Вы тут

Сяргей МАСКЕВІЧ: «Ніхто ў школе на платных паслугах не зарабляе»


6 кастрычніка беларускія педагогі адзначаць сваё прафесійнае свята. А напярэдадні Дня настаўніка ў рэдакцыі «Звязды» прайшла «прамая лінія» з міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам. Сяргей Аляксандравіч паспеў адказаць на два дзясяткі пытанняў, якія сёння ва ўсіх на слыху. Больш за ўсё педагогаў, якія тэлефанавалі на «прамую лінію», цікавілі памеры надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі, перспектывы павелічэння заробку і асаблівасці галіновай сістэмы аплаты працы, якая зараз апрабуецца ў Мінску.
А бацькі спрабавалі даведацца меркаванне кіраўніка галіны па тых ці іншых пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу і выхавання школьнікаў. Шмат пытанняў былі дасланы на «прамую лінію» папярэдне. Адказы на найбольш важныя і цікавыя з іх мы змяшчаем на старонках газеты.

Андрэй Генадзьевіч Шандроха, настаўнік геаграфіі, гімназія № 30 г. Мінска, кіраўнік раённага метадычнага аб'яднання:

— У маі 2013 года я здаў кваліфікацыйны экзамен на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі. І ў сувязі з гэтым хацелася б даведацца: ці будзе павялічана настаўнікам надбаўка за вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю пасля завяршэння тэрміну пераатэстацыі (гэта значыць, пасля
1 верасня 2014 года) і наколькі істотна яна будзе адрозніваецца, напрыклад, ад даплаты за першую катэгорыю?
— Назваць дакладна, наколькі вырасце даплата, я пакуль не магу. Магу толькі абяцаць, што яна будзе павялічана, прычым гэта будзе істотнае павелічэнне. Праект дакумента падрыхтаваны. Але пакуль ён не будзе зацверджаны, лічу, што канкрэтныя лічбы называць заўчасна...

Алег Якубоўскі, г. Мінск:

 

— Сяргей Аляксандравіч, вы ў нядаўнім сваім выступленні сказалі, што настаўнікі фізіка-матэматычнага профілю будуць атрымліваць даплаты да асноўнага заробку. Хацелася б пачуць вашы аргументы на карысць такога рашэння. Няўжо ў іх нейкія асаблівыя ўмовы работы? Або на філолагаў, біёлагаў ці хімікаў кладзецца меншая нагрузка? Тым больш, што той жа курс школьнай матэматыкі застаецца нязменным, а біёлагам і географам трэба пастаянна клапаціцца пра тое, каб не адстаць ад развіцця сучаснай навукі і не выпасці з інфармацыйнага поля. І калі настаўнік матэматыкі можа працаваць у адной паралелі, то географу трэба рыхтавацца да ўрока і ў 8-м, і ў 9-м, і ў 10-м класах. І ўвогуле ім вельмі праблематычна набраць 20 гадзін на стаўку. Ці вы збіраецеся «рублём» утрымліваць у школе дэфіцытных прадметнікаў? А калі заўтра ў дэфіцыце акажуцца, напрыклад, настаўнікі замежных моў, што вы будзеце рабіць?

— Калі я казаў пра магчымыя даплаты, размова ішла аб эксперыменце па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагогаў. У рамках эксперыменту школам прадастаўлена магчымасць укаранення такіх галіновых даплат. Сапраўды, мы прапанавалі павышальныя каэфіцыенты, якія ўлічваюць спецыфіку выкладання асобных прадметаў. Але апошняе слова — за ўдзельнікамі эксперыменту. Вы справядліва заўважылі, што географам праблематычна набраць гадзіны на поўную стаўку, таму некаторыя настаўнікі геаграфіі вымушаны працаваць паралельна ў некалькіх школах. Дык чаму б і не ўстанавіць такому спецыялісту надбаўку? Я прыхільнік таго, каб уводзіць даплаты з улікам спецыфікі канкрэтнага рэгіёна і канкрэтнай школы. Патлумачу, што я маю на ўвазе. У адной школе праца матэматыка і сапраўды можа быць руціннай: прыйшоў, правёў урок, праверыў вучнёўскія сшыткі і ўсё. А ў іншай установе адукацыі настаўнік матэматыкі, фізікі ці інфарматыкі дапамагае іншым укараняць і выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, адказвае за школьны сайт і гэтак далей. Тое ж тычыцца і філолагаў.

Святлана, г. Мінск:

— Добры дзень! Сяргей Аляксандравіч, дазвольце павіншаваць вас з надыходзячым святам...
— Дзякуй, Святлана, вы — першы чалавек, які ў гэтым годзе віншуе мяне з Днём настаўніка....
— Мы вельмі ўдзячныя ўсім педагогам за іх складную працу: хацелася, каб у настаўнікаў і заробак адпавядаў укладзеным намаганням. Але ў мяне ёсць да вас два пытанні. Скажыце, што можна зрабіць з некіруемым дзіцём у класе? Мы прыводзім сваіх дзяцей у школу, каб яны вучыліся. Усе жадаюць вучыцца, акрамя аднаго хлопчыка: ён не проста перашкаджае іншым дзецям, а паводзіць сябе ў дачыненні да сваіх аднакласнікаў агрэсіўна. Зрывае ўрокі... Скажыце, што мы можам зрабіць, каб засцерагчы сваіх дзяцей ад гэтага хлопчыка?
— Сітуацыя складаная і, на жаль, не адзінкавая. Але рэцэптаў, як з яе выйсці, у мяне няма. Я ўпэўнены, што задача школьных педагогаў, псіхолагаў і дзіцячых грамадскіх арганізацый — шукаць падыходы да такіх дзяцей. А калі гэта не атрымліваецца, то ў больш старэйшым узросце падлетак рызыкуе трапіць ужо ў поле зроку міліцыі.
— Я прапаную паглядзець на сітуацыю пад іншым вуглом. Мы ўсе — розныя, і дзеці ў нас — розныя, але каб не было хаосу, як у дзяржаве, так і ў школе (дазвольце мне правесці такую паралель), усе павінны жыць па законах і прытрымлівацца ўстаноўленых правілаў. Напэўна, у школе таксама павінен дзейнічаць закон, на падставе якога дзеці абавязаны паводзіць сабе так, каб не перашкаджаць іншым навучацца.. Магчыма, трэба спачатку паспрабаваць уздзейнічаць на дарослых? Бацькоў такіх праблемных дзяцей трэба часцей выклікаць да дырэктара, на педсаветы, на сходы бацькоўскіх камітэтаў... Бо складваецца ўражанне, што многія бацькі таксама не разумеюць, як іх дзіця павінна паводзіць сябе ў школе... Я лічу, што дзяцей яшчэ са школьных гадоў трэба навучыць паважаць закон і інтарэсы іншых...
— Святлана, зараз рыхтуюцца папраўкі для ўнясення ў Кодэкс «Аб адукацыі». І, наколькі я ведаю, ёсць прапановы знізіць узрост, калі да вучня можна будзе прымяняць меры дысцыплінарнага спагнання. Пакуль што, згодна з Кодэксам, дысцыплінарнае спагнанне можна прымяніць да навучэнца толькі з 14 гадоў. Але педагогі ведаюць, што ў старшых класах заўвага або вымова, зробленыя вучню, ужо не маюць такога эфекту, як, скажам, заўвага, зробленая пяцікласніку. Існуюць таксама прапановы ўзмацніць адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей. І больш дакладна гэта прапісаць у нарматыўнай базе, якой пакуль не хапае. Таму ёсць над чым падумаць...
— Сяргей Аляксандравіч, мяне цікавіць таксама, як нам ставіцца да платных адукацыйных паслуг у школе. Як нам іх успрымаць: як рэпетытарства або як фінансавую падтрымку бюджэту?
— Гэта дадатковая магчымасць надаць больш увагі нейкім асобным прадметам з улікам індывідуальных схільнасцяў і інтарэсаў дзіцяці. Ніхто на гэтым не зарабляе. А сродкі ад аказання платных паслуг ідуць на аплату працы педагога, а не ў бюджэт. Але для гэтага педагог дадаткова працуе, займаецца з вучнямі індывідуальна.
— Дапусцім, але калі я іду ў краму і набываю нейкі тавар — яго якасць мне гарантуецца. А як быць з платнымі паслугамі ў школе?
— Школа таксама гарантуе якасць, але калі ў вас ёсць нейкія сумненні, ніхто не забараняе шукаць аналагічныя магчымасці за сценамі школы. Вы можаце прыйсці ў краму, там вам штосьці не спадабалася, і вы шукаеце элітны супермаркет, які па ўсіх параметрах вас задаволіць. Тое ж самае магу сказаць і пра бацькоў. Яны будуць выкарыстоўваць усе магчымасці, каб павысіць шанцы свайго дзіцяці на паступленне. Гэта іх права...

Матэрыялы «прамой лініі» падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА.

(Працяг тэмы — у наступных нумарах «Звязды».)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Каля мільёна чалавек атрымала падтрымку ў выглядзе прадуктовых набораў, ваўчараў, якія можна было «атаварыць», грашовых сродкаў, дастаўкі прадуктаў на дом, а таксама простай размовы па тэлефоне «гарачай лініі» са спецыялістам.

Грамадства

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу чалавека і не адпускаць яе доўгі час.

Культура

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

У Ташкенце прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу».

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.