Вы тут

Выбары для абрання


Дэпутаты адобрылі папраўкі ў выбарчае заканадаўства ў першым чытанні

На першым пасяджэнні трэцяй сесіі Палата прадстаўнікоў разгледзела 13 пытанняў, сярод якіх праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях выбараў і рэферэндумаў выклікаў найбольшую дыскусію.
— Я вельмі рада, што законапраект так актыўна абмяркоўваўся. Чым больш людзей прымае ўдзел у распрацоўцы праекта, тым лепш, — рэзюмавала размову ў Авальнай зале Дома ўрада старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія ЯРМОШЫНА.

1380750833902_3-35

Да адносна мажарытарнай

Найбольш істотным новаўвядзеннем у выбарчым заканадаўстве з'яўляецца прапанова праводзіць выбары ў Палату прадстаўнікоў у адзін тур, а вынікі вызначаць па прынцыпе адноснай большасці (зараз дзейнічае прынцып абсалютнай большасці). Часова захоўваецца дзеючае палажэнне аб тым, што выбары адбыліся, калі ў іх удзельнічала больш за палову выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання. Аднак калі па акрузе балатаваўся адзін кандыдат у дэпутаты, то палажэнне застаецца ранейшым: для абрання неабходна, каб за адзіную кандыдатуру прагаласавала больш за палову выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі.

Выбараў у парламент датычыцца і новаўвядзенне, якое прадугледжвае ўтварэнне абласных і Мінскай гарадской тэрытарыяльных выбарчых камісій. «Адсутнасць на парламенцкіх выбарах прамежкавага звяна паміж цэнтральнай і акруговымі камісіямі выклікае праблемы пры размеркаванні бюджэтных сродкаў на фінансаванне выбарчай кампаніі і кантролі за выкарыстаннем гэтых сродкаў, а таксама пры разглядзе выбарчых спрэчак», — патлумачыла дэпутатам Лідзія Ярмошына.

Адначасова прапануецца пры правядзенні парламенцкіх выбараў усталяваць інстытут члена камісіі з правам дарадчага голасу ў акруговых камісіях. Дзеючае заканадаўства прадугледжвае такі інстытут толькі ў Цэнтральнай камісіі. «Такія змены пашыраць магчымасці палітычных партый на ўдзел у выбарах, бо дазволяць партыям, якія, напрыклад, вылучылі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па 10 акругах, накіраваць у адпаведныя акруговыя камісіі 10 партыйцаў у якасці членаў камісіі з правам дарадчага голасу», — сказала Лідзія Ярмошына.

Асабістыя фонды

Прапануецца адмовіцца ад бюджэтнага фінансавання на агітацыйныя выдаткі кандыдатаў. Сродкі павінны будуць перадавацца мясцовым тэрытарыяльным і акруговым выбаркамам, каб яны выраблялі інфармацыйныя буклеты і рассылалі іх выбаршчыкам разам з запрашэннем наведаць участак для галасавання. Аднак за кандыдатамі ў дэпутаты і прэзідэнты бу-
дзе захавана права на бясплатнае выкарыстанне дзяржаўных СМІ для перадвыбарных выступленняў, дэбатаў і апублікавання праграм.
Плануецца таксама ўтрая (да 9 тыс. базавых велічынь) павялічыць дапушчальны памер асабістых фінансавых фондаў для кандыдатаў у прэзідэнты. Прадугледжваецца, што фінансавыя фонды будуць і ў кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.

Забарона на байкот

Падчас выбарчых кампаній і кампаній па рэферэндуме будзе забаронена заклікаць да зрыву, адмены ці пераносу тэрмінаў правядзення выбараў ці рэферэндуму. Іншымі словамі, забараняецца байкот выбараў.
Апроч гэтага, прапануецца ўказваць у біяграфіях кандыдатаў звесткі пра ранейшыя судзімасці, знятыя або пагашаныя. «Гэта звязана з жаданнем даць выбаршчыкам больш поўную інфармацыю пра кандыдата, — пракаментавала Лідзія Ярмошына».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».