Вы тут

Акцёр Павел ХАРЛАНЧУК: «Трэба шукаць свой адметны твар»


Акцёр Купалаўскага тэатра Павел Харланчук — адзін з самых прыкметных акцёраў свайго часу. Яго твар пазнавальны і ў пэўным сэнсе сведчыць пра знак якасці таго, у чым Павел бярэ ўдзел. Акрамя тэатра ён актыўна здымаецца ў кіно і тэлесерыялах (расіянам ён добра вядомы), працуе вядоўцам розных культурных імпрэз. Днямі скончыліся здымкі фільма паводле сцэнарыя Аляксея Дударава «Белыя росы-2» (рэж. Аляксандра Бутар), у якім Харланчук іграе адну з галоўных роляў. А неўзабаве ў Купалаўскім пачнуцца рэпетыцыі амбіцыйнага «Пана Тадэвуша», у якім Павел таксама задзейнічаны.

1380923827196_5-14

А пакуль карэспандэнтка «Звязды» на здымачнай пляцоўцы паспела паразмаўляць з акцёрам пра складаны выбар паміж тэатрам і кіно, пра тое, як выжыць на маленькі заробак і выхоўваць дзяцей (якіх у Паўла чацвёра!) па-беларуску.

Пра герояў і дзяцей

— Ваш герой у «Белых росах 2» у пэўным сэнсе — беларус нашага часу. Які шлях ён праходзіць, перш чым стаць самім сабой?
— Мой герой — Арцём Бародзіч (дарэчы, ёсць у мяне сябар з абсалютна такім жа імем і прозвішчам — таксама акцёр Купалаўскага тэатра). Скарочана майго персанажа ўсе завуць Бодзя. Ён не буйны бізнесмен, але ён вельмі хоча ім быць, таму што час такі, трэба мець фінансавую незалежнасць. Яму здаецца, што так ён стане асобай. У яго ёсць сябар па мянушцы Рус — Русачэнка (іграе Сяргей Жбанкоў). Яны ўдваіх працавалі ў фірме. Але фірма не была вельмі паспяховай. Раптам да іх паступае прапанова ад замежных інвестараў: калі знойдуць месца для будоўлі турыстычнага цэнтра, то добра заробяць. Яны бяруцца за гэтую справу. Але ім замінаюць жыхары месца, якое выбралі інвестары. Там літаральна тры хаты засталося. Але людзей трэба пераканаць, што яны павінны з'ехаць… Карацей, Бодзя спрабуе рабіць тое, да чаго не ляжыць яго душа, спрабуе перамагчы сябе і ісці туды, куды не трэба ісці. Гэта не ягонае, і ён гэта разумее толькі ў канцы. І такая трансфармацыя з ім адбываецца: напачатку жорсткі і беспрынцыповы, у канцы ён становіцца звычайным нармальным хлопцам. І я думаю, што ў яго нармальная светлая будучыня. Таму што «Белыя росы 2» — гэта не чорны фільм. Я люблю такія добрыя перамены ў людзях. Для нейкіх сучасных мастакоў гэта, магчыма, здаецца банальным. Яны, магчыма, думаюць, што трэба шукаць нечага іншага, негатыву. А мне гэтага не хочацца. Мне заўсёды хочацца верыць, што наперадзе сапраўды ёсць нешта светлае.
— Ці ёсць у вас улюбёныя ролі?
— Ну, я іх усе люблю! Тыя, якія я цяпер іграю, яны проста ёсць. Можа быць, ёсць нейкая настальгія па ролях, якія ўжо адыграў. Па Жадаву з «Даходнага месца», якога я іграў яшчэ ў Горкаўскім. Тое, што мы маем — гэта адно. А па тым, чаго ўжо няма, заўжды сумуеш, узгадваеш. Не ведаю, ці хацеў бы я зноў іграць Жадава, але шкада, што гэтая роля адышла, што, можа, недасканала сыграў…
— Якіх гістарычных альбо літаратурных персанажаў вы б хацелі сыграць на сцэне альбо ў кіно?
— Я так не задумваўся ніколі. Пакуль справіцца б з тым, што даюць. А так, каб марыць пра нейкага персанажа… Заўжды мяне неяк прывабліваў шэкспіраўскі тата Джульеты. І такі маналог у яго ёсць пранікнёны. Мне хочацца іграць тату. Адназначна.
— А вашы ўласныя дзеці вас часта бачаць? У вас такі шчыльны графік. Калі вы паспяваеце іх выхоўваць?
— Ну, цяпер складаны час, яны бачаць мяне меней. Але мы паспелі адпачыць разам. А наконт беларушчыны… Гэта ж не мы прыдумалі: калі няма мовы, тады няма народа. А мне так не хочацца, каб наш народ знік. Таму мае дзеці дома размаўляюць па-беларуску. Хаця мая жонка Ганна, дарэчы, нарадзілася ў Расіі, у Мурманску. Але жыве тут і таксама размаўляе па-беларуску. Я ёй, праўда, таксама кажу, каб сваё не забывала. Але ў Беларусі шмат прыкладаў, калі людзі, якія прыязджалі з іншых краін, рабілі для нашай краіны, можа, нават больш, чым самі беларусы. Хаця б Наталлю Арсенневу прыгадаць альбо Уладзіміра Мулявіна. Самае галоўнае, што ў маіх дзяцей сям'я асацыюецца з беларускай мовай. Зразумела, што яны з дзецьмі на вуліцы размаўляюць па-руску. Асяродак такі. У школу (у трэці клас) у нас ходзіць толькі сын Піліп. Ён навучаецца па індывідуальным плане, прыпісаны да беларускамоўнай школы ў Пятрышках, таму што мы жывём у Мінскім раёне. Але навучаецца ён дома з мамай, яна яго першая настаўніца. Прадметы ўсе па-беларуску: «Чалавек і свет» ды іншыя. А ў Пятрышкаўскую школу ён ездзіць, каб здаваць іспыты. Дарэчы, найлепшы вучань у класе. Яшчэ паспявае хадзіць у басейн, вучыцца іграць на гітары.

Пра заробак у тэатры і кіно

— У тэатральных акцёраў вельмі невялікія заробкі, а сям'ю трэба ўтрымліваць. Вунь, нядаўна Святлана Зелянкоўская гаварыла пра гэта…
— Што тут гаварыць… Зразумела, што гэта ганебна. Відавочна, што заробкі ў тэатры проста несуадносна меней, чым заробкі ў кіно. І не заўсёды ў кіно такая праца, як у тэатры. Таму, калі б, не дай Бог, паўстала пытанне выбару паміж тэатрам і кіно, то я выбраў бы кіно. І не таму, што кіно лепей, а таму што трэба проста існаваць, утрымліваць сям'ю, чацвёра дзяцей. Да таго ж у кіно сёння таксама нешта адбываецца. У нас жа быў крыху заняпад, наогул крызіс у краіне. Цяпер, праўда, нельга сказаць, што беларускае кіно сусветнага ўзроўню, але нейкі рух наперад ёсць. Мне так здаецца. Крыху нешта варушыцца. І мы бяром у гэтым нейкі ўдзел, і спадзяюся, што гэта дасць плён.
— Вы адзін з самых запатрабаваных і вядомых беларускіх акцёраў. Ці не цяжка пераходзіць ад тэатра і вялікага кіно да серыяльнага фармату?
— Ёсць рэчы, дзе я зарабляю, а ёсць рэчы, дзе я працую. Ёсць для душы, а ёсць для існавання. Зразумела, што сёння, дзякуй Богу, усё менш і менш з'яўляецца прапаноў, дзе трэба проста «адбыць свой нумар». У мяне цяпер вельмі шмат цікавых прапаноў, разнастайных. Героі і такія, і гэткія: і станоўчыя, і адмоўныя, і гідкія; і казкі, і камедыі, і меладрамы. Думаю, калі праца ёсць, дык трэба працаваць. Калісьці я ўжо казаў: пакуль ёсць магчымасць рабіць тут, у Беларусі, дык трэба рабіць тут. Ну, бывае часам, што стаміўся… Вось скончыліся здымкі «Белых росаў», і я буду цалкам аддаваць сябе тэатру. Там Мікалай Пінігін плануе ставіць спектакль «Пан Тадэвуш» па Адаму Міцкевічу. Ну, і далей нейкія планы. Ужо здымкаў не будзе. Ёсць акцёры, якія толькі здымаюцца, ёсць — якія толькі ў тэатры працуюць. Я і там, і там спрабую. Пакуль у мяне гэта збольшага атрымліваецца. Буду працягваць.

Пра нацыянальнаекіно, заняпад і крызіс

— Што павінна адбыцца, каб пра беларускае кіно загаварылі, каб нацыянальная кінашкола з'явілася, стыль, адметнасць?
— Ведаеце, чаго б я хацеў і што, мне здаецца, магло б неяк дапамагчы беларускаму кіно? Я даўно пра гэта казаў і дасюль так думаю. Мы павінны здымаць сваё і, можа, нам трэба яшчэ раз прайсці гэты шлях, як прайшлі Чэхія, Польшча. Яны экранізавалі ўсю сваю нацыянальную літаратуру. Мне здаецца, што гэта ўсё ж трэба перажыць. Бухгалтары скажуць, што гэта нявыгадна, што рынку збыту не будзе. Яны скажуць, што нам трэба здымаць на Расію па такіх і гэткіх прычынах. Але пакуль мы гэтага шляху не пройдзем, мы не зразумеем, што сапраўды наша. Нам трэба яшчэ раз прайсці гэты шлях, як гэта было на пачатку ХХ стагоддзя, шукаць менавіта свой, беларускі твар. Мы крыху саромеемся гэтага, нам здаецца, што мы не такія, як усе. Ва ўсіх такая багатая гісторыя, а мы хто такія? З аднаго боку — вялікая Расія, з другога — Амерыка ды Еўропа. А ў нас таксама ёсць сусветна вядомыя мастацкія творы і пісьменнікі. І нам трэба нарэшце зразумець, хто мы ёсць. Таму што мы сёння ў такім становішчы «паміж». Не тыя і не гэтыя…
— Па-мойму, у беларусаў гэта спрадвечнае становішча…
— Не, гэта з пэўнага часу мы сталі «тутэйшымі»… Да гэтага ў нас была вельмі буйная і моцная гісторыя, магутная дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае. Ёсць беларусы, якія былі героямі Амерыкі, Чылі. Проста мы не ведаем гэтага: якія жылі людзі, якія мелі маёнткі, якія маршалкі былі, якія прозвішчы; што яны рабілі, якая там дабрачыннасць адбывалася. Генамі мы вельмі моцныя. А ў сучаснасці — кволыя. Вось у гэтым плане ў нас застой. Мы ўсё яшчэ не ведаем, куды нам рухацца. Тут і не да кіно нават! Нам трэба яшчэ раз прайсці ад класікі да сучаснасці ва ўсім. Мне думаецца — гэта правільны шлях.
— Павел, а як па-вашаму зрабіць так, каб беларускі глядач пайшоў глядзець беларускае кіно?
— Ён павінен бачыць у беларускім кіно тое, чаго няма ў замежным. Пакуль мы будзем падрабляцца пад замежныя праекты — «пад Амерыку», «пад Расію» — глядач будзе выбіраць арыгінальнае — тое, з чаго мы капіруем. У нас павінна быць тое, што тычыцца менавіта нашай зямлі, народа, гісторыі. Тыя ж самыя «Апосталы…» Гэта ж беларуская легенда. Тут ужо і амерыканцам, і расіянам самім будзе цікава паглядзець. І беларускім гледачам гэта будзе цікава. Гэта як арыгінальныя беларускія арнаменты, спевы, людзі: толькі нечым аўтэнтычным мы можам быць цікавыя і замежным гледачам таксама. Вось фільм «У тумане» Сяргея Лазніцы паводле Васіля Быкава — гэта падзея. Таму што пра Беларусь, пра нашага пісьменніка загаварылі ў свеце. Вось гэта тое, пра што я кажу — класіка. Трэба шукаць сябе, пакуль ёсць сілы, жаданне. А так мы — як мой персанаж Бодзя: ён думае, што ён такі еўрапейскі бізнесмен, але з за прагі быць такім ён проста страчвае свой твар. Яму так гэта не пасуе, што яго знутры выварочвае. Ён проста становіцца брыдкім, непрыемным, ён становіцца нікім. Ведаеце, як гавораць: «Свой час не прыходзіць да таго, хто думае, што яго час прыйдзе». Не трэба чакаць, трэба зараз пачынаць.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».