Вы тут

Цярэнцій Луцэвіч: «З дзяцінства ўсе завуць мяне проста Ціры»


Высокі, ладны мулат Цярэнцій Луцэвіч на футбольным полі вылучаецца адразу. Ёсць у яго гульні і рухах нейкая надзвычайная натуральнасць. Спартыўную кар'еру хлопец пачынаў у футбольным клубе «Мінск», потым гуляў у дублі мінскага «Дынама», а зараз праводзіць першы поўны сезон у складзе «Гомеля». Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з 22-гадовым футбалістам, каб даведацца пра тое, што ўдзел у фотасесіі не азначае старт мадэльнай кар'еры, а медыйнасць неабавязкова мае на ўвазе ўпэўненасць у сабе.

1380836763204_1

Малады «Гомель»

— «Гомель» прыкладна на 2/3 укамплектаваны маладымі гульцамі. На твой погляд, гэта плюс ці мінус?
— Ведаеце, я не адчуваю перавагі ў адзін ці другі бок. У камандзе хапае і сталых спартсменаў. Мне здаецца, у нас добры баланс маладосці і вопыту.
— А табе з кім лягчэй будаваць стасункі — з аднагодкамі ці з дарослымі калегамі?
— З усімі хлопцамі з каманды ў мяне працоўныя адносіны. Вядома, з равеснікамі заўсёды камфортна, але, калі ў людзей агульныя інтарэсы, узрост не мае ніякага значэння.
— Што можаш сказаць наконт Аляксея Мяркулава? Ён жорсткі трэнер?
— У меру. Прынамсі, калі крытыкуе, не крычыць, тлумачыць усё спакойна, без лішніх эмоцый. Мяркулаў шмат увагі надае прагляду запісаў матчаў, «разбору палётаў». Гэта вялікі плюс у плане пабудовы стратэгіі на гульню.

Басейн, каток ці футбольнае поле?

— У дзяцінстве ты займаўся футболам, хакеем, плаваннем. Хто накіроўваў цябе ў спартыўнае рэчышча?
— Бабуля. Побач з домам у нас стадыён, і з ранніх гадоў я прывык бавіць там час. Потым бабуля адвяла мяне ў спартыўную школу «Змена», дзе пачаў займацца футболам. А на плаванне пайшоў, каб элементарна навучыцца трымацца на вадзе. Што ні кажы, а хлопец павінен умець плаваць.
— Навучыўся?
— Безумоўна (усміхаецца).
— А чаму не працягнуў займацца на больш сур'ёзным узроўні?
— Гэта не ўваходзіла ў мае планы. На той момант я ўжо дакладна вызначыўся: хачу быць футбалістам. Усім астатнім займаўся, як кажуць, для сябе. Энергіі было шмат, хапала і на футбол, і на плаванне, і на хакей.
— З футболам і плаваннем усё зразумела. А як у тваім жыцці з'явіліся канькі і клюшка?
— Зімой на нашым стадыёне залівалі каток. Я там кожны дзень прападаў. Аднойчы прыйшла жанчына і запрасіла нашу дваровую каманду на дзіцячы аматарскі турнір «Залатая шайба», у якім я і ўдзельнічаў, пакуль праходзіў па ўзросце. Гады тры, напэўна. Аднойчы перамаглі на гарадскім узроўні, трапілі на «рэспубліку», дзе занялі трэцяе месца. Пазней ездзіў у складзе іншай каманды, адстойваў гонар горада — выйгралі «золата».
— Даўно ўставаў на канькі ці браў у рукі клюшку?
— Мінулай зімой хадзіў на каток, проста пакатацца. А вось у хакей не гуляў даўно, напэўна, з тых самых часоў (задуменна). Мабыць, адзін раз калі і выходзіў «на каробку»... Ведаеце, дзеці ўжо не тыя: зімой у двары пуста, ніхто не ганяе на каньках, не лепіць снегавікоў і не гуляе ў снежкі. Гэта сумна, насамрэч.
— Памятаеш той момант, калі асэнсаваў, што хочаш быць футбалістам?
— Адразу! У сем гадоў і зразумеў, што хачу займацца толькі футболам. Іншая справа, што не ўсім дадзена. Што атрымаецца ў мяне?
Паглядзім.Школьная пара

— З якімі пачуццямі ўспамінаеш школьныя гады?
— З найлепшымі. Школа — гэта як дзяцінства. Гульні, сябры і трошкі ўрокаў (усміхаецца). Дарэчы, класа да дзявятага па вучобе ў мяне зусім не было праблем. А потым з-за спаборніцтваў пачаў шмат прапускаць. Асабліва ў выпускным класе было цяжка: падрыхтоўка да паступлення, рэпетытары, футбол...
— З якімі прадметамі спраўляўся лепш — гуманітарнымі ці тэхнічнымі?
— Я вучыўся ў лінгвістычнай спецшколе, так што адказ відавочны. Хаця ад матэматыкі не пакутаваў. Фізіка і хімія — іншая справа. Праўда, калі матэматыка атрымлівалася, фізікі і хіміі яшчэ не было (смяецца). Класа з дзявятага і з ёй пачаліся праблемы.
— Тым не менш ты паступіў на эканамічны факультэт БДУ...
— Трэба было рабіць выбар — спецыяльнасць, на якую трэба здаваць матэматыку ці фізіку-хімію. Свядома адмовіўся ад варыянта з універсітэтам фізкультуры, бо тады я разважаў так: калі што здарыцца (траўма ці нешта іншае) — у мяне павінен быць выратавальны круг.
— Атрымліваецца ў поўнай меры адчуць, што такое студэнцкае жыццё — лекцыі, сесіі... пераздачы?
— Асабліва апошняе (смяецца). Вядома, мала што паспяваю, збіраюцца «хвасты»... А як па-іншаму? Летам — чэмпіянат, зімой — зборы. Сесіі праходзяць міма. Спадзяюся, што ў гэтым годзе я нарэшце скончу ўніверсітэт.

«Сям'я — гэта вялікая адказнасць»

— У пачатку года ты змяніў імя і прозвішча, атрымаў новы пашпарт. Тваё жыццё пасля гэтага неяк змянілася?
— Абсалютна не. Цярэнцій — маё імя пры хрышчэнні. З дзяцінства мяне скарочана называюць Ціры. Проста так склалася, што, калі маці прывезла мяне з Камеруна ў Беларусь, на руках быў толькі адзін дакумент — пасведчанне аб нараджэнні, дзе было запісана маё імя па бацьку. Хаця, калі паглыбляцца, Вобга Цьенчэн — гэта не імя і прозвішча. Вобга — гэта частка доўгага афрыканскага прозвішча. Карацей кажучы, усё было занадта складана і заблытана. Я даўно збіраўся афіцыйна змяніць імя і ўзяць бабуліна прозвішча. Рады, што нарэшце зрабіў гэта.
— Зараз твая сям'я — гэта хто?
— Бабуля (здзіўлена).
— Браты, сёстры, цёткі, дзядзькі?
— Ёсць дзве сястры. Але ў нас з імі вялікая розніца ва ўзросце — больш за 10 гадоў. І так склалася, што бачыў я іх толькі два разы ў жыцці. Адна жыве ў ЗША, другая — у Францыі. Упершыню мы сустрэліся, калі мне ўжо было гадоў 15 ці 16. Зараз я ведаю, што ў мяне ёсць старэйшыя сёстры, люблю іх, чакаю ў госці, але паміж намі няма нейкай цеснай сувязі. У любым выпадку я ўдзячны лёсу, што яны знайшліся, і зараз мы падтрымліваем стасункі. Нядаўна адна з сясцёр прылятала ў госці са сваёй сям'ёй, мы выдатна пабавілі час.
— А сваю сям'ю калі плануеш завесці — калі табе будзе за трыццаць ці крыху раней?
— Хіба такое можна прадбачыць? Зразумела, мне б хацелася абзавесціся сям'ёй у маладым узросце. Але гаворка ж ідзе не пра сабаку ці ката. Сям'я — гэта вялікая адказнасць. Трэба спачатку стварыць пэўны базіс, каб забяспечыць сваёй жонцы і будучым дзецям бясхмарнае жыццё. Так што ў мяне ёсць яшчэ час, канкрэтных тэрмінаў я сабе не вызначаю.
— Якую дзяўчыну бачыш у ролі сваёй будучай жонкі?
— Добрую (смяецца). У адносінах для мяне галоўнае адданасць і давер. Здрадніцтва я не гатовы дараваць ні пры якіх абставінах.

1380836766812_2

Знаёмствы, медыйнасць і мадэльны бізнес

— Дзе часцей за ўсё знаёмішся з дзяўчатамі?
— На вуліцы, у інтэрнэце, ва ўніверсітэце, у агульных кампаніях сяброў...
— Для цябе гэта не праблема?
— Насамрэч, наадварот. Мне здаецца, я празмерна сціплы і дзесьці нават нясмелы. У стасунках з супрацьлеглым полам гэта часам перашкаджае.
— Футбалісты ж самыя медыйныя спартсмены! Хіба гэта не дапамагае адчуваць сябе больш упэўнена?
— У Беларусі навідавоку дзясятак-другі футбалістаў, якія прывыклі да ўсіх атрыбутаў «зорнасці». Астатнія — звычайныя хлопцы. Я, напрыклад, зусім не люблю распавядаць пра сябе. Асабліва калі для гэтага няма ніякіх падстаў. Вось калі даб'юся чагосьці ў футболе, тады ўвага да маёй персоны будзе апраўданай. Любая іншая папулярнасць мне не патрэбна.
— Як у выпадку з нашумелай фотасесіяй?
— Дарэчы, не разумею, чаму гэтая гісторыя прыцягнула столькі ўвагі! Сябар збіраўся адкрываць мадэльнае агенцтва і для «раскруткі» ў інтэрнэце папрасіў паўдзельнічаць у фотасесіі. Для мяне не праблема пакруціцца перад камерай, пагадзіўся. Потым гэтыя фоткі ўсплылі ў інтэрнэце. І многія чамусьці адразу запісалі мяне ў мадэлі. Ды якая з мяне мадэль?
— Чаму не? Экзатычная знешнасць, спартыўная фігура — прамая дарога ў мадэльны бізнес.
— Ніколі сур'ёзна не разглядаў гэты варыянт. Тая фотасесія была аднаразовай акцыяй.

Пасталеўшы Ціры

— Сочыш за модай?
— У меру. Насамрэч, тое, што ўсе футбалісты стылягі, — гэта стэрэатып. Хтосьці любіць вылучацца сваёй знешнасцю, хтосьці — не. Раней я насіў прычоску «афра», заплятаў касічкі, выбіраў у адзенні яркія і нават кіслотныя колеры, а зараз, напэўна, пасталеў: коротка пастрыгся, стаў аддаваць перавагу прыглушаным адценням.
— Шопінг любіш?
— Так. Я не з тых хлопцаў, якія цураюцца буцікаў (усміхаецца).
— Чым займаешся ў свабодны час?
— Ды ўсё звычайна... Сустракаемся з сябрамі, ходзім у кіно, кавярні. У мяне шмат сяброў з футбольнай тусоўкі, але ёсць і тыя, хто са мной з дзяцінства. Напрыклад, падтрымліваю адносіны з аднакласніцай. Некаторыя дзяўчаты — выдатныя сябры.
— Пытанне напрыканцы: самы лепшы футбаліст?
— З дзяцінства захапляўся Цьеры Анры, сачыў за яго выступленнямі ў «Арсенале».
У мяне нават футболка была з надпісам «Анры». Ганяў у ёй па двары.
— У вас і імёны падобныя — Ціры...Цьеры...
— Прыемнае супадзенне (усміхаецца).

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ. Фота Дар'і БУРАКІНАЙ.

Бліц:

Сава ці жаваранак? — Жаваранак.
Кава ці гарбата? — Гарбата.
Салодкае ці салёнае? — Салодкае.
Веласіпед ці ролікавыя канькі? — Веласіпед.
Аптыміст ці песіміст? — Аптыміст.
Рамантык ці рэаліст? — Рамантык.
Любімы напой — Кока-кола.
Любімая страва — Бабуліны сырнікі.
Любімы фільм — «Кодэкс злодзея», «Ілюзія падману», дэтэктывы.
Любімая музыка — Слухаю ўсё, акрамя хард-рока.
Любімая пара года — Лета.
Любімы колер — Салатавы.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.