Вы тут

Хто паедзе ў Кіеў?


Прэтэндэнты на дзіцячае «Еўрабачанне» спяюць пра мары, джаз і памяць

Сёння ўвечары вызначыцца, хто прадставіць нашу краіну на дзіцячым песенным конкурсе «Еўрабачанне-2013», што пройдзе ў Кіеве ўжо ў лістападзе. За пуцёўку ва Украіну спаборнічаюць 4 хлопчыкі і 6 дзяўчынак ва ўзросце 11-13 гадоў.

Сёлета, як сцвярджаюць арганізатары адбору, усе прэтэндэнты падабраліся вельмі моцныя, відавочнага лідара сярод іх няма. Як няма і вострай канкурэнцыі — канкурсанты сябруюць паміж сабой, абменьваюцца словамі падтрымкі ў сацыяльных сетках. І гэта пры тым, што абсалютная большасць удзельнікаў мае вялікі сцэнічны вопыт і пэўны запас дыпломаў рэспубліканскіх ды міжнародных песенных конкурсаў і фестываляў.

1380836735901_1

Што прыемна, рэпертуар у канкурсантаў вельмі разнастайны. Ігар Мураўкін з пасёлка Калодзішчы, што пад Мінскам, прадставіць на суд журы і публікі беларускамоўную кампазіцыю. Ураджэнка вядомага турыстычнымі адметнасцямі і поспехамі ў сельскай гаспадарцы пасёлка Астрамечава, што на Берасцейшчыне, Ангеліна Піпер, нібы натхніўшыся фільмам «Стылягі», пакліча ўсіх танцаваць джаз. А мінчанка Аня Зайцава, наадварот, закране ноткі светлага суму — яе песня прысвечана ўсім творчым людзям, каго ўжо з намі няма...
Між іншым, для траіх з дзесяці канкурсантаў перамога ў нацыянальным адборы дзіцячага «Еўрабачання» можа стаць найлепшым падарункам на дзень нараджэння: Уладлен Іваноў і Ксенія Церашонак толькі днямі адзначылі сваё 13-годдзе, а Аня Зайцава адсвяткуе яго 5 кастрычніка. Але пашанцуе ўсё ж камусьці аднаму. Каму — вырашаць сумесна гледачы і журы адразу пасля прамой трансляцыі шоу на «Беларусь 1» і спадарожнікавым «Беларусь 24».

Паводле папярэдняга лёсавання, фіналісты конкурсу «Песня для Еўрабачання» выйдуць на сцэну ў наступным парадку:

1. Асланаў Руслан (Мінскі раён, в.Тарасава) — «Зоркі завуць»;
2. Піпер Ангеліна (Брэсцкая вобл., п.Астрамечава) — «Мы танцуем джаз»;
3. Церашонак Ксенія (г.Мінск) — «Пад парусам мары»;
4. Шаршавіцкая Даная (Мінская вобл., г.Барысаў) — «Просты матыў»;
5. Мураўкін Ігар (Мінскі раён, п.Калодзішчы) — «Сонца свеціць усім!»
6. Мажылоўская Юлія (г.Мінск) — «Мары»;
7. Іваноў Уладлен (Магілёўская вобл., г.Бабруйск) — «Белыя аблокі»;
8. Волкаў Ілья (г.Мінск) — «Спявай са мной»;
9. Місякова Надзея (г.Мінск) — «Дзелавая»;
10. Зайцава Ганна (г.Мінск) — «Мы помнім».

Планавалася, што вядучымі фінальнага шоу рэспубліканскага конкурсу «Песня для Еўрабачання» стануць Алена Ланская і Дзмітрый Калдун — уладальнікі лепшых на гэты момант вынікаў беларускіх артыстаў у дарослым «Еўрабачанні». Але ў выніку кампанію Алене складзе Юрый Вашчук — кампазітар, выканаўца і музычны кіраўнік прадзюсарскага цэнтра «Спамаш».
Нагадаем, дзіцячае «Еўрабачанне-2013» фінішуе 30 лістапада ў сталіцы Украіны пад заклікам-дэвізам «Bе сrеаtіvе!». У якасці спецыяльнай госці на шоу выступіць мінулагодняя пераможца Насця Петрык, а вядучымі афіцыйна названы нязменны ўкраінскі каментатар усіх канцэртаў «Еўрабачання» Цімур Мірашнічэнка і ўдзельніца дарослага конкурсу гэтага года Злата Огневіч. Як анансуецца, упершыню сёлета будзе прысуджана не толькі 1-е, але таксама 2-е і 3-е прызавыя месцы.
Са сваімі прадстаўнікамі ўжо вызначыліся Украіна, Расія, Швецыя, Арменія, Нідэрланды, Мальта, Грузія, а вось Бельгія і Албанія, наадварот, адмовіліся ад удзелу ў конкурсе «з арганізацыйных і фінансавых прычын». Канчатковая колькасць краін — удзельніц дзіцячага «Еўрабачання-2013» павінна быць агучана да канца гэтага тыдня, але, заўважым, «гадзіна ікс» ужо некалькі разоў перасоўвалася на больш позні тэрмін.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Тым часам...

«Еўрабачанне-2014» мяняе правілы гульні і недалічваецца ўдзельнікаў

Паводле новых правілаў, зацверджаных днямі арганізатарамі конкурсу — Еўрапейскім вяшчальным саюзам, павялічылася празрыстасць работы нацыянальных журы, якія на 50% уплываюць на вынікі галасавання. Так, імёны ўсіх удзельнікаў журы будуць абвешчаны яшчэ да пачатку конкурсу, 1 мая. А адразу пасля фіналу шоу ЕВС, каб пазбегчы паўтарэння сёлетніх скандалаў з падтасоўкай і перакупкай галасоў, апублікуе вынікі галасавання кожнага члена журы на ўсіх этапах конкурсу. Акрамя таго, уводзіцца больш жорсткая ратацыя ўнутры нацыянальных журы: месца ў ім прафесіяналы ад музыкі могуць заняць толькі раз на тры гады. Выканаўчы прадзюсар «Еўрабачання» Ян Ола Санд заўважае, што ўсе гэтыя змены павінны садзейнічаць поспеху і папулярнасці конкурсу: «Наша праца накіравана на тое, каб ніхто з гледачоў і ўдзельнікаў не сумняваўся ў справядлівасці вынікаў».

1380836736975_2

Дарэчы, дагэтуль невядома, колькі выканаўцаў уступяць у спаборніцтва за хрустальны мікрафон «Еўрабачання-2014». Ад удзелу ў міжнародным песенным конкурсе наступнага года адмовіліся Харватыя, Славакія, Чэхія, Люксембург і Андора. Прычым апошнія тры краіны асноўнай прычынай такога рашэння назвалі найперш не фінансавыя цяжкасці, а недастатковую цікавасць грамадскасці.
У Беларусі старт нацыянальнага адбору на дарослае «Еўрабачанне» пакуль што не дадзены, але, як удалося высветліць «Звяздзе», пытанне аб удзеле ці няўдзеле нашай краіны ў конкурсе яшчэ не разглядалася.
Нагадаем, наступнае «Еўрабачанне» адбудзецца 6—10 мая 2014 года ў Капенгагене, на востраве Амагер. З лозунгам конкурсу Данія ўжо таксама вызначылася: «Jоіn Us!» — «Далучайцеся!». Наколькі дзейсным акажацца гэты заклік, стане вядома ў студзені 2014 года, калі вызначыцца канчатковы пералік краін — удзельніц конкурсу.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.