Вы тут

Класіка, джаз і эстрада


Да сустрэчы на Палессі... у Любані

Першае абласное свята мастацтваў «Палескія сустрэчы» пройдзе ў горадзе Любань 5 кастрычніка, з нагоды 190-й гадавіны з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі і Паўла Шпілеўскага.

На Любаншчыне 2013 год аб'яўлены Годам землякоў. Асобы двух выдатных дзеячаў беларускай культуры Уладзіслава Сыракомлі і Паўла Шпілеўскага сталі сімваламі гэтага творчага праекта. Знакаміты паэт і адзін з першых этнографаў і краязнаўцаў Уладзіслаў Сыракомля нарадзіўся ў вёсцы Смольгава. Яго імя носіць тутэйшая сярэдняя школа, у яго гонар у населеным пункце ўстаноўлены памятны камень. Малая радзіма таленавітага этнографа, фалькларыста і нарысіста Паўла Шпілеўскага — вёска Шыпілавічы. У гонар знанага земляка тут ладзіцца свята «Фальклорная вандроўка». А Любанскі райвыканкам заснаваў прэмію імя П.М. Шпілеўскага — за захаванне і прапаганду народнай спадчыны.

1380750806620_3-17

Так гістарычна склалася, што спадчына Сыракомлі належыць і палякам, і беларусам. Знакамітыя песні і рамансы на яго вершы пісаў Станіслаў Манюшка. Нацыянальную ідэю ў самым шырокім яе разуменні ўвасабляе опера «Маргер» Канстанціна Горскага па аднайменнай паэме Сыракомлі. Павел Шпілеўскі пісаў свае творы на рускай мове: збіраў скарбы беларускай вуснай народнай творчасці, вывучаў гісторыю роднага краю, выпускаў свае краязнаўчыя нарысы і літаратурныя творы. Але вуснамі Уладзіслава Сыракомлі па-польску і Паўла Шпілеўскага па-руску гучна загаварыла гісторыя Беларусі, яе культура, быт, норавы і традыцыі. Дзякуючы чаму тагачаснае грамадства даведалася пра менталітэт беларуса, яго думкі, мары, унутраны стан і прывабнасць яго характару.
Як адзначыў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл ФІНБЕРГ, ідэя новага праекта адрозніваецца ад фестываляў, што праводзіць аркестр. Перш за ўсё, праграма прадугледжвае і класіку, і эстраду, і джаз. «Мы аднолькава ставімся да ўсіх кірункаў, галоўнае — каб музыка была напісана і выканана прафесійна, а таксама мела нацыянальную аснову», — канстатаваў маэстра.
У рамках «Палескіх сустрэч» адбудзецца ўручэнне шаснаццаці пасведчанняў аб прысуджэнні прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі — лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.
Да свята прымеркавана і адкрыццё выставы Сяргея Мікуліча, члена Саюза мастакоў Расіі, заслужанага работніка культуры РФ, які нарадзіўся ў вёсцы Закальное на Любаншчыне.
— Ураджэнцамі Любаншчыны з'яўляюцца пісьменнік, журналіст, ганаровы грамадзянін Любані Іван Муравейка, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка, вядучы акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Максім Брагінец і іншыя, — канстатаваў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Руслан ТРУХАН. — Мы ўлічылі іх пажаданні правесці своеасаблівую сустрэчу пакаленняў пад эгідай года землякоў.
Яшчэ адна адметнасць фестывалю — прэзентацыя новых імёнаў аркестра Міхаіла Фінберга: уладальніцы Гран-пры VІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2013» Валерыі Грыбусавай і ўладальніка трэцяй прэміі міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні на «Славянскім базары» ў Віцебску Аляксандра Салаўёва.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.