадаўчых актаў, якія ўстанаўліваюць парадак адміністрацыйнага працэсу, правы і абавязкі яго ўдзельнікаў, падлягаюць уключэнню ў ПВКабАП (частка 2); парадак адміністрацыйнага працэсу, устаноўлены ў дадзеным Кодэксе, з'яўляецца адзіным і абавязковым для ўсіх дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і службовых асоб, якія вядуць адміністрацыйны працэс, а таксама для іншых яго ўдзельнікаў (частка 4).
Абскарджанне і апратэставанне пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні (глава 12 ПВКабАП) з'яўляецца адной са стадый адміністрацыйнага працэсу.
Часткай 3 артыкула 12.2
ПВКабАП устаноўлена, што са скаргаў, якія падаюцца ў суд на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, спаганяецца дзяржаўная пошліна ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, а нявыплата дзяржаўнай пошліны цягне вяртанне скаргі асобе, якая яе падала. У той жа час у ПВКабАП не змяшчаецца нормаў, якія рэгламентуюць працэсуальны парадак вызвалення фізічных асоб ад выплаты дзяржаўнай пошліны. Адсутнасць такіх нормаў прыводзіць да супярэчлівай правапрымяняльнай практыкі: у шэрагу выпадкаў суды вяртаюць грамадзянам скаргі на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях без разгляду ў сувязі з нявыплатай дзяржаўнай пошліны, а хадайніцтвы грамадзян аб вызваленні ад выплаты дзяржаўнай пошліны зыходзячы з іх маёмаснага становішча пакідаюць без задавальнення з-за адсутнасці ў ПВКабАП нормы, якая прадугледжвае магчымасць прыняцця судом (суддзёй) такога рашэння.
Акрамя таго, згодна з часткай 1 артыкула 12.2 ПВКабАП па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях могуць быць абскарджаны (апратэставаны) у суд (вышэйстаячы суд) не ўступіўшыя ў законную сілу пастановы як суда, так і іншых органаў, якія вядуць адміністрацыйны працэс.
Такім чынам, нявыплата фізічнай асобай дзяржаўнай пошліны па скарзе ў суд на пастанову органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, цягне вяртанне скаргі асобе, якая яе падала. Тым самым абмяжоўваецца права кожнага на судовую абарону, паколькі ў адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 258 Падатковага кодэкса права поўнасцю або часткова вызваліць ад дзяржаўнай пошліны па судовых справах фізічных асоб зыходзячы з іх маёмаснага становішча прадастаўлена суду (суддзі), а ў ПВКабАП заканадаўчае рэгуляванне дадзенага пытання адсутнічае, што сведчыць аб прававым прабеле.
Апрача вышэйуказанага парадку абскарджання і апратэставання пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія не ўступілі ў законную сілу, артыкулам 12.11 ПВКабАП прадугледжваецца магчымасць абскарджання (апратэставання) і перагляду пастаноў па гэтай катэгорыі спраў, якія ўступілі ў законную сілу. Аднак у дадзеным Кодэксе нормы, якія рэгламентуюць парадак вызвалення грамадзян ад выплаты дзяржаўнай пошліны пры абскарджанні ў судовым парадку такіх пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія ўступілі ў законную сілу, таксама адсутнічаюць.
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у грамадзяніна магчымасці заплаціць дзяржаўную пошліну ў сувязі з яго маёмасным становішчам не павінна перашкаджаць ажыццяўленню ім права на судовую абарону, у тым ліку ў адміністрацыйным працэсе, паколькі іншае азначала б невыкананне нормаў Канстытуцыі, якія гарантуюць кожнаму абарону дзяржавай яго правоў і свабод, у тым ліку судовую. Адной з важнейшых гарантый рэалізацыі такога права з'яўляецца ўстанаўленне ў заканадаўстве, якое рэгулюе адміністрацыйны працэс, працэсуальнага парадку вызвалення грамадзян ад выплаты дзяржаўнай пошліны пры падачы ў суд скаргаў на пастановы па адміністрацыйных справах. Адсутнасць у заканадаўстве прававых нормаў, якія ўстанаўліваюць адзіны падыход да прававога рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з вызваленнем ад выплаты дзяржаўнай пошліны, не спрыяе фарміраванню аднастайнай правапрымяняльнай практыкі, выкананню канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, што можа пацягнуць парушэнне канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону.
5. У Пасланні Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2012 годзе» ўказана, што дзейснасць прававога механізму забеспячэння правоў і свабод чалавека і гарантый іх рэалізацыі залежыць перш за ўсё ад выканання канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права ў нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці. У Пасланні падкрэслена таксама важнасць прытрымлівання ў нарматворчай дзейнасці прынцыпу сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання як адной з умоў забеспячэння вяршэнства права. Законы, якія прымаюцца, не павінны змяшчаць прабелаў, калізій прававых нормаў і прававой недакладнасці.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што прынцып вяршэнства права азначае ў тым ліку паўнату і дакладнасць нормаў аб правах і абавязках грамадзян, узгодненасць іх паміж сабой у розных нарматыўных прававых актах. Наяўнасць прабелаў у заканадаўстве цягне неадназначнае разуменне нарматыўных прававых актаў, супярэчлівую правапрымяняльную практыку, што аслабляе гарантыі абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.
Адным з важнейшых складнікаў прававога рэгулявання адносін, звязаных з рэалізацыяй права кожнага на судовую абарону, з'яўляецца магчымасць абскардзіць прынятыя дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі рашэнні, у тым ліку пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадавец павінен вызначыць працэсуальны парадак вызвалення ад выплаты дзяржаўнай пошліны фізічных асоб зыходзячы з іх матэрыяльнага становішча пры абскарджанні ў суд пастаноў па адміністрацыйных справах для належнага забеспячэння рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону.
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што ў мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону і ліквідацыі прабелу ў заканадаўстве, якое рэгулюе адміністрацыйны працэс, у ПВКабАП неабходна вызначыць парадак вызвалення грамадзян ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу ў суд скаргаў на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.
На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону і ліквідацыі прабелу ў заканадаўстве, якое ўстанаўлівае парадак адміністрацыйнага працэсу, прызнаць неабходным унясенне ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях дапаўненняў у частцы вызначэння парадку вызвалення судом (суддзёй) фізічных асоб ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу ў суд скаргаў на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных дапаўненняў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўнесці яго ў вызначаным парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Старшынствуючы —Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

П.П. МІКЛАШЭВІЧ
25 верасня 2013 г., г. Мінск
№ Р-846/2013

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?