Вы тут

Наталля Ігнаценка: «Дзякуй землякам, што не падкія да грошай»


Маладая дзіцячая пісьменніца Наталля Ігнаценка не толькі піша кніжкі. Яна прыдумала і сама стварае адмысловыя інсталяцыі, якімі суправаджае кожную прэзентацыю новай казкі. І дзеці ад іх застаюцца ў захапленні! Апошнія 17 гадоў Наталля жыве ў Расіі (7 — у Санкт-Пецярбургу і 10 — у Маскве), аднак паспяхова выдаецца і ў нашай краіне, якую па-ранейшаму лічыць роднай. Карэспандэнт «Звязды» папрасіла Наталлю Ігнаценку раскрыць сакрэты яе інсталяцый, расказаць, ці лёгка гадаваць уласных дзяцей, а таксама даведалася, што рабіць, калі яны занадта шмат «сядзяць» у сеціве...

1380750820403_3-14

— Наталля, цяпер вы жывяце ў Расіі, аднак нарадзіліся ў Беларусі. Што яднае вас з нашай краінай?

— Гэта мая Радзіма, у мяне аж сэрца замірае, калі згадваю пра яе. А беларускія лясы, калі еду між імі па дарозе, такімі роднымі і чыстымі здаюцца. У мяне тут карані і карэньчыкі. У Быхаве жыве мой родны дзядзька, у Магілёве — усе сябры, як школьныя, так і ўніверсітэцкія.

— Якімі вам згадваюцца тыя часы, калі жылі ў Беларусі?

— Я была такой узорна-паказальнай піянеркай, праўда, з камсамолам у мяне не вельмі складвалася. Тады ўсё было лагічна: калі добра вучышся — паступаеш ва ўніверсітэт, паспяхова скончыў — атрымліваеш нядрэнную працу. Хоць, зразумела, усюды была ўраўнілаўка. Я сумую па тых часах — мне было лёгка. Хаця ў мяне такі характар, што мне заўсёды будзе добра. Бо я чалавек, які заўсёды нешта робіць. Проста так не сяджу, ніколі не сумую. То пішу, то малюнкі-ілюстрацыі ствараю, то з дзецьмі займаюся... Вядома ж, люблю чытаць. Таму я не прападу ні пры якіх абставінах (смяецца).

— Раскажыце, як узнікла ідэя інсталяцый, якія суправаджаюць вашы творы падчас іх чытання?

— Калі сталі выходзіць кніжкі, з'явілася патрэба выступаць перад дзецьмі. Уявіць сабе, што чалавек прыйдзе і будзе чытаць вершы перад малымі — гэта нудота. Таму я вырашыла выкарыстоўваць нагляднасць: ілюстрацыі — для кніг, а для выступаў — нешта накшталт спектакля. Падчас шматлікіх паездак я назбірала шмат розных фігурак. Атрымалася, што першыя інсталяцыі з іх і зрабіла — мала што прыйшлося дакупляць, амаль усё я мела. «Дамавічок» — інсталяцыя па другой казцы — гэта ўжо больш сур'ёзная праца, бо вельмі шмат усяго даводзілася рабіць рукамі — набыць прадметы было нерэальна. Аднак вынік усё апраўдаў: пастаноўкі праходзяць «на ўра», як міні-спектаклі. Я заўважыла, што дзеці нават на мяне не звяртаюць увагі, а глядзяць у каробачкі. Ёсць інтрыга, бо кожная з іх адкрываецца па чарзе — атрымліваецца, я трымаю ўвагу да канца. Дзеці вельмі ўдзячныя, яны адчуваюць, што ўсё зроблена сваімі рукамі да канкрэтнай казкі, а не куплена дзесьці.

— Атрымліваецца, у вас пад кожную казку маецца асобная інсталяцыя?

— Так, калі я прэзентую новую кніжку, я проста вяду гледача па сваіх так званых скрыначках, паступова паднімаю іх накрыўкі — і ўся казка дзецям бачыцца праілюстраванай аб'ёмна.

— Вы неяк казалі, што дзеці шмат часу праводзяць са сваімі электроннымі цацкамі...

— Так, яны бавяцца з імі і на адпачынку, і ў школах, і ў летніках — усюды. Мы, дарослыя, гэтым моцна занепакоены. Застаецца спадзявацца, што гэта не гульні, што яны шукаюць адказы на нейкія пытанні. Я не супраць інтэрнэту, электронных прылад — усё гэта з'яўляецца з развіццём прагрэсу, таму павінна быць. Аднак я за жывыя зносіны. Калі дзеці зацыкліваюцца на сябры-камп'ютары або сябры-айфоне, яны страчваюць нешта вельмі важнае: погляд вочы ў вочы, поціск рукі. Такія каштоўныя тактыльныя адчуванні знікаюць. Яны засяроджваюцца на электронных цацках, і суразмоўцам робіцца камп'ютар, а не жывы чалавек. Раней сябру тэлефанавалі і пыталіся: «Пеця, а як ты лічаш?..» А цяпер усё ёсць у сеціве, непасрэдныя чалавечыя зносіны знікаюць.

— Ці можа на гэта неяк паўплываць сям'я?

— Так, я і сваіх дзяцей прывучаю, і іншым кажу, што пакуль жывыя бабулі, дзядулі, пытайцеся, як яны жылі, што елі, чым займаліся — гэта вельмі цікава. Бо пасля, калі захочацца такое пачуць, будзе ўжо позна. Трэба выкарыстоўваць момант, чуць кожнае слова. І менавіта ў сям'і культывуюцца такія паняцці як бяспека, культура. Бо родныя не параяць нічога дрэннага. Гэта такі мікрасвет сваёй сям'і, і ён унікальны.

— Колькі ў вас дзяцей і грамадзянства якой краіны яны маюць?

— Двое хлопцаў. Прычым старэйшы, фігурыст Павел Ігнаценка, выступае за Беларусь. У нас ва ўсіх беларускія пашпарты. Так атрымалася, што мы цяпер жывём у Расіі: і муж працуе там, і сын катаецца пад наглядам добрых трэнераў — на жаль, у Беларусі няма такой моцнай школы фігурнага катання. Аднак не выключана, што мы ўсе вернемся сюды.

— Дазваляеце сваім хлопцам карыстацца тэхнічнымі навінкамі або неяк спрабуеце абмяжоўваць?

— У старэйшага сына няма на гэта часу, бо ён і так вельмі загружаны трэніроўкамі. Акрамя таго, яшчэ і яго хобі перарасло ў патрэбную справу: ён робіць музыку для фігурыстаў, да яго многія звяртаюцца. Таму старэйшы не гуляе за камп'ютарам, ён выкарыстоўвае яго толькі па справе. Малодшы ж, так, часам «падвісае» на камп'ютары.

— Вы штосьці робіце з гэтым?

— Я не забараняю. Але калі ён адрываецца, адразу клічу, імкнуся нешта цікавае паказаць — дзейнічаю хітрасцю. На адпачынку, калі прыхварэў, я разгарнула перад ім «Стары і мора» Хэмінгуэя — атрымалася ў тэму (мора, адпачынак, рыбалка) — і стала чытаць. А на сярэдзіне спынілася, сказала, што ў мяне свае справы. І ён дачытаў, бо пачатак быў пакладзены.

— Вы самі карыстаецеся электроннымі кнігамі або аддаяце перавагу традыцыйным, папяровым?

— Я маю электронную кнігу, аднак у адпачынак абавязкова бяру з сабой папяровую. Мне больш прыемна і зручна: я заломліваю старонкі (шкоджу, як раней казалі), раблю пазнакі на палях. Для мяне кніга — жывая. Быць можа, я чалавек мінулага пакалення, але я яшчэ не прызвычаілася да тэхналогій.

— Што рабіць сучаснаму аўтару, каб яго кнігі прадаваліся?

— Як можна купіць кнігу Наталлі Ігнаценкі ў тым жа Мінску? Трэба або ведаць яе асабіста, або быць знаёмым з яе папярэдняй творчасцю — выключна два варыянты. Таму, каб ведалі, трэба выступаць. Увогуле я здзіўлена, што мая кніга так добра прадаецца тут. Бо я незнаёмы аўтар. У Маскве ў гэтым плане я сутыкалася з пэўнымі цяжкасцямі: «Хто вы, Сабчак? Не? Прабачце, бывайце!» Там трэба пісаць пра «гэта», трапіць у скандал або быць славутасцю — тады ў цябе ўсё гладка. А іначай давядзецца прабівацца. А ў мяне не было часу прабіваць ілбом сабе дарогу. Таму дзякуй Выдавецкаму дому «Звязда», што заўважылі, і Раісе Баравіковай, якая першая пераклала мае творы на беларускую мову. Я вельмі ўдзячна беларусам, што яны цэняць першакрыніцы, што не вядуцца на бізнес, на грошы. Калі чалавечае пакуль больш важнае — мяне гэта вельмі радуе.

— Ці ведаеце вы якіх-небудзь беларускіх пісьменнікаў, якія правільна сябе піяраць, прасоўваюць? І ці можаце тое ж сказаць пра сябе?

— Пакуль што я мала бывала ў коле беларускіх літаратараў, толькі пачынаю ў яго ўваходзіць. Аднак я знаёмая з паэтам Андрэем Смятаніным, які піша для самых маленькіх, ён мне падарыў сваю кнігу «Бурбалкі». Мне вельмі спадабаўся гэты хлопец, я бачу, што ён сапраўды граматна развіваецца, працягвае пісаць і ў бібліятэках выступае, па-іншаму сябе імкнецца прасоўваць. Але, ведаеце, мужчына-пісьменнік — гэта прафесія. У яго генетычна закладзена, што ён кармілец. Мне ў гэтым сэнсе крыху больш складана, бо ў першую чаргу — маці, жонка. А тое, што ў мяне «вылазіць» маё пісьменніцтва і творчасць, мне здаецца, гэта ад таго, што я вельмі жывы, камунікабельны чалавек, аднак цяпер — хатняя гаспадыня. Таму энергія і жаданне пагутарыць вылілася ў вершы і інсталяцыі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.