Вы тут

Чаму лён такі стратны?


«Хвораму» паставілі дыягназ», але як хутка вылечаць?

«Сярэднямесячны заробак — менш за 3 мільёны рублёў у месяц. Рэнтабельнасць — мінус 39%. Больш як 1 мільярд рублёў кожны месяц трэба пералічваць у банк, каб пагасіць крэдыт. А дзе возьмеш?» — гэта кароткі «анамнез хворага», адкрытага акцыянернага таварыства «Арэхаўскі льнозавод», што ў Аршанскім раёне. Прадпрыемства дзейнічае, пачынаючы з 1971 года. Тут працуюць менш за 100 чалавек (у жніўні — 80, а летась было 92), — вырошчваюць лён, апрацоўваюць ільновалакно, вырабляюць кастрабрыкеты.

1381181761737_8-51

Аляксандр ЯКАБСОН у цэнтры каля будаўнічай пляцоўкі.

— Гэта жах! Няма слоў! Як жа бізнес-план сцвярджалі, не разумеючы, што не зможаце пагасіць крэдыты? Што ў вас за планаванне? Не разумею такога кіраўніка, які не плануе хаця б на год наперад. Узялі крэдыт, разумеючы , што не можаце вяртаць працэнты? Ужо 14 мільярдаў рублёў — столькі «лічыльнік» па крэдыце накруціў, — здзіўляўся Аляксандр Якабсон, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, звяртаючыся да дырэктара прадпрыемства.
Галоўны рэвізор краіны прыехаў у Арэхаўск пасля наведвання Брэсцкай вобласці, каб асабіста азнаёміцца з тым, як мадэрнізуюцца заводы, што займаюцца перапрацоўкай ільну. Па даручэнні Прэзідэнта камітэт дзяржкантролю ажыццяўляе маніторынг рэалізацыі задач, якія кіраўнік дзяржавы вызначыў для льнаводчай галіны і прадпрыемстваў перапрацоўкі ў прыватнасці.
Кантралёры зараз на прадпрыемствах вывучаюць сітуацыю. На жаль, на гэтым ільнозаводзе ў Аршанскім раёне карціна, як мякка канстатаваў, Аляксандр Якабсон, дастаткова напружаная. І сітуацыя — тыповая.
— І ўся праблема — у няякаснай распрацоўцы бізнес-плана па мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Кіраўнікі асабліва не задумваюцца над перспектывай вяртання тых вялікіх крэдытных рэсурсаў, якія бяруцца. Банкі часам таксама ўвязваюцца ў неэфектыўныя праекты. І потым сыходзяць у бок ад вырашэння гэтых пытанняў, — дадаў старшыня Камітэта дзяржкантролю.
Дырэктар ААТ «Арэхаўскі льнозавод» яшчэ да візіту кантралёраў прызналася журналістам, што сыходзіць з працы каля 12 гадзін ночы, а ўжо а шостай гадзіне дня — на сваім рабочым месцы. А дзе станоўчы вынік такога напружанага графіка?
— Калі нам адкрывалі крэдытную лінію, мы спадзяваліся, што вяртаць грошы будзе бюджэт... Калі рэспубліка гарантуе 100% пагашэння гэтых працэнтаў, банк пачне фінансаванне далейшай будоўлі, — тлумачыць сітуацыю дырэктар прадпрыемства Раіса Іванова.
Паводле яе слоў, абсталяванне бельгійскай вытворчасці набылі, ды з-за праблем з грашыма не могуць пачаць будаўніцтва новага вытворчага цэха. А ў існуючы цэх прадпрыемства замежная лінія проста не памясцілася б.
Па інфармацыі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці, у адпаведнасці з «Комплексным бізнес-планам развіцця льнаводчай галіны на 2011-2015 гады» і леташняй пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці арганізацый ільнаводчай галіны», летась пачалася мадэрнізацыя ААТ «Арэхаўскі льнозавод». Планавалася гэта ажыццявіць з устаноўкай высокапрадукцыйнай лініі выпрацоўкі льновалакна «Dероrtеrе « бельгійскай вытворчасці. І ўвод у эксплуатацыю названай тэхналагічнай лініі быў прадугледжаны ў 3-4 квартале гэтага года. Патрэба ў грошах на рэканструкцыю і тэхнічнае пераабсталяванне льнозавода — 200,5 млрд рублёў, у тым ліку аплата за тэхналагічнае абсталяванне — 50,5 млрд рублёў...
Аляксандр Якабсон і іншыя спачатку падышлі да будаўнічай пляцоўкі, дзе павінны ўзвесці новы цэх. І дзе ён? Нейкія будаўнічыя канструкцыі — і ўсё! Потым зайшлі ў цэх, які дзейнічае. Унутры цёмна, жанчыны ў рэспіратарах. Дзяўчына, да якой падышлі, сказала, што тут працуе па размеркаванні, зарабляе каля 2 мільёнаў рублёў. Яшчэ дзве маладыя працаўніцы прызналіся, што іх заробак трохі большы. Пажартавалі, што пакуль хапае, бо яшчэ не сямейныя. А замужнім жанчынам-рабочым, у якіх ужо ёсць дзеці, асабліва не хацелася скардзіцца. Насамрэч, а што зменіцца?
На прадпрыемстве кожная з іх літаральна на вагу золата. Кіраўніцтва завода пры дапамозе адказных асоб райвыканкама спрабуе «заманіць» на працу нават аршанскіх беспрацоўных, а таксама тутэйшых — тых, хто звольніўся з прадпрыемства з-за нізкай аплаты працы. Дык хто ж пойдзе сюды працаваць, калі ў той жа Оршы сярэдні заробак каля 4,3 мільёна рублёў? Каб трохі пераадолець крызіс, трэба наладзіць працу ў тры змены, а працуюць толькі ў дзве — і гэта ў лепшым выпадку.
А што думаюць у банку, які выдаў крэдыт? Якое можна знайсці выйсце з сітуацыі? На думку старшыні праўлення Белаграпрамбанка, неабходна аказаць ільнозаводу фінансавую дапамогу са сродкаў мясцовага бюджэту — для пагашэння пратэрмінаваных абавязацельстваў па працэнтах. І гэта магчыма ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 182 «Аб удасканаленні прававога рэгулявання парадку аказання дзяржаўнай падтрымкі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам».
Аляксандр Якабсон засумняваўся ў тым, што ў вобласці такія вялікія грошы «раптам» знойдуць. Напрыканцы свайго наведвання праблемнага прадпрыемства ён сказаў, што сустрэнецца з кіраўніцтвам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Будуць шукаць выйсце з праблемнай сітуацыі.
Насамрэч не можа не здзіўляць, чаму, напрыклад, у Брэсцкай, Магілёўскай абласцях аналагічныя прадпрыемствы эфектыўна працуюць, а на вышэйзгаданым прадпрыемстве на Віцебшчыне ўсё «так запушчана»?
Час пакажа, ці зможа «хворы» паправіцца. А прааналізаваныя кантралёрамі прычыны «захворвання» дапамогуць у далейшым пазбегнуць тыповых памылак, якія былі дапушчаны пры планаванні развіцця канкрэтна ўзятага льнозавода.

Аляксандр ПУКШАНСКІ. Фота аўтара.

Аршанскі раён — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».