Вы тут

Гарадскія паданні


Аазісы, закутыя ў каменне

А ці вядома вам, што ў Мінску сёння больш за 60 фантанаў? Напрыканцы сезона іх работы мы з экскурсаводам Ірынай Шорац наведалі некаторыя. Перад тым, як яны спыняць бруенне сваіх водаў да вясны, мы яшчэ паспелі палюбавацца вірлівымі (а дзесьці — спакойнымі) воднымі струменямі, паглыбіцца ў гісторыю сталічных крыніц і даведацца пра іх асаблівасці.

Дэсантнік лебедзю не таварыш

Сустрэча была прызначана, вядома, ля фантана. І не якога-небудзь, а самага першага, а значыць, самага старога ў горадзе — славутага «Хлопчыка з лебедзем», што ў Аляксандраўскім скверы. Праўда, нягледзячы на запэўніванні прадстаўнікоў унітарнага прадпрыемства «Мінскзелянбуд», якія адказваюць за работу гэтага і яшчэ трох дзясяткаў сталічных каскадаў, вада ў ім ужо не струменіла. Затое нябесная канцылярыя, здаецца, вырашыла кампенсаваць адсутнасць вады ў зямных фантанах дажджом з неба. Але ці варта было баяцца прамокнуць тым, хто і без таго выправіўся на «мокрую справу»?
Узяўшы на ўзбраенне парасоны, мы пазнаёміліся з гісторыяй «Хлопчыка з лебедзем». Падзея, якая паслужыла яго з'яўленню, стала ў свой час сапраўды грандыёзнай: у Мінску быў пракладзены водаправод. Адбылося гэта ў 1874 годзе, і гэтую дату цяпер можна ўбачыць на скульптурнай кампазіцыі фантана, створанай італьянскім майстрам Фларэнца Берніні. «Раней вакол скульптуры сядзелі яшчэ шэсць жабак, цяпер іх няма. Але гэтай восенню «Мінскзелянбуд» збіраецца адрэстаўраваць фантан і вярнуць гэтых жабак», — паведаміла Ірына Шорац. Першую сур'ёзную рэстаўрацыю (займаўся якой, дарэчы, Заір Азгур) «Хлопчык з лебедзем» перажыў толькі ў 1980 годзе. У майстэрні скульптара фігура апынулася пасля Дня паветрана-дэсантных войскаў: дэсантнікі так актыўна адзначалі свята, што падчас купання ў фантане зламалі лебедзю шыю.

1380923702233_1

Сівыя легенды бруістай вады

Ад Аляксандраўскага сквера мы накіроўваемся на вуліцу Леніна, дзе месцяцца ажно два фантаны. Дзіўна, але звычайна, ходзячы па горадзе ў паўсядзённых справах, іх проста не заўважаеш. Аказваецца, дарэмна, бо яны сапраўды вартыя ўвагі. Першая з крыніц — статычна-дынамічны фантан, які выпускае струмені з рознай інтэнсіўнасцю, пасля суцішваецца на некаторы час і зноў струменіць. Такое адчуванне, што вада вось-вось падымецца вышэй і замочыць таго, хто блізка падышоў да яе. Але фантан параўнальна «бяспечны» ў гэтым плане, у адрозненне ад так званых фантанаў-шуціх, якія ўпершыню з'явіліся ў Пецяргофе на загад Пятра І. Такім чынам цар любіў палохаць і здзіўляць сваіх гасцей.
Другі фантан, схаваны за помнікам С.І. Грыцаўцу, увасабляе старажытны светапогляд нашых продкаў. «Прашчуры ўяўлялі сусвет у выглядзе дрэва, — тлумачыла экскурсавод. — Крона — гэта неба, на якім жывуць багі і птушкі, ствол — гэта месца для людзей і жывёл, якія дапамагаюць ім у гаспадарцы. Каля каранёў знаходзяцца дзікія звяры, а пад карэннем — змеі і падобныя ім істоты». І сапраўды, фантан гэты зроблены ў выглядзе старажытнага дрэва сусвету. Вось так нечакана ў цэнтры сучаснага мегаполіса можна знайсці напамін аб народнай міфалогіі.
Крыху адыходзячы ад тэмы, варта згадаць яшчэ адну легенду, звязаную з фантанамі. Распавядае яна пра папулярны сёння звычай кідаць манеткі ў ваду. Кажуць, адзін багаты чалавек хацеў пабудаваць новы горад з прыгожым палацам. Доўга шукаў месца, дзе можна было б яго ўзвесці, але, так і не знайшоўшы, раззлаваўся і кінуў мяшэчак з залатымі манетамі ў раку. Праз некаторы час гэты чалавек збяднеў, але згадаў, што калісьці кінуў грошы ў ваду. Прыйшоўшы да ракі, ён знайшоў сваё золата і вырашыў, што пабудуе горад з палацам менавіта на гэтым месцы.

1380923705276_2

Мікрачыпы і фантан-тэатр

У Старажытным Рыме фантаны былі ў кожным дворыку. І гэта была не раскоша, а неабходнасць: ваду з іх выкарыстоўвалі для гаспадарчых патрэб. Дарэчы, сістэма ўсталявання такіх штучных крыніц з тых часоў амаль не змянілася, хіба што сталі выкарыстоўваць новыя матэрыялы і тэхналогіі. Як у старажытнасці, так і цяпер пры будаўніцтве фантана перш-наперш пракладаюць водаправод — трубы, па якіх пад ціскам будзе ісці вада. Ціск гэты звычайна ствараецца пры дапамозе помпы, але ёсць каскады (як, напрыклад, у Пецяргофе), дзе водная плынь перацякае дзякуючы перападам рэльефу мясцовасці.
У сістэме сучасных мінскіх фантанаў выкарыстоўваюць эканамічныя тэхналогіі: вада ў іх курсіруе адна і тая ж, сцякаючы ў водаправод і зноў падымаючыся па трубах угору. А яшчэ новымі сталічнымі «вадамётамі» кіруе камп'ютарная тэхніка. Яны абсталяваны мікрачыпамі, якія падаюць сігнал у Мінскзелянбуд пра няспраўнасць таго ці іншага каскада. Дарэчы, часцей за ўсё непаладкі здараюцца з той прычыны, што людзі «блытаюць» фантаны з басейнамі, купаюцца ў іх і кідаюць смецце.
Самы вялікі па колькасці струменяў фантан у Мінску знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы каля Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ён складаецца з 1300 струменяў, якія падымаюцца на розную вышыню да сямі метраў, і мае падсветку. На жаль, цяпер ён не працуе нават улетку. Таксама адзін з самых вялікіх і прыгожых фантанаў горада месціцца каля Тэатра оперы і балета. Ён займае пляцоўку даўжынёй 70 метраў, падымаючы ў паветра там 300 літраў вады адначасова. Цікава, што сам каскад задумваўся стваральнікамі таксама як своеасаблівы тэатр: цэнтральныя струмені вады, якія ўздымаюцца вышэй за астатнія, сімвалізуюць сцэну, на якой адбываецца дзея. А парогі, па якіх вада сцякае ад цэнтра кампазіцыі, — гэта гледачы.

1380923707900_3

У атмасферы танцаў, спеваў і кахання

Адна з самых адметных гарадскіх крыніц — фантан на плошчы Незалежнасці з бусламі і гербамі абласных гарадоў краіны. Складаецца ён з 700 струменяў і мае больш за 10 канфігурацый. Пры праектаванні меркавалася, што гэты каскад будзе «спяваць» і «танчыць». Але «спевы» і «танцы» фантана абмежаваліся рупарамі на слупах, з якіх гучаць мелодыі (хоць насамрэч вада павінна была струменіць у рытме музыкі). Але тым не менш у Мінску ёсць «вадамёт», які насамрэч «танцуе». Ён месціцца на праспекце Пераможцаў каля Палаца спорту, і струмені ў ім сапраўды рухаюцца пад музыку.
Чаму «танцы вады» на плошчы Незалежнасці атрымаліся, вобразна кажучы, «не фантан» — сказаць цяжка. Затое вядома, адкуль пайшоў гэты самы выраз. Гісторыя гэта звязана з Адэсай. Калі ў горадзе яшчэ не было водаправода, ваду прывозілі сюды з іншых месцаў. І нават быў спецыяльны чалавек, які яе каштаваў. І калі, паспытаўшы, ён казаў, што вада — «фантан», значыць, яна сапраўды чыстая, прыдатная для ўжывання, з фантана. Адпаведна, пра няякасную ваду дэгустатар казаў «не фантан». Цяпер гэтае выслоўе пашырыла сферу ўжытку, захаваўшы пры гэтым сваё першаснае значэнне.
А непадалёк ад кампазіцыі на плошчы Незалежнасці ў рамантычнай засені вербаў нібы сарамліва схавалася ад гарадскога тлуму фантанная кампазіцыя «Юнацтва». Выява хлопца і дзяўчыны, якія трымаюць кубкі — пэўна, з чароўным напоем кахання. Узнікла яна тут у 1980-х гадах, і з тых часоў з'яўляецца адным з улюбёных месцаў адпачынку закаханых парачак.
Па-за нашай увагай засталося яшчэ шмат цікавых і прыгожых гарадскіх фантанаў. У кожнага з іх — свая гісторыя, легенда ці назва. Хаця відавочна, што мінчане любяць водныя крыніцы не столькі за гэта, колькі за магчымасць палюбавацца на заспакаяльнае цячэнне вады, парэлаксаваць і крыху наблізіцца да прыроды ў тлумным мітуслівым горадзе. А які ваш любімы фантан у Мінску?

Дзіяна СЕРАДЗЮК. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.