Вы тут

«У жыцці вельмі важна дачакацца свайго чалавека»


Сцісла пра галоўнае

Не так даўно заўважыла, што нічога ў жыцці не адбываецца проста так. Усе нашы дзеянні і рашэнні рана ці позна прыносяць свае плады.Злуюся, калі бачу несправядлівасць, безадказнасць, глупства. Мяркую пра людзей не па словах, а па ўчынках.
Магчыма, шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік. Але гэта толькі кароткі адрэзак усяго шляху.Мне вельмі шкада нешчаслівых людзей, калі бачу, што яны могуць быць шчаслівымі.Трэба заўсёды імкнуцца рухацца наперад.

Ніколі не трэба адмаўляцца ад шанцу, які прапануе жыццё, інакш яно можа пакрыўдзіцца, лічыць дырэктар цэнтра лазернай карэкцыі зроку «Оптымед» Настасся УНУЧАК. Такой жыццёвай філасофіяй, прызналася, кіравалася і сем гадоў таму, калі ёй, 25-гадовай дзяўчыне, прапанавалі заняць крэсла кіраўніка.

1380923688134_1

Пра ўзрост, беларускамоўную гімназію і жаноцкасць

Заўважыла, што з узростам мы робімся больш разважлівымі. Таму, калі б мне зараз прапанавалі ўзначаліць «Оптымед», пэўна, сто разоў падумала б, усё ўзважыла. А тады, у 25, я была амбіцыйная, поўная энтузіязму і жадання працаваць менавіта ў гэтай кампаніі. Таму прапанову прыняла з лёгкасцю.
Нарадзілася я ў Мінску, у інтэлігентнай сям'і інжынераў. Вучылася ў беларускамоўнай гімназіі, займалася фігурным катаннем, танцамі, на скрыпцы іграла, нават у дзіцячым хоры спявала. Калі прыйшоў час думаць пра паступленне, вырашыла стаць юрыстам. А на чацвёртым курсе яшчэ паступіла і на завочнае аддзяленне эканамічнага факультэта на менеджмент. Тады юрыст і эканаміст былі самымі прэстыжнымі прафесіямі.
На Захадзе лячэнне і менеджмент не перасякаюцца. На мой погляд, гэта правільны падыход: кожны павінен займацца тым, што ў яго добра атрымліваецца. Толькі тады ў працы будзе нейкі толк. А ў нас часцяком на месца галоўнага ўрача ставяць самага кваліфікаванага хірурга, тым самым пазбаўляючы яго магчымасці дапамагаць людзям. Я ўпэўнена: урачы павінны лячыць, а не вырашаць арганізацыйныя пытанні.
На бізнес-сустрэчах важна выклікаць у патэнцыйных партнёраў першае станоўчае ўражанне: манеры, прыемная знешнасць, прыгожае адзенне... А далей павінны падключацца веды і прафесіяналізм. Калі гэтага няма, «жаночыя штучкі» не спрацуюць. Часцей я «ўключаю» сваю жаноцкасць па-за працай: калі машынка зламалася, кола трэба памяняць. «Дапамажыце, я тут уся такая бландзінка». Мужчыны любяць нам у такім стане дапамагаць. Але калі вырашаюцца пытанні бізнесу, гэта не спрацоўвае. Тут галоўнае — кампетэнтнасць.
Па натуры я дастаткова прамы чалавек. Інтрыгі — гэта не для мяне. Мне блізкая прамая гульня. Лепш сказаць шчыра, чым хадзіць кругом ды навокал.

1380923691344_2

Пра чужыя грошы, апаратную касметалогію і арыстакратку

Калі ва ўніверсітэце марыла пра тое, каб адкрыць сваю юрыдычную кантору, то цяпер з цяжкасцю ўяўляю сябе па-за медыцынскай сферай. Праўда, медыцынскі бізнес вельмі дарагі: адно абсталяванне колькі каштуе! Для таго, каб адкрыць кампанію «Оптымед», у свой час патрабаваўся мільён долараў. У мяне такіх грошай няма. Таму пакуль сур'ёзна не задумваюся аб сваёй справе. Тым больш у мяне нядрэнна атрымліваецца «гуляць» чужымі грашыма. І я бачу яшчэ вельмі шмат шляхоў для развіцця нашага цэнтра.
Мяне вельмі цікавіць тэма апаратнай касметалогіі, якую можна лічыць аналагам пластычнай хірургіі. Хочацца, каб людзі не клаліся свядома пад нож, не рабілі пластычных аперацый. І ў той жа час маглі дабівацца жаданага эфекту. Сёння гэта толькі мары, хоць я не стаўлю для сябе рамак і, хто ведае, можа праз нейкі час у мяне з'явіцца сума, якая дасць магчымасць пачаць гэтую справу.
Лепш за ўсё наладжваць бізнес адной. Каб не было ніякіх расчараванняў ні ў партнёрах, ні ў сябрах.
Кім бы я хацела быць? Давайце памарым. Якой-небудзь арыстакраткай. Каб матэрыяльны складнік не быў падставай маіх дзеянняў. З легендарных людзей мяне вельмі натхняе Елізавета Баварская, жонка Франца Іосіфа. Натхняе сваёй здольнасцю заставацца сабой пры любых абставінах, выказваць думкі, нават калі трэба пайсці насуперак усяму аўстрыйскаму двару. Магчымасць быць сабой — прэрагатыва абраных.
Нават самыя паспяховыя павінны развівацца, ісці далей, удасканальвацца. Як толькі ты адчуеш сваю «зорнасць», гэта будзе пачаткам твайго канца, дарогі ў тупік.

1380923695545_3

Пра пластыку мозга, інтым і чыстку

Дзякуючы «Оптымеду» ў нашу краіну ў 1998 годзе прыехала лазерная карэкцыя зроку. І сёння ў Беларусі можна атрымаць лячэнне вачэй не горшае, чым у Еўропе. Вывезіце на міжнародны кангрэс — пацверджу. Так, два гады таму мы ўкаранілі ў Беларусі методыку «СуперЛасік»: калі пры лазернай карэкцыі ўлічваюцца індывідуальныя няроўнасці на рагавіцы. Гэта дае больш якасны зрок. Мы жывём у цудоўны час, калі ўсё немагчымае магчыма.
Чалавек сам выбірае: хадзіць у лінзах ці акулярах альбо зрабіць карэкцыю зроку. Многія з блізкіх мне людзей таксама марылі аднойчы прачнуцца і выдатна бачыць без лінзаў. Але часам аднаго жадання недастаткова... Па маіх назіраннях, толькі каля 75% з тых, хто хоча зрабіць карэкцыю, прахадныя. Астатнія, на жаль, не могуць сабе гэтага дазволіць па медыцынскіх супрацьпаказаннях. Самая папулярная прычына — тонкая рагавіца. Але і такім пацыентам можна прапанаваць альтэрнатыву лазернай карэкцыі — замену крышталіка.
Сёння асобныя жанчыны не лечаць зубоў (няхай гніюць), але штосьці робяць са сваім тварам. Не чытаюць добрых кніг, не імкнуцца развівацца, але пры гэтым змяняюць розныя часткі свайго цела. Дзіўнае жыццё, дзіўныя людзі. У плане бізнесу я «за», пляскаю ў далоні. Чаму б не злавіць хвалю, калі гэта запатрабавана. У плане асабістага светаадчування я б зрабіла гэтым людзям пластыку мозга.
Пасля пластычнай аперацыі ў жанчын цяжкая рэабілітацыя. Яны як мінімум месяц ляжаць дома. Я б ніколі свядома не ахвяравала цэлым месяцам свайго жыцця.
Звяртаюся да ўрачоў толькі ў крайніх выпадках. Рэгулярна наведваю стаматолага, гінеколага, раз на год правяраюся ў афтальмолага. Нядаўна мая стаматолаг з'язджала ў адпачынак і парэкамендавала мне звярнуцца да сваёй калегі. Адмовілася, бо я ў такіх пытаннях кансерватар. Для мяне гэта ўсё вельмі інтымна.
Да касметолага, прызнаюся, стала хадзіць толькі сёлета, разумею, што трэба адсочваць узроставыя змены. Аднойчы паспрабавала чыстку, мне гэта не спадабалася. Зразумела, што не хачу рабіць тое, што балюча і не прыносіць мне задавальнення. Таму раблю толькі прыемныя працэдуры: масаж, напрыклад.

1380923698685_4

Пра разынкі, прыгожую старасць і «хачу — не хачу»

У кожнага з нас ёсць нейкія недахопы, але нават іх можна паднесці як разынкі. Праблема ў тым, што жанчыны сябе не любяць. Безумоўна, прасцей за ўсё перакласці адказнасць за сябе, нешчаслівую, на мужчыну. Маўляў, муж не такі, грошай не зарабляе. Складаней — набрацца смеласці і памяняць што-небудзь у сваім жыцці. Я цвёрда перакананая, што калі жанчына няшчасная, то яе ніхто не зможа ашчаслівіць, акрамя яе самой. Мужчына можа толькі дапамагчы, быць каталізатарам.
Жыццё не заўсёды ззяе яркімі фарбамі, але трэба імкнуцца іх знаходзіць.
У мяне ёсць свой стэрэатып прыгажосці. І ён, цалкам дапускаю, можа 300 разоў адрознівацца ад вашага. Не раз такое здаралася: бачу прыгожага чалавека, пачынаю з ім размаўляць — а там такая пустэча, глупства. Глядзіш на яго і не разумееш, дзе падзелася тая прыгажосць... У той жа час чалавек, які зусім не ў тваім гусце, можа прыемна здзівіць сваёй глыбінёй, унутранай прыгажосцю. Глядзіш на яго і думаеш: «Які прыгожы!».
Мне падабаюцца жанчыны, якія прыгожа старэюць. Няхай у 50 яна выглядае не на 25, а на 45, але ў яе добрая генетыка, яна добра харчуецца, сочыць за сабой. Многае залежыць і ад унутранага светаўспрымання. Бо большасць хвароб выклікана ныццём і незадаволенасцю. Калі аднойчы апусціць плечы і павесіць нос, то так можна і не заўважыць, як жыццё прайшло міма.
Нядаўна мне пашчасціла прыняць удзел у трэнінгу ад літоўскага псіхолага Ірыны Равенсі. Яна казала: «Мілыя дамы, не даказвайце ні свайму мужу, ні сваім калегам, што вы нешта можаце. Бо жанчына, у адрозненне ад мужчыны, можа ўсё. Галоўнае — быць шчырай з самой сабой, задаць сабе пытанне: хочаш ты гэта рабіць ці не?». Згадзіцеся, часта многія робяць нешта, каб коса не паглядзелі сваякі, суседзі ці яшчэ нехта... Усе, хто заўгодна, каму на цябе напляваць. Цяпер, калі ў мяне ўзнікаюць сумненні, я сабе шчыра задаю пытанне: «хачу ці не хачу?» І ведаеце, калі я не забываюся гэта рабіць, атрымліваю ад зробленага значна больш задавальнення.

Пра інфантыльнасць, «свой час» і боршч

Апошнім часам у мяне такое адчуванне, быццам свет перавярнуўся. Мужчынскія сацыяльныя ролі перайшлі на жаночыя плечы. Жаночыя — на мужчынскія.
Раней я была інфантыльнай у пытаннях сям'і, наогул не задумвалася пра замужжа. Мужчыны, вядома, былі, але не хацелася выходзіць замуж і нараджаць дзяцей толькі таму, што сваякі хвалююцца, ці таму, што ўсе сяброўкі абзавяліся ўжо сем'ямі. Я не хачу, каб гэта адбылося дзеля «галачкі», як халадзільнік, аўтамабіль або пральная машына ў савецкія часы. І толькі цяпер мяне сталі ўсё больш наведваць думкі пра сям'ю.
Пераканана, што ў кожнага свой час. У жыцці вельмі важна дачакацца свайго чалавека, таго, з кім хочацца прачынацца, снедаць... Самае галоўнае — узаемныя пачуцці. Я хачу, каб мае дзеці раслі ў такой атмасферы, калі іх бацькі кахаюць адно аднаго. Бо мне самой у дзяцінстве заўсёды казалі, што я — плод вялікага кахання.
Не магу сабе ўявіць, што я хатняя гаспадыня, сяджу дома і вару баршчы. У мяне гэта дрэнна атрымліваецца. Я не дапушчу, каб той боршч, катлеты ці лазанню, якія я гатавала без задавальнення, нехта еў. Бо веру ў тое, што негатыўная энергетыка і ежа — несумяшчальныя рэчы. Я вельмі даражу сваім часам, таму перыядычна запрашаю хатні персанал, які прыходзіць і прыбірае маю кватэру, займаецца гаспадаркай. Сама ж у гэты час магу зрабіць тое, што мне падабаецца, папрацаваць альбо пабыць са сваімі блізкімі. Гэта, згадзіцеся, лепш, чым калі б я з кіслай мінай пыласосіла альбо мыла падлогу.
Раней думала: «Я так люблю сваю працу, як жа я пайду ў дэкрэт?». Пазбавіцца ад унутранага страху мне дапамаглі жанчыны — удзельніцы і арганізатары конкурсу «Лэдзі Бос» (Настасся, дарэчы, сёлета стала пераможцай гэтага конкурсу. — Аўт.). Яны, паспяховыя кіраўнікі і ў той жа час выдатныя жонкі і мамы, даказалі мне, што сям'я і кар'ера — сумяшчальныя паняцці. Дзве арганізатаркі конкурсу, як высветлілася, ні дня не сядзелі ў дэкрэтным водпуску. І ніводная з іх не выглядае нешчаслівай і замардаванай жыццём. Паглядзела я на іх і зразумела, што пры жаданні сучасная жанчына зможа правільна расставіць прыярытэты і сумясціць працу і сям'ю.
Усе бар'еры ў нас у галаве! Зносіны з моцнымі яркімі людзьмі — першы крок на шляху вызвалення ад гэтых бар'ераў!

Надзея ДРЫЛА. Фота Надзеі БУЖАН


 Усе матэрыялы праекта "Сустрэча без абцасаў"

2012 год 

Жанна РАМАНОВІЧ, старшыня Камітэта па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама: "Я ніколі не была карміліцай у сям'і"

Жанна БІРЫЧ, віцэ-мэр Мінска: «Я дагэтуль прыношу дадому каштаны»

Ганна  ГАРЧАКОВА, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса: "Кожны раз плачу, калі паміраюць дзеці"

Людміла ГУЦЬКО, дырэктар цэнтра для дарослых з абмежаваннямі “Востраў надзеі”:  "Два крыжы на адну сям'ю не даюцца"

Наталля ПАСПЕЛАВА, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення: «Пастаянна адчуваю сябе цяжарнай»

Надзея КАТКАВЕЦ, намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта: «Калі выйду на пенсію, пайду экскурсаводам у музей»

Таццяна БАНДАРЧУК, экс-дырэктар Белдзяржцырка: "У мяне атрымліваецца "аЦЫРКачваць"

Іна МАЛІНОЎСКАЯ, дырэктар фабрыкі “Світанак”: "У маёй працоўнай кніжцы адзін запіс — "Світанак"

2013 год

Вольга МЫЧКО, галоўны ўрач “Бальніцы паліятыўнага догляду “Хоспіс”: "Трэба жыць, а не дажываць"

Людміла ТАЛМАЧОВА, дырэктар Жодзінскай жаночай гімназіі: "Выходзіць замуж трэба па каханні!"

Святлана ГЕРАСІМОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні: «Аптымізм найлепш спрыяе ва ўсіх справах»

Людміла ШЧАСЛІВЕНКА, намеснік дырэктара новасібірскага  Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра імя Еўфрасінні Полацкай

Наталля НАВАЖЫЛАВА, дырэктар фітнэс-цэнтра “Багіра”: "Лянівыя старэюць раней!"

Валянціна ВАЙЦЯШОНАК, дырэктар ААТ “Заслаўе-тур”: "З такім сынам я не мела права быць слабай"

Алена ЖДАНОВІЧ, кіраўніца адвакацкага бюро “Права і сямейная медыяцыя”: "Шлюбныя адносіны спыняюцца — бацькоўскія застаюцца"

Валерыя КЛІЦУНОВА, старшыня праўлення ГА “Адпачынак у вёсцы”: "Сябры казалі: "Лера, знімі ружовыя акуляры!"

Настасся УНУЧАК, дырэктар цэнтра лазернай карэкцыі зроку “Оптымед”: «У жыцці вельмі важна дачакацца свайго чалавека»

Ірына КАБАСАКАЛ: «Я люблю, каб усё было так, як я люблю»

Алена БЕРАСНЕВА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу: «Шчасце — не месца, куды можна прыйсці»

2014 год

Свят­ла­на ЗЭРЭ, кі­раў­ні­ца пар­та­ла LADY.TUT.BY: «Не чакайце прынца, ляпіце з сябе прынцэсу»

Люд­мі­ла ХМЯЛЬНІЦКАЯ, дырэктар музея М.Шагала: «Так захапiлася Шагалам, што за­та­пі­ла су­се­дзяў…»

Ірына ДАЎГАЛА, галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці. Жанчына-афарызм, або Спя­шай­це­ся па­спець ска­заць «дзя­куй»

Але­на ТРОІЦКАЯ, ды­рэк­тар На­цы­я­наль­най шко­лы пры­га­жос­ці:
«Навучыся танцаваць, а астатняму жыццё навучыць»

2015 год

На­дзея ЕР­МА­КО­ВА, экс-кі­раў­нік На­цы­я­наль­на­га бан­ка: «Нічога ў жыцці мне не давалася проста»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.